ГЛА́ЎБЕР ((Glauber) Іаган Рудольф) (1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),

нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4∙10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАЙСТЭР ((Hofmeister) Вільгельм Фрыдрых Бенядзікт) (18.5.1824, г. Лейпцыг, Германія — 12.1.1877),

нямецкі батанік, адзін са стваральнікаў эмбрыялогіі раслін. Праф. Гейдэльбергскага (з 1863) і Цюбінгенскага (з 1872) ун-таў. Навук. працы па фізіялогіі раслін. Апісаў утварэнне семязавязі і зародкавага мяшка, працэс апладнення і развіццё зародка ў пакрытанасенных раслін (1849). Даказаў адзінства цыкла развіцця споравых і насенных раслін (1851), вызначыўшы чаргаванне бясполага (спарафіт) і палавога (гаметафіт) пакаленняў у імхоў, дзярэз, хвашчоў, папарацей і голанасенных.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫ́СА-ЛУЖЫ́ЦКА, Нейсе (польск. Nysa Lużycka, ням. Neiße),

рака ў Еўропе, левы прыток р. Одра. На значным участку служыць мяжой паміж Польшчай і Германіяй, вытокі ў Чэхіі. Даўж. 252 км, пл. басейна 4,3 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схілах Йізерскіх гор, цячэ па зах. ускраіне Судэтаў, ніжэй г. Гёрліц — па раўніне. Сярэдні расход вады 32 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Н.-Л. — гарады Ліберац (Чэхія), Гёрліц (Германія), Губін (Польшча).

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮМ Блум

(Blum) Роберт (10.11.1807, г. Кёльн, Германія — 9.11.1848),

нямецкі паліт. дзеяч, публіцыст. З 1831 займаўся літ. дзейнасцю. Выдаваў у Саксоніі паліт. зборнікі, брашуры, да 1847 працаваў у паліт. час. «Sáchsische Vaterlandsblätter» («Саксонскія айчынныя лісткі»). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі заснаваў у Лейпцыгу дэмакр. Айч. асацыяцыю (больш за 40 тыс. чл.), быў кіраўніком левых дэмакратаў у Франкфурцкім нац. сходзе і інш. Расстраляны па прыгаворы ваен. суда за ўдзел ва ўзбр. паўстанні ў Вене.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕР ((Weber) Вільгельм Эдуард) (24.10.1804, г. Вітэнберг, Германія — 23.6.1891),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1834) і Пецярбургскай (1853) АН. Скончыў ун-т у Гале (1826). У 1828—49 праф. ун-таў у Гале, Гётынгене, Лейпцыгу. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, акустыцы і малекулярнай фізіцы. Аўтар тэорыі элементарных магнітаў — магн. дыполяў (1854) і гіпотэзы аб дыскрэтнасці эл. зараду (1848). Разам з К.Ф.Гаўсам распрацаваў сістэму эл. і магн. адзінак. Яго імем названа адзінка магн. патоку — вебер.

т. 4, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СЕЛЬ ((Bessel) Фрыдрых Вільгельм) (22.7.1784, г. Міндэн, Германія — 17.3.1846),

нямецкі астраном, геадэзіст і матэматык. Чл. Берлінскай АН (з 1812), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1814). З 1810 праф. Кёнігсбергскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі. Вылічыў арбіту каметы Галея. Распрацаваў тэорыю сонечных зацьменняў, тэорыю і метады ўліку інструментальных і інш. памылак пры астр. назіраннях, тэорыю спец. цыліндрычных функцый (Беселя функцый). Адзін з першых вызначыў зоркавы паралакс (1838), элементы зямнога сфероіда, масы планет.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Бертальд) (26.7.1842, г. Путбус, Германія — 3.1.1922),

нямецкі лінгвіст. Вучыўся ў Гале і Берліне. Праф. санскрыту і кампаратывістыкі ў Іене (1870). Залажыў асновы вывучэння параўнальнага сінтаксісу індаеўрап. моў: «Сінтаксічныя даследаванні» (т. 1—5, 1871—88; з Э.​Віндышам), «Асновы параўнальнай граматыкі індаеўрапейскіх моў» (т. 1—5, 1886—1900, з К.​Бругманам). Вывучаў веды, выдаў «Ведыйскую хрэстаматыю» (1874). У працы «Асноўныя пытанні даследавання мовы» (1901) абараняў младаграматычную канцэпцыю мовы, ад якой пазней адышоў.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РДЭНБЕРГ ((Hardenberg) Карл Аўгуст фон) (31.5.1750, Эсэнродэ, каля г. Гіфгорн, Германія — 26.11.1822),

нямецкі дзярж. дзеяч. Князь (1814). Да 1782 на дзярж. службе ў курфюрстве Гановер. У 1791—98 міністр Прусіі, кіраваў маркграфствамі Ансбах і Байройт. Міністр замежных спраў (1804—06 і 1807) і дзярж. канцлер Прусіі (1810—22). Урад Гардэнберга працягваў ліберальныя пераўтварэнні, распачатыя папярэднімі ўладамі (гл. Штайна—Гардэнберга рэформы). Удзельнік Венскага кангрэса 1814—15. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—5, выд. 1877).

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Леа) (23.3.1906, г.Дрэздэн, Германія — 10.10.1977),

нямецкі графік. Жонка Г.Грундыга. Вучылася ў АМ у Дрэздэне (1923—26). У 1939—49 у эміграцыі. З 1950 праф. Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. У 1964—70 прэзідэнт (старшыня) Саюза мастакоў Германіі. Творы адметныя псіхал. экспрэсіяй (цыклы афортаў «Пад свастыкай», 1933—38; «Барацьба супраць атамнай смерці», 1957—58), жыццесцвярджальным пафасам (цыклы «Вугаль і сталь для міру», 1951, і інш.).

Г.​Грундыг. Барацьба мядзведзя з ваўкамі. 1928.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУШ, Каш (Kusch) Полікарп (26.1.1911, г. Бланкенбург, Германія — 20.3.1993), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1956). Скончыў Тэхнал. ін-т Кейса (1931). З 1937 у Калумбійскім (з 1949 праф.), з 1972 у Тэхаскім (г. Далас) ун-тах. Навук. працы па атамнай, малекулярнай, ядз. і хім. фізіцы. Даследаваў атамныя, малекулярныя і ядз. ўласцівасці і з’явы метадам малекулярных пучкоў. З высокай дакладнасцю вымераў значэнне магн. моманту электрона (1949). Нобелеўская прэмія 1955.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)