МАРЫЯ́ТЭГІ ((Mariátegui) Хасэ Карлас) (14.6.1895, г. Макегуа, Перу — 16.4.1930),
перуанскі паліт. дзеяч, сацыёлаг і літ. крытык. З 1918 у рабочым руху. З 1919 у эміграцыі. З 1923 зноў у Перу, у прафсаюзным руху, займаўся журналісцкай і выдавецкай дзейнасцю. Выпускаў часопіс «Amauta» («Мудрэц», 1926—30), рабочую газ. «Labor» («Праца», 1928—30). У 1928 заснаваў Перуанскую камуніст. партыю і быў яе ген. сакратаром. Тэарэт. асновы праграмы камуністаў выклаў у працы «Сем нарысаў тлумачэння перуанскай рэчаіснасці» (1928). У літ.-крытычных артыкулах аналізаваў ісп. і індзейскую традыцыі перуанскай л-ры, адстойваў незалежны шлях развіцця нац. культуры.
т. 10, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫ́ЛЬ (Іван Аляксандравіч) (18.9.1914, в. Дуброўскія Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1961),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1941). З 1932 настаўнічаў, з 1934 на журналісцкай рабоце ў Талачыне і Вілейцы. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 сакратар Магілёўскага падп. абкома ЛКСМБ, адначасова сакратар Бабруйскіх падп. міжрайкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, з крас. 1943 чл. Магілёўскага падп. абкома КЛ(б)Б. З вер. 1943 рэдактар газ. «Сталинская молодежь», потым «Чырвоная змена», з 1952 — «Гомельская праўда».
т. 10, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЕ АДЗІ́НСТВА»,
блок паліт. партый у Чылі ў 1960—70-я г. Створаны ў 1969 прадстаўнікамі камуніст., сацыяліст., радыкальнай і некалькіх дробных партый. Пасля перамогі на выбарах 1970 сфарміравала ўрад краіны, кіраўнік «Н.а.» С.Альендэ Госенс быў выбраны прэзідэнтам. Урад «Н.а.» нацыяналізаваў гарнарудныя прадпрыемствы, якія належалі замежнаму капіталу, усталяваў дзярж. кантроль над буйнымі банкамі, ажыццявіў агр. рэформу. Але шэраг папулісцкіх рэформ (неабгрунтаванае павышэнне заробкаў, пенсій і сац. ільгот) прывёў да росту інфляцыі і дэзарганізацыі эканомікі. У выніку ваен. перавароту 11.9.1973 урад «Н.а.» быў скінуты, Альендэ Госенс забіты, да ўлады прыйшоў ген. А.Піначэт Угартэ.
т. 11, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (СІМ),
міжнародная маладзёжная арг-цыя сацыял-дэмакр. кірунку. Засн. на Міжнар. канферэнцыі сацыяліст. саюзаў моладзі (24—26.8.1907, г. Штутгарт, Германія), да 1912 аб’ядноўваў каля 170 тыс. чл. маладзёжных арг-цый 17 краін. У 1-ю сусв. вайну фактычна распаўся. Пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 значная ч. арг-цый, што ўваходзілі ў СІМ, перайшла на камуніст. пазіцыі і ў ліст. 1919 засн. Камуністычны інтэрнацыянал моладзі. Адноўлены ў 1923 на міжнар. канферэнцыі ў г. Гамбург (Германія). Прымыкаў да Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала, распаўся ў пач. 2-й сусв. вайны. Пераемнікам СІМ стаў засн. ў 1946 Міжнар. саюз маладых сацыялістаў.
т. 14, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),
міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс. чл., у т. л. 3500 тыс. чл. ВЛКСМ). Бел. камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв. вайны і інш. З 1935 пал уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікаць міжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.
Літ.:
Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.
т. 7, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карэспандэ́нцыя, ‑і, ж.
1. Паштовая перапіска паміж асобамі або ўстановамі. Весці карэспандэнцыю.
2. зб. Пісьмы, паштова-тэлеграфныя адпраўленні. Паштовай скрынкай .. я не карыстаўся, маючы шматгадовую звычку атрымліваць карэспандэнцыю на паштамт. Васілёнак. Народны суддзя Міхаіл Пятровіч Жураўлёў праглядаў карэспандэнцыю: дырэктывы, інструкцыі міністэрства юстыцыі, розныя скаргі. Капусцін.
3. Артыкул, паведамленне пра бягучыя падзеі, дасланыя ў газету або часопіс. Змясціць у газеце карэспандэнцыю. □ [Шынклер] робіцца рабкорам і карэспандэнцыі свае, поўныя запалу і непрымірымасці да таго, што перашкаджае савецкім людзям у іх рабоце, пасылае ў акруговую бабруйскую газету «Камуніст». Арабей. З Коўна Т. Корзан пісаў карэспандэнцыі ў герцэнаўскі «Колокол». Мальдзіс.
[Лац. correspondentia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,
грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала пад кіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.І.Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс. чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв. сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел. рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыя дзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.І.Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы орган — рэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.
А.Л.Бабіцкі.
т. 12, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ СПАБО́РНІЦТВА,
аб’ектыўныя адносіны, скіраваныя на дасягненне найлепшых вынікаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Уласціва толькі сацыяліст. спосабу вытв-сці. Адной з першых форм С.с. былі камуніст. суботнікі (1919). З 1923 сталі праводзіцца вытв. нарады, якія ўключалі элементы С.с. Новым этапам С.с. ў гады 1-й пяцігодкі (1928/29—1932/33) стала ўдарніцтва. У час індустрыялізацыі ўдарныя брыгады сталі асн. формай С.с.
У крас. 1929 калектыў ленінградскага з-да «Чырвоны выбаржац» выступіў ініцыятарам С.с. ў агульнадзярж. маштабе. У маі 1930 узніклі грамадскія буксіры, мэтай якіх была дапамога перадавых калектываў адстаючым. У ліп. 1930 рабочыя Ленінградскага з-да імя К.Маркса распрацавалі сустрэчны прамфінплан, які стаў эфектыўным сродкам выяўлення рэзерваў вытв-сці. У маі 1931 на маш.-буд. з-дзе імя Леніна ў Ленінградзе ўзнікла першая гасп.-разліковая брыгада. Значную ролю ў распаўсюджанні перадавога вопыту і павышэнні кваліфікацыі рабочых кадраў адыграў ізотаўскі і стаханаўскі рух.
У БССР С.с. разгарнулася вясной 1929. Першымі ў яго ўключыліся калектывы добрушскай папяровай ф-кі «Герой працы», віцебскага з-да «Чырвоны металіст», мінскіх металаапрацоўчых з-даў «Камунар» і «Энергія», гарбарных прадпрыемстваў Магілёва, Мінска, Віцебска, Гомеля і інш. У канцы 1929 у С.с. ўдзельнічала каля 15% рабочых буйной прам-сці Беларусі, у канцы 1930 — больш за 60%. Усяго да 1936 у розных формах С.с. ўдзельнічала 72,2% рабочых БССР. Масавы энтузіязм рабочага класа адыграў важную ролю ў вырашэнні задач індустрыялізацыі. Аднак з цягам часу С.с. пачало насаджацца парт. і прафс. органамі, набыло кампанейскі характар. У гады Вял. Айч. вайны спаборніцтва праходзіла пад лозунгам «Усё для фронту, усё для перамогі». За самаадданую працу многім беларусам было прысвоена званне Героя Сац. Працы. Ва ўмовах жорсткай цэнтралізацыі разгортвалася С.с. па аднаўленні разбуранай вайной нар. гаспадаркі. У кастр. 1958 калектыў дэпо Масква-Сартавальная прапанаваў разгарнуць спаборніцтва за камуніст. адносіны да працы. Калі ў цэлым у С.с. ў пач. 1970-х г. удзельнічала больш за 77 млн. чал., то ў руху за камуніст. адносіны да працы — каля 45 млн. чал. (на Беларусі адпаведна — 2854 тыс. і 1560 тыс.). Аднак на шляху многіх пачынанняў станавілася адміністрацыйна-камандная сістэма. Так, брыгадны падрад быў абмежаваны шматлікімі інструкцыямі і практычна страціў сваё эканам. значэнне. Не атрымала распаўсюджання і ініцыятыва Шчокінскага камбіната пад дэвізам «Менш работнікаў — больш прадукцыі». Актыўнасць працоўных стрымлівалася бюракратызмам, адсутнасцю эканам. метадаў кіравання, залежнасцю аб’яднанняў і прадпрыемстваў ад міністэрстваў. У выніку С.с. было пазбаўлена эканам. асновы, што патрабавала карэнных змен у яго арганізацыі.
А.М.Сасім.
т. 14, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЛЬШАВІ́К»,
тэарэтычны і паліт. орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся нелегальна са снеж. 1924 да 1936 у Вільні, пазней у Мінску на бел. (асобныя матэрыялы на рус.) мове. Нумары 1—40 выйшлі як газета, з нумара 41-га — часопіс (выйшла 50 нумароў). Змяшчаў артыкулы па тэорыі і практыцы камуніст. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі, рабоце секцый Камінтэрна ў краінах Зах. Еўропы, пастановы пленумаў ЦК КПЗБ, матэрыялы канферэнцый і з’ездаў КПЗБ, хроніку парт. работы. Пісаў пра паліт і эканам. становішча ў СССР і БССР. Адыгрываў актыўную ролю ў кіраўніцтве рэв. і нац.-вызв. рухам працоўных Зах. Беларусі. Друкаваў і сектанцкія матэрыялы, асабліва ў 1930-я г.
С.В.Говін.
т. 2, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРАЦЬБА́»,
газета, орган ЦК КПЗБ. Выдавалася з кастр. 1932 да лют. 1933 у Берліне на бел. мове. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 5 нумароў. Была разлічана на зах.-бел. рэв. і камуніст. актыў, беларусаў-эмігрантаў, што жылі ў краінах Зах. Еўропы і ў Амерыцы. Выступала за сац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне з БССР, у абарону дэмакр. арг-цый (ТБШ і інш.). Пісала пра рэв. выступленні ў Зах. Беларусі, бел. эміграцыю ў Францыі, Латвіі, асвятляла паліт. і эканам. становішча ў СССР і БССР. Вяла палеміку з кіраўнікамі Бел. хрысціянскай дэмакратыі і інш. партый. Спыніла існаванне пасля прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера.
С.В.Говін.
т. 2, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)