КАЗА́ СВО́ЙСКАЯ,

парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Адна з першых прыручаных чалавекам жывёл. Аб’ект козагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх безааравых і вінтарогіх казлоў, а таксама вымерлага віду Capra prisca. Мяса К.с. пажыўнасцю блізкае да бараніны, малако — каштоўны дыетычны прадукт, пух і шкуры выкарыстоўваюць у гарбарнай і трыкат. вытв-сці. На Беларусі К.с. гадуюць аматары. Найб. пашыраны пароды: малочныя — горкаўская, зааненская; пуховыя — арэнбургская, горнаалтайская, прыдонская; шэрсныя — ангорская, савецкая шэрсная.

Масць разнастайная, найчасцей светлых адценняў. Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўж. 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Пладавітасць 1—2, зрэдку да 5 казлянят. Маса дарослых казлоў 60—65, матак — 40 кг. Сярэдні ўдой малочных парод 450—500 кг, тлустасць малака 3,8—4,5%.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

валі́ць², 1 і 2 ас. не ўжыв., ва́ліць; незак.

1. Ісці, рухацца натоўпам або па́даць, паднімацца ў вялікай колькасці (разм.).

Натоўп валіць.

Пара валіць.

2. заг. валі(це). Ужыв. як пабуджэнне да дзеяння (разм.).

Ну, валі ў магазін!

3. што. Качаючы, збіваць з воўны.

В. валёнкі.

|| зак. павалі́ць, -валю́, -ва́ліш, -ва́ліць (да 1 і 3 знач.) і звалі́ць, -валю́, -ва́ліш, -ва́ліць; -ва́лены (да 3 знач.).

Паваліў снег.

Паваліць (зваліць) усю воўну.

|| наз. вале́нне, -я, н. (да 3 знач.).

В. сукна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ланалі́н

(н.-лац. lanolinum, ад лац. lana = воўна + oleum = алей)

жывёльны воск, вязкае буравата-жоўтае рэчыва, якое атрымліваюць пры прамыўцы воўны; выкарыстоўваецца ў медыцыне і касметыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лемніска́та

(лац. lemniscata = упрыгожаная стужкамі, ад гр. lemnikos = стужка або павязка з воўны)

мат. крывая на плоскасці, якая з’яўляецца лініяй узроўню модуля мнагачлена з комплекснымі каэфіцыентамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МІЁРСКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1983 у г. Міёры Віцебскай вобл. на базе музея на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1994. Нл. экспазіцыі 131 м², каля 2,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999), 6 залаў. У зале археалогіі сярод экспанатаў прылады працы, касцяныя грабеньчыкі, шпількі-амулеты, шкляныя пацеркі, спражкі, вітыя бранзалеты з зааморфнымі выявамі з курганных могільнікаў і гарадзішчаў Міёршчыны. У залах ткацтва, ганчарства і бандарства тканыя вырабы, вышыванкі, прылады працы для апрацоўкі лёну і воўны, гаршкі, гарлачыкі, бандарны посуд, вырабы мясц. майстроў. 2 залы прысвечаны гісторыі краю з пач. 19 ст., у т. л. падзеям вайны 1812, паўстанняў 1830—31, 1863—64, рэвалюцыі 1905, 1-й сусв. вайны, дзейнасці падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, развіццю сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час. У зале пляцення карабы і абутак з саломы, мэбля, кошыкі з лазы, маляваныя дываны мясц. мастакоў.

Т.​Л.​Мішчышына.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́СНІЦА,

старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн. тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П.-грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.

Літ.:

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Прасніца. Вёска Чонкі Гомельскага раёна. 19 ст.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБІ́СТАЯ ДАПАМО́ЖНАЯ ГАСПАДА́РКА,

гаспадарка грамадзян на прысядзібных участках. У СССР пасля калектывізацыі лічылася неперспектыўнай і цярпела істотныя абмежаванні (вял. падаткі, забарона на набыццё коней і тэхнікі на ўласныя патрэбы, абмежаванне на ўтрыманне жыўнасці і гэтак далей). З ажыццяўленнем зямельнай рэформы ў час пераходу да рыначных адносін ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы для яе развіцця: участкі зямлі для асабістай дапаможнай гаспадаркі павялічаны да 1 га (з правам іх прыватызацыі), дазволена трымаць коней, набываць с.-г. машыны, наймаць сезонных работнікаў, наладжаны выпуск малагабарытнай тэхнікі і гэтак далей. У 1994 на Беларусі было 1 млн. 905,6 тыс. асабістых дапаможных гаспадарак. Займаючы 15,1% усіх с.-г. угоддзяў, яны далі 85,3% бульбы, 22,1% мяса (у забойнай вазе), 35,8% малака, 42,6% яек, 67,1% воўны ад агульнарэсп. іх вытворчасці. З павелічэннем зямельнага надзелу, павышэннем узроўню тэхн. аснашчанасці і таварнасці асабістыя дапаможныя гаспадаркі фактычна набліжаюцца да сял. гаспадарак. У міжнар. стандартах статыстыкі і аналізу прыняты больш шырокі тэрмін — дамашняя гаспадарка.

У.​Ф.​Тарасевіч.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́СФАРНЫЯ КІСЛО́ТЫ,

кіслародныя кіслоты фосфару, прадукты гідратацыі фосфарнага ангідрыду. Падзяляюць на артафосфарную к-ту (фосфарную H3PO4) і кандэнсаваныя Ф.к. (пірафосфарная к-та H4P2O7), палі-, мета- і ультрафосфарныя к-ты.

Артафосфарная к-та — бясколерныя крышталі, мал. м. 97,995, шчыльн. 1880 кг/м³, т-ра плаўлення 42,5 °C. Найб. стабільнае злучэнне сярод кіслародазмяшчальных Ф.к. У расплаўленым стане пераахалоджваецца, пры 15 °C утварае густую масляністую вадкасць. Змешваецца з вадой. Пры награванні страчвае ваду з утварэннем паслядоўна піра- і метафосфарных к-т. Солі і эфіры ф.к. — фасфаты. У прам-сці атрымліваюць тэрмічным і экстракцыйным спосабамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фосфарных і складаных канцэнтраваных угнаенняў, для атрымання мыйных сродкаў, у тэкст. прам-сці для апрацоўкі і фарбавання воўны, расл. і сінт. валокнаў, у арган. сінтэзе як каталізатар, для апрацоўкі драўніны, у медыцыне і інш. Высокія канцэнтрацыі Ф.к. выклікаюць апёкі, атрафічныя працэсы ў слізістай носа, змяненне формулы крыві і інш.

Літ.:

Корбридж Д. Фосфор: Основы химии, биохимии, технологии: Пер. с англ. М., 1982;

Переработка фосфора. Л., 1985.

т. 16, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

альпака́

(ісп. alpaca, ад перуан. alpako)

1) свойская бязрогая млекакормячыя жывёла сям. вярблюдавых, якую разводзяць у высакагорных раёнах Перу і Балівіі;

2) лёгкая тканіна з воўны гэтай жывёлы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

разанілі́н

(ад лац. rosa = ружа + анілін)

сінтэтычны фарбавальнік, крышталічная субстанцыя з металічным зялёным бляскам, якая пры растварэнні мае інтэнсіўны пурпуровы колер; выкарыстоўваецца для фарбавання воўны, вырабу лакаў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)