Перагало́ссе (пірігалосься) ’адгалосак, водгалас’ (Юрч. СНЛ), рус. дыял. переголо́сье ’абгаворы, плёткі’, славен. preglâsje ’перагаласоўка галосных гукаў’. Да пера- і голас (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пішча́ль ’уюн, Misgurnus’ (докш., віл., ЛА, 1), пішчаль ’тс’ (віл., Сл. ПЗБ). Да пішчаць (гл.), чаргаванне галосных, як у ручай! ручэй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скот1. Гл. скаціна.

Скот2 ‘схіл’ (Янк. 3.). Звязана чаргаваннем галосных з скат ‘тс’, якое ад скаціць(ца) < каціць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І,

дзесятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай І («і дзесяцярычнае»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ι («ёта»). У старабел. пісьменстве абазначала гук «і» найчасцей перад галоснымі і «й» («великій», «пріехати»), Мела лічбавае значэнне «дзесяць». Паралельна з ёй для абазначэння гука «і» выкарыстоўвалася літара И з Н («іжэ»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта»), У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «і» пярэдняга рада верхняга пад’ёму («ніва»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йі» («іней — йіней», «краіна — крайіна», «салаўі — салаўйі», «вераб’іны — в’эрабйіны»).

А.​М.​Булыка.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ДЫШ,

адна з германскіх моў (зах.герм. падгрупа); мова значнай часткі яўрэяў, якія жывуць у Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне, ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі і інш. У Ізраілі І. актыўна выцясняецца іўрытам. Асн. дыялекты — польскі, літоўска-бел. і ўкр. (аснова літаратурнай мовы). Склалася ў 10—14 ст. на базе аднаго з верхненям. дыялектаў. Увабрала шмат стараж.-яўр. элементаў (арамейскіх і іўрыт), а пасля перасялення яўрэяў на У Еўропы і слав. элементы лексікі, фанетыкі, сінтаксісу, словаўтварэння. Літ. мова першапачаткова выкарыстоўвалася ў рэліг. мэтах, з сярэдзіны 19 ст. — у маст. л-ры (гл. Яўрэйская літаратура). Графіка — арфаграфічная сістэма на базе яўрэйскага пісьма ў асноўным паводле фанет. прынцыпу з абазначэннем галосных.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́ХСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (кыпчакская група). Дзярж. мова Казахстана. Пашырана таксама на сумежных тэрыторыях Кітая, Манголіі, Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменістана. Дыялектнае чляненне невыразнае. У фанетыцы — сінгарманізм слова; 9 галосных. У граматыцы побач з агульнацюркскай асновай прадстаўлены спецыфічны дзеяслоўны афікс -атын(-етін-), шырока выкарыстоўваюцца дзеепрыметнікавыя канструкцыі. У лексіцы нешматлікія араба-іранскія і манг. запазычанні, рус. запазычанні, 19—20 ст. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 19 ст. Літ. мова сфарміравалася на аснове агульнанар. у 19 ст. Пісьменства спачатку на аснове араб. графікі, з 1930 — на лац., з 1940 — на рускай.

Літ.:

Современный казахский язык. Ч. 1. Лексика. Алма-Ата, 1959;

Современный казахский язык: Фонетика и морфология. Алма-Ата, 1962.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРГІ́ЗСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў. Мова кіргізаў, дзярж. мова Кыргызстана. Пашырана таксама на сумежных тэр. Узбекістана, Таджыкістана, Казахстана, Кітая, у Манголіі, Афганістане, Пакістане. У Кыргызстане вылучаюць паўн. і паўд. групы дыялектаў. У фанетыцы 8 пар кароткіх і доўгіх галосных, сярод іх пярэднія губныя «ö» і «ü»; 21 зычная фанема, у т. л. «дж», «нг»; паслядоўны сінгарманізм складу і слова. Марфалогія паслядоўна аглюцінатыўная. У лексіцы на агульнацюрк. аснове з 15—18 ст. араб. і іранскія, з 19 ст. рус. запазычанні. Літ. мова склалася ў пач. 20 ст.; пісьменства спачатку на аснове араб. алфавіта, з 1928 — лац., з 1940 — рус. графікі.

Літ.:

Грамматика киргизского литературного языка. Ч. 1. Фонетика и морфология. Фрунзе, 1987.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЎНАГАЛО́ССЕ,

спалучэнне дзвюх галосных і плаўнага «р», «л» паміж імі на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць усходнеславянскіх моў, якая проціпастаўляе іх мовам зах. і паўд. славян (гл. Няпоўнагалоссе). Сутнасць П. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў tort у torot, tolt, telt у tolot, tert y teret (t — любы зычны): праслав. *borda — бел. «барада» (з адлюстраваннем акання), праслав. *kolda, *melko — рус. «колода», «молоко», праслав. *bergъ — укр. «берег». У бел. мове значна больш поўнагалосных форм (бел. «вораг», «нораў», «палон», «сорам») у параўнанні з рус. («враг», «нрав», «плен», «срам»), дзе ўжываюцца шматлікія няпоўнагалосныя формы.

Літ.:

Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. 3 изд. Мн., 1985.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 12, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ківі́лка ’мерны сажань’ (ТС). Няясна. Магчыма, да вілках (гл.) ’назва прыстасаванняў з раздвоеным канцом’. Пачатак слова да ка‑ з наступнай асіміляцыяй галосных.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пазвано́к ’састаўная частка пазваночніка чалавека і некаторых жывёл’ (ТСБМ). Рус. позвоно́к ’тс’. Паводле Фасмера (3, 303), звязана чаргаваннем галосных з звяно (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)