ФАХД ібн Абд аль-Азіз ас-Сауд (н. 1920, Эр-Рыяд),

кароль Саудаўскай Аравіі. Скончыў ун-т Абд аль-Азіза (1975), Ісламскі ун-т імама Мухамеда ібн Сауда (1982). У 1953—62 міністр адукацыі, у 1962—75 — унутр. спраў, з 1967—2-і нам., у 1975—82 — ł-ы нам. прэм’ер-міністра Саудаўскай Аравіі. З 13.6.1982 кароль Саудаўскай Аравіі, адначасова галоўнакамандуючы яе Узбр. сіламі і Вярх. суддзя. У 1986 прыняў тытул «Слуга дзвюх святынь» (Меккі і Медыны).

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІТ (Heath) Эдуард Рычард Джордж (н. 9.7.1916, Бродстэрс, Вялікабрытанія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т. З 1950 дэп. парламента ад Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі, у 1965—75 яе лідэр. У 1959—64 неаднаразова міністр, у 1970—74 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Урад Х. імкнуўся абмежаваць правы рабочых на забастоўкі, падпісаў Дагавор аб забароне размяшчэння ядзернай зброі на марскім дне (1971), увёў прамое кіраванне Паўночнай Ірландыяй з Лондана (1972), дамогся ўступлення Вялікабрытаніі ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць (1973).

т. 17, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́КСАС (Paksas) Роландас (н. 10.6.1956, г. Цельшай, Літва),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Літвы. Скончыў Вільнюскі інж.-буд. ін-т (1979), Ленінградскую акадэмію грамадз. авіяцыі (1984). Працаваў у грамадз. авіяцыі. Мэр Вільнюса (1997—2000), прэм’ер-міністр Літвы (1999, 2000—01). Дэп. сейма (з 2000), кіраўнік фракцыі Літ. ліберальнага саюза ў ім (з 2001). З лют. 2003 прэзідэнт Літ. Рэспублікі. 6.4.2004 Сейм Літвы прагаласаваў за адстаўку П. з прэзідэнцкай пасады, абвінаваціўшы яго ў шэрагу парушэнняў канстытуцыі.

т. 18, кн. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ФІТ (Griffith) Артур (31.3.1872, Дублін — 12.8.1922),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху, журналіст. У 1899 заснаваў газ. «The United Irishman» («Аб’яднаныя ірландцы»), у якой прапагандаваў ідэю незалежнасці Ірландыі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў паліт. руху Шын фейн. У 1914—20 неаднаразова быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1919 чл. нелегальнага ірл. парламента (Дойла). У 1919—21 кіраўнік урада самаабвешчанай Ірл. рэспублікі, разам з М.​Колінзам падпісаў кампрамісны англа-ірландскі дагавор 1921. Са студз. 1922 прэм’ер-міністр Ірл. дамініёна, т.зв. Ірл. свабоднай дзяржавы.

А.Грыфіт.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБЕ́РЦІ (Gioberti) Вінчэнца (5.4.1801, г. Турын, Італія — 26.10.1852),

італьянскі тэолаг і філосаф, дзярж. дзеяч. Свяшчэннік. У 1825—33 праф. Турынскага ун-та. За сувязь з Дж.Мадзіні праследаваўся ўладамі, у 1833—48 у эміграцыі ў Францыі і Бельгіі. У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі прэм’ер-міністр Сардзінскага каралеўства, сардзінскі пасол у Францыі, у 1849 эмігрыраваў у Парыж, дзе і памёр. Аўтар прац «Пра духоўнае і грамадзянскае пяршынствы італьянцаў» (1843), «Пра грамадзянскае абнаўленне Італіі» (т. 1—2, 1851), прысвечаных праблеме Рысарджымента і інш.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛАНТЫ́ЧНАЯ ХА́РТЫЯ,

міжнародная прававая дэкларацыя. Падпісана брыт. прэм’ер-міністрам У.​Чэрчылем і прэзідэнтам ЗША Ф.​Рузвельтам на борце ваен. карабля ў Паўн. Атлантыцы. Абвясціла прынцыпы пасляваен. ўладкавання свету: адмова ад тэр. захопаў і выкарыстання ваен. сілы, права кожнага народа выбіраць форму кіравання, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі, падтрыманне агульнай бяспекі і інш. Садзейнічала ўтварэнню антыгітлераўскай кааліцыі. 24.9.1941 да Атлантычнай хартыі далучылася 10 краін, у т. л. СССР. Прынцыпы Атлантычнай хартыі паступова ўведзены ў дэкларацыю 26 дзяржаў, падпісаную 1.1.1942 у Вашынгтоне.

т. 2, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТУ́ (Barthou) Жан Луі (25.8.1862, г. Аларон-Сент-Мары, Францыя — 9.10.1934),

французскі дзярж. дзеяч. Адвакат. У 1889—1922 дэпутат парламента. З 1894 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1913 прэм’ер-міністр. Узначальваў франц. дэлегацыю на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1922—26 старшыня Рэпарацыйнай камісіі, патрабаваў ад Германіі выканання пастаноў Версальскага мірнага дагавора 1919. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры ў Германіі (1933) актыўны прыхільнік франка-сав. супрацоўніцтва. Ініцыятар стварэння «Усходняга пакта». Загінуў у Марселі разам з югасл. каралём Аляксандрам I у выніку тэрарыст. акта.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛАГЭН (Callaghan) Леанард Джэймс (н. 27.3.1912, г. Портсмут, Вялікабрытанія),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1945 чл. парламента. У 1951—64, 1970—74 адзін з кіраўнікоў парламенцкай фракцыі лейбарыстаў, чл. «ценявога кабінета» (1961—64, 1970—74). У 1964—67 міністр фінансаў, у 1967—70 — унутр. спраў, у 1974—76 — замежных спраў і па справах брыт. Садружнасці, адначасова ў 1975—76 міністр па пытаннях развіцця заморскіх тэрыторый. У 1976—80 лідэр Лейбарысцкай партыі, у 1976—79 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. У 1979—80 лідэр апазіцыі.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУГА́БЕ (Mugabe) Роберт Габрыэль (н. 21.2.1924, в. Кутама каля г. Харарэ, Зімбабве),

палітычны і грамадскі дзеяч Зімбабве. Скончыў ун-ты Форт-Хейр (Паўн.-Афр. Рэспубліка) і Лонданскі. У 1942—60 настаўнічаў у Паўд. Радэзіі, Гане і Замбіі. Адзін з заснавальнікаў Афр. нац. саюза Зімбабве (ЗАНУ, з 1984 ЗАНУ — Патрыят. фронт, ЗАНУ-ПФ). Ген. сакратар ЗАНУ (з 1963), 1-ы сакратар ЗАНУ-ПФ (з 1984). У 1964—74 арыштаваны ўладамі Паўд. Радэзіі. У 1980—87 прэм’ер-міністр, са студз. 1988 прэзідэнт Зімбабве.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАМЕ́Д РЭЗА́ ПЕХЛЕВІ́ (26.10.1919, Тэгеран — 27.7.1980),

шах Ірана [1941—79]. Стаў шахам пасля адрачэння ў вер. 1941 свайго бацькі Рэза-шаха Пехлеві. Выступіў супраць палітыкі прэм’ер-міністра М.Масадыка, быў вымушаны ў 1953 на кароткі час пакінуць Іран. Вярнуўся пасля ваен. перавароту 19.8.1953. У 1963 абвясціў шэраг рэформ (аграрную, адукацыйную і інш.), якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны ў 1960—70-я г. У 1975 увёў у Іране аднапарт. сістэму. Пад націскам Іранскай рэвалюцыі 1978—79 16.1.1979 пакінуў краіну. Пазбаўлены ўлады. Памёр у Егіпце.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)