МО́РКАЎКА (Аркадзь Андрэевіч) (26.1. 1900, в. Зазер’е Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1957),
бел.паэт. Скончыў БПІ (1934). Працаваў тэлеграфістам на ст. Мінск (1916—26), на з-дзе «Беларусь», у Палаце мер і вагі, выкладаў у БПІ. У Вял.Айч. вайну партыз. сувязны ў Мінску. Друкаваўся з 1922. Паэзія М. (зб. «Дым жыцця», 1928) вызначаецца філасафічнасцю, лірызмам, паглыбленнем у чалавечую душу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАВА́НАЯ АШМЯ́НКА,
вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл.
Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнЗ ад горада і 28 км ад чыг. ст. Ашмяны, 231 км ад Гродна. 338 ж., 134 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл Дзевы Марыі са званіцай (канец 18 — пач. 19 ст.), рэшткі друкарні (16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАВЕ́Ц,
пасёлак ў Брэсцкім р-не, на аўтадарозе Брэст—Ковель (Украіна). Да 1969 наз. Раманаўскія Хутары. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПдУ ад Брэста, 3 км ад чыг. ст. Каменная. 1705 ж., 555 двароў (1999). Міжгаспрадпрыемства па вытв-сці насення траў. Сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік С.Я.Багданчуку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́НЫ,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Браслаў—Турмантас (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад г. Браслаў, 240 км ад Віцебска, 50 км ад чыг. ст. Друя. 285 ж., 116 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай Анёльскай (1925). Каля вёскі геал. помнік прыроды Мяжанскі валун.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ЦІХААКІЯ́НСКАЕ ПАДНЯ́ЦЦЕ (ХРЫБЕ́Т),
падводны сярэдзіннаакіянічны хрыбет у паўд. частцы Ціхага ак., усх. працяг Аўстрала-Антарктычнага падводнага падняцця. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку на 4100 км, у раёне 135°зах. д. аддзяляецца разломам Элтанін ад Усх.-Ціхаакіянскага падводнага падняцця. Шыр. да 750 км, глыб. падэшвы 4500 м. Пераважная глыб. над хрыбтом 2500—3000 м, найменшая — 878 м. Ад інш. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў адрозніваецца больш вял. шырынёй, меншай выражанасцю рыфтавай зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЦАВА СЛАБАДА́,
вёска ў Казуліцкім с/с Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 6 км на ПнЗ ад г.п. Кіраўск, 93 км ад Магілёва, 28 км ад чыг. ст. Бярэзіна. 523 ж., 303 двары (2000). Цагельны і 3 асфальтавыя з-ды. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. У Вял.Айч. вайну партызаны разграмілі ў вёсцы ням.-фаш. гарнізон (гл.Пацаваслабодскі бой 1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ (Сцяпан Апанасавіч) (н. 27.3.1921, г. Полацк Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1945). З 1940 у Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў 1943, вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Аўстрыі. Камандзір аддзялення асобнага матарыз. пантонна-маставога батальёна сяржант П. вызначыўся ў снеж. 1944 пры пераправе цераз Дунай (на тэр. Венгрыі) некалькіх падраздзяленняў з тэхнікай. Да 1993 у нар. гаспадарцы.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬФСТРЫ́М (Gulf Stream),
сістэма цёплых цячэнняў у паўн.ч. Атлантычнага ак. Цягнецца на 10 тыс.км ад п-ва Фларыда да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі (уласна Гальфстрым) і далей да а-воў Шпіцберген і Новая Зямля (Паўночна-Атлантычнае цячэнне). Фарміруецца ў паўн.ч. Фларыдскага праліва як сцёкавае цячэнне Мексіканскага зал., рухаецца на Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, жывіцца водамі Паўн. Пасатнага і Гвіянскага цячэнняў. На Пд (у Фларыдскім прал.) Гальфстрым мае шыр. 75 км, таўшчыню патоку 700—800 м, скорасць да 10 км/гадз, т-ра вады на паверхні ад 24 да 28 °C, расход вады каля 25 млн.м³/с (у 20 разоў перавышае расход усіх рэк зямнога шара). У акіяне Гальфстрым злучаецца з Антыльскім цячэннем і на 38° паўн. ш. яго расход дасягае 82 млн.м³/с. Каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі шыр. 200 км, т-ра вады на паверхні ад 10 да 20 °C; скорасць да 4 км/гадз, каля берагоў Еўропы — 0,4—0,7 км/гадз. Сярэднегадавая салёнасць 36—36,4‰, макс. — 36,5‰ на глыб. 200 м. Да паўд. ускраіны Вял. Ньюфаўндлендскай банкі да Гальфстрыма падыходзіць з Пн халоднае Лабрадорскае цячэнне, на мяжы з якім адбываецца перамешванне і апусканне паверхневых вод. У сістэму Гальфстрыма ўваходзяць адгалінаванні Паўн.-Атлантычнага цячэння — Нарвежскае цячэнне, Ірмінгера цячэнне і Нардкапскае цячэнне. Гальфстрым аказвае значны ацяпляльны ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн.ч. Атлантычнага ак. і Паўн.-Ледавіты ак., а таксама на клімат Еўропы. Гальфстрым выяўлены ў 1513 ісп. экспедыцыяй пад камандаваннем Х.Понсе дэ Леона. У 1770-я г. Бенджамін Франклін нанёс напрамкі руху цячэння на геагр. карты. З 1966 Акіянаграфічнае ўпраўленне ВМС ЗША выдае штомесячную зводку па Гальфстрыму, у якой апісваецца яго стан у Паўн. Атлантыцы і фіз. якасці.
Літ.:
Толмазгин Д.М. Океан в движении. Л., 1976;
Дрейк Ч. и др. Океан сам по себе и для нас: Пер. с англ.М., 1982.