паво́дзіцца, ‑водзіцца; безас. незак.
Разм.
1. Жыцца; складвацца (пра ўмовы жыцця, працы і пад.). Букрэй разгаварыўся з Панасам, распытваў яго, як паводзілася ў палякаў, што ён чуў там і бачыў. Колас. [Нахлябіч] хацеў ужо ісці далей, але Пніцкі перапыніў яго: — Ну, як вам паводзіцца? Чорны.
2. Быць прынятым. Так у нас паводзіцца. Паводзіцца здаўна.
3. Разм. Тое, што і паводзіць сябе (гл. паводзіць). Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер .. [Алесь] не мог паводзіцца, як раней. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ураўнава́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць аднолькавыя па вазе, прыйсці ў раўнавагу.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Прыйсці ў поўную адпаведнасць з чым‑н., стаць роўным у якіх‑н. адносінах. Драматызм ва ўзаемаадносінах паміж Іванам, Тацянай і Грышкам з’явіўся б тады, калі б у думках гераіні дзецюкі хоць на момант ураўнаважыліся. У. Калеснік.
3. перан. Стаць спакойным. [Рыгору] стала балюча няёмка. Унутры згрудзілася цяжкае туманнае пачуццё.. Ён пастаяў колькі хвілін, пакуль ураўнаважыўся. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
Разм. Напружваць мускулы, рабіць фізічныя намаганні. [Бамбала] траціць апошнія сілы, але ўсё-такі пнецца і тужыцца выцягнуць сеці. Скрыган. / у перан. ужыв. А побач другі малы «гейзер», амаль па паверхні, таксама тужыўся парадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі. Караткевіч. // Сканцэнтроўваць увагу, думкі на чым‑н.; старацца прыпомніць што‑н. — Пачакай, як жа хлопчыка звалі, дай божа добрую памяць, — тужылася ўспомніць Хрысціна. Гурскі. Як ні тужыўся Змітрок уразумець, што хацела сказаць жонка ў час іхняй перапалкі, не зразумеў. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сма́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад уздзеяннем тэмпературы, агню рабіцца гатовым да ўжывання як ежа. Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры. Колас. Там на вясёлым полымі даўно ўжо смажыліся грыбы ў смятане і яечня з вяндлінай, а на моцным дубовым стале чакалі нас сыр, агуркі, мёд, духмяны хлеб з кменам і вялікі збан кіслага малака. В. Вольскі.
2. перан. Разм. Пячыся па сонцы; знаходзіцца ў гарачым месцы. — Нашы людзі пылу не баяцца, — уставіла сваё мачыха. — Нашы людзі на сонцы смажацца, на дажджы купаюцца і пылам прычашчаюцца, дык ім нічога не абыходзіць. Сабаленка. А Віктар, бачыш ты,.. прымусіў сядзець тут і смажыцца на сонцы. Гамолка.
3. Зал. да смажыць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)