БРО́ЕР (Breuer) Марсель Лаяш

(22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),

амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.Зерфюсам і П.Л.Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙВЗ, Айвс (Ives) Чарлз Эдвард (20.10.1874, г. Данберы, штат Канектыкут, ЗША — 19.5.1954), амерыканскі кампазітар. Выпрацаваў своеасаблівы кампазітарскі стыль, незалежны ад еўрап. традыцый. На аснове мелодый амер. песень і гімнаў стварыў арыг. сінтэз папулярнай і прафес. музыкі. Выкарыстоўваў наватарскія прыёмы, многія з якіх прадвызначылі пошукі кампазітараў Зах. Еўропы.

Тв.:

Кантата «Нябесная краіна» (1889);

5 сімфоній (1898—1915), сюіты, уверцюра, праграмныя п’есы для сімф. арк.;

камерна-інстр. ансамблі;

п’есы для аргана і фп.;

хары, песні.

Літ.:

Ивашкин А. Чарльз Айвз и музыка XX в. М., 1991.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛ-МАН (Gell-Mann) Мюрэй

(н. 15.9.1929, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1960). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1951). У 1952—54 у Чыкагскім ун-це, з 1954 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1956 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля і фізіцы элементарных часціц. Увёў паняцце дзіўнасці (1953) і адкрыў закон яе захавання (незалежна ад К.Нішыджыма). Разам з Р.Фейнманам распрацаваў тэорыю слабых узаемадзеянняў (1958), прапанаваў сістэматыку элементарных часціц (1961), выказаў гіпотэзы аб кварках (1964) і глюонах (1973). Нобелеўская прэмія 1969.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЭ́ШАЎ (Glaschow) Шэлдан Лі

(н. 5.12.1932, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША. Бацькі Глэшава паходзяць з Беларусі. Скончыў Корнелскі (1954) і Гарвардскі (1955) ун-ты. З 1966 праф. Гарвардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і тэорыі элементарных часціц. Выказаў гіпотэзу пра існаванне новага квантавага ліку — чароўнасці (1964). Мадыфікаваў тэорыю слабага і электрамагнітнага ўзаемадзеяння Вайнберга—Салама і ўключыў у разгляд зачараваныя кваркі (1970). Прапанаваў тэорыю, якая аб’ядноўвае слабыя, эл.-магн. і моцныя ўзаемадзеянні (гл. «Вялікае аб’яднанне»). Нобелеўская прэмія 1979.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МАЎ (Gamow) Джордж

(Георгій Антонавіч; 4.3.1904, г. Адэса, Украіна — 20.8.1968),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН (1953). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). З 1928 працаваў у Гётынгене, Капенгагене, Кембрыджы, з 1931 у Ленінградскім фізіка-тэхн. ін-це. З 1934 у ЗША; праф. ун-та Дж.Вашынггона, з 1956 — ун-та штата Каларада. Навук. працы па квантавай механіцы, атамнай і ядз. фізіцы, касмалогіі, біялогіі і гісторыі фізікі. Распрацаваў тэорыю альфа-распаду. Выказаў гіпотэзу пра гарачы Сусвет (1946), прапанаваў тэорыю ўтварэння хім. элементаў і першую мадэль генетычнага кода.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫЁК (Giauque) Уільям Фрэнсіс

(12.5.1895, г. Ніягара-Фолс, Канада — 29.3.1982),

амерыканскі фізікахімік. Чл.

Нац. АН ЗША (1936) і Амер. акадэміі мастацтва і навук (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Берклі (1920), дзе і працаваў (з 1934 праф.). Навук. працы па вывучэнні тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў (кандэнсаваных газаў) пры звышнізкіх т-рах. Распрацаваў метад адыябатычнага размагнічвання для атрымання тэмператур ніжэй за 1 К (1927, метад магнітнага ахаладжэння) і дасягнуў т-ры 0,25 К (1933). Даказаў існаванне цяжкіх ізатопаў кіслароду​17O і ​18O (1929). Нобелеўская прэмія 1949.

У.Ф.Джыёк.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДАР (Vidor) Кінг Уоліс

(8.2.1894, г. Галвестан, штат Тэхас, ЗША — 1.11.1982),

амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Пасля вучобы ў Ваен. акадэміі ў Тэхасе пачаў здымаць сюжэты для кінахронікі (1913). З 1917 у Галівудзе. З 1923 у фірме «Метро-Голдвін-Маер», дзе паставіў практычна ўсе свае фільмы. Яны з’явіліся этапам у развіцці рэаліст. кірунку ў амер. кінамастацтве: «Вялікі парад» (1925), «Натоўп» (1928), «Хлеб наш надзённы» (1934), «Цытадэль» (1938, паводле аднайм. рамана А.Кроніна), «Вайна і мір» (1956; паводле Л.Талстога; разам з італьян. кінематаграфістамі). Пасля 1959 ставіў кароткаметражныя эксперым. фільмы. Спец. прэмія «Оскар» 1978.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗЕЛ, Вісель (Wisel) Торстэн Нільс (н. 3.6.1924, г. Упсала, Швецыя), амерыканскі нейрафізіёлаг. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Праф. фізіялогіі (1964), нейрабіялогіі. Вучыўся ў Каралінскім ін-це ў Стакгольме. З 1954 працаваў у гэтым ін-це. З 1955 у ЗША. З 1959 у Гарвардзе, з 1983 праф. у Ракфелераўскім ун-це. Навук. працы па нейрафізіялогіі органаў зроку. Разам з Д.Х.Х’юбелам вызначыў прынцыпы перапрацоўкі інфармацыі ў нейронных структурах мозга, якія ўспрымаюць вонкавыя сігналы. Нобелеўская прэмія 1981 (разам з Х’юбелам).

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕНТЫ́НА (Valentino) Рудольф [сапр. Гульельмі ды Валентына

(Guqlielmi di Valentino) Радольфа; 6.5.1895, Кастэланета, каля г. Таранта, Італія — 23.8.1926], амерыканскі акцёр. У ЗША з 1913. У кіно з 1918. Здымаўся ў нямых фільмах 1920-х г. («Чатыры коннікі Апакаліпсіса», «Шэйх», «Кроў і пясок», «Сын шэйха», «Кобра» і інш.),

дзе стварыў вобраз экзатычнага «лацінскага палюбоўніка», ракавога спакусніка, рамантычнага шукальніка прыгод, што прынесла яму сусветную вядомасць. Валентына — адна з легенд кінематографа, герой раманаў, п’ес, муз. твораў. У 1977 англ. рэж. К.Расел зняў пра яго маст. фільм «Валентына».

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НЦА (Lanza) Марыо. [сапр. Какоца

(Cocozza) Альфрэда; 31.1.1921, г. Філадэльфія, ЗША — 7.10.1959], амерыканскі спявак (тэнар); прадстаўнік школы бельканта. Па нацыянальнасці італьянец. Валодаў голасам рэдкай сілы і прыгажосці. Дэбютаваў у 1942 у партыі Фентана («Віндзорскія кумачкі» О.Нікалаі) у пастаноўцы С.Кусявіцкага на Танглвудскім фестывалі (каля г. Бостан). З 1946 гастраліраваў як канцэртны спявак, выступаў у опернай трупе Новага Арлеана. Сярод партый: Каварадосі, Пінкертон («Тоска», «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні),

Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі). Зняўся ў муз. фільмах «Вялікі Каруза», «Серэнада», «Улюбёнец Нью-Йорка» і інш.

М.Ланца.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)