РЭ́НТА (ням. Rente, франц. rente ад лац. reddita вернутая),

даход, які рэгулярна атрымліваюць з зямлі, капіталу, маёмасці (не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю). Можа быць атрымана ад здачы зямлі ці памяшканняў у арэнду, прадастаўлення крэдыту і інш. У адпаведнасці з Грамадз. кодэксам Рэспублікі Беларусь паводле дагавору атрымальнік Р. перадае плацельшчыку Р. пэўную маёмасць на ўмовах перыядычных выплат ім у выглядзе грашовых адлічэнняў ці сродкаў у інш. формах. У выпадку адчужэння плацельшчыкам Р. маёмасці, перададзенай пад выплату Р., яго абавязацельствы пераходзяць да набытчыка гэтай маёмасці. Адрозніваюць Р. бестэрміновую (пастаянную) і пажыццёвую (на тэрмін жыцця атрымальніка). Пры бестэрміновай Р. атрымальнікамі яе могуць быць грамадзяне ці некамерцыйныя арг-цыі, якія выплачваюць Р. ў выглядзе грашовых адлічэнняў, устаноўленых дагаворам, ці рэчаў, выканання работ (паслуг), якія па вартасці адпавядаюць грашовай суме. Пажыццёвая Р. ўстанаўліваецца на перыяд жыцця грамадзяніна, які перадае маёмасць плацельшчыку Р. Яе памер устанаўліваецца ў дагаворы, разлічваецца на месяц і павінен быць не меншы за мінімальную заработную плату (у асобных выпадках прадугледжваецца павелічэнне памеру Р.). Да Р. адносяць таксама зямельную рэнту; даход, які ўладальнік атрымлівае па аблігацыях дзярж. пазыкі (гл. Рэнтавая пазыка); грашовыя сумы, якія штогод выплачваюцца асобе па страхавым полісе з боку страхавога таварыства.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФО́РМА (франц. réforme ад лац. reformare пераўтвараць),

пераўтварэнне, змяненне, перабудова якога-н. боку грамадскага жыцця (парадкаў, ін-таў, устаноў); фармальна — новаўвядзенне любога зместу, аднак часцей Р. называюць прагрэсіўнае пераўтварэнне пры захаванні асноў існуючага сац. ладу. Сац.-паліт. Р. садзейнічае эвалюцыйнаму развіццю грамадства і характарызуецца параўнальнай паступовасцю, плаўнасцю сац. і паліт. змен. Паліт. Р. могуць ахопліваць паліт. сістэму грамадства ў цэлым або абмяжоўвацца якімі-н. яе сферамі, рэарганізоўваць вышэйшыя эшалоны ўлады ці органы мясц. кіравання, вырашаць праблемы раздзялення і раўнавагі ўлад, іх субардынацыі. Р. ў пэўнай меры рэгламентуюць функцыі розных галін улады, уплываюць на этыка-прававыя нормы і стыль дзейнасці як кіраўніка дзяржавы, так і ўладных структур, на становішча правоў і свабод чалавека, на сац.-псіхал. і паліт. клімат у краіне. Р. праводзяцца ў розных сферах грамадскага жыцця: зямельныя, судовыя, грашовыя, школьныя, пенсіённыя, ваенныя, царкоўныя і інш. (гл. таксама Рэформа дзяржаўных маёмасцей, Рэформы азбукі і правапісу, Рэформы моўныя). Гіст. вопыт паказвае, што поспех або няўдача Р. у значнай меры залежаць ад своечасовасці іх правядзення, гатоўнасці ўладных структур пайсці на такія новаўвядзенні, якія могуць сапраўды зняць напружанасць у грамадстве; няўдала праведзеныя Р. могуць прывесці да рэв. працэсаў, негатыўных з’яў у розных сферах жыццядзейнасці людзей.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТА́Л (ням. Kapital першапачаткова — галоўная маёмасць, ад лац. capitalis галоўны),

пэўная сума сродкаў, якая дазваляе ўладальніку займацца прадпрымальніцтвам, перадаваць іх у пазыку і г. д.; сума накопленых матэрыяльных, грашовых, інтэлектуальных і інш. даброт. А.Сміт характарызаваў К. толькі як накоплены запас рэчаў і грошай, лічыў працу адзінай стваральніцай вартасці ў простай таварнай вытв-сці. З развіццём таварна-грашовых адносін працэс стварэння вартасці ўскладняўся, уцягваў і інш. фактары. Д.Рыкарда трактаваў К. як сродкі вытворчасці. К.Маркс лічыў К. самаўзрастаючай вартасцю, якая стварае прыбавачную вартасць, і даказваў, што К. — гэта не грошы; грошы становяцца К. толькі тады, калі на іх набываюцца сродкі вытв-сці і рабочая сіла, прычым стваральніцай прыросту вартасці (прыбавачнай вартасці) ён лічыў толькі працу наёмных рабочых.

К. — гэта грошы, якія пушчаны ў абарот і прыносяць ад гэтага даход (прыбытак). Яго ўсеагульная формула Г — Т — П, дзе Г — грашовыя сродкі, авансаваныя інвестарам, Т — тавар (купленыя сродкі вытв-сці, рабочая сіла і інш. элементы вытв-сці), П — прыбытак інвестара. Г — Т — затраты інвестара на закупку тавару. У формуле Г — Т — П грашовыя сродкі, укладзеныя ў вытв.-гандл. (камерцыйны) працэс, не затрачваюцца канчаткова, а толькі авансуюцца і вяртаюцца ўкладчыку (інвестару) з дадатковым даходам (П). На кожнай з 3 стадый К. прымае пэўную функцыянальную форму: на 1-й ён выступае як грашовы, на 2-й — як вытворчы, а на 3-й — як таварны К.

К., які адначасова існуе ў 3 функцыянальных формах, наз. прамысловым. Паводле формы ўкладання адрозніваюць прадпрымальніцкі К., укладзены ў розныя мерапрыемствы (праекты) шляхам прамых або партфельных інвестыцый, і пазыковы, дадзены ў пазыку на ўмовах зваротнасці і платнасці. Паводле аб’ектаў укладання К. падзяляецца на пастаянны, прызначаны (або затрачаны) на набыццё сродкаў вытв-сці, пераменны — на фарміраванне рабочай сілы; асноўны, укладзены ў асн. фонды, зваротны — у сродкі прадпрыемства, якія параўнальна лёгка трансфармуюцца ў наяўныя грошы (гатовая прадукцыя, вытв. запасы, дэбіторская запазычанасць, затраты будучых перыядаў і інш. элементы абаротных сродкаў). Сума асн. і абаротнага К. складае прадукцыйны К., а пастаяннага і пераменнага — авансаваны К., г. зн., прызначаны для набыцця сродкаў вытв-сці і фарміравання рабочай сілы. Адрозніваюць таксама венчурны К., які ўкладаецца ў аб’екты (праекты) з павышаным узроўнем рызыкі (напр., у новыя кампаніі навукаёмістых галін, інвестыцыі ў форме эмісіі новых акцый); акцыянерны К. — агульная сума акцый, ухваленых да выпуску або фактычна выпушчаных акц. т-вам; статутны К. — сума вытв. фондаў прадпрыемства, укладаў уласнікаў або ўдзельнікаў акц. т-ваў, якая фіксуецца ў іх статуце і знаходзіцца ў пастаянным карыстанні і распараджэнні.

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Балабанов И.Т. Основы финансового менеджмента. М., 1997;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

банк, ‑а, м.

1. а) У СССР — дзяржаўная ўстанова, якая ў адпаведнасці з народнагаспадарчым планам ажыццяўляе крэдытаванне дзейнасці прадпрыемстваў і фінансаванне капіталаўкладанняў, арганізуе безнаяўныя грашовыя разлікі паміж прадпрыемствамі і гаспадарчымі органамі і цэнтралізаваны зварот наяўных грошай. Дзяржаўны банк БССР. Камунальны банк. Інвестыцыйны банк. Міжнародны банк эканамічнага супрацоўніцтва; б) у капіталістычных краінах — фінансавая ўстанова, якая канцэнтруе пазыковы капітал і дае яго ў распараджэнне капіталістаў для атрымання прыбытку і звышпрыбытку.

2. У картачнай гульні — пэўная сума грошай, пастаўленая на кон. Сарваць банк.

•••

Трымаць банк гл. трымаць.

[Фр. banque з іт.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сбереже́ние

1. (сохранение) захава́нне, -ння ср.; неоконч. захо́ўванне, -ння ср., зберага́нне, -ння ср.;

2. (накапливание) ашчаджа́нне, -ння ср., збіра́нне, -ння ср., зберага́нне, -ння ср.;

3. чаще мн. (накопленная сумма денег) зберажэ́нне, -ння ср., сабра́ныя гро́шы, гро́шы;

трудовы́е сбереже́ния працо́ўныя зберажэ́нні;

де́нежные сбереже́ния грашо́выя зберажэ́нні;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

акцэ́пт

(лац. acceptus = прыняты)

1) юр. згода на заключэнне дагавору на прапанаваных умовах;

2) форма безнаяўнага разліку паміж гаспадарчымі арганізацыямі, а таксама згода аплаціць грашовыя дакументы (рахункі, чэкі, вэксалі).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

крэ́дыт, ‑у, М ‑дыце, м.

Правая старонка прыходна-расходнай кнігі, куды запісваюцца ўсе скарыстаныя каштоўнасці, а таксама ўсе даўгі і расходы, якія ёсць на гэтым рахунку; проціл. дэбет.

[Ад лац. credit — ён верыць.]

крэды́т, ‑у, М ‑дыце, м.

1. Продаж тавараў з адтэрмінаванай платай або часовая выдача грошай у доўг з выплатай за гэта працэнта. Доўгатэрміновы крэдыт. Грашовы крэдыт. Узяць тэлевізар у крэдыт.

2. Камерцыйнае давер’е; плацежаздольнасць. // перан. Давер’е, аўтарытэт. Палітычны крэдыт. Карыстацца крэдытам у каго-небудзь.

3. мн. (крэды́ты, ‑аў). Грашовыя сумы, адпушчаныя на пэўныя расходы. Крэдыты на будаўніцтва. Крэдыты на народную асвету.

•••

Дзяржаўны крэдыт — сістэма дзяржаўных пазык.

[Ад лац. creditum — доўг.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Абмяняць каго‑, што‑н. на другое падобнае або на другога падобнага. Размяняць палонных. // У шахматнай гульні — зрабіць размен фігур. Размяняць ферзёў.

2. Абмяняць адны грашовыя купоны або манеты на больш дробныя ў адпаведнай колькасці. [Алесь:] — Толькі паўрубель гэты дзеду ўсё ж аддамо. Размяняем на медзь і аддамо. Караткевіч. Размяняю зарплату на медзякі — І грашыма цябе засыплю! Барадулін. // Пачаць расходаваць, траціць (буйную купюру). [Гарык:] «Дарагая матуля, жыву нішто сабе: учора размяняў апошні чырвонец». Скрыган. / Пра гады. [Трахім:] І так зажыўся на гэтым свеце — хвала богу, восьмы дзесятак размяняў... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страхава́нне, ‑я. н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. страхаваць.

2. Від забеспячэння і пакрыцця матэрыяльных страт, прычыненых няшчаснымі выпадкамі і стыхійнымі бедствамі, якія бярэ на сябе спецыяльная арганізацыя ў адносінах да асоб або ўстаноў, што рэгулярна плацілі грашовыя ўзносы. Праводзіць страхаванне маёмасці. □ Пасажыры былі разнастайныя: крамнікі,.. агенты па страхаванню жыцця. Бядуля.

•••

Акладное страхаванне — у СССР — абавязковае дзяржаўнае страхаванне, якое распаўсюджваецца на ўсю маёмасць калгасаў, а таксама на будынкі, жывёлу і пасевы грамадзян.

Сацыяльнае страхаванне — у СССР і краінах народнай дэмакратыі — сістэма мерапрыемстваў па матэрыяльнаму забеспячэнню грамадзян у старасці, пры інваліднасці, хваробе і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туш ​1, ‑а, м.

Кароткае музычнае прывітанне ў гонар каго‑н. у час віншавання, узнагароджвання, а таксама невялікая музычная п’еса фанфарнага складу. А потым пад урачысты туш уручалі ветэранам і перадавікам вытворчасці грашовыя прэміі і ганаровыя граматы. Місько.

[Ням. Tusch.]

туш ​2, ‑ы, ж.

Чорная ці каляровая фарба для чарчэння або малявання. Лязо непрыкметна, мікрон за мікронам, здымала з паперы напісаныя тушшу літары. Новікаў. На фоне неба вяршыні старых елак здаваліся намаляванымі чорнай тушшу. «Беларусь».

[Ням. Tusche.]

туш ​3, ‑у, м.

Выпадковы дотык да шэра, які лічыцца за ўдар у гульні на більярдзе.

[Фр. touche — дотык, датыканне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)