сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІ́ЛЫ [ад геа... + ...філ(ы)],
(, арганізмы, частка цыкла развіцця якіх, найчасцей адна з фаз, абавязкова праходзіць у глебе, глеі, зрэдку ў больш шчыльных пародах. Да іх належыць большасць насякомых: саранчовыя, шмат жукоў, камары-даўганожкі, лічынкі якіх развіваюцца ў глебе, а ў дарослым стане — тыповыя наземныя насельнікі. Да геафілаў належаць і насякомыя, якія знаходзяцца ў глебе ў фазе кукалкі, дажджавыя чэрві, некат. малюскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
субстра́т, ‑у, М ‑раце, м.
1. Тое, што ляжыць у аснове якіх‑н. утварэнняў, з’яўляецца асновай чаго‑н. Мінеральны субстрат глебы.// Пажыўнае асяроддзе, дзе развіваюцца якія‑н. арганізмы.
2. У філасофіі — агульная адзіная аснова якіх‑н. з’яў. Матэрыяльны субстрат псіхічных з’яў.
3. У мовазнаўстве — элементы мовы папярэдняга насельніцтва дадзенай тэрыторыі, якія захаваліся ў мове прышэльцаў.
[Ад лац. substratum — подсцілка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
галабіёнты
(ад гала- + біёнты)
арганізмы, якія насяляюць салёныя азёры.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЎТАХТО́НЫ, абарыгены,
арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі ўзніклі ў пэўнай мясцовасці і жывуць у ёй і цяпер. Звычайна складаюць стараж. ядро якой-н. флоры ці фауны, напрыклад качканос і эўкаліпт — аўтахтоны Аўстраліі, мурашкаеды, ляніўцы, дзікая бульба — аўтахтоны Паўд. Амерыкі. Выкапнёвыя аўтахтоны ўваходзяць у склад арыктацэнозаў. На Беларусі да аўтахтонаў належаць б.ч. выкапнёвых раслін і беспазваночных з адкладаў фанеразою; у сучаснай фауне і флоры не адзначаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАФІ́ЛЬНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
жывёлы азёр, вадасховішчаў, сажалак. Па размяшчэнні ў вадаёме вылучаюць арганізмы, якія жывуць на дне (бентас), у тоўшчы вады (нектон, планктон), на воднай паверхні, на мяжы вады і атмасферы (нейстон, плейстон). Л.ж., у адрозненне ад рэафілаў, менш патрабавальныя да колькасці кіслароду ў вадзе, у іх няма органаў прымацавання да субстрату. Асобныя віды Л.ж. разглядаюцца як біял. індыкатары воднага асяроддзя. Гл. таксама Лімнабіёнты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЦІ́СТЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chrysophyta),
аддзел ніжэйшых раслін; прадстаўнікі фітапланктону. Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арган. рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напр., гіялобрыян, дынобрыян, кефірыян, маламонас, сінура, стэнакалікс, ураглена, урагленопсіс, хрызідаліс, тылахрызіс і інш.
Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Кветкі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некат. ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1—2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і апей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі), палавое (іза-, гола-, аўтагамія). Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя (паразітычныя) арганізмы (ад грэч. parasitos нахлебнік),
арганізмы, якія жывуць на паверхні (эктапаразіты) або ў целе (эндапаразіты) інш. арганізма (т.зв. гаспадара), кормяцца за кошт яго тканак, сокаў або змесціва стрававальнага тракту і часткова або цалкам ускладаюць на яго рэгуляванне сваіх узаемаадносін са знешнім асяроддзем. Выклікаюць у арганізме гаспадара імунабіял. і паталаг. рэакцыі. На Беларусі выяўлена некалькі тысяч відаў паразітычных жывёл (паразіты мед., вет. і агранамічнага значэння).
П. падзяляюць на аблігатных (абавязковых) і факультатыўных (неабавязковых). Розныя сістэм. групы і віды арганізмаў маюць спецыфічны склад П. Найб. пашыраны П. сярод вірусаў, бактэрый, прасцейшых, грыбоў, чарвей і членістаногіх. Многія эндапаразіты выклікаюць захворванні жывёл і чалавека (малярыя, тулярэмія, энцэфаліты, гельмінтозы і інш.). Эктапаразіты (пераважна крывасмокі: камары, мошкі, кляшчы, блохі, вошы і інш.) — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (малярыя, тыф, чума і інш.). Для жывёл-П. характэрны спрошчаныя або рэдукаваныя стрававальная сістэма і органы пачуццяў, добра развітыя органы размнажэння (забяспечваюць вял. плоднасць) і прымацавання (для ўтрымання на целе або ўнутры гаспадара) і інш. П. вывучае паразіталогія, паразітацэналогія. Гл. таксама Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПСУЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група бактэрый з роду клебсіела, якія маюць здольнасць утвараць слізістую капсулу вакол мікробнай клеткі ў арганізме гаспадара і на пажыўным асяроддзі.
Кароткія, з закругленымі канцамі палачкі, нерухомыя, спор не ўтвараюць, растуць на звычайным пажыўным асяроддзі, факультатыўныя аэробныя арганізмы. Капсулы выяўляюцца пры спец. афарбоўцы тушшу. Адчувальныя да ўздзеяння высокіх т-р і антысептыкаў. К.б. палачка Фрыдлендэра выклікае ў жывёл клебсіялёз. Капсулы ўтвараюць таксама дрожджы і плесневыя грыбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАБІЯСФЕ́РА (ад мега... + біясфера),
сукупнасць слаёў геаграфічнай абалонкі (трапасфера і ніжнія слаі стратасферы да выш. 25 км; гідрасфера, да глыб. больш за 10 км; верхняя ч.літасферы, да глыб. 15 км), дзе пастаянна або часова (выпадкова) прысутнічаюць сучасныя жывыя арганізмы, і слаёў т. зв. метабіясферы, дзе няма жывых арганізмаў, але ў мінулым яны перажывалі ўплыў «былых біясфер» і пераўтвораны жывым рэчывам або біягенамі. М. атаясамліваецца з паняццем «біясфера».