ПАСТО́ЗНАСЦЬ (ад італьян. pastoso цестападобны) у тэхніцы жывапісу, якасць фарбавага слоя, што ўзнікае ад няроўнага нанясення на грунт густой фарбы-пасты. Атрыманая рэльефная паверхня часта захоўвае тую форму, якую надае ёй пэндзаль або мастыхін, і ўтварае ў найб. пукатых месцах блікі. Выкарыстанне П. дае магчымасць узмацніць эмац. выразнасць твора. найб. пераканаўча перадаць матэрыяльную насычанасць прадметнага асяроддзя, раскрыць пластычныя якасці самой фарбавай масы.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПІ́СКІ,

у тэхніцы алейнага шматслаёвага жывапісу этап выканання палатна, у час якога мадэліруюцца формы і аб’ёмы, ствараецца асн. каларыт будучага твора. Робіцца за падмалёўкай, папярэднічае лесіроўцы. Колькасць П. можа быць рознай, але кожная з іх завяршаецца поўным высыханнем фарбаў. У шырокім і недакладным сэнсе П. наз. часам падмалёўку, а таксама любую прапрацоўку ўжо закончанай карціны або яе дэталі, у т. л. неаўтарскія панаўленні.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЭ́ ((Manet) Эдуар) (23.1.1832, Парыж — 30.4.1883),

французскі жывапісец; адзін з рэфарматараў франц. жывапісу папярэднікаў станаўлення імпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1850—56) у Т.​Куцюра. Капіруючы творы майстроў італьян. Адраджэння, Джарджоне, Тыцыяна, Д.​Веласкеса, Ф.​Халса, Ф.​Гоі, Э.​Дэлакруа і інш., зазнаў іх уплыў. У канцы 1850 — пач. 1860-х г. стварыў галерэю тыпаў і характараў, спалучаў жыццёвасць і рамантызацыю вобраза: «Аматар абсенту» (1859), «Лола з Валенсіі» (1862) і інш. Жывапісная манера вызначалася глухімі шчыльнымі тонамі, непасрэдным пераходам ад ценю да святла. Выкарыстоўваў і пераасэнсоўваў сюжэты і матывы жывапісу старых майстроў, імкнуўся надаць ім сучаснае гучанне і вырашыць новыя жывапісныя задачы: «Сняданак на траве», «Алімпія» (абодва 1863). Пазней звяртаўся да тагачасных тэм («Пакаранне смерцю імператара Максіміляна». 1867; «Расстрэл камунараў», 1871), паэтызаваў штодзённыя быт. сітуацыі («Сняданак у майстэрні», «Балкон», абодва 1868). У канцы 1860-х г. быў блізкі да імпрэсіяністаў; перайшоў да пленэрнага жывапісу, які вызначаўся святлонасычанай вібрыруючай колеравай гамай, багатай рэфлексамі і валёрамі, фрагментарнасцю кампазіцый, але захаваў неўласцівую для імпрэсіяністаў дакладнасць малюнка, шэрыя і чорныя тоны: «Чыгунка» (1873), «У лодцы». «Аржанцёй» (абодва 1874). Познія творы адметныя амаль поўнай адсутнасцю сюжэта, імправізацыяй у адлюстраванні вобразаў і атмасферы, псіхал. даследаваннем унутр. стану сучасніка: «Нана» (1877), «Афіцыянтка ў піўной» (1878), «У карчме бацькі Лацюіля» (1879), «Бар у «Фалі-Бержэр» (1881—82) і інш. Майстар партрэта: Э.​Заля (1868), С.​Малармэ (1876), «Аўтапартрэт з палітрай» (1879) і інш. Рабіў малюнкі, літаграфіі, афорты.

Літ.:

Э.​Мане: Жизнь. Письма. Воспоминания. Критика современников: Пер. с фр. М., 1965;

Перрюшо А. Э.​Мане: Пер. с фр. М., 1976;

Чегодаев А.Д. Э.​Манэ. М., 1985.

Э.Манэ. Бар у «Фалі-Бержэр». 1881—82.

т. 10, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЙВАЛ (Валерый Яўгенавіч) (н. 3.7.1955, г. Вышні Валачок Цвярской вобл., Расія),

бел. мастацтвазнавец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў С.-Пецярбургу (1977). У 1977—89 працаваў у Нац. маст. музеі Беларусі. Даследуе бел., а таксама італьян., ісп., ірл., англ. мастацтва. Аўтар-складальнік буклетаў пра мастакоў У.​Пасюкевіча (1987), Каміля-Камала (1992), альбома «Брэсцкая крэпасць-герой у творчасці мастакоў» і інш.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬЯНУЭ́ВА ((Villanueva) Карлас Рауль) (30.5.1900, Лондан — 16.8.1975),

венесуэльскі архітэктар. Скончыў Нац. школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1928). Працаваць пачаў у гіст. стылях, з канца 1940-х г. перайшоў на пазіцыі функцыяналізму. Яго пабудовы вызначаюцца маст. выразнасцю канстр. сістэм, дынамічнасцю кампазіцыі, выкарыстаннем скульптуры, жывапісу, мазаікі (комплексы універсітэцкага гарадка, 1944—57, жылых кварталаў Эль-Параіса, 1952—54 у Каракасе і інш.). Аўтар кнігі «Каракас учора і сёння» (1950).

т. 4, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ (Анатоль Яўхімавіч) (н. 10.12.1939, г. Старыя Дарогі Мінскай вобл.),

бел. грамадска-культурны дзеяч, калекцыянер. Скончыў БДУ (1967) і з 1969 выкладае ў ім. Старшыня грамадска-асв. клуба «Спадчына» (з 1984). Сабраў вял. калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкар.-прыкладнога мастацтва, арганізоўвае выстаўкі гэтых твораў, выдае каталогі, даведачную л-ру і артыкулы пра бел. мастацтва. Ініцыятар і арганізатар устанаўлення помніка М.​Багдановічу ў Яраслаўлі (1994).

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫ МАСТА́ЦКА-ТЭХНІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т (ВХУТЭІН),

навучальная ўстанова ў Ленінградзе ў 1922—30 (створана на базе АМ) і Маскве ў 1926—30 (засн. на базе Вышэйшай мастацка-тэхнічнай майстэрні). Рыхтаваў пераважна мастакоў-станкавістаў. На яго базе ў 1930 створаны ў Ленінградзе Ін-т пралетарскіх выяўл. мастацтваў (з 1932 Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры), у Маскве Вышэйшы арх.-буд. ін-т (з 1933 Маскоўскі арх. ін-т).

т. 4, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Марыс Кантэн дэ (5.9.1704, г. Сен-Кантэн, Францыя — 17.2.1788), французскі жывапісец. З 1737 член Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры. З 1750 жывапісец франц. караля. Ствараў пераважна камерныя партрэты ў тэхніцы пастэлі, якія вызначаюцца лірычнасцю, мяккай градацыяй колеравых адценняў. Аўтар партрэтаў дзеячаў эпохі Асветніцтва (Ж.​Ж.​Русо, Ж.​Д’Аламбера, абодва 1753), каралеўскай сям’і і прыдворных, аўтапартрэтаў, эцюдаў.

К. дэ Латур. Аўтапартрэт. 1751.

т. 9, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВІ́Н (Аляксандр Якаўлевіч) (1.3.1863, Масква — 17.4.1930),

рускі тэатр. мастак, жывапісец. Акад. жывапісу (1912), нар. арт. РСФСР (1928). У 1881—89 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў В.Паленава, І.Пранішнікава, У.Макоўскага і ў Парыжы (1889, 1897). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». У канцы 1900-х г. афармляў спектаклі, антрэпрызы С.​П.​Дзягілева ў Парыжы, балет І.​Стравінскага «Жар-птушка». Тонкі каларыст, майстар тэатр. касцюма. Аформіў у Маскве спектаклі «Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава (1901, Вял. т-р), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1927, МХАТ) і інш.; у Пецярбургу — «Кармэн» Ж.​Бізэ (1908, Марыінскі т-р), «Маскарад» М.​Лермантава (1917, Александрынскі т-р), «Сольвейг» Э.​Грыга (1922, т-р оперы і балета) і інш. Аўтар партрэтаў Ф.​Шаляпіна, У.​Меерхольда, М.​Траянавай і інш. У Нац. маст. музеі 7 работ мастака.

Літ.:

Головин А.Я. Встречи и впечатления;

Письма;

Воспоминания о Головине. Л.;

М, 1960;

Онуфриева С. А.​Головнн. Л., 1977;

Гофман И.М. Головин-портретист. Л., 1981;

Александр Головин: Путь художника / Авт.-сост. М.​Н.​Пожарская. М., 1990.

А.Галавін. Вёска. Эскіз дэкарацыі балета на музыку Э.​Грыга «Сольвейг». 1922.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫЁНАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),

расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус. авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.​П.​Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.​Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.​Лядава (1917), да «Блазна» С.​Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.​Хлебнікава, А.​Кручоных.

Тв.:

Лучизм. М., 1913.

І.​М.​Каранеўская.

М.Ларыёнаў Лучызм. 1910.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)