МІЖПАРЛА́МЕНЦКІ САЮ́З (МС),

міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая аб’ядноўвае нац. парламенцкія групы розных дзяржаў. Створаны ў 1889. Мэта М.с. — заахвочванне асабістых кантактаў паміж членамі ўсіх парламентаў і аб’яднанне іх для сумеснай дзейнасці ў справе ўмацавання міжнар. міру, супрацоўніцтва. М.с. мае кансультатыўны статус 1-й катэгорыі пры ААН, падтрымлівае кантакты з яе Сакратарыятам і спецыялізаванымі ўстановамі ААН, асабліва з ЮНЕСКА. У 1999 у саюз уваходзіла больш за 110 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. Сакратарыят М.с. на чале з ген. сакратаром знаходзіцца ў Жэневе (Швейцарыя).

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНАЯ БЛАКА́ДА,

эканамічная ізаляцыя якой-н. дзяржавай ці групай дзяржаў адной або некалькіх краін з мэтай спыніць ці прыпыніць імпарт тавараў гэтых краін. Ажыццяўляецца шляхам выкарыстання забаронных і наступальных звышпратэкцыянісцкіх пошлін. Спалучаецца з валютнымі абмежаваннямі, устанаўленнем кантынгентаў і квот дапушчальнай да ўвозу прадукцыі, а таксама ўвядзеннем забарон на экспарт у пэўную краіну або на імпарт з яе тавараў. Правядзенне М.б. тармозіць развіццё эканомікі блакіраванай краіны, аднак у некаторых выпадках яна праследуе прагрэсіўныя мэты, напр., большасць дзяржаў свету праводзіла М.б. ПАР і Радэзіі, дзе панавалі расісцкія рэжымы.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАФІЦЭ́РЫ,

катэгорыя сяржанцкага і старшынскага складу ўзбр. сіл шэрагу дзяржаў (Венгрыя, Польшча, Румынія і інш.); у арміях некат. краін падзяляюцца на старшых і малодшых.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,

міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.

Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх. ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн. ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.

Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.

Літ.:

Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр. Т. 1. Ростов н/Д, 1995.

т. 4, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМЕРЫКАНІ́ЗМ,

палітычная дактрына, у аснове якой ідэя агульнасці гіст. лёсу, эканомікі і культуры амер. дзяржаў. Ідэя П. прапанавана ў пач. 19 ст. С.Баліварам, які ў 1826 склікаў Панамскі кангрэс з мэтай стварэння федэрацыі лац.-амер. дзяржаў. Пасля смерці Балівара і распаду Вялікай Калумбіі (1830) ідэя П. ў паўд.-амер. варыянце страціла значэнне. У канцы 19 ст. ЗША прапанавалі ўласную канцэпцыю П., як руху дзеля абароны інтарэсаў Амерыкі перад еўрап. дзяржавамі і шматбаковага супрацоўніцтва (пераважна эканамічнага) амер. дзяржаў пад эгідай ЗША. Гэта ідэалогія была ў аснове Міжамерыканскіх канферэнцый (1889—1967) і Панамерыканскага саюза (1910—48). Яна зыходзіла з Манро дактрыны і развіта ў т.зв. дадатку (1904) прэзідэнта Т.Рузвельта, у якім абвяшчалася права ЗША ажыццяўляць ваен. інтэрвенцыі ў Лац. Амерыцы дзеля абароны яе дзяржаў. У 1-й пал. 20 ст. ЗША неаднаразова выкарыстоўвалі гэта права (уварванні на Кубу, Гаіці, у Мексіку, Дамініканскую Рэспубліку, Нікарагуа). У 1930-я г. ЗША перагледзелі свае адносіны да краін Лац. Амерыкі: у 1933 прэзідэнт Ф.Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства, у 1936 на канферэнцыі ў Мантэвідэо ён падпісаў дагавор пра забарону агрэсіі і інтэрвенцыі. Створаная ў 1948 Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў аформіла сістэму дамінавання ЗША у Лац. Амерыцы. З 1960-х г. акцэнт зроблены на супрацоўніцтва і эканам. развіццё (у 1960 створаны Міжамер. банк рэканструкцыі і развіцця). З 1961 дзейнічае Саюз дзеля прагрэсу — праграма развіцця Лац. Амерыкі пры падтрымцы і супрацоўніцтве ЗША. У 1975 створана Лац.-амер. гасп. сістэма, у 1980 — Лац.-амер. інтэграцыйная асацыяцыя. У канцы 1980-х г. ЗША аднавілі П. як ідэю эканам. сувязей паміж краінамі Амерыкі, стварыўшы Паўн.-амер. пагадненне пра свабодны гандаль (1992), мэта якога — інтэграцыя краін Зах. паўшар’я.

Літ.:

Антясов М.В. Современный панамериканизм: Происхождение и сущность доктрин панамериканской «солидарности». М., 1960.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канфедэра́цыя

(лац. confoederatio)

аб’яднанне, саюз якіх-н. грамадскіх арганізацый або дзяржаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

інтэрпо́л

(фр. interpol, ад Organisation intemationale de police criminalle)

міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі, створаная групай заходніх дзяржаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

каалі́цыя

(с.-лац. coalitio = аб’яднанне, саюз)

аб’яднанне дзяржаў, партый, грамадскіх груп для дасягнення якой-н. агульнай мэты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

каланіялі́зм

(фр. colonialisme, ад лац. colonia = пасяленне)

палітыка імперыялістычных дзяржаў, накіраваная на заняволенне народаў эканамічна слабаразвітых краін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

камендо́р

(англ. commander)

матрос-артылерыст у рускім флоце (18 ст. — 1917 г.) і флотах некаторых іншых дзяржаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)