ПРА́ЖСКІ МІР 1866,

мірны дагавор паміж Аўстрыяй і Прусіяй, які завяршыў аўстра-прускую вайну 1866. Падпісаны 23 жн. ў занятай прускімі войскамі Празе. П.м. пацвердзіў асн. ўмовы папярэдняга Нікальсбургскага дагавора (26.7.1866). Аўстрыя прызнавала роспуск Герм. саюза, пагаджалася на «новае ўпарадкаванне Германіі» без удзелу Аўстрыі, абяцала прызнаць новы саюз на Пн ад р. Майн на чале з Прусіяй, а таксама будучыя анексіі Прусіі на Пн Германіі; адмаўлялася на карысць Прусіі ад сваіх правоў на Шлезвіг і Гольштэйн, прызнавала перадачу Венецыянскай вобл. Італіі, выплачвала Прусіі кантрыбуцыю ў 20 млн. прускіх талераў. Прусія заняла пануючае становішча сярод герм. дзяржаў.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦІ́НІ (Putini, Puttini) Антоніо, танцоўшчык і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Па паходжанні італьянец. Працаваў у Італіі і Аўстрыі. Па запрашэнні кн. Г.​Ф.​Радзівіла з 1756 у Слуцку (Мінская вобл.). У 1756 навучаў танцам кадэтаў, выступаў у прыдворным т-ры, разам з Л.Дзюпрэ стварыў Слуцкую балетную шкалу (у 1758 паказаў школьны спектакль «Балет на тры пары»). У 1756, 1757, 1759 выступаў як саліст на сцэне Нясвіжскага т-ра ў складзе Слуцкага балета. З 1760 у Нясвіжы па распараджэнні М.​К.​Радзівіла Рыбанькі, з 1771, пакінуўшы сцэну, стаў прыдворным танцмайстрам.

Г.​І.​Барышаў.

т. 13, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ка́нцлер

(ням. Kanzler, ад с.-лац. cancellarius)

1) кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі ў Вялікім княстве Літоўскім, хавальнік вялікай дзяржаўнай пячаткі, член паноў-рады;

2) вышэйшая службовая асоба ў некаторых краінах;

3) прэм’ер-міністр у Аўстрыі і Германіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АПО́ЛЕ (Opole),

горад на Пд Польшчы. Адм. ц. Апольскага ваяводства. 130 тыс. ж. (1993). Маш.-буд., металаапр.. лёгкая (швейная, трыкат., мэблевая), харч., буд. матэрыялаў (шкляная, 2 цэментныя з-ды), паліграф. прам-сць. Порт на р. Одра, вузел чыгунак і аўтадарог. 2 ВНУ, 2 тэатры, музей, заапарк.

Упершыню згадваецца каля 1000 як слав. паселішча. З 1202 рэзідэнцыя Пястаў. Перад 1254 атрымаў гарадскія правы. З 1532 Аполе (ням. Опельн) у складзе Аўстрыі, з 1740 — Прусіі, пасля 1871 — Германіі. З 1945 зноў у Польшчы. Захаваліся кафедральны сабор 15 ст., францысканскі (засн. ў 1287) і дамініканскі (засн. ў 1295) кляштары, камяніцы 15—18 ст., вежа (1300) б. замка Пястаў і інш.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1809,

вайна Аўстрыі за вызваленне ад франц. панавання. Рыхтуючыся да вайны, Аўстрыя ўступіла ў саюз з Англіяй (т.зв. 5-я антыфранц. Кааліцыя). 10 крас. яе армія нанесла ў Баварыі ўдар па групоўцы франц. войскаў. Напалеон перакінуў у раён баявых дзеянняў буйныя сілы, і ў баях 19—23 крас. аўстр. армія панесла значныя страты (каля 45 тыс. чал.). Гонячы праціўніка, французы 13 мая занялі Вену, аўстрыйцы нанеслі 21—22 мая каля Асперна і Эслінга паражэнне французам. У рашаючай бітве 5—6 ліп. пры Ваграме перамаглі франц. войскі. Аўстрыя прызнала сваё паражэнне і 14 кастр. 1809 падпісала Шонбрунскі мір, які замацоўваў яе залежнасць ад Францыі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЛУ́СКІ (Dłuski) Астап [сапр. Лангер

(Langer) Адольф; 31.10.1892, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 12.2.1964], польскі дзярж. і паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Венскі ун-т (1918). З 1911 чл. Польскай с.-д. партыі. Адзін з заснавальнікаў (1918) кампартыі Аўстрыі. З 1918 чл. кампартыі Польшчы і кампартыі Усх. Галіцыі (з 1923 кампартыі Зах. Украіны). Рэдагаваў парт. выданні. У 1929—33 у СССР, чл. ВКП(б). У 1936—45 у Францыі, у час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у Руху Супраціўлення. Пасля вяртання ў Польшчу чл. ЦК Польскай рабочай партыі (з 1948 ПАРП),

дырэктар Польскага ін-та па міжнар. справах (з 1960).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕ́ЙЗЕНАЎ ((Gneisenau) Аўгуст Вільгельм Антон) (27.10.1760, Шыльдаў, каля г. Торгаў, Германія — 23.8.1831),

прускі палкаводзец. Генерал-фельдмаршал (1825). Граф фон Нейдгарт (1814). Скончыў Эрфурцкі ун-т. Служыў у арміях Аўстрыі (1778—80), ням. княства Ансбах (1780—86) і Прусіі (з 1786). У 1807 камендант крэпасці Кольберг (цяпер г. Калобжэг, Польшча), кіраваў яе абаронай ад франц. войск да заключэння Тыльзіцкага міру 1807. Пасля паражэння Прусіі працаваў у камісіі па рэарганізацыі прускай арміі. З 1813 генерал-кватэрмайстар, нач. штаба Сілезскай арміі ген. Г.Блюхера. Здзейснены паводле задумы Гнейзенава манеўр прускай арміі садзейнічаў перамозе каля Ватэрлоо (1815). З 1818 губернатар Берліна і член Дзярж. савета Прусіі.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЛЁНЫЯ»,

грамадска-палітычны рух, які выступае супраць забруджання навакольнага асяроддзя, шкодных наступстваў атамнай энергетыкі, за скарачэнне ваен. бюджэтаў, дэцэнтралізацыю і дэмакратызацыю грамадскага жыцця. Узнік у пач. 1970-х г. у Зах. Еўропе. У ФРГ у 1980 «З.» аформіліся ў партыю. З 1984 існуе Еўрап. партыя «З.», у якую ўвайшлі аб’яднанні з Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Нідэрландаў, ФРГ і Францыі. З канца 1980-х г. рух узнік і ў краінах Усх. Еўропы. «З.» патрабуюць забараніць і знішчыць хім. і бактэрыялагічную зброю, ліквідаваць ядзерныя арсеналы ў Еўропе. Рух падтрымлівае каля 8—12% насельніцтва ў краінах Еўропы. З 1992 на Беларусі дзейнічае Беларуская партыя зялёных.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́КАЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Вольны незалежны і строга нейтральны горад Кракаў з акругай. Існавала ў 1815—46. Створана паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15. Уключала Кракаў, 3 мястэчкі і 244 вёскі (пл. 1164 км², нас. 96 тыс. чал., 1815). Паводле канстытуцыі з 1818 на чале К.Р. знаходзіўся Правячы сенат (13 чл., прадстаўнікі мясц. арыстакратыі) на чале з прэзідэнтам; заканад. ўлада належала аднапалатнаму Сходу прадстаўнікоў (41 чл., выбіраліся на аснове маёмаснага і адукац. цэнзу). Дзейнічалі цывільны кодэкс Напалеона, франц. гандл. кодэкс і інш. Была важным цэнтрам польскага незалежніцкага руху. У выніку рэпрэсій супраць тайных патрыят. арг-цый пад аўстр. акупацыяй (1836—41). Пасля задушэння Кракаўскага паўстання 1846 далучана да Аўстрыі.

т. 8, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДСКНЕ́ХТЫ (ням. Landsknecht ад Land зямля, краіна + Knecht парабак, салдат),

нямецкая наёмная пяхота 15—17 ст., якая прыходзіла на службу з уласнай зброяй (алебардамі, аркебузамі, мячамі, доўгімі пікамі). З’явіліся ў Швабіі (Паўд. Германія), арганізацыйна і структурна аформіліся пры герм. імператару Максіміляне I у час італьян. войнаў 1494—1559. З 16 ст. былі таксама ў арміях Францыі, Аўстрыі, Іспаніі, ВКЛ і інш. еўрап. дзяржаў. У баі дзейнічалі пераважна падраздзяленнямі па 500 чал. адной чатырохвугольнай калонай, клінам або трохвугольнікам. Страцілі значэнне пасля Трыццацігадовай вайны 1618—48 з утварэннем у еўрап. краінах пастаянных нац. армій. У л-ры Л. часам называюць замежных наёмнікаў.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)