Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
АПАТЫ́ТАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. агрэгаты, у якіх ёсць апатыт у колькасцях і формах, што адпавядаюць умовам прамысл. перапрацоўкі. Па колькасці фосфарнага ангідрыту P2O5 апатытавыя руды падзяляюцца на багатыя (больш за 18%), бедныя (5—8%) і збедненыя (3—5%). Па ўмовах утварэння вылучаюць эндагенныя (у масівах шчолачных магматычных парод), экзагенныя (радовішчы выветрывання) і метамарфізаваныя (пераўтвораныя) радовішчы. Найбольшае прамысл. значэнне маюць магматычныя радовішчы, звязаныя з масівамі нефелінавых сіенітаў (P2O5 16—19%). Апатытавыя руды выкарыстоўваюцца для вытв-сці мінер. угнаенняў, фосфарнай кіслаты, розных соляў, у металургіі, керамічнай, шкляной і хім. прам-сці. Найбольшыя запасы апатытавых руд у Рас. Федэрацыі. Бразіліі, ПАР, Фінляндыі, Угандзе, Нарвегіі, Зімбабве, Канадзе, Іспаніі, Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛКАВА́ЛЬНІКтарфяны,
машына для збірання сухога фрэзернага торфу ў валкі перад складваннем яго ў штабель бункернай уборачнай машынай. Найб. пашыраны універсальныя прычапныя валкавальнікі маркі МТФ-ЗЗБ, выкарыстоўваюцца таксама скрэперы-валкавальнікі МТФ32 для валкавання і фрэзеравання торфу, ротарны шчотачны валкавальнік МТФ-37 і пнеўматычны ПВП-8. Рабочыя апараты валкавальніка МТФ-ЗЗБ складаюцца з рамы на колах і шарнірна падвешаных да яе 4 пар скрабкоў. Шыр. захопу 18—19 м, рабочая скорасць 10,7 км/гадз, прадукцыйнасць 11—12 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРМІКУЛІ́Т (ад лац. vermiculus чарвячок),
мінерал з групы гідраслюд, водны алюмасілікат магнію, кальцыю і жалеза. Прыкладная формула (Mg, Fe2+, Fe3+)3 (OH)2 [(Si, Al)4 O10] 4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, часта псеўдагексаганальныя, агрэгаты дробна- і буйналускаватыя. Колер бронзава-жоўты, залаціста-карычневы, бура-зялёны. Бляск перламутравы ці бронзавы. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,4—2,7 г/см³. Утвараецца ў корах выветрывання на флагапіт- і біятытзмяшчальных пародах. Выкарыстоўваецца як лёгкі напаўняльнік бетону, таксама паперы, пластыкаў, фарбаў, для вытв-сці вогнетрывалых цяпло- і гукаізаляцыйных матэрыялаў, у сельскай гаспадарцы як ізалятар; уваходзіць у састаў змазачных матэрыялаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, ПАР, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТВА́ТЭРСРАНД (Witwatersrand),
золатаўраназмяшчальны басейн у ПАР (прав. Трансвааль і Аранжавая); буйнейшы ў свеце. Адкрыты і распрацоўваецца (здабыча золата) з 1886, з 1952 здабыча урану. Працягласць руданоснай плошчы каля 350 км, шыр. 200 км. Руданосныя ў асн. ніжнепратэразойскія асадкава-метамарфагенныя кангламераты. Агульныя запасы золата каля 16 тыс.т з сярэдняй колькасцю яго 9,3 г/т. Запасы вокісу урану 128 тыс.т, колькасць U3O8 0,02—0,04%. Як спадарожныя здабываюць таксама пірыт, мінералы групы осмістага ірыдыю, інш. плацінавыя металы і серабро. Глыбіня распрацоўкі ў сярэднім 1700 м, макс. 3660—3800 м (т-ра ў шахтах 50—52 °C). Цэнтры распрацовак Вітватэрсранда — г. Іаганесбург, Клерксдарп, Одэндалсрус, Велкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАНЧО́ШНА-ТРЫКАТА́ЖНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «КІМ» Створана ў 1931 у Віцебску як панчошна-трыкатажная ф-ка імя КІМ (Камуніст. інтэрнацыянала моладзі). У Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў г. Ульянаўск (Расія). Адноўлена ў 1945, рэканструявана. З 1986 камбінат, з 1994 акц.т-ва «КІМ» («Класіка індустрыі моды»). Асн. вытв-сці: швейна-вязальная і фарбавальна-аддзелачная, цэхі рамонтна-мех., парасілавая гаспадарка, электрацэх, трансп. цэх, мех. майстэрні. Асн. прадукцыя (1996); панчошна-шкарпэткавыя вырабы (мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя) з натуральнай і сінт. пражы, верхні трыкатаж і бялізна з сінт. і штучных нітак. Выпускае больш за 25% панчошна-шкарпэткавых вырабаў у Беларусі (26 млн.пар у 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РДЫМЕР ((Gordimer) Надзін) (н. 20.11.1923, г. Спрынгс, ПАР),
пісьменніца Паўд.-Афр. Рэспублікі. Піша на англ. мове. У зб-ках апавяданняў «Тварам да твару» (1949), «Ліслівы голас змея» (1952), «Напэўна ў панядзелак» (1976), «Абдымкі салдата» (1980), вострапаліт. аповесці «Недзе зусім побач» (1984), раманах «Ілжывыя дні» (1953), «Зямля чужынцаў» (1958), «Магчымасць кахаць» (1963), «Ганаровы госць» (1970), «Гісторыя майго сына» (1990) і інш. адлюстроўвае розныя бакі сучаснага жыцця краіны: сац. і расавую дыскрымінацыю, каханне, адносіны паміж людзьмі. Яе творам уласцівы тонкі псіхалагізм, лірычнасць, сувязь з фалькл. традыцыяй афр. прозы. Нобелеўская прэмія 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАНЬЕ́ТЫ (ісп. castanetas ад лац. castanea каштан),
ударны муз. інструмент. Найб. пашыраны ў Іспаніі, а таксама ў Паўд. Італіі і краінах Лац. Амерыкі. Складаюцца з 2 пар (бо́льшая для левай рукі) драўляных ці пластмасавых пласцінак у форме ракавін, змацаваных папарна шнурком, пад які прасоўваюць вял. палец так, каб К. злучаліся асновамі, а канцы іх крыху разыходзіліся. Гук атрымліваюць ударамі ракавін адна аб адну з дапамогай інш. пальцаў. Правай рукой выконваюць рытмічны малюнак, левай — яго апорныя долі. Выкарыстоўваюць К. для суправаджэння танцаў. У еўрап.сімф. аркестрах выкарыстоўваюць аркестравыя К., замацаваныя папарна на канцах спец. дзяржання, пры лёгкім патрэсванні якога здабываецца гук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),
вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш. мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.