каардынацыйны цэнтр бел.нац.-вызв. руху ў кастр.—снеж. 1917. Утворана на 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (28.10—6.11.1917). Пастаянна дзеючым органам ВБР быў Выканаўчы к-т з 24 чал. У яго ўваходзілі В.А.Адамовіч (старшыня), А.У.Прушынскі (Алесь Гарун) і А.А.Смоліч (нам. старшыні), Л.А.Сівіцкая (Зоська Верас) і А.Сакалоўскі (сакратары) і інш.К-т падзяляўся на аддзелы ў адпаведнасці з галінамі кіравання. У кантакце з ім працавалі 9 генеральных камісараў Рады (Я.Я.Варонка, Б.А.Тарашкевіч, З.Х.Жылуновіч і інш.). Выканаўчы к-т разам з камісарамі ўтваралі Малую Раду («Савет 33-х»).
ВБР выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі, развіццё нац. культуры і мовы. Разглядала сябе як зародак вышэйшага органа дзярж. улады будучай аўтаномнай Беларусі. Разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай вяла работу па стварэнні бел.нац. войска. Выступіла з ініцыятывай і разам з Бел.абл. к-там склікала Усебеларускі з’езд 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́ВІЧ (Васіль Васілевіч) (10.1.1910, г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.12.1991),
бел.тэатр. мастак. Засл. дз. маст. Казахстана (1955). Скончыў Кіеўскі маст.Ін-т (1932). У 1933—58 працаваў у т-рах Днепрапятроўска, Саратава, Алматы. Выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1959—65). У 1958—62 гал. мастак Бел.т-ра імя Я.Купалы. Аформіў спектаклі: «Дні нашага нараджэння» І.Мележа (1958), «Каб людзі не журыліся» А.Макаёнка (1959) і інш. У 1963—73 гал. мастак Рус.драм.т-ра Беларусі, стварыў дэкарацыі да спектакляў: «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (1964), «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча (1965), «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ (1972) і інш. Афармляў таксама спектаклі ў Брэсцкім абл.драм. т-ры («Варвары» М.Горкага, 1979). У творчасці імкнуўся дасягнуць гарманічнай дакладнасці, спалучанай з фантазіяй, лаканізмам кампазіцыі, выяўл. сродкаў. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Л.Ф.Салавей.
В.Галубовіч. Эскіз дэкарацый да спектакля «Варвары» М.Горкага. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛАЎ (Павел Аўрамавіч) (13.11.1897, в. Красноўка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 11.2.1975),
бел. рэжысёр, драматург.Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскі ін-тсцэн. мастацтваў (1926). У 1930—36 працаваў у БДТ-1 (Бел.т-р імя Я.Купалы), адначасова заг. (1932—33), маст. кіраўнік (1935—36), выкладчык (1936—38) студый т-ра. Сярод пастановак: «Герой» Я.Рамановіча, «Мядзведзь» А.Чэхава, «Агаціна цялушка» (па сваёй п’есе; усе 1933), «Сімфонія гневу» В.Шашалевіча (1935, разам з Л.Літвінавым). Адыграў значную ролю ў дзейнасці калг.-саўгасных т-раў Беларусі. Маст. кіраўнік т-раў: Барысаўскага (1936—38) і Заслаўскага (1938—39) калг.-саўгасных, Пінскага абл.драм. (1939—41). Найб. значныя пастаноўкі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Сваты» І.Гурскага, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага, «Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні. У 1947—63 гал. рэжысёр Бел. радыё. Аўтар п’ес «Лявоніха» (1960), «Дзівосы на калёсах» (1961) і інш., інсцэніровак для радыё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВІНСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Валагодскай і Яраслаўскай абл. Расіі, у межах Малога-Шэкснінскай нізіны, на паўн.-зах. узбярэжжы і прыбярэжных мелкаводдзях Рыбінскага вадасх.Засн. ў 1945. Пл. 113 тыс.га, у т. л. 45 тыс.га акваторыі. Названы ў гонар Ч.Дарвіна. У межах Валагодскай вобл. ахоўная зона шыр. каля 2 км, агульнай пл. 17 тыс.га. Флора тыповая для падзоны паўд. тайгі; асн. тыпы расліннасці — лясы (каля 47 тыс.га) і балоты (больш за 17 тыс.га). Хваёвыя бары, сфагнавыя балоты; сярод 37 рэдкіх відаў вышэйшых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Расіі: чаравік сапраўдны і надбароднік бязлісты, касач сібірскі з рэгіянальнага спіса рэдкіх і знікаючых відаў флоры Пнеўрап.ч. Расіі. У фауне 37 відаў млекакормячых (у т. л. буры мядзведзь, куніца, лось, дзік, гарнастай і інш.), 200 відаў птушак (глушэц, цецярук, рабчыкі, шэры журавель, вадаплаўныя і балотныя віды), нерасцілішчы каштоўных рыб (лешч, судак, лінь і інш.). З 1963 доследная ферма па вырошчванні глушцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна з германскіх моў (скандынаўская падгрупа). Афіц. мова Даніі (у 16—17 ст. і Нарвегіі). Пашырана таксама на Фарэрскіх а-вах, у Грэнландыі і ЗША. Мае 3 групы дыялектаў: зах. (ютландскія, або юцкія), астраўныя (а-вы Зеландыі, Фюн і прылеглыя да іх), усх. (в-аў Борнхальм і інш.). Гісторыю Д.м. падзяляюць на 2 перыяды: стараж.-дацкі (9—15 ст.) і новадацкі (з 16 ст.).
Гал. асаблівасці Д.м.: у фанетыцы наяўнасць агубленых галосных пярэдняга раду, шматлікія дыфтонгі, значныя камбінаторныя змяненні зычных, накарэнны націск; у марфалогіі — вызначэнне 2 родаў (агульнага і сярэдняга), 2 склонаў, складаная сістэма часоў і ладоў дзеяслова, нязменнасць яго па асобах; у лексіцы — шмат запазычанняў з ням., франц., англ. моў. Пісьменства на аснове лац. алфавіту. Найб.стараж. помнікі — надпісы 9—11 ст. («Малодшыя руны», гл. ў арт.Руны і рунічныя алфавіты), рукапісы стараж.-дацкіх абл. законаў 13—14 ст. У 1495 з’явілася першая друкаваная кніга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУНО́Ў (Генадзь Рыгоравіч) (н. 27.5.1939, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). Працуе ў галіне пластычнай дэкар. керамікі, манум. габелена, афармлення інтэр’ераў. Арганізатар і кіраўнік габеленавага цэха (1971—73, 1976—77), гал. Мастак (1973—76) Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Зрабіў наборы дэкар. ваз (1968). Работы ў манум. мастацтве: сграфіта «Маяк» у кінатэатры «Кіеў» (1969, з А.Кішчанкам), габелены «Чалавек пазнае свет» у інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970, з А.Бельцюковай, Кішчанкам), «Музыка» ў муз. вучылішчы (1975, з Бельцюковай, Кішчанкам), «Напярэдадні» (1996) — усе ў Мінску, «Залаты сад» (1979, з В.Грыгарышынай; у пасольстве СССР у Індыі), «Песня» ў кавярні «Бярозка» (1974) і габелен-заслона «Натхненне» ў гар. Палацы культуры (1982, з Грыгарышынай) у Барысаве. Аформіў экспазіцыі музеяў К.Заслонава ў Оршы (1964) і Мінскага абл. краязнаўчага (Маладзечна, 1966), інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970), рэстарана «Юбілейны» (1980; абодва ў Мінску) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́ДАЎ (сапр. Вальфензон) Леанід Міронавіч
(3.6.1873, г. Адэса, Украіна — 6.8.1941),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1936). Д-р мастацтвазнаўства, праф. (1939). Вучыўся ў Маскоўскім імператарскім тэатр. вучылішчы (1895—96). З 1903 у трупе МХАТ. З 1935 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага. У творчасці прапагандаваў сістэму К.Станіслаўскага. Трагедыйны акцёр. Сярод роляў: Плюшкін («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Дзмітрый Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.Ібсена) і інш. Зняўся ў кінафільмах «Крылы халопа» (1926), «Габсек» (1937) і інш. З выпускнікоў курса Л. створаны Гомельскі абл.рус.драм.т-р (1939—41). Падрыхтаваў з імі ў час вучобы спектаклі: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Рэвізор» Гогаля, «Чайка» А.Чэхава, «Васа Жалязнова» Горкага і інш.
Тв.:
Воспоминания, статьи, беседы, записные книжки. М., 1960.
Літ.:
Любимов Н. Былое лето: Из воспоминаний зрителя. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІНАЎ (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 6.5.1920, г. Казань, Татарстан),
бел. акцёр. Засл. арт. Літвы (1955). Нар арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю пры Троіцкім драм. т-ры Чэлябінскай вобл. (1938). З 1936 працаваў у тэатрах Літвы, Малдовы і інш. У 1959—89 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Для творчасці Л. характэрны багацце псіхал. фарбаў, шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Працаваў у розных сцэн. жанрах. Сярод роляў: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Тарасаў («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Каравай і Пракусаў («Таблетку пад язык» і «Верачка» А.Макаёнка), Круціцкі («На ўсякага мудраца даволі прастаты» А.Астроўскага), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Роберт («Вучань д’ябла» Б.Шоу), дон Хераніма («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Марозаў («Вернасць» В.Бергольц), Капітон Ягоравіч («Шануй бацьку свайго» В.Лаўрэнцьева), Навум Еўсцігнеевіч і Лысы («Характары» і «Энергічныя людзі» В.Шукшына), Сава Марозаў («Трэцяя варта» Г.Капралава і С.Туманава), Сталін («Дзеці Арбата» паводле А.Рыбакова) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКА-РЭ́ЧЫЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав. войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1919 у Гомелі, на базе нацыяналізаваных у 1917 калекцый кн. І.І.Паскевіча, меў мастацкі профіль. З 1945 — гісторыка-краязнаўчы, з 1952 абл. краязнаўчы музей. Размешчаны ў палацы Румянцавых-Паскевічаў (арх. помнік 18—19 ст.). Мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 1013 м²), больш за 200 тыс. экспанатаў (1997). Аддзелы: прыроды, гісторыі, мастацтва. Экспануюцца карысныя выкапні, узоры расліннага і жывёльнага свету Гомельшчыны, матэрыялы з археал. раскопак краю, этнагр. калекцыі, старадрукі 16 — 19 ст. Значнае месца займаюць матэрыялы, прысвечаныя ўладальнікам Гомельскага маёнтка П.А., М.П. і С.П.Румянцавым, І.Ф.Паскевічу, а таксама рэв. руху ў краі канца 19 — пач. 20 ст., у т. л.Рудабельскай рэспубліцы і яе кіраўнікам. Вял. экспазіцыя прысвечана перыяду Вял.Айч. вайны, якая расказвае пра Гомеля абарону 1941, дзейнасць патрыят. і камсамольска-маладзёжнага падполляў, партыз. злучэнняў; экспануецца дыярама «Азарыцкія лагеры смерці» і інш. Праводзяцца маст. выстаўкі. Філіял — аддзел адкрытага захоўвання фондаў у в. Хальч Веткаўскага р-на.