сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.
Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,
былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в. Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕДЫКЦІ́НЦЫ,
члены першага ў каталіцкай царкве манаскага ордэна, заснаванага ў 530 у Італіі Бенядзіктам Нурсійскім (адсюль назва). Адыгралі значную ролю ў распаўсюджанні каталіцызму. Статут бенедыкцінцаў патрабаваў сталага жыхарства ў кляштары, паслушэнства, устрымання і беднасці. Абавязковай была праца. У 11—13 ст. бенедыкцінцы актыўна ўдзельнічалі ў місіянерскай дзейнасці каталіцкай царквы на слав.землях і ў Прыбалтыцы. У ВКЛ прыйшлі ў 17 ст. з Польшчы. На Беларусі іх кляштары ў 17—19 ст. існавалі ў Мінску, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Слоніме і інш. Яны мелі свае б-кі, школы, скрыпторыі, дзе перапісваліся кнігі і летапісы. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) кляштары бенедыкцінцаў і інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў аб’яднаны ў бенедыкцінска-цыстэрцыянска-камедула-картузскую кангрэгацыю. Пасля паўстанняў 1830—31 і 1863—64 на Беларусі кляштары бенедыкцінцаў закрыты. У Зах. Еўропе ў 1893 заснавана федэрацыя бенедыкцінцаў. Зараз існуе 18 кангрэгацый бенедыкцінцаў, якія налічваюць каля 10 тыс. манахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЙ ІВА́НАВІЧ ДАНСКІ́ (12.10.1350, Масква — 19.5.1389),
вялікі князь маскоўскі (з 1359) і ўладзімірскі (з 1362). Сын Івана II Іванавіча. Пры ім у 1367 у Маскве пабудаваны першы ў Паўн.-Усх. Русі белакаменны крэмль. У 1368 і 1370 яго войскі адбілі напады на маск. княства войска Альгерда, у 1371 — разанскага кн. Алега Іванавіча. У 1376 замацаваны ўплыў Масквы ў Балгарыі Волжска-Камскай. У сваёй палітыцы абапіраўся на аўтарытэт і падтрымку Сергія Раданежскага. Дз.І.Д. першы з маск. князёў узначаліў барацьбу супраць татара-манголаў і перамог іх на р. Вожа (1378) і ў Кулікоўскай бітве 1380, што паклала пачатак вызваленню Русі ад татара-манг. панавання. За гэту бітву празваны Данскім. Пасля зруйнавання Масквы тат. ханам Тахтамышам (1382) аднавіў горад. Пры ім Масква замацавала кіруючае становішча ў рус.землях. Упершыню без згоды Залатой Арды завяшчаў вял. княжанне свайму сыну Васілю. Кананізаваны.
Літ.:
Кучкин В.А. Дмитрий Донской // Вопр. истории. 1995. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАГО́ЛІЦА,
адна з дзвюх стараж. славянскіх азбук. Назва ад стараслав. «глаголь» — слова, маўленне. Глаголіца амаль супадае з кірыліцай алфавітным складам (40 літар), назвай, размяшчэннем і гукавым значэннем літар; адрознівалася формаю літар і складанасцю іх напісання. На думку некаторых вучоных, глаголіца створана ў 9 ст. асветнікам Кірылам (Канстанцінам) Філосафам. Бытавала на слав.землях паралельна з кірыліцай (у Харватыі, Далмацыі і Ілірыі да 18 ст.), зрэдку ўжывалася ў Кіеўскай Русі. Найстарэйшыя помнікі глагалічнага пісьма: надпіс 893 на надмагільнай пліце, знойдзенай у руінах Сімяонаўскай царквы ў Праславе (Балгарыя), Кіеўскія лісткі (10 ст.), Зографскае, Марыінскае, Асеманава евангеллі (10—11 ст.) і інш. Паступова глаголіца выцеснена на У і Пд кірыліцай, на З — лацінскім пісьмом.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ЦЬЕЎ (Віктар Аляксандравіч) (н. 30.3.1942, г. Омск, Расія),
бел. вучоны ў галіне лесазнаўства. Акад.Нац.АН Беларусі (1996; чл.-кар. з 1994), д-рс.-г.н. (1986), праф. (1997). Акад.Рас. акадэміі с.-г.н. (1995). Сын А.М.Іпацьева. Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1965). З 1967 працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры), з 1989 дырэктар Ін-та лесу Нац.АН Беларусі. Навук. працы па лесазнаўстве, лясной гідралогіі, радыеэкалогіі лесу, пытаннях аптымізацыі воднага рэжыму і жыўлення лясных насаджэнняў ва ўмовах залішняй увільготненасці глеб, паскарэння рэабілітацыі лясных экасістэм пасля глабальнага радыенукліднага забруджвання. Аўтар навук. кірунку па праблеме вырошчвання лесу з рэгуляваным назапашваннем радыенуклідаў у дрэвавых пародах.
Тв.:
Ведение лесного хозяйства на осушенных землях. М., 1984 (разам з Л.П.Смаляком, І.К.Блінцовым);
Водный режим и потребление элементов питания в мелиорированных сосновых фитоценозах. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штотыднёва з 8.6 да 11.7.1920 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Г.Багдановіч, выдавец У.Знамяроўскі. Мела рубрыкі «На белым свеце» і «Хроніка». Значную ўвагу аддавала праблеме будучага лёсу Беларусі (арт. «Сучасная вайна і Беларусь», «Не чакайце міру», «Ленін і Брусілаў»), зямельнаму пытанню (арт. «Беларускае сялянства і зямельнае пытанне», «Каму зямля?», «Зямельная рэформа на «Усходніх землях»). Выкрывала спробы акупац. адміністрацыі сфальсіфікаваць звесткі статыстыкі пра нац. склад насельніцтва бел. зямель (арт. «Мова статыстыкі»). Пісала пра арганізацыю нац. школы, спажывецкай кааперацыі. Змясціла артыкулы да 20-годдзя з дня смерці Ф.Багушэвіча, асобныя творы Я.Купалы, М.Гарэцкага, В.Лемеша, Г.Багдановіча, А.Пугі, інфармацыю пра святкаванне 15-годдзя творчай дзейнасці Я.Купалы, фарміраванне бел. войска і інш. З-за ваен. цэнзуры большасць матэрыялаў падпісана псеўданімамі і крыптанімамі. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскай вайсковай адміністрацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойнымі і мяшанымі лясамі з мохавым, мохава-кусцікавым і мохава-травяным покрывам ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму і перыяд. ўвільгатнення. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны ў паўн. раёнах умераных шырот Еўропы, Зах. Сібіры, Д. Усходу, Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляюцца па ўсёй тэрыторыі, найб. плошчы ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Вылучаюць уласна падзолістыя глебы ў лясах і акультураны падтып на ворных землях. Марфал. глебавы профіль складаецца з некалькіх гарызонтаў: пад спрадвечнымі лясамі вылучаюць лясны подсціл таўшчынёй да 10 см, далей падзолісты гарызонт папяліста-бялявага колеру (да 7 см), падзоліста-ілювіяльны гарызонт жаўтавата-бялявага колеру (15—20 см) і ілювіяльны гарызонт бурага, палевага, светла-жоўтага колераў, які пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. П.г. характарызуюцца кіслай рэакцыяй асяроддзя, невял. колькасцю гумусу і пажыўных элементаў, вільгаці. Для павышэння ўрадлівасці П.г. праводзяць арашэнне, вапнаванне глебы, уносяць арган. і мінер. ўгнаенні. Гл. таксама Глеба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙСЕНГО́Ф ((Weyssenhoff) Ян) (1774, в. Анджэльмуйжэ Рэжыцкага пав., цяпер Латвія — 19.5.1848),
вайсковы дзеяч ВКЛ. З 1789 на ваеннай службе ВКЛ у 8-м палку пяхоты ў Нясвіжы. Удзельнік вайны супраць экспансіі Расіі ў 1792, бітвы пад Мірам. У час паўстання 1794 ад’ютант Я.Ясінскага, прызначаны А.Т.Касцюшкам маёрам кавалерыі. Пасля задушэння паўстання вандраваў па Еўропе. У 1806 далучыўся да войска ген. Я.Г.Дамброўскага, удзельнічаў у паўстанні на зах.-польскіх землях супраць прускага панавання, у ваен. дзеяннях 1809 супраць Аўстрыі на баку Напалеона. У вайне 1812 ад’ютант ген. Ю.Заёнчака, удзельнік бітваў пад Смаленскам, Барадзіном і інш. У 1813 атрымаў ад Напалеона званне ген. брыгады. Удзельнічаў у арганізацыі арміі Каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі, з 1826 ген. дывізіі. У час паўстання 1830—31 камандаваў дывізіяй уланаў, браў удзел у фарміраванні Надвіслянскага легіёна, камандаваў войскамі Кракаўскага ваяв. У 1831—33 у ссылцы ў Кастраме. Аўтар мемуараў.
Тв.:
Pamiętnik generała Jana Weyssenhoffa. Warszawa, 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НС ГРУНТАВЫ́Х ВО́ДАЎ,
колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп. дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.