від спорту, які ўключае бег на розныя дыстанцыі (у т. л. эстафетны і з перашкодамі), кіданні лёгкаатлетычныя, мнагабор’і лёгкаатлетычныя, скачкі лёгкаатлетычныя, хадзьбу спартыўную. У спарт. класіфікацыі больш за 60 лёгкаатлетычных практыкаванняў. На Алімп. гульнях Л.а. прадстаўлена 24 практыкаваннямі для мужчын і 14 для жанчын. Створаны Міжнар. аматарская лёгкаатлетычная федэрацыя (ІААФ) у 1912, Еўрапейская асацыяцыя Л.а. (ЕАА) у 1968, федэрацыі Л.а. Азіі, Афрыкі, лац-амер. краін, Новай Зеландыі і Акіяніі ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. Федэрацыя Л.а. Беларусі створана ў 1959. Чэмпіянаты свету па Л.а. праводзяцца з 1983, з 4-гадовай перыядычнасцю; летнія чэмпіянаты Еўропы — з 1934 (у цотныя гады паміж Алімп. гульнямі, зімовыя ў закрытых памяшканнях з 1966).
Першыя звесткі пра лёгкаатлетычныя спаборніцтвы адносяцца да 776 да н.э., калі праводзіліся Алімп. гульні ў Стараж. Грэцыі. Як самастойны від спорту пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі (першыя спаборніцтвы ў 1837 у каледжы г. Рэгбі), Германіі, ЗША, Францыі і інш. З канца 19 ст. ў Расіі наладжваюцца аматарскія спарт. спаборніцтвы, упершыню першынство Расіі праведзена ў 1908.
На Беларусі першыя спаборніцтвы па Л.а. (бег на 800, 1000, 1500 м; скачкі ў вышыню і даўжыню; кіданні дыска і кап’я) праведзены ў 1913 у Гомелі. Аматарскія клубы Л.а. існавалі з 1918 у Віцебскай і Магілёўскай, а з 1920 і ў інш. губернях. З 1921 у Віцебску пачалі праводзіцца традыц. лёгкаатлетычныя эстафеты. Першы чэмпіянат па Л.а. (па 12 відах) адбыўся ў 1924 у праграме Усебел. свята фіз. культуры. У 1927 адбыліся першыя міжнар. спаборніцтвы па Л.а. паміж бел. і чэш. спартсменамі. З 1927 бел. лёгкаатлеты — удзельнікі ўсесаюзных спаборніцтваў, з 1952 — Алімп. гульняў. Першы з бел. спартсменаў атрымаў алімп. медаль (сярэбраны) М.Крываносаў (1956). Алімпійскія чэмпіёны па Л.а. — Р.Клім, Т.Ледаўская, В.Рудзянкоў. Прызёры Алімп. гульняў: бегуны У.Гараеў, Я.Гаўрыленка, М.Кіраў, У.Лавецкі; па спарт. хадзьбе Я.Іўчанка і П.Пачанчук; у трайным скачку А.Каваленка і І.Лапшын; у кіданні молата І.Астапковіч; у кіданні кап’я Н.Шыкаленка, дыска У.Дуброўшчык, В.Капцюх і Э.Зверава; у сямібор’і Н.Сазановіч. Першым чэмпіёнам свету з бел. лёгкаатлетаў стаў А.Трашчыла (эстафета 4 × 400 м; 1983). Чэмпіёны свету: А.Паташоў, Трашчыла (1991), Шыкаленка, Зверава (1995); прызёры чэмпіянатаў свету: Р.Смяхнова (1983), А.Бялеўская (1987), У.Сасімовіч (1991), Я.Місюля (1991, 1995), С.Бурага, Дуброўшчык, Капцюх, Э.Хамелайнен (1995). На чэмпіянаце свету ў 1995 Беларусь па заваяваных медалях заняла 2-е месца ў агульнакамандным заліку. Першымі чэмпіёнамі Еўропы па Л.а. сталі М.Іткіна, Крываносаў, А.Юлін (1954). Чэмпіёны Еўропы: Л.Ермалаева, Іткіна, Крываносаў (1958); Іткіна (1962), Клім (1966), Р.Аглетдзінава (1986), Астапковіч, Лапшын (1990), Дуброўшчык, Н.Духнова (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ САМАСВЯДОМАСЦЬ,
сукупнасць уяўленняў, пачуццяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі. Першасныя элементы Н.с. складваліся яшчэ ў першабытным грамадстве. Фарміраванне Н.с. завяршаецца ў працэсе пераўтварэння народнасці ў нацыю на аснове ўсведамлення людзьмі свайго агульнага паходжання і непарыўнай сувязі з роднай зямлёй, адчування самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, менталітэту, пачуцця агульнанац. салідарнасці. У структуры Н.с. арганічна ўзаемазвязаны рацыянальныя, ідэалаг., эмацыянальна-пачуццёвыя і нават ірацыянальна-містычныя элементы. Н.с. большасці народаў свету аформілася. на працягу 18—20 ст., калі ў выніку ўзмацнення кансалідацыі этнасац. супольнасцей, актывізацыі нац.-вызв. рухаў сфарміраваліся нацыі сучаснага тыпу (напр., англ., ням., франц., яп., амер.). На асаблівасці і тэмпы складвання Н.с. ўплываюць сац.-эканам., грамадска-паліт., этнакульт., канфесійныя, моўныя, полаўзроставыя і інш. фактары. Нац.-вызв. барацьба супраць каланіялізму ў шэрагу краін Азіі і Афрыкі ў 20 ст. прывяла да станаўлення развітых форм Н.с. значна раней за ліквідацыю феадальна-племяннога ладу жыцця. Паскарэнне росту Н.с. нярэдка абумоўлена ўзнікненнем рэальнай пагрозы культ. асіміляцыі, знешняй агрэсіі, каланізацыі краіны, фарсіраванай інтэрнацыяналізацыі і інтэграцыі. Паглыбленне Н.с. можа адыгрываць і станоўчую (у сэнсе спрыяння ўтварэнню нацыі і яе паспяховаму развіццю) і адмоўную (калі пачынае нарастаць нацыяналізм і шавінізм) ролю. Гіст. вопыт сведчыць, што пры інш. аднолькавых умовах узровень Н.с. найчасцей бывае больш высокім у адносна нешматлікіх народаў у параўнанні з буйнымі нацыямі. Н.с. знаходзіцца ў аснове пачуцця агульнадзярж патрыятызму, нац. гонару, любові да роднага народа, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.
Н.с. жыхароў Беларусі ў старажытнасці была звязана з агульнасцю паходжання ад аднаго рэальнага або міфічнага продка, з адзінствам тэрыторыі пражывання, ладу жыцця, нар. звычаяў і абрадаў і інш. У больш позні перыяд (сярэднявечча, новы час) на асаблівасці этн. самасвядомасці беларусаў істотна ўплывала іх прыналежнасць да канкрэтных саслоўных, канфесіянальных, моўна-культ., лакальна-тэр. груп насельніцтва. Уласна Н.с. беларусаў аформілася адносна позна, прыблізна ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст, што было абумоўлена ўзмацненнем нац.-вызв. руху, актывізацыяй нац.-культ. жыцця і пачаткам складвання бел. нацыі. Спачатку больш высокі ўзровень Н.с. быў уласцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, заможнаму сялянству. У 1920-я г. яна ахапіла прадстаўнікоў усіх сац. катэгорый насельніцтва Беларусі. Гэтаму спрыялі палітыка беларусізацыі і спробы гарманізацыі міжнац. адносін. У наступныя дзесяцігоддзі развіццё Н.с. запаволена ў выніку ўзмацнення працэсаў асіміляцыі бел. грамадства. У сучасны перыяд паглыбленне Н.с. з’яўляецца важным сродкам самазахавання бел. нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у справе пабудовы свабоднага, дэмакр. і незалежнага грамадства.
Літ.:
Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 2. Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Мн., 1993: Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст.арт.Мн., 1994: Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Дубянецкі С.Ф., Дубянецкі Э.С. Цяжкі шлях да адраджэння. Брэст, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Расія,
манархічная саслоўная шматнац. дзяржава ва Усх. Еўропе і на значнай ч.Азіі ў 1721—1917. Склалася на аснове Рускай цэнтралізаванай дзяржавы, якую Пётр I у ліст. 1721 абвясціў імперыяй. У 18 ст. у выніку 3-х падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) у склад Р.і. ўключаны Беларусь, паўд., паўд.-ўсх. і зах. Латвія, б.ч. Літвы; пасля войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91) — Паўн. Прычарнамор’е, Паўн. Каўказ і Крым; тады ж пачалося асваенне і далучэнне да імперыі паўн.-зах. ускраіны Паўн. Амерыкі (гл.«Руская Амерыка»). У 19 ст. шляхам новых войнаў і мірных пагадненняў (з Турцыяй, Іранам, Швецыяй, Кітаем і інш.) да Р.і. далучаны Фінляндыя, Бесарабія, б.ч. Польшчы з Варшавай, Закаўказзе, Прыамур’е, Прымор’е і Сярэдняя Азія. Афіц. васаламі Р.і. былі Бухарскі эмірат і Хівінскае ханства. У канцы 19 ст.тэр. Р.і. складала 22,4 млн.км², нас. 128,2 млн.чал. (1897), больш як 100 нацыянальнасцей. 57% насельніцтва складалі нярус. народы, некат. з іх абмяжоўваліся ў правах, праводзілася палітыка русіфікацыі; аднак некат. тэрыторыі мелі самакіраванне. Рус. мова была афіц. агульнадзярж. мовай, абавязковай для ўсіх дзярж. устаноў. Тэр. Р.і. ў 1914 падзялялася на 81 губерню і 20 абласцей; ч. іх была аб’яднана ў генерал-губернатарствы. У Р.і. быў 931 горад. Р.і. была спадчыннай манархіяй на чале з імператарам з дынастыі Раманавых. Імператар валодаў самадзярж. уладай, ажыццяўляў заканад. уладу шляхам выдання указаў, з 1810 таксама праз Дзяржаўны савет і з 1906 — Дзяржаўную думу; дзярж. апаратам кіраваў праз Сенат, Савет міністраў і міністэрствы; з’яўляўся вярх. кіраўніком узбр. сіл. Пануючае становішча займала Рус.правасл. царква, якой кіраваў імператар праз Сінод. Усё насельніцтва лічылася падданымі Р.і. (мужчыны з 20 гадоў прысягалі імператару) і падзялялася на 4 асн. саслоўі, або «станы» (дваранства, духавенства, гар. абывацелі і сельскія абывацелі, г.зн. сяляне). Пануючым саслоўем было дваранства. Карэннае насельніцтва Казахстана, Сібіры і шэраг інш. народаў Р.і. вылучалася ў самаст. «стан» і наз. іншародцамі. Гэтая катэгорыя кіравалася асобнымі законапалажэннямі. Заканадаўства Р.і. было сабрана ў Поўным зборы законаў Расійскай імперыі і Зводзе законаў Р.і. Імперыя мела герб — двухгаловы арол з царскімі рэгаліямі; дзярж. сцяг — палотнішча з белай, сіняй і чырвонай гарыз. палоскамі; дзярж. гімн, які пачынаўся словамі «Боже, царя храни». Грашовая адзінка — рубель. Р.і. спыніла існаванне ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 (14.9.1917 Расія абвешчана рэспублікай), у 1922—91 на б.ч. яе тэр. існаваў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Сучасная Рас. Федэрацыя лічыць сябе правапераемніцай як Р.і., так і СССР. Пра гісторыю і культуру Р.і. гл. ў арт.Расія.
Літ.:
Троицкий С.М. Русский абсолютизм и дворянство в XVIII в. М., 1974;
Ерошкин Н.П. Самодержавие накануне краха. М. 1975;
Российская империя: Словарь-справ. СПб., 1992. Гл. таксама ліг. пры арт.Расія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пазі́цыя, ‑і, ж.
1. Месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Дайшоўшы да краю паляны, я спыняюся і займаю пазіцыю за кустом ядлоўцу.В. Вольскі.Лепшай пазіцыі для.. [школы], як паміж дзвюх невялічкіх вёсачак, здаецца, нельга было і знайсці.Колас.//перан. Роля, месца каго‑, чаго‑н. у галіне якой‑н. дзейнасці. Міжнародныя пазіцыі дзяржавы. □ Больш моцную пазіцыю [у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі.Філімонаў.
2. Месца распалажэння войск, вайсковых груп у баі. З самай раніцы перад нашымі пазіцыямі з’явіліся нямецкія танкі і аўтаматчыкі.Няхай.Партызаны, заняўшы загадзя падрыхтаваныя пазіцыі, сустрэлі ворага дружным агнём.Сабаленка.Ноччу на трэцяе лістапада часці занялі зыходныя пазіцыі для наступлення на Кіеў.Мележ.// Месца, падрыхтаванае для стральбы з якой‑н. зброі. Мінамётная пазіцыя. □ Як на далоні відны былі ўспышкі на агнявых пазіцыях артылерыйскіх батарэй — і нашых, і нямецкіх.Новікаў.//звычайнамн. (пазі́цыі, ‑ый). Раён баявых дзеянняў.
3. Палажэнне, пастава цела; поза. Сядзець у нязручнай пазіцыі.// У спорце, музыцы, танцах — пэўнае палажэнне цела, рук, ног, пальцаў. Стартавая пазіцыя спрынтэра. Пазіцыі класічнага танца.
4.перан. Пункт погляду, думка, прынцыповыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Асноўнае пытанне эстэтыкі — аб адносінах мастацтва да рэчаіснасці — Купала вырашаў з пазіцый філасофскага матэрыялізму.Івашын.Гаспадар зашморгаў .. запалкамі, але Саша папярэдзіў: — Агню не трэба .. Ваенныя ў вёсцы ёсць? Спытаў знарок няпэўна, каб выявіць пазіцыю гаспадара: за каго ён.Новікаў.[Бародку] было цяжка: упершыню за ўсю яго шматгадовую работу члены бюро не падтрымалі яго, першага сакратара.. І таму пазіцыя членаў бюро страшэнна яго абурала.Шамякін.
5. Размяшчэнне (пра фігуры ў шахматах, шашках і інш.). Выйгрышная пазіцыя.// У граматыцы — пра месца моўнай адзінкі. Кожная фанема ў залежнасць ад сваёй пазіцыі ў слове можа відазмяняцца.Юргелевіч.
•••
З пазіцыі сілы — пра адносіны да чаго‑н., заснаваныя толькі на ваеннай, эканамічнай і пад. перавазе. Палітыка з пазіцыі сілы.
[Ад лац. positio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАНАСТЫ́Р (грэч. monastērion келля пустэльніка),
рэлігійная абшчына манахаў або манашак (гл.Манаства) у хрысціянстве (акрамя пратэстантызму), індуізме, будызме, ісламе, а таксама тэрыторыя, храм і ўсе будынкі, якія належаць такой абшчыне. Падзяляюцца на мужчынскія і жаночыя. Існавалі з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Егіпце (культ. Серапіса), з 2—1 ст. да н.э. ў Індыі. На Русі з’явіліся ў 11 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Паводле царк. рэформы, праведзенай у 1764 у Рас. імперыі, кіраванне манастырскімі землямі перададзена Калегіі эканоміі, a М. падзелены на лаўры, кафедральныя, 1-га, 2-га і 3-га класаў, пазаштатныя, прыпісныя, скасаваныя.
На Беларусі правасл. М. з’явіліся ў 12 ст. (паводле інш. звестак, у 10 ст.): Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр і 2 на берагах Палаты, якія заснавала Ефрасіння Полацкая. У 12 ст. з’явіліся 2 М. ў Тураве — Варварынскі і Барысаглебскі. у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. заснавана каля 40 новых. 17 М. дзейнічала ў Полацкім пав., 7 — у Навагрудскім, па 5 — у Пінскім і Аршанскім, па 4 — у Віцебскім і Мінскім, па 3 — у Брэсцкім, Гродзенскім, Мсціслаўскім, па 2 — у Ашмянскім, Браслаўскім, Мазырскім, Слонімскім. У рымска-каталіцкай царкве М. наз.кляштар. У выніку Брэсцкай уніі 1596 створана уніяцкая царква, да якой паступова пераходзілі правасл. М. і будаваліся новыя. У канцы 17 — пач. 18 ст. на Гомельшчыне з’явіліся стараверскія М. — скіты. У 1795 1-га класа быў Пінскі Богаяўленскі брацкі мужчынскі М., 2-га класа — Віленскі Святадухаўскі манастыр і Слуцкі Спаса-Ільінскі жаночы М.; 28 М. аднесены да пазаштатных і 3 да скасаваных. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. колькасць М. зменшылася з 60 да 37. У гэты перыяд заснаваны або адноўлены жаночы Мінскі Спаса-Праабражэнскі, мужчынскія Бялыніцкі Раства Багародзіцы, Няклюдаўскі Барысаглебскі (Талачынскі р-н), Мінскі Святадухаўскі і інш. Рашэннем Полацкага царкоўнага сабора 1839 уніяцкая царква ліквідавана, а яе М. закрыты або пераўтвораны ў праваслаўныя. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 Дэкрэтам СНК РСФСР ад 23.1.1918 царква аддзелена ад дзяржавы, маёмасць М. аб’яўлена нар. здабыткам. Адпаведны дэкрэт ад 11.1.1922 прыняў СНКБССР і М. тут пачалі хутка закрывацца. Толькі на тэр.Зах. Беларусі дзейнічаў Жыровіцкі Успенскі манастыр. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне рэліг. жыцця: аднаўленне храмаў, М., духоўных навуч. устаноў. На Беларусі існуе 5 мужчынскіх і 9 жаночых М. (1999).
Архітэктура М. адлюстроўвае іх функцыю і ролю ў грамадскім жыцці, звязана з нац. рэгіянальнымі асаблівасцямі дойлідства розных краін і народаў. Найб.стараж. М. — будыйскія, з’явіліся ў 2—1 ст. да н.э. ў Індыі і пашырыліся ў краінах Паўд. і Усх.Азіі. У Індыі, Кітаі (Лунмынь, Майцзішань) пячорныя М. 2 ст. да н.э. — 5 ст. складаліся з высечаных у скале малітоўнай залы, келляў, трапезнай, б-кі, манаскага інтэрната (віхара) і інш. Наземныя М. ў Кітаі, Японіі, Паўд.-Усх.Азіі (Лінгусы ў Нанкіне, Кітай, 14—17 ст., Салін у Мандалаі, М’янма, 2-я пал. 19 ст.) уяўлялі сабой маляўнічыя комплексы з малітоўных і жылых пабудоў, мемар. храмаў і пагад ці рэгулярна-восевыя ансамблі сумежных двароў, абкружаных драўлянымі храмамі-павільёнамі. Ламаісцкія М. Тыбета (размешчаныя звычайна амфітэатрам па схілах гор), Манголіі, Бураціі, Калмыкіі складаліся з рэгулярных комплексаў з ярусных храмаў і дамоў лам. У 4—6 ст. у Паўн. Афрыцы і на Б. Усходзе з’явіліся першыя хрысц. М. абарончага тыпу. Іх абкружалі магутнымі сценамі, уключалі храмы (3-нефавыя базілікі), памяшканні для жылля, трапезы, чытання. У 6—9 ст. у Зах. Еўропе сфарміраваўся класічны тып каталіцкага М. — кляштара. Правасл. М. Візантыі, балканскіх краін, Грузіі, Украіны, Расіі, а таксама Беларусі мелі больш свабодную і разнастайную планіроўку, якая фарміравалася часам на працягу стагоддзяў (Гелацкі манастыр, М. Хора ў Канстанцінопалі, 10—11 ст.). Комплекс М. абкружалі сцены з вежамі, уздоўж сцен размяшчаліся келлі, у цэнтры — сабор, трапезная, званіца, калодзеж. Арх. формы службовых і гасп. пабудоў (шпіталі, лазні, пральні) часта звязаны з нар. дойлідствам. Пры заснаванні і пашырэнні М. улічвалі іх размяшчэнне (пры зліцці рэк, каля возера, на востраве і г.д.), прыроднае наваколле, характар рэльефу, што арганічна звязвала комплекс з ландшафтам. Абкружаныя сцяной і вежамі М. стваралі на стратэг. напрамках абарончыя фарпосты вакол гарадоў, з’яўляліся важнымі элементамі іх планіроўкі. Да сярэдзіны 16 ст. формы М. былі строгія, лаканічныя, у канцы 17 ст. іх дэкор і архітэктура ўзбагаціліся. У перыяд Адраджэння і барока М. страцілі абарончае значэнне. Пачалі ўзводзіць парадныя ансамблі М.-палацаў, пабудаваных кампактна, паводле адзінага плана (Смольны М. у С.-Пецярбургу). Вял. і ўплывовыя М. наз. лаўрамі. Найбольшыя М. ў Расіі: Данскі манастыр, Іосіфа-Валакаламскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Міражскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Салавецкі манастыр, Спаса-Праабражэнскі ў г. Яраслаўль (засн. ў канцы 12 ст.), Спаса-Прылуцкі каля г. Волагда (16—17 ст.) і інш. У 19—20 ст. новыя М. будавалі рэдка (М. Ла-Турэт у Эвё, Францыя, 1956—59, арх. Ле Карбюзье), яны не адыгрывалі значнай ролі ў забудове гарадоў, старыя М. часта станавіліся музеямі. На Беларусі найб. буйныя М.: у Полацку Барысаглебскі, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Пінскі Ляшчынскі манастыр. У 17—20 ст. існавалі Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі Спаскі манастыр, Слуцкі Троіцкі манастыр і інш. Шэраг бел. М. — выдатныя арх. ансамблі, большасць з іх створана ў стылі барока, у інтэр’еры многіх захаваліся творы манум. пластыкі і жывапісу (Успенскі М. у Жыровічах, Полацкі Богаяўленскі манастыр і інш.). Гл. таксама Культавыя збудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМІЗМА́ТЫКА (ад грэч. nomisma манета),
спецыяльная гіст. навука, якая даследуе манеты і інш. плацежныя знакі, іх узаемасувязь з гісторыяй, эканомікай, палітыкай, правам, культурай і тэхнікай, гісторыю грашовага абарачэння і фарміравання грашовых сістэм розных эпох, народаў і дзяржаў і іх узаемасувязь з рынкам; арганізацыю і тэхніку манетнай вытв-сці і медальернага мастацтва; грашовыя рэформы, умовы фарміравання скарбаў і іх ролю ў фарміраванні рынку грашовага абарачэння. Да Н. прымыкаюць розныя спец. дысцыпліны: медальернае мастацтва, фалерыстыка, баністыка, сфрагістыка, геральдыка, генеалогія, метралогія гістарычная. а таксама раздзелы этнаграфіі і паліт. эканоміі. якія вывучаюць т.зв. «прымітыўныя грошы» (таварагрошы).
Нумізматычныя крыніцы падзяляюць на 2 групы. Да першай, асноўнай, адносяць асобныя манеты, манетныя знаходкі (адзінкавыя манеты, зліткі, скарбы), матэрыялы і інструменты па чаканцы манет, манетныя шалі і гіркі. Да другой, дапаможнай, — розныя пісьмовыя крыніцы (дакументацыя манетных двароў, пастановы аб рэформах манетнай справы і грашовага абарачэння, вальвацыйныя табліцы — курс валют, мытныя кнігі, тастаменты і акты аб куплі-продажы), пячаткі, таварагрошы, медалі, жэтоны і ўзнагародныя знакі. З 19 ст. Н. лічылі часткай археалогіі (у шэрагу выпадкаў манеты дапамагаюць датаваць стратыграфічныя пласты, пабудовы і асобныя рэчы, выяўленыя пры раскопках). У той жа час Н. з’яўляецца самастойнай навукай, бо абапіраецца на спецыфічныя крыніцы (манеты, скарбы, зліткі), мае сваю тэрміналогію і методыку даследаванняў. Як навука Н. трансфармавалася з калекцыяніравання манет і інш. плацежных сродкаў. Калекцыяніраванне ўзнікла ў эпоху імператарскага Рыма, пашырылася ў эпоху Адраджэння і стала асабліва папулярным з 15—16 ст.
У сярэдзіне 16 ст. ў Еўропе налічвалася да 950 мюнцкабінетаў (спец. кабінеты. у якіх захоўваліся прыватныя калекцыі манет). Наяўнасць буйных нумізматычных прыватных калекцый патрабавала іх даследавання і сістэматызацыі. Да канца 18 ст. аформіліся найважнейшыя сучасныя нумізматычныя зборы: мюнцкабінеты ў Вене і Берліне, кабінет медалёў у Парыжы, калекцыі Брытанскага музея ў Лондане, Эрмітажа ў С.-Пецярбургу. У тагачасных навук. творах манеты разглядаліся як помнікі мастацтва разам з камеямі, скульптурай і г.д. Родапачынальнікам навук. Н. лічыцца аўстр. нумізмат І.Х.Экель, які ў 1792—98 выдаў у Вене 8-томную «Навуку аб старажытных манетах». Для станаўлення Н. як навукі шмат зрабілі даследчыкі 19 ст. І.Мадэр, І.Лялевель, Т.Чацкі, І.Я.Лейцман і інш. Першыя калекцыі манет у Расіі з’явіліся ў 17 ст., у 18 ст. калекцыяніраванне стала пашыраным. У 1714 у С.-Пецярбургу адкрыта Кунсткамера (на 1742 налічвалася 28 862 манеты), у 1745 апублікаваны яе першы каталог (на лац. мове), складзены Г.Я.Керам і Х.Крузіусам. З 1770-х г. пачала фарміравацца нумізматычная калекцыя ў Эрмітажы. Заснавальнікамі рус. нумізматычнай навукі лічацца Х.Д.Фрэн, А.Дз.Чарткоў і К.Келер. У сав. часы нумізматычныя даследаванні канцэнтраваліся ў аддзелах Н. Дзярж Эрмітажа (С.-Пецярбург), Дзярж.гіст. музея (Масква), некат. рэсп. музеяў (Кіеў, Тбілісі і інш.), акад. ін-таў і ун-таў. Н. ўмоўна падзялялі на антычную, візантыйскую, усходнюю (манеты краін Азіі і Афрыкі, а таксама сярэдневяковыя манеты Сярэдняй Азіі, Паволжа, Крыма і Закаўказзя), заходнюю (еўрап. манеты сярэдніх вякоў, новага і навейшага часу дзяржаў Зах. Еўропы, а таксама Паўн. і Лац. Амерыкі), рускую, савецкую; асобна — манеты краін Азіі і Афрыкі (былых калоній) на зах.-еўрап. мовах.
На Беларусі гісторыя нумізматычных даследаванняў прайшла той жа шлях, што і ў інш. краінах. У 16—18 ст. буйная нумізматычная калекцыя захоўвалася ў Нясвіжы ў князёў Радзівілаў. У 1820-я г. ў Гомелі М.П.Румянцаў сабраў вял. калекцыю, якая ўключала некалькі бел. скарбаў манет Каралеўства Польскага і ВКЛ, куфіцкіх дырхемаў (у 1831 перавезена ў Пецярбург, з 1861 у Румянцаўскім музеі ў Маскве). У 1840—50-я г. значную калекцыю сабраў вядомы археолаг, гісторык і этнограф Я.П.Тышкевіч, якую перадаў у створаны ў 1855 па яго ініцыятыве Віленскі музей старажытнасцей. У 1870—90-я г. на Міншчыне вял. калекцыю сабраў гісторык, археолаг і краязнавец Г.Х.Татур, частка якой паступіла ў Беларускі музей у Вільні і ў Беларускі дзяржаўны музей у Мінску. На Гродзеншчыне манеты і драгічынскія пломбы збіраў М.П.Авенарыус, на Віцебшчыне — М.Ф.Кусцінскі, на Магілёўшчыне і Гомельшчыне — Е.Р.Раманаў і інш. Большасць калекцыянераў публікавалі артыкулы па Н. і сфрагістыцы. У сярэдзіне 19 ст. рэгістрацыяй, зборам і даследаваннем манетных знаходак на Беларусі займаліся Віленская археалагічная камісія, стат. к-ты Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Магілёўскай губ. і створаныя імі музеі, Віцебская вучоная архіўная камісія і Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.
Нумізматычныя матэрыялы, выяўленыя на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., зберагаліся ў Віленскім музеі старажытнасцей, Віцебскім і Мінскім царк.-археал. музеях. Цяпер манетныя калекцыі захоўваюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (Мінск), ва ўсіх абл. і многіх раённых краязн. музеях. Вял. калекцыя зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце гіст. ф-та БДУ. Да пач. 20 ст. на Беларусі практычна не было прафес. нумізматаў. Апісанне манетных скарбаў, актавых пячатак, гандл. пломбаў, медалёў, укладанне каталогаў і іх публікацыі праводзіліся археолагамі і калекцыянерамі. У 2-й пал. 1920-х г. нумізматычнымі даследаваннямі займаўся дырэктар Бел.дзярж. музея К.В.Харламповіч. У 1933 С.А.Дубінскі апублікаваў «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін», у якой значнае месца займаў матэрыял па Н. У пасляваенныя часы даследаванні па Н. праводзяць вучоныя-выкладчыкі ВНУ і супрацоўнікі Ін-та гісторыі АН Беларусі: В.Н.Рабцэвіч, І.Н.Колабава, Л.Д.Побаль, Ш.І.Бекцінееў, І.І.Сінчук і інш. У сучасных нумізматычных даследаваннях выявіліся 2 кірункі — пераважнае вывучэнне манет і скарбаў і даследаванні грашовага абарачэння і грашовых сістэм (у асн. 10—16 ст.). Спец. курсы па Н. чытаюцца ў БДУ, Бел. ун-це культуры, Бел.пед. ун-це і інш.ВНУ Беларусі. Распрацаваны і існуюць 2 варыянты перыядызацыі грашовага абарачэння на Беларусі. Першы заснаваны пераважна на тыпах манет, якія выкарыстоўваліся на Беларусі ў розныя перыяды: рымскага дэнарыя (канец 2 — пач. 3 ст.н.э.); куфіцкага дырхема (9—10 ст.); заходнееўрап. дэнарыя (канец 10 — канец 11 ст.); «безманетны» (канец 11 — пач. 14 ст.); пражскага гроша (14—15 ст.); канца 15 — сярэдзіны 17 ст.; 2-й пал. 17 ст. — канца 18 ст.; канца 18 ст. — 1917; савецкі 1918—91; Рэспублікі Беларусь з 1992. Другі абапіраецца на грашовыя сістэмы (перыяды); старажытнарускі (9 — сярэдзіна 13 ст.) — куфіцкага дырхема (9 — канец 10 ст.), зах.-еўрап. дэнарыя (канец 10 — пач. 12 ст.), першы этап «безманетнага» перыяду (пач. 12 — сярэдзіна 13 ст.); ВКЛ (сярэдзіна 13 ст. — 1569) — другі этап «безманетнага» перыяду (сярэдзіна 13 — пач. 14 ст.), пачатковы этап рэгіянальных грашовых сістэм (2-я чвэрць 13 — пач. 14 ст.), пражскага гроша (пач. 14 ст. — 1492), завяршальны этап рэгіянальных грашовых сістэм (1300/1305—94), перыяд ранняй агульнадзярж. грашовай сістэмы ВКЛ (1394—1492), перыяд 1492—1569; Рэчы Паспалітай (1569—1795); Расійскай імперыі (1795—1917); савецкі (1918—91), Рэспублікі Беларусь з 1992.
Літ.:
Марков А.К. Древняя нумизматика. Ч. 1—2. СПб., 1901—03;
Зограф А.Н. Античные монеты. М ;
Л., 1951;
Кропоткин В.В. Клады римских монет на территории СССР. М., 1961;
Яго ж. Клады византийских монет на территории СССР. М., 1962;
Спасский И.Г. Русская монетная система. 4 изд. Л., 1970;
Янин В.Л. Денежно-весовые системы русского средневековья: Домонгольский период. М., 1956;
Рябцевич В.Н. О чем рассказывают монеты. Мн., 1968;
Яго ж. Основные итоги нумизматических исследований в БССР // Белорусские древности. Мн., 1967;
Яго ж. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993;
Бектинеев Ш.И. Периодизация денежного обращения на территории Беларуси с IX в. до Люблинской унии 1569 г. // Гіст.-археал.зб.Мн., 1994. № 4.
Ш.І.Бекцінееў.
Нумізматыка: 1 — златнік (золата); 2—4 — сярэбранікі (серабро), канец 10 — пач. 11 ст.; 5 — грыўня (рубель) чарнігаўскага тыпу (серабро), 2-я пал. 13 ст.; 6 — грыўня (рубель) кіеўскага тыпу (серабро), 11—13 ст.; 7 — грыўня (рубель) наўгародскага тыпу (серабро), 13—14 ст.; 8 — палова грыўні наўгародскага тыпу («палціна»); 9 — грыўня (рубель) заходнярускага (літоўскага) тыпу (серабро), 14—15 ст.; 10 — солід (білон), 1652; 11 — «барацінка» (медзь) 1665; 12—14 — паўгрошы (білон), 1494—1506, 1509, 1565; 15—23 — грошы (білон), 1536, 1546, 1555, 1580, 1607, 1608, 1612, 1627, 1652; 24 — два грошы (серабро) 1565; 25—27 — тры грошы (білон і серабро) 1546, 1562, 1562; 28 — чатыры грошы (серабро) 1566; 29—31 — шэсць грошаў (білон і серабро) 1547, 1562, 1664; 32—33 — паўкопкі (серабро) 1564, 1565; 34 — талер (серабро) 1580.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВО́Й ХІ́МІІ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, прадукцыя якой прызначана для гасп.-быт. патрэб. Выпускае больш за 100 найменняў тавараў і таварных груп, у якасці сыравіны выкарыстоўвае прадукцыю хім., нафтахім., харч. і інш. галін прам-сці і некат. с.-г. прадукты. Уключае вытв-сць сродкаў мыйных, паліравальных, клеючых, для чысткі, вывядзення плям, адбельвання, падсіньвання і падкрухмальвання вырабаў з тканін, барацьбы з быт. насякомымі і грызунамі, аховы с.-г. раслін ад шкоднікаў, догляду вырабаў са скуры і замшы, фотахімікатаў, лакафарбавых матэрыялаў, мінер. угнаенняў, вырабаў з пластмасаў, сухога спірту, парафінавых і ёлачных свечак, антыфрызу і інш.
Узнікненне і развіццё бытавой хіміі прамысловасці звязана са станаўленнем хім. прамысловасці. Асн.ч. прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці складаюць мыйныя сродкі. Сусветная вытв-сць іх у 1992 склала больш за 20 млн.т, каля 4 кг на душу насельніцтва (найб. у Бельгіі, 44 кг). У 10 найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць краіны Амерыкі, Еўропы і Азіі (гл.табл. 1). Найб. вядомыя ў свеце кампаніі па вытв-сці тавараў быт. хіміі «Проктэр энд Гэмбл» (ЗША), «Юнілевер» (Нідэрланды), «Міні Бэст» (Германія), «Кампазіл» (Бельгія), «Коніка» (Японія) і інш.
У Беларусі, як і ў інш. краінах б.СССР, як самаст. галіна аформілася ў 1965. Прадукцыю быт. хіміі выпускаюць больш за 30 прадпрыемстваў. Найб. з іх ВА«Брэстбытхім», Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Барысаўскі з-дбыт. хіміі, Лідскае акц.т-ва «Лакафарба». У галіне дзейнічаюць ВА «Нафтан» (Наваполацк), Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Пухавіцкі з-д горнага воску, Пінскі з-д штучных скур, з-ды пластмасавых вырабаў (Гомель, Барысаў, Рудзенск), «Тэрмапласт» (Рэчыца), «Металапластмасы» (Ляхавічы), ВА «Белпласт» (Пінск), «Паліміз» (Барысаў), «Эмальпосуд» (Слуцк, Гомель), гумавых (Крычаў) і гумава-тэхн. вырабаў (Капыль), быт. хіміі (Калінкавічы), камбінаты буд. матэрыялаў (Пухавічы, Кобрын, Даманава) і інш.Удз. в.хім. прадукцыі сярод прадметаў ужытку (група «Б») складае 2,4% (1993). Пра асн. віды прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці ў Беларусі гл.табл. 2.
В.М.Сасноўскі.
Табліца 1 Найбуйнейшыя краіны-вытворцы сінтэтычных мыйных сродкаў (1992)
Краіна
Агульная вытв-сць, тыс.т
На душу насельніцтва, кг
ЗША
4000
16
Вялікабрытанія
1575
28
Францыя
1530
26
Італія
1500
27
Кітай
1462
1,3
Іспанія
1350
35
Японія
1055
9
ФРГ
930
13
Мексіка
880
10
Расія
511
3,4
Табліца 2 Вытворчасць тавараў бытавой хіміі ў Беларусі
Наменклатура тавараў
гады
1985
1990
1994
Тавары быт. хіміі, у млрд.руб.
71,1
121,1
70,9
у тыс.т
104
271
29
у т.л. мыйныя сродкі
36
38
6
3 іх сінтэтычныя
30
31
5
сродкі для адбельвання, падсіньвання, падкрухмальвання вырабаў з тканін
2,6
3,5
1,0
сродкі для чысткі
7,2
9,6
3,1
сродкі догляду аўтамабіляў, матацыклаў і веласіпедаў
—
3,5
2,4
сродкі супраць быт. насякомых, грызуноў і для дэзінфекцыі
1,5
1,1
0,1
сродкі для аховы раслін садоў і агародаў
0,5
1,1
0,1
мінер. ўгнаенні
26
162
0,7
лакафарбавыя матэрыялы
17
34
7
Да арт.Бытавой хіміі прамысловасць. Вытворчасць аэразольных прэпаратаў на Брэсцкім заводзе бытавой хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙНАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (ГРУ́ПА)КАЙНАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), кайназой, верхняя група агульнай стратыграфічнай шкалы і адпаведная ёй найноўшая эра геал. гісторыі Зямлі. Пачалася каля 67 млн. гадоў назад і цягнецца да цяперашняга часу. Назву прапанаваў англ. геолаг Дж.Філіпс у 1861.
Падзяляецца на палеагенавую, неагенавую (да 1960 аб’ядноўваліся ў трацічную сістэму) і чацвярцічную (антрапагенавую) сістэмы (перыяды), якія складаюцца з 7 аддзелаў (эпох): палеацэну, эацэну і алігацэну; міяцэну і пліяцэну; плейстацэну і галацэну. У кайназоі адбываліся інтэнсіўныя гораўтваральныя рухі, фарміравалася сучаснае аблічча мацерыкоў і акіянаў, рэльефу і ландшафтных зон. За час альпійскай складкавасці, якая ахоплівае кайназой, утварыліся самыя высокія горныя ланцугі ўздоўж узбярэжжаў Ціхага ак., на Пд Еўропы і Азіі і інш. К.э. (г.) адзначана павелічэннем кантрастнасці паміж кліматычнымі паясамі наступленнем агульнага пахаладання, якое суправаджалася магутнымі мацерыковымі зледзяненнямі Антарктыды (у алігацэне), паўн.ч. Амерыкі, Еўразіі (у міяцэне) і сярэдніх шырот Паўн. паўшар’я (у плейстацэне). Глабальнае пахаладанне аказала істотнае ўздзеянне на фауну і флору зямнога шара. Дамінуючае становішча ў фауне занялі млекакормячыя. У палеацэне з’явіліся першыя прыматы. Але толькі ў адкладах верхняга кайназою знойдзены косці прымітыўных людзей, таму гэты перыяд называюць антрапагенавым. Змены відавога складу флоры на блізкі да сучаснага адбыліся ў алігацэне. Кайназойскія асадкі намнажаліся пад уплывам частых змен марскіх і кантынентальных умоў. Сярод адкладаў кайназою трапляюцца біяліты (паклады э металагенічнымі анамаліямі, багатымі жал. і поліметал. рудамі), тоўшчы алювіяльных і прыбярэжна-марскіх парод з радовішчамі металаў і бурштыну ў россыпах. У покрыўнай тоўшчы палярных і ўмераных шырот значнае месца займаюць адклады, звязаныя з дзейнасцю ледавікоў.
На Беларусі трапляюцца акумуляцыі К.э.(г.) усіх сістэм і аддзелаў. Іх магутнасць дасягае 300—400 м. Палеагенавыя пароды пашыраны на Пд. Яны прадстаўлены марскімі мергелямі, алеўрытамі і пяскамі палеацэну (сумская світа), эацэну (канеўская, бучацкая і кіеўскія світы), алігацэну (харкаўская світа і ніжняя ч. палтаўскай серыі). Неагенавыя кварцавыя пяскі, гліны і буры вугаль таксама часцей трапляюцца ў паўд.ч., хоць маюць кантынентальнае паходжанне. Найб. магутную тоўшчу К.э.(г.) утвараюць чацвярцічныя (плейстацэнавыя) адклады. Па стратыграфічнай паўнаце, магутнасці, разнастайнасці генет. тыпаў, сувязі з сучасным рэльефам, багацці выкапнёвай флоры і фауны чацвярцічныя адклады Беларусі адносяцца да ліку эталонных у Еўропе. Туг пашыраны марэны ўсіх плейстацэнавых зледзяненняў сярэдніх шырот. Вял. плошчы займаюць водналедавіковыя і азёрна-ледавіковыя адклады. Паміж ледавіковымі пародамі трапляюцца міжледавіковыя тарфы, гітыі, сапрапеліты. Плейстацэнавая тоўшча характарызуецца фацыяльнай стракатасцю, хуткай зменлівасцю парод па распасціранні, перарывамі паміж слаямі, звязанымі з размывамі і глыбокімі эразійнымі і экзарацыйнымі далінамі, пераадкладаннем арган. і інш. рэшткаў, моцнай гляцыядыслацыраванасцю і адарванасцю, пераносамі парод былым ледавіком. Завяршае К.э.(г.) эпоха «геалагічнай сучаснасці» — галацэн. Кайназойская тоўшча змяшчае радовішчы бурага вугалю, тугаплаўкіх, вогнетрывалых і керамічных глін, шкловага пяску, буд. матэрыялаў (пяску, жвіру, гліны), торфу, сапрапелю і праяўленні фасфарытаў, глаўканітаў, бурштыну і інш. Паверхня парод К.э.(г.) выкарыстоўваецца ў гасп. дзейнасці чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКАЕ ПІСЬМО́, лацінка,
літарнае пісьмо, якім карысталіся стараж. рымляне і якое пакладзена ў аснову пісьма большасці народаў Еўропы, Афрыкі, Амерыкі і Азіі (карыстаецца каля 35% насельніцтва свету). Назва паходзіць ад племені лацінаў. Узнікненне лац. алфавіта, які ўзыходзіць да грэч. (гл.Грэчаскае пісьмо), адносяць да 4—3 ст. да н.э. Напрамак пісьма напачатку бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.), з 4 ст. да н.э. — злева направа. У ант. Л.п. знакаў прыпынку не было, падзел на вял. і малыя літары адсутнічаў. Словы аддзяляліся адно ад аднаго пераважна словараздзяляльнымі знакамі, якія стаялі на ўзроўні сярэдзіны літар. Каля 234 да н.э. ўведзена літара G, амаль адначасова ўпарадкавана ўжыванне C, K, Q: C — найб. агульнае абазначэнне для k; Q — перад u; K — захоўваецца толькі ў некалькіх словах. З увядзеннем у 1 ст. да н.э. літар Y і Z для слоў грэч. паходжання скончылася фарміраванне лац. алфавіта (23 знакі). Найстараж. помнік лац. пісьма — надпіс на сярэбранай пасудзіне (7 ст. да н.э.) з г. Прэнеста (Італія). У сярэднія вякі, калі лац. мова з’яўлялася міжнар. мовай еўрап.культ. свету, лац. алфавіт папоўніўся літарамі J і W, а літары U і V сталі адрознівацца гукавым значэннем (у і в). У пасляант. час узнік падзел літар на вял. і малыя, з’явіліся знакі прыпынку і дыякрытычныя знакі. У нац. сістэмах пісьма, якія маюць у аснове Л. п., яго прыстасаванне да адпаведных фанет. сістэм адбывалася пераважна за кошт увядзення дыякрытычных знакаў (у франц., польскай, літ. і інш. мовах). Сучасны лац. алфавіт мае 2 друкарскія віды: гатычны шрыфт (фактура) і лацініца (антыква) — блізкі да стараж., з’яўляецца пануючым.
На Беларусі Л.п. вядома са старажытнасці ў пашыраных на яе тэрыторыі пісьмовых помніках на польскай і лац. мовах. У 18 ст. паралельна з кірыліцай Л.п. выкарыстоўвалася ў некат. (напр., драматычных) творах на бел. мове. У 19 ст. Л.п. (пры існаванні кірыліцы) бел. пісьменнікі (Я.Чачот, П.Багрым, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш.) прыстасавалі для перадачы роднай мовы. Лацінкай друкавалася нелегальная, першая на бел. мове газ. «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага (1862—63), кірыліцай і лацінкай — газеты «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—12), кнігі Цёткі «Хрэст на свабоду» (1905), «Скрыпка беларуская», «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (абедзве 1906), зб. Я.Купалы «Гусляр» (1910). У аснове сучаснай бел. графікі рус.грамадзянскі шрыфт. У Зах. Беларусі побач з ім лац. алфавіт ужываўся да 1939. Цяпер выкарыстоўваецца пры друкаванні асобных бел. выданняў за мяжой.
Літ.:
Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ.М., 1963;
Люблинская АД. Латинская палеография. М., 1969;
Федорова Е.В. Введение в латинскую эпиграфику. М., 1982;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕ́Т (франц. ballet ад позналац. ballare танцаваць),
від сцэнічнага мастацтва, змест якога выяўляецца ў музычна-харэаграфічных вобразах; вышэйшая форма харэаграфіі.
Належыць да сінт. відаў маст. твор-часці. Аб’ядноўвае музыку, харэаграфію (танец і пантаміму), выяўл. мастацтва. Асновай харэагр. вобраза з’яўляецца танец; у балет уключаюць розныя віды танца: класічны, характарны, народна-сцэнічны, гратэскавы, мадэрн, рытмапластычны, свабодную пластыку. Аснова балета — дзейны танец. Пэўную ролю ў балеце адыгрываюць дывертысмент і пантаміма. Вобразна адлюстроўваючы рэчаіснасць, балет з уласцівай яму ўмоўнасцю здольны да паэт. абагульненняў, увасаблення жыццёвых канфліктаў, сцвярджэння ідэалаў прыгожага. Існуюць балеты-трагедыі і балеты-камедыі, балеты-п’есы і балеты-сімфоніі, балеты сюжэтныя (блізкія да драм. спектакля) і бессюжэтныя, або сімфанічныя (у іх аснове сімф. танец), шматактовыя і аднаактовыя, харэагр. мініяцюры.
Як самаст. від мастацтва складваўся ў Еўропе ў 16—18 ст. (першы спектакль «Камедыйны балет каралевы» паст. ў Францыі ў 1581) і пашырыўся ва ўсім свеце. Тэрмін «балет» узнік у канцы 16 ст. ў Італіі і, як правіла, абазначае еўрап. класічны балет; з 20 ст. так называюць і спецыфічныя танц. паказы, што склаліся ў краінах Азіі, Афрыкі, Усходу. Эстэтыка балета ўвабрала рысы розных маст. кірункаў — класіцызму, рамантызму, імпрэсіянізму, сентыменталізму і інш Станаўленне балета (18—19 ст.) звязана найперш з Францыяй (харэографы Ж.Ж.Навер, Ж.Даберваль, Ф.Тальёні, Ж.Перо), Даніяй (К.Бурнанвіль), Расіяй (І.Вальберх, Ш.Дзідло і А.Глушкоўскі, М.Петыпа, Л.Іваноў, М.Фокін, А.Горскі і інш.). У 20 ст. балетнае мастацтва пашырылася ва ўсім свеце. Вял. ўплыў на яго развіццё зрабілі дзейнасць Фокіна і Рускія сезоны ў Парыжы (з 1909), гастролі Г.Паўлавай, а таксама «свабодны» танец А.Дункан, танец мадэрн (М.Грэхем і інш.), рытмапластычны танец (М.Вігман і інш.). У 1920—30-я г. цэнтрам балетнага мастацтва была Францыя, дзе працавала трупа Рускі балет Дзягілева і створаныя пазней на яе аснове калектывы. У пастаноўках Л.Мясіна, Б.Ніжынскай, Дж.Баланчына, пазней С.Ліфара (1930—50-я г.) атрымалі развіццё фокінскія традыцыі ў спалучэнні з нац. асаблівасцямі. У Вялікабрытаніі ў 1930-я г. пачаў развівацца балет, заснаваны на традыцыях рус. мастацтва, але блізкі да англ.т-ра пантамімы. У ЗША пераважаў танец мадэрн; пастаноўкі Грэхем, Д.Хамфры, пазней Х.Лімона ўзнімалі складаныя сац. і псіхал. праблемы. З 1940-х г. у ЗША і краінах Зах. Еўропы на аснове бессюжэтных балетаў Баланчына пашырыліся т.зв. «сімфанічныя» балеты. Для сучаснага зарубежнага т-ра характэрна разнастайнасць стыляў, жанраў і формаў. Часта балетам наз. харэагр. творы ад бессюжэтнай мініяцюры да шматактовага сінт. відовішча, у якое ўводзяцца спевы, кінакадры, дэкламацыя, шумавыя і светлавыя эфекты, лялькі («татальны тэатр» М.Бежара). Найб. пашыраны аднаактовы балет. Сярод вядомых замежных труп: «Балет XX стагоддзя» на чале з Бежарам, «Балет Елісейскіх палёў» і «Балет Парыжа» (стваральнік абодвух Р.Пці), «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет». У развіццё рас. балетнага мастацтва вял. ўклад зрабілі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, К.Галяйзоўскі, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, А.Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Касаткіна і У.Васілёў, Ф.Лапухоў, Л.Лаўроўскі, Б.Эйфман, Л.Якабсон і інш.
Вытокі бел. харэагр. мастацтва ў глыбокай старажытнасці — у гульнях, абрадах, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад песні, гульні, акцёрскага дзеяння. Першыя прафес. танцоры-скамарохі вядомыя на Беларусі з 12 ст.Пач. формы харэагр. мастацтва мелі школьны тэатр, нар. драма, батлейка. Перыяд уздыму танца-балета на Беларусі — 16 ст., калі ў прыватнаўласніцкіх замках і буйных сядзібах дзейнічалі прыватныя балетныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча, Ружанскі тэатр Сапегаў), балетныя школы (Гродзенская музычна-тэатральная школа, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Шклоўская балетная школа). Найб. таленавітыя бел. прыгонныя танцоры [А.Дарэўская, А.Бжазінскі, М.Малінская, К.Азарэвіч (гл.Азарэвічы), К.Буткевіч, Р.Бекер, М.Рымінскі і інш.] пазней выступалі на варшаўскай і пецярбургскай сцэнах. У 1840-я г.бел. артысты працавалі ў Віцебскім балеце Піёна. Нац. балетны т-р узнік на пач. 1920-х г. Першыя балетныя спектаклі, у т. л. «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, пастаўлены ў 1920-я г. К.Алексютовічам на сцэне БДТ, які меў і балетную трупу. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) паслужыла асновай для стварэння Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (першая харэагр. паст. «Чырвоны мак» Р.Гліэра). Значнай вяхой у гісторыі бел. балета стаў першы нац. балет «Салавей» М.Крошнера (паст. 1939, 1940). Пошукі нац. своеасаблівасці працягваліся пры паст.нац. балета «Князь-возера» В.Залатарова (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Падстаўная нявеста» (1958), «Святло і цені» (1963), «Пасля балю» (1971) Г.Вагнера, «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967), «Тыль Уленшпігель» (1974, 2-я рэд. 1978) Я.Глебава, «Страсці» («Рагнеда», 1995) А.Мдывані, «Кругаварот» («Народны трылер», 1996) А.Залётнева і інш. У пастаноўках В.Елізар’ева «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» (2-я рэд., 1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1986), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988) на высокім узроўні ўвасабляюцца грамадска значныя філас. тэмы, інтэнсіўна абнаўляюцца сродкі выразнасці, фарміруюцца новыя прынцыпы харэагр. паэтыкі і эстэтыкі. У 1970—90-я г.бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне ў час гастроляў у краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, ЗША, Азіі і інш. Балеты бел. кампазітараў паст. ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Самары, Чэлябінску, Хельсінкі. У Мінску працуе Дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Красовская В. Западноевропейский балетный театр: Очерки истории: От истоков до середины XVIII в. Л., 1979;
Яе ж. Русский балетный театр от возникновения до середины XIX в. Л.;
М., 1958;
Яе ж. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;
М., 1963;
Слонимский Ю. Советский балет: Материалы к истории сов. балетного театра. М.; Л., 1950;
Чурко Ю.М. Белорусскнй балет. Мн., 1966;
Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;
Гришенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Т.М.Мушынскі.
Сцэна з балета «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава. 1978.Сцэна з балета «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага. Вялікі балет маркіза дэ Куэваса. Парыж. 1960.Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. Парыжская опера.Сцэна з балета «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.