ПАЎДНЁВЫ ВО́СТРАЎ (South Island),
самы вялікі востраў Новай Зеландыі. Ад Паўночнага в-ва аддзелены пралівам Кука, ад в-ва Сцьюарт — прал. Фова. Пл. 150,5 тыс. км². Амаль увесь в-аў заняты Паўд, Альпамі (г. Кука, 3764 м — найвыш. пункт краіны). На У — Кентэрберыйская раўніна — гал. земляробчы раён, на ПдЗ — нізіна Саўтленда і горнае плато Атага (1200—1300 м). Клімат субтрапічны, марскі, на крайнім Пд умераны. Гал. горад — Крайстчэрч.
т. 12, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫ ПО́ЛЮС,
пункт перасячэння ўяўнай восі вярчэння Зямлі з яе паверхняй у Паўд. паўшар’і. Знаходзіцца ў межах Палярнага плато Антарктыды на выш. 2800 м. Таўшчыня лёду ў раёне П.п. 2810 м. Сярэднегадавая т-ра паветра -48,6 °C (макс. -14,7 °C, мінім. -78,9 °C; 1957—61). Палярны дзень 189 сут. Упершыню П.п. дасягнула экспедыцыя Р.Амундсена 14.12.1911. У раёне П.п. з 1957 амер. палярная станцыя Амундсен—Скот. Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.
т. 12, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ДМАНТ (Piedmont),
перадгорнае плато, якое прымыкае да ўсх. краю Апалачаў, у ЗША. Выш. ад 40—80 м на У, да 200—400 м на З, шыр. ад 50 да 200 км. Складзена з крышт. і метамарфічных парод. Паверхня слабаўзгорыстая, на ПдУ стромка абрываецца да Прыатлантычнай нізіны. Астанцовыя ўзгоркі дасягаюць выш. 500—700 м. Рэкі, якія перасякаюць усх. край П., утвараюць серыю стром і вадаспадаў. Месцамі захаваліся мяшаныя лясы.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУ-МА́ЎНТЫНС (Blue Mountains),
Блакітныя горы, нацыянальны парк на ПдУ Аўстраліі, штат Новы Паўд. Уэльс. Знаходзіцца ў Блакітных гарах — ч. Вял. Водападзельнага хр. Засн. ў 1959. Пл. 208,1 тыс. га. Пясчанікавыя плато (выш. да 1362 м), падзеленыя глыбокімі цяснінамі, ландшафты вільгацетрапічных і эўкаліптавых лясоў. Месцы пражывання качканоса, яхідны, сумчатых (каала, апосум, гіганцкі шэры кенгуру, валару і інш.), птушак трапічнага лесу (пячорная валасянка, рыжая веерахвостка, голуб Вонга, жоўты мухалоў і інш.). Аб’ект турызму.
т. 3, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БІ-ШЭБЕ́ЛІ, Уабі-Шэбэле ў Эфіопіі, Уэбі-Шабеле ў Самалі, рака ва Усх. Афрыцы. Даўж. 2490 км, пл. бас. 200 тыс. км². Пачынаецца на паўн.-зах. ускраіне плато Самалі, перасякае яго; каля г. Магадыша паварочвае на ПдЗ і цячэ паралельна берагу Індыйскага ак.; за 40 км ад узбярэжжа губляецца ў балотах. Сярэдні расход вады каля 320 м³/с. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Вебі-Шэбелі гарады Беледуэйне, Булабардэ, Джоўхар. Парты Магадыша і Марка (Самалі).
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАВАХЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е,
у Закаўказзі (Грузія), частка Паўд.-Груз. нагор’я, на Пд ад Трыялецкага хр., паміж р. Кура на З і Ніжнекартлійскай раўнінай на У. Уключае Самсарскі і Джавахецкі мерыдыянальныя хрыбты (выш. да 3300 м) і плато Цалкінскае, Гамарэцкае, Дманіскае і Ахалкалакскае (выш. да 1700 м). Складзена з андэзіта-базальтавых і трахітавых лаў. У катлавінах шмат азёр тэктанічнага ці вулканічнага паходжання (Паравані, Табацкуры і інш.). Горныя стэпы, субальпійскія лугі, якія выкарыстоўваюцца як пашы.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБЕРЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (Cordillera Ibérica),
горы на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі, каля паўн.-ўсх. ускраіны плато Месета. Даўж. 440 км. Выш. да 2313 м (г. Манкайо). Паніжэнне з далінай р. Халон падзяляе горы на масівы больш высокія з альпійскімі вяршынямі на ПнЗ і больш нізкія, значна закарставаныя на ПдУ. Слаба расчлянёныя складкава-глыбавыя масівы, складзеныя з мезазойскіх вапнякоў, пясчанікаў, кварцытаў. Радовішчы жал. руды. Міжземнаморскія хмызнякі, на ПнЗ — шыракалістыя і хваёвыя лясы.
т. 7, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́Т,
плато на У Тайланда. Пл. каля 160 тыс. км². Выш. ў цэнтр. ч. каля 150 м, на ўскраінах — да 500 м і больш, дзе ўтвораны нізкагор’і Дангрэк і Дангн’яфай, стромка абрываюцца ў Менамскую нізіну і да басейна ніжняга цячэння р. Меконг. Складзена з мезазойскіх чырванаколерных пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы солі. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Саванны і мусонныя лістападныя лясы, на ўскраінах вільготныя вечназялёныя лясы. Рысаводства на арашальных землях. Жывёлагадоўля.
т. 8, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́Й,
рака ў Краснаярскім краі Расіі, правая складаючая р. Хатанга. Даўж. 1409 км, пл. бас. 176 тыс. км². Бярэ пачатак на плато Путарана, цячэ на ПдУ па Сярэднесібірскім пласкагор’і, праходзіць цераз азёры Харпіча і Дзюпкун. Пасля ўпадзення справа р. Ваяволіхан паварочвае на ПнУ; нізоўі на Паўн.-Сібірскай нізіне. Парожыстая. Гал. прытокі: Маера, Катуйкан, Эрыечка (справа), Чангада, Тукалан (злева). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца вер. — 1-й пал. кастр. да канца мая—чэрвеня.
т. 8, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТХІЯВА́Р,
паўвостраў на З Індыі, паміж залівамі Камбейскім і Кач Аравійскага м. На Пн прымыкае да Качскага Рана. Пл. больш за 40 тыс. км². Удаецца ў мора на 200—250 км. У цэнтры — базальтавыя і гнейсавыя плато і горы (выш. да 1117 м), па ўскраінах пояс алювіяльных нізін (шыр. да 100 км). Ападкаў каля 500 мм за год. Апустыненыя саванны і рэдкалессі. На Пд водзіцца азіяцкі леў (адзінае месца ў Азіі). Нац. парк Гірскі Лес.
т. 8, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)