МАРАКА́ЙБСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ РАЁН.

На ПнЗ Венесуэлы і ПнУ Калумбіі. Займае частку тэктанічнай катлавіны з воз. Маракайба, Венесуэльскі заліў і прылеглую да яго сушу. Пл. 86 тыс. км². Вядома каля 80 нафтавых (найб.Балівар, Лама, Ламар, Мене-Грандэ і інш.) і 4 газавыя радовішчы ў адкладах неагену, палеагену і мелу. Пач. запасы нафты каля 6,6 млрд. т, газу — 1,7 трлн. м³ (1986).

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШКІНСКІЯ ГО́РЫ,

пасёлак гар. тыпу ў Пскоўскай вобл. ў Расіі. Засн. ў 16 ст. 7,1 тыс. ж. (1998). Ільноапр., хлеба- і масларобны з-ды, харч. камбінат і інш. Радовішчы вапняку, гліны. Музей-запаведнік А.​С.​Пушкіна, у склад якога ўваходзяць сёлы Міхайлаўскае, Трыгорскае, Пятроўскае, гарадзішчы Вароніч і Саўкіна Горка, Святагорскі манастыр (засн. ў 1569), магіла паэта. Штогадовае Пушкінскае свята. Турызм.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЭ́НТ-НУА́Р (Pointe-Noire),

горад на Пд Рэспублікі Конга, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Засн. ў 1883. Каля 600 тыс. ж. (2000). Гал. порт краіны (абслугоўвае таксама Цэнтральнаафр. рэспубліку, Чад, часткова Габон). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі па значэнні (пасля г. Бразавіль) прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: лесапільная, фанерная, харч., абутковая, нафтаперапр., суднабудаўнічая. Цэнтр рыбалоўства. Паблізу нафтапромыслы і радовішчы калійных солей.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮГА́НСКАЯ РАЎНІ́НА, Васюганне,

на Пд Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. На Пд паступова пераходзіць у Барабінскую нізіну. Паверхня — плоская або спадзістахвалістая раўніна, пакатая на Пн і перарэзаная далінамі рэк Вял. Юган, Васюган і інш. Выш. да 166 м. Каля 70% пл. Васюганскай раўніны займаюць балоты. На дрэніраваных схілах ялова-кедрава-піхтавая тайга («урман») і асінава-бярозавыя лясы. Радовішчы нафты, газу і торфу.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́НДЭ (Azande),

пласкагор’е ў Цэнтр. Афрыцы, на тэр. ЦАР, Заіра і Судана, водападзел паміж бас. р. Конга (Заір), воз. Чад і р. Ніл. Сярэднія выш. 600—900 м, найб. выш. 1388 м (г. Нгая). Характэрны купалападобныя горы, астанцавыя гранітныя хрыбты. Складзена са стараж.-крыштал. парод (граніта-гнейсы, габра-амфібаліты). Радовішчы золата і алмазаў. Высакатраўная саванна з плямамі рэдкастойных лістападных лясоў. Уздоўж рэк вечназялёныя галерэйныя лясы.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАНТЫ́Т (ад грэч. akantha калючка, іголка),

мінерал класа сульфідаў, сульфід серабра з групы аргентыту. Мае 87% серабра з прымесямі медзі, жалеза, цынку і інш. Утварае плёнкі, зямлістыя агрэгаты («сярэбраная чэрнь»), суцэльныя масы, дробныя крышталі і г.д. Колер жалезіста-чорны. Бляск металічны. Цв. 2—2,5; коўкі. Шчыльн. 7,2—7,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал (у свінцова-цынкавых радовішчах з аргентытам). Радовішчы ў Чэхіі, Германіі, ЗША. Каштоўная сярэбраная руда.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ КРЫШТА́ЛЬ,

мінерал, бясколерная празрыстая разнавіднасць нізкатэмпературнай мадыфікацыі кварцу — SiO2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Трапляецца ў пустотах і «крышталяносных скляпах» у пегматытах, у жылах гідратэрмальных і альпійскага тыпу ў выглядзе адзінкавых крышталёў, іншы раз друзаў. Вядомы крышталі горнага крышталю масай да 1 т і больш. Выкарыстоўваецца ў оптыцы, радыётэхніцы, вытв-сці шкла, ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, на Украіне, у Кітаі, Бразіліі, М’янме, Шры-Ланцы і інш.

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАДЭІ́Т (франц. jadeite ад jade нефрыт),

мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію, NaAI(Si2O6). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе зярністых ці валакністых агрэгатаў. Колер зялёны, белы ці карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты, вельмі падобны на нефрыт. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,3—3,5 г/см³. Трапляецца ў метамарфічных горных пародах; утварае скопішчы ў серпенцінітах. Найб. радовішчы ў Бірме. Каштоўны вырабны камень.

Жадэіт.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЬША́НЬ,

горы ў Кітаі, на Пн вял. лукавіны р. Хуанхэ. Даўж. 650 км. Выш. за 2187 м. Шэраг кулісападобных глыбавых хрыбтоў са спадзістымі паўн. і стромкімі паўд. схіламі. Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Радовішчы каменнага вугалю, жалеза. На верхніх частках паўд. схілаў горныя стэпы, па цяснінах хвойнікі і бярозавыя гаі, па далінах рэк зараснікі лаўралістай таполі. На паўн. схілах участкі мяшаных лясоў, паўпустыні.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛЬЦІ́Н.

кобальтавы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід кобальту і мыш’яку CoAsS. Змяшчае кобальт да 34%, прымесі жалеза да 16% (феракабальцін). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі октаэдрычныя, кубічныя. Агрэгаты зярністыя, у крапіны, пражылкі. Колер серабрыста-белы з ружаватым адценнем. Бляск металічны. Цв. 5,5. Крохкі. Шчыльн. 6,1—6,2 г/см³. Трапляецца ў высока- і сярэднетэмпературных гідратэрмальных жылах. Асн. радовішчы ў Нарвегіі і Канадзе. Руда кобальту.

У.​Я.​Бардон.

Кабальцін.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)