ДЫРЭКТО́РЫЯ, Выканаўчая Дырэкторыя (Directoire exécutif),

урад Франц. рэспублікі ў ліст. 1795—ліст. 1799. Складалася з 5 чл. (дырэктараў), якіх выбіраў Савет пяцісот і Савет старэйшын. Выражала інтарэсы буйной буржуазіі. Унутр. палітыка была скіравана на барацьбу з рэв. рухам, знешняя мела захопніцкі характар. Пасля некалькіх «хістанняў» Д. то ўправа (рашэнне пра ануляванне выбараў дэпутатаў-дэмакратаў), то ўлева (са складу Д. выведзены адкрытыя рэакцыянеры) яе дзеянні сучаснікі назвалі «палітыкай арэляў». Спыніла сваё існаванне пасля дзярж. перавароту Напалеона Банапарта.

т. 6, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НГЕ (Іван Іванавіч) (1894, г. Пскоў, Расія — 29.3.1919),

удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1915 на Зах. фронце. Летам 1915 арганізаваў і ўзначаліў бальшавіцкую ячэйку ў Навабеліцкім гарнізоне. З сакавіка 1917 чл. Гомельскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з крас. 1917 чл. Палескай арг-цыі РСДРП(б). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 ваен. камісар Гомеля, нач. Гомельскага гарнізона. У канцы 1918 старшыня Слуцкага пав. рэўкома. З студз. 1919 старшыня Гомельскай пав. ЧК. Загінуў у час стракапытаўскага мяцяжу 1919.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАБА́Т»,

газета, орган выканкома Савета рабочых, сял., батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Аршанскага пав. Выдавалася з сак. 1918 да мая 1920 у Оршы на рус. мове. Да кастр. 1918 наз. «Известия Совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов Оршанского уезда». Змяшчала дэкрэты, пастановы і інш. афіц. матэрыялы сав. ўрада і мясц. органаў улады. У рубрыках «Рабочае жыццё», «Жыццё вёскі», «Па павеце», «З жыцця чырвонаармейцаў», «Старонка юнага пралетарыя» і інш. шырока асвятляла мясц. жыццё. Апошні вядомы нумар 107 ад 23.5.1920.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НОВАРАСІ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА»,

пашыраная ў гіст. л-ры назва ўлады Савета рабочых дэпутатаў, што існавала ў г. Новарасійск 25.12.1905—7.1.1906 у рэвалюцыю 1905—07. Утварылася ў. ходзе Снежаньскай усерасійскай палітычнай стачкі 1905. Новарасійскі савет (уваходзілі бальшавікі, сацыялісты-рэвалюцыянеры, меншавікі і інш.) закрыў дзярж. ўстановы, раззброіў паліцыю, стварыў узбр. рабочую дружыну, аднавіў спынены стачкай гандаль, увёў 8-гадзінны рабочы дзень і рабочы кантроль на прадпрыемствах, кантраляваў чыг. і марскія перавозкі, абклаў падаткам прадпрымальнікаў і чыноўнікаў, выдаваў газ. «Известия». Ліквідавана ўрадавымі войскамі.

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАНЖЭ́ ((Boulanger) Жорж Эрнест) (29.4.1837, г. Рэн, Францыя — 30.9.1891),

палітычны дзеяч Францыі, генерал. Удзельнік аўстра-італа-франц. (1859), франц. каланіяльнай (Індакітай, 1852—62) і франка-прускай (1870—71) войнаў, задушэння Парыжскай камуны 1871. У 1886—87 ваен. міністр. У 1887—89 узначальваў шавіністычны рух (буланжызм), які меў на мэце ўсталяванне ваен. дыктатуры, перагляд дэмакр. свабод і роспуск парламента, імкнуўся развязаць рэваншысцкую вайну з немцамі. У 1889 Б. абраны ў палату дэпутатаў, але абвінавачаны ў сувязі з манархістамі, уцёк у Бельгію, дзе скончыў самагубствам.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧАЯ АКРУ́ГА,

асноўнае звяно тэр. арг-цыі насельніцтва краіны для правядзення выбараў прадстаўнічых органаў улады, кіраўніка дзяржавы. Ад кожнай акругі выбіраецца ўстаноўленая законам колькасць дэпутатаў (норма прадстаўніцтва). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ад кожнай выбарчай акругі выбіраецца адзін дэпутат. Акругі ствараюцца Цэнтральнай і тэр. выбарчымі камісіямі па прадстаўленні адпаведных Саветаў з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў і з улікам адм.-тэр. падзелу. Тэр. выбарчай акругі захоўваецца нязменная на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Выбарчыя акругі на Беларусі падзяляюцца на выбарчыя ўчасткі.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ АРМЕ́ЙСКОГО СОВЕ́ТА ДЕПУТА́ТОВ X А́РМИИ»,

газета Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Маладзечне на рус. мове штодзённа. Орган бальшавіцкага Савета дэпутатаў 10-й арміі. Напачатку мела назвы: «Бюллетень Военно-революционного комитета X армии», «Известия Совета депутатов X армии». Змяшчала пастановы Расійскага і Зах. абл. Саветаў нар. камісараў, рэзалюцыі салдацкіх і сял. сходаў у падтрымку новай улады, матэрыялы пра барацьбу сав. войск супраць 1-га польскага корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. Спыніла існаванне з наступленнем герм. войск.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́НСКАЯ ПРА́ЎДА»,

грамадска-паліт. газета, орган Мінскага аблвыканкома і абл. Савета дэпутатаў. Выдаецца з 1.11.1950 у Мінску; спачатку на бел., з 1990 — на бел. і рус. мовах 3—5 разоў на тыдзень. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Мінска і Мінскай вобласці. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Ідэя, пошук, прадпрымальніцтва», «Спажывецкі рынак», «Галерэя», «Спадчына», «Тэатральны бінокль», «Анонс» і інш. З публіцыстычнымі артыкуламі выступаюць вядомыя дзеячы культуры, мастакі, крытыкі, друкуюцца новыя творы майстроў слова, творы маладых аўтараў.

А.​У.​Клімовіч.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМО́НАЎ (Эмамалі Шарыпавіч) (н. 5.10.1952, г.п. Дангара Хатлонскай вобл., Таджыкістан),

дзяржаўны дзеяч Таджыкістана. Скончыў Тадж. ун-т (1982). З 1971 рабочы, з 1976 на адказных пасадах у аграпрамысл. комплексе, дырэктар саўгаса ў Дангарынскім р-не. З ліст. 1992 старшыня Кулябскага абл. савета нар. дэпутатаў. З 19.11.1992 старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Таджыкістан. 6.11.1994 абраны Прэзідэнтам Рэспублікі Таджыкістан (у ліст. 1999 пераабраны). У 1997 дамогся спынення грамадз. вайны ў Таджыкістане шляхам паліт. ўрэгулявання.

Літ.:

Президент Эмомали Рахмонов=President Emomali Rahmonov: [Альбом]. London, 1998.

Э.Ш.Рахмонаў.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абвясці́ць, ‑вяшчу, ‑весціш, ‑весціць; зак., што.

1. Давесці да ўсеагульнага ведама. Абвясціць парадак дня. Абвясціць падзяку. Абвясціць прыгавор.

2. Афіцыйным актам устанавіць што‑н., заявіць аб пачатку якога‑н. дзеяння, становішча. Абвясціць вайну. Абвясціць мабілізацыю. Абвясціць падпіску на газеты. Абвясціць сход адкрытым. // кім-чым. Афіцыйна прызнаць каго, што кім‑, чым‑н. Абвясціць сябе мабілізаваным на што-небудзь. Абвясціць вар’ятам. □ Савет рабочых дэпутатаў 3 снежня абвясціў сябе органам улады. «Полымя».

3. Урачыста аб’явіць, абнародаваць. Абвясціць Савецкую ўладу. Абвясціць рэспубліку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)