ПУГА́НАЎ (Віктар Паўлавіч) (9.2.1901, г. Астрахань, Расія — 24.6.1941),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У пач. Вял. Айч. вайны камандзір 22-й танк. дывізіі, якая з 22.6.1941 вяла абарончыя баі на рубяжы Зах. Буга на Пд ад Брэста, 23 чэрв. ў час контрудару сав. войск з раёна г. Жабінка разграміла мотакалону ням. войск, разам з часцямі 28-га стралк. корпуса на ПнЗ ад г. Кобрын змагалася супраць 2 танк., 1 матарызаванай і некалькіх пях. дывізій ворага. Загінуў у баі.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́РЫН (Пурынь) Павел Паўлавіч

(12.2.1911, в. Рэчыца Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.5.1977),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1932), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага. У Чырв. Арміі з 1928. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, 2-м і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Ўкраіны, Малдовы, Прагі, штурму Берліна. Артыл. брыгада на чале з палк. П. вызначылася 27.1.1945, калі фарсіравала Одэр, скавала дзеянні праціўніка і дала магчымасць сапёрам аднавіць мост для пераправы сав. падраздзяленняў і баявой тэхнікі на плацдарм. Да 1956 у Сав. Арміі.

П.П.Пурын.

т. 13, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Мікалай Мікалаевіч) (14.12.1876, С.-Пецярбург — 2.3.1964),

расійскі вучоны ў галіне анкахірургіі, адзін з заснавальнікаў сав. анкалогіі. Чл.-кар. АН СССР (1939). Акад. АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Ваен.-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1899). У 1913—58 у Ін-це ўдасканалення ўрачоў у Пецярбургу (заг. кафедры), адначасова ў 1921—25 у 1-м Ленінградскім мед. ін-це. У 1926 заснаваў і ўзначаліў Ленінградскі анкалагічны ін-т. Навук. працы па тэарэт., эксперым. і клінічнай анкалогіі, ваенна-палявой хірургіі, транспланталогіі, дэанталогіі, хірург. лячэнні туберкулёзу, язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Дзярж. прэмія СССР 1942. Ленінская прэмія 1963.

В.​Р.​Кірэеў.

т. 13, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Мікалай Цітавіч) (31.12.1892, С.-Пецярбург — 11.12.1954),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1940), праф. (1941). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Засл. ўрач Беларусі (1948). Скончыў Ваен.-мед. акадэмію ў Петраградзе (1915). У 1935—41 заг. кафедры Віцебскага, у 1943—54 Мінскага мед. ін-таў (адначасова у 1944—51 нам. дырэктара). Навук. працы па пытаннях паталогіі органаў брушной поласці, пералівання крыві, агнястрэльных пашкоджанняў нерв. сістэмы.

Тв.:

Плечевые плекситы после огнестрельного ранения // Сб. науч. работ Ин-та теоретич. и клинич. медицины АН БССР. Мн., 1947;

Пенетрируюшие язвы желудка и двенадцатиперстной кишки // Сб. работ Минского мед. ин-та. Мн., 1949. Т. 2.

т. 13, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (27.2.1920, в. Вял. Качатоўка Такароўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 1.8.1992),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Барысаглебскую авіяц. школу пілотаў імя В.​П.​Чкалава (1939), Ваен. акадэмію Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну лётчык-знішчальнік, у 1942—44 камандзір эскадрыллі, у 1944—45 нам. камандзіра авіяц. палка на Паўд.-Зах., Цэнтр., Бранскім, Сталінградскім, Паўд., Паўн.-Каўказскім, 2-м Прыбалтыйскім франтах. Зрабіў 509 баявых вылетаў, збіў асабіста 16, у групавых баях 31 самалёт праціўніка. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.

А.К.Разанаў.

т. 13, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-АЗІЯ́ЦКІ БАНК,

самы буйны акцыянерны камерц. банк у Рас. імперыі. Засн. ў 1910 на базе Руска-кіт. і Рус. паўн. банкаў пры ўдзеле франц. манаполій. Спецыялізаваўся на крэдытаванні буйных прадпрыемстваў ваен., нафтавай, тытунёвай прам-сці, трансп. машынабудавання, залатых прыіскаў і інш. Да 1914 баланс банка складаў 675 млн. руб. (15% усяго балансу рас. акцыянерных камерц. банкаў). У 1917 меў 116 філіялаў, у т. л. за мяжой (у Кітаі, Манголіі, Індыі і інш.). На Беларусі аддзяленне Р.-А.б. дзейнічала да 1-й сусв. вайны (баланс 13,1 млн. руб.; 1914). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 банк нацыяналізаваны і ўвайшоў у склад адзінага Нар. банка Сав. рэспублікі.

т. 13, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ІСПА́НСКІ ДАГАВО́Р 1812 Аб саюзе супраць Францыі.

Падпісаны 20 ліп. ў г. Вял. Лукі (Расія) рас. канцлерам М.​П.​Румянцавым і ўпаўнаважаным ісп. картэсаў (парламента) Сеа Бермудэсам. Былі абвешчаны дружба, згода і саюз паміж дзяржавамі, выказаны іх цвёрды намер сумесна весці барацьбу супраць агульнага ворага — франц. імператара Напалеона І. Аляксандр І прызнаў законнасць картэсаў, што сабраліся ў г. Кадыс і прынятай імі Кадыскай канстытуцыі 1812. Аднаўляліся гандл, адносіны паміж краінамі. Паводле дагавора Расія і ісп. патрыёты ўзгаднілі ваен. намаганні ў барацьбе з Напалеонам, што ў пэўнай ступені ўскладніла перакідку франц. войск з Іспаніі ў Расію і Цэнтр. Еўропу ў час вайны 1812 і кампаніі 1813.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУТ ((Root) Эліў) (15.2.1845, г. Клінтан, штат Нью-Йорк, ЗША — 7.2.1937),

дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў юрыд. школу пры Нью-Йоркскім ун-це (1867). Працаваў юрыстам, у 1883—85 пракурор Паўд. акругі г. Нью-Йорк. У 1899—1904 ваен. міністр, у 1904—09 дзярж. сакратар ЗША, у 1909—15 чл. Сената ЗША. Асаблівую ўвагу аддаваў праблемам міжнар. арбітражу. У 1907 ініцыіраваў стварэнне Цэнтральнаамер. суда справядлівасці для ўрэгулявання спрэчак і канфліктаў паміж дзяржавамі Карыбскага басейна. Чл. Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе. У 1910—24 прэзідэнт Міжнар. фонду міру імя Карнегі, які вывучаў прынцыпы войнаў і шляхі іх прадухілення. Нобелеўская прэмія міру 1912.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХЛЕ́ (Іван Нічыпаравіч) (20.6.1899, в. Вялікае Сяло Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 17.1.1977),

генерал-маёр (1942). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931), Ваенна-паветр. (1933), Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20 на Зах. фронце, задушэння кранштацкага паўстання 1921. З 1924 нач. палкавой школы, камандзір палка, выкладчык акадэміі Генштаба. У Вял. Айч. вайну з 1941 нам. начальніка, начальнік штаба ВПС Чырв. Арміі, камандуючы авіягрупай Стаўкі на Бранскім і Паўд.-Зах. франтах, нам. начальніка штаба Паўд.-Зах. і Сталінградскага франтоў. Удзельнік распрацоўкі Ялецкай і Растоўскай аперацый. Да 1961 на адказных пасадах у Сав. Арміі, выкладчыцкай і навук. рабоце.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНСКАЯ ДЭМІЛІТАРЫЗАВА́НАЯ ЗО́НА Існавала ў 1919—36. Устаноўлена пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919

(гл. таксама карту да гэтага арт.),

ахоплівала тэр. Германіі на левым беразе р. Рэйн і паласу шырынёй 50 км на яе правым беразе. У зоне забаранялася размяшчаць герм. войскі, будаваць ваен. ўмацаванні і г.д. Яе мірны статус пацверджаны Лакарнскімі дагаворамі 1925. У сак. 1936 нацысцкі ўрад А.​Гітлера абвясціў пра аднаўленне поўнага суверэнітэту Германіі над Р.д.з. і ўвёў туды войскі, што прывяло да ліквідацыі зоны ў парушэнне ўмоў Версальскага і Лакарнскіх дагавораў. Пасля поспеху гэтай акцыі нацысты распачалі падрыхтоўку да аншлюсу Аўстрыі.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)