МУЗЕ́Й ВЫЯЎЛЕ́НЧЫХ МАСТА́ЦТВАЎ імя А.​С.​Пушкіна ў Маскве,

збор замежнага мастацтва; другі ў Расіі па значнасці (пасля Эрмітажа). Утвораны на аснове Кабінета прыгожых мастацтваў пры Маскоўскім ун-це, існаваў з сярэдзіны 19 ст., пераўтвораны па ініцыятыве праф. І.​Цвятаева ў Музей злепкаў. Адкрыты ў 1912 як Музей прыгожых мастацтваў імператара Аляксандра III пры Маскоўскім ун-це; з 1917 Музей прыгожых мастацтваў, з 1937 сучасная назва. Першапачаткова ў калекцыю музея ўваходзілі злепкі з шэдэўраў ант. і зах.-еўрап. скульптуры, складзены гісторыкам У.​Галянішчавым: збор помнікаў мастацтва Стараж. Егіпта, твораў еўрап. жывапісу, ант. ваз і манет. Пасля 1917 фонды музея папаўняліся творамі з Эрмітажа, Траццякоўскай галерэі, Музея новага зах. мастацтва, інш. музеяў і прыватных калекцый (А.​Бракара, В.​Мандла, Дз.​Шчукіна і інш.). Музей захоўвае помнікі мастацтва Стараж. Усходу, ант. Грэцыі і Рыма, Візантыі, краін Усх. і Зах. Еўропы. У карціннай галерэі вылучаюцца зборы палотнаў галанд. і флам. (Рэмбрант, Я. ван Ройсдал, Г.​Тэрбарх, А. ван Астадэ, Я.​Іорданс, Ф.​Снейдэрс, П.​П.​Рубенс, А. ван Дэйк), франц. (Н.​Пусэн, К.​Ларэн, А.​Вато, Ф.​Бушэ, Ж.​Л.​Давід, К.​Каро, Г.​Курбэ) і інш. школ; адзін з лепшых у свеце збораў майстроў барбізонскай школы, франц. імпрэсіяністаў (К.​Манэ, К.​Пісаро, А.​Рэнуар), постімпрэсіяністаў (В. ван Гог, П.​Гаген, П.​Сезан), а таксама творы А.​Матыса і П.​Пікасо. У аддзеле гравюры і малюнка каля 350 тыс. твораў еўрап., усх. і рас. графікі. З 1981 музей праводзіць муз. фестывалі, якія суправаджаюцца тэматычнымі маст. выстаўкамі. У 1985 створаны фонд маст. фотаздымкаў, у 1994 — Музей асабістых калекцый (на правах навук. аддзела).

Літ.:

Государственный музей изобразительных искусств им. АС.​Пушкина: [Альбом]. М., 1989;

Государственный музей изобразительных искусств им. А.​С.​Пушкина: Кат. картинной галереи. Живопись. Скульптура. Миниатюра. М., 1986.

Будынак Музея выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна.
Зала антычнай скульптуры Музея выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна ў Маскве.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мемарыяльны музей Р. К. Арджанікідзе (Магілёў) 6/507

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Мемарыяльны музей М. В. Фрунзе (Фрунзе) 5/588

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гістарычны музей у Маскве 2/604; 3/12, 494—495; 4/541, 461; 5/272; 7/58, 303, 542; 9/111

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дзяржаўны музей рэвалюцыі СССР у Маскве, гл. Цэнтральны музей рэвалюцыі СССР

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Лепяшынскага П. М. мемарыяльны музей 3/549; 6/335

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у Мінску з 20.1.1919 да чэрв. 1941, да 31.8.1923 абл. музей. У аснове калекцый матэрыялы Царк.-археал. музея і Т-ва аматараў прыроды і археалогіі. У 1941 у музеі больш за 60 тыс. экспанатаў: найб. каштоўныя рукапісныя і друкаваныя кнігі 15—18 ст. (друкаваная Трыёдзь 1494, Тураўскія мінеі-чэцці 1525, слоўнік П.​Бярынды і інш.), дарчыя граматы 16—17 ст., грашовыя скарбы 10—18 ст., вырабы цэхавых майстроў, слуцкія паясы, абразы 15—19 ст., карціны бел. мастакоў, бел. нац. адзенне, прадметы працы і хатняга ўжытку і інш. Пры музеі існавалі архіў рукапісных дакументаў 16—18 ст. і навук. б-ка. Музей папаўняўся матэрыяламі археал. раскопак, этнагр. экспедыцый і экспанатамі, перададзенымі інш. музеямі. У 1940—41 музей папоўніўся калекцыямі зброі з Нясвіжскага замка кн. Радзівілаў. У Вял. Айч. вайну разрабаваны ням.-фаш. акупантамі, большасць калекцый загінула. Уцалелыя экспанаты зберагаюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Дырэктарамі музея працавалі П.​Харламповіч, В.​Ластоўскі, С.​Рак-Міхайлоўскі.

Л.​Дз.​Клок.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1929 у г. Баранавічы як павятовы музей. У 1940 ператвораны ў абл. музей выяўл. мастацтва. У час ням.-фаш. акупацыі разрабаваны. У 1946—54 Баранавіцкі абл. гісторыка-краязн. музей (да 1952 у Слоніме на базе адноўленага раённага музея), з 1954 сучасная назва. Мае больш за 36 тыс. экспанатаў асн. фонду, пл. экспазіцыі 256 м² (1995). Сярод экспанатаў археал., нумізматычная і этнагр. калекцыі, матэрыялы пра выдатных землякоў А.​Міцкевіча, П.​Багрыма, У.​Галубка, рэв. выступленні 1905, падзеі 1-й сусв. вайны (Стаўка ў Баранавічах, Баранавіцкая аперацыя 1916), барацьбу працоўных за нац. і сац. правы ў часы ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, абарончыя баі 1941, партыз. рух і падп. барацьбу ў Вял. Айч. вайну, Калдычэўскі і Ляснянскі лагеры смерці, пра вызваленне горада і раёна ад ням.-фаш. акупантаў, станаўленне і развіццё нар. гаспадаркі і культуры ў пасляваен. гады. У экспазіцыі матэрыялы, прысвечаныя землякам-военачальнікам, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу, Героям Сав. Саюза І.К.Кабушкіну, Г.М.Халасцякову. Працуюць 2 выставачныя залы (пл. 140 м²).

С.​А.​Шчарбакоў.

У выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі.

Засн. ў 1977 у Мінску, адкрыты ў 1979 як цэнтр вывучэння і прапаганды бел. маст. спадчыны. Агульная пл. 1200 м², пл. экспазіцыі 600 м². Больш за 17 тыс. экспанатаў (2000), у т. л. 600 твораў іканапісу і жывапісу, 4,5 тыс. дэкар.-прыкладнога мастацтва, 170 скульптур, 2,6 тыс. узораў нар. ткацтва. Экспазіцыя мае раздзелы археалогіі (знаходкі з раскопак гарадоў і інш. археал. помнікаў Беларусі), мастацтва (абразы 16—18 ст., скульптура 16—19 ст., слуцкія паясы і інш. тканіны 18 ст., старадрукі і кніжная гравюра 16—18 ст., разьба, маст. вырабы з металу), этнаграфіі (ткацтва, нар. касцюмы канца 19 — пач. 20 ст., кераміка, нар. муз. інструменты, прылады працы, хатняе начынне, вырабы з саломкі і інш.). Асобны раздзел прысвечаны помнікам этнаграфіі і нар. мастацтва чарнобыльскай зоны. Мае навук. лабараторыю, вядзе выставачную дзейнасць.

Літ.:

Музей старажытнабеларускай скульптуры: Кат. экспазіцыі. Мн., 1983;

Музей старажытнабеларускай культуры. Мн., 1998.

В.​Ф.​Шматаў, А.​А.​Ярашэвіч.

Музей старажытнабеларускай культуры. Фрагмент экспазіцыі старажытнага жывапісу і мемарыяльнай скульптуры.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл. арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена пад муз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.​Слабодчыкаў).

Н.​В.​Сычова.

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)