ДАГАВО́Р ЧАТЫРО́Х ДЗЯРЖА́Ў аб сумеснай абароне правоў на астраўныя ўладанні і астраўныя тэрыторыі ў раёне Ціхага акіяна.

Падпісаны 13.12.1921 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі. Прадугледжваў гарантыі ціхаакіянскіх астраўных уладанняў бакоў (у т. л. на выпадак ваен. пагрозы), скасаванне англа-японскага саюза і інш. У ходзе ратыфікацыі дагавора ў ЗША прынята папраўка аб забароне ўраду краіны без згоды кангрэса прымаць абавязацельствы па абароне ўладанняў інш. нацый на Ціхім ак., якія знаходзяцца «ў стане мандата». Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫЯ ПАСА́ТНЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,

цёплыя, паверхневыя, накіраваныя на З цячэнні Сусветнага акіяна. Выклікаюцца ўстойлівымі паўд.-ўсх. пасатамі. У Атлантычным і Ціхім акіянах размешчаны паміж 25° паўд. ш. і 5° паўн. ш., у Індыйскім ак. — паміж 25 і 5° паўд. ш. Вылучаюцца значнай шырынёй (да 2500 км) і адносна малымі скарасцямі (0,36—1,8 км/гадз). Т-ра вады 22—28 °C. П.п.ц. складаюць паўн. сектар субтрапічных кругаваротаў Паўд. паўшар’я і з’яўляюцца працягам у Атлантычным ак. Бенгельскага цячэння, у Ціхім — Перуанскага цячэння, у Індыйскім — Заходне-Аўстралійскага цячэння.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСО́НЫ (франц. mousson ад араб. пара года),

устойлівыя сезонныя вятры над пэўнымі абласцямі Зямлі, напрамкі якіх рэзка мяняюцца на процілеглыя або блізкія да іх 2 разы на год (пры змене пор года). Распаўсюджваюцца на выш. да некалькіх кіламетраў. Гал. прычына М. — розніца цеплавога рэжыму над сушай і морам. Летнія вільготныя (акіянічныя) М. звычайна накіраваны з акіяна на сушу, зімовыя (кантынентальныя) — з сушы на акіян. Са зменай напрамку М. адбываецца змена сухім малавоблачным зімовым надвор’ем на вільготнае дажджлівае летняе. Адрозніваюць М. трапічныя (у бас. Індыйскага ак.) і пазатрапічныя (на Д. Усходзе).

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я АДКЛА́ДЫ, акіянскія адклады,

донныя асадкі марскіх вадаёмаў. Тэрмін выкарыстоўваецца таксама адносна асадкаў Сусветнага акіяна. Паводле генезісу падзяляюцца на тэрыгенныя, біягенныя, вулканагенныя, хемагенныя і полігенныя; па глыбіні ўтварэння — на літаральныя, нерытавыя, батыяльныя і абісальныя. Выкапнёвыя М.а. ператвораны працэсамі дыягенезу ў горныя пароды. Да М.а. адносяцца большасць вапнякоў, даламітаў, мергеляў і крамяністых парод, значная ч. глін, аргілітаў, алеўралітаў, пясчанікаў, кангламератаў, фасфарытаў, жалезных руд, марганцавых руд, гаручых сланцаў і інш. Састаў і размяшчэнне М.а. на паверхні Зямлі залежаць у асн. ад тэктанічнага рэжыму і кліматычных умоў.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РЭЙ, Мары (Murray) Джон (3.3.1841, г. Коберг, Канада — 16.3.1914), англійскі акіянограф і прыродазнавец. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1897). Скончыў Эдынбургскі ун-т. У 1872 удзельнічаў у англ. кругасветнай экспедыцыі на «Чэленджэры» пад кіраўніцгвам Ч.​Томсана. Рэдактар 50-томнай справаздачы экспедыцыі і аўтар агульнага апісання рэйса і марскіх донных адкладаў. У 1880 і 1882 вывучаў Фарэрскі праліў, у 1906 правёў батыметрычную здымку прэснаводных азёр Шатландыі. У 1910 разам з нарв. вучоным Ю.​Іортам арганізаваў акіянаграфічную экспедыцыю ў паўн. ч. Атлантычнага ак. і ў сааўт. з ім напісаў кнігу «Глыбіні акіяна» (1912).

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ко́цік 1, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да кот.

2. Марская прамысловая млекакормячая жывёліна з каштоўным футрам, якая водзіцца ў паўночнай частцы Ціхага акіяна. // Футра гэтай жывёліны. Кажушок на хлопцу быў пацягнен зялёным сукном, а каўнер у ім — з чорнага коціка. Чорны.

ко́цік 2, ‑а, м.

Суквецце з дробных кветачак у некаторых дрэвавых раслін, якое ападае пасля цвіцення. Распушыліся і цвілі коцікі на вербах. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЗІЯ́ЦКА-ЦІХААКІЯ́НСКІ САВЕ́Т (Asian and Pacific Council; АЗПАК),

рэгіянальны паліт.-эканам. саюз краін Далёкага Усходу і зах. часткі Ціхага акіяна. Створаны ў 1966 Японіяй, Аўстраліяй, Новай Зеландыяй, Тайландам, Філіпінамі, Малайзіяй, Паўд. Карэяй, Тайванем і Паўд. В’етнамам з мэтай ваен. і гандлёва-эканам. супрацоўніцтва ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Пры АЗПАК дзейнічае рэгіянальны цэнтр па прадуктах харчавання і ўгнаеннях (Тайвань), культ. і сац. цэнтр (Паўд. Карэя). Вышэйшы орган паміж сесіямі савета — пастаянны к-т, выканаўчы орган — сакратарыят. Штаб-кватэра ў Бангкоку (Тайланд). У 1990 у АЗПАК уваходзілі Аўстралія, Новая Зеландыя, Паўд. Карэя, Тайланд, Філіпіны.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЕНДЖЫ́К,

горад у Расійскай Федэрацыі ў Краснадарскім краі, на беразе Чорнага м. Абкружаны адгор’ямі Маркотхскага хр. Вял. Каўказа. Засн. ў 1831. 83,3 тыс. ж. (1997). Прам-сць: харч., дрэваапр., вытв-сць буд. матэрыялаў. Н.-д. праектны ін-т геафіз. метадаў разведкі акіяна. Гіст.-краязнаўчы музей. Прыморскі кліматычны курорт. Субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу, пясчаныя пляжы, крыніцы разнастайных мінер. вод, гразі, вінаградатэрапія і інш. выкарыстоўваюцца для лячэння розных хвароб — нерв., сардэчна-сасудзістых, эндакрынных, органаў дыхання, руху і апоры і інш. З памежнымі курортамі (Кабардзінка, Санцадар, Дзіўнаморскае, Джанхот, Бэта, Архіпа-Восіпаўка) Геленджык утварае Геленджыкскую курортную зону.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛАБ АКІЯНІ́ЧНЫ, глыбакаводны жолаб,

вузкае доўгае паніжэнне дна акіяна, элемент рэльефу пераходнай зоны паміж мацерыком і акіянам. Даўжыня дасягае некалькіх тысяч кіламетраў, шырыня — дзесяткаў і соцень кіламетраў, глыб. больш за 5000 км, сярэдняя стромкасць схілаў каля 5°, у месцах глыбінных разломаў схілы бываюць вельмі стромкія. Размяшчаюцца ўздоўж горных узбярэжжаў мацерыкоў (напр., Перуанскі і Чылійскі жалабы каля зах. берагоў Паўд. Амерыкі) або са знешняга боку астраўных дуг (Алеуцкі, Курыла-Камчацкі, Японскі, Філіпінскі жалабы). З Ж.а. звязаны макс. глыбіні Сусветнага ак., у т. л. найб. на Зямлі глыб. 11022 м (у Марыянскім жолабе Ціхага ак.).

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБЯРЭ́ЖНІК (Littorella),

род кветкавых раслін сям. трыпутнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўд. Амерыцы і на астравах Атлантычнага акіяна. На Беларусі атл.-еўрап. рэліктавы від П. аднакветкавы (L.uniflora), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай зоне азёр да глыб. 2,5 м, уздоўж вільготных берагоў азёр і рэк утварае зараснікі.

П. аднакветкавы — шматгадовая бессцябловая травяністая расліна выш. 2—15 см з карэнішчам, прыдаткавымі каранямі і паўзучымі сталонападобнымі парасткамі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, сядзячае, вузкалінейнае. Кветкі аднаполыя, цвітуць над вадой, аднак бутоны тычынкавых і песцікавых кветак развіваюцца пад вадой. Плод — арэшак.

В.​М.​Прохараў.

Прыбярэжнік аднакветкавы.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)