ПАЛЦІ́НА, палціннік,

манета вартасцю ў ​1/2 рубля. 1) У Стараж. Русі палавінны абрубак грыўні — рубля. На Беларусі абарачаліся П. наўгародскага (12—15 ст.) і зах.-рус. (13—15 ст.) тыпаў.

2) Грашова-лікавая адзінка Расіі, якая вызначала суму ў 100 дзенег (гл. Дзенга, 15—1-я трэць 16 ст.), пазней у 50 капеек. На Беларусі ў 1413 — пач. 16 ст. П. адпавядала 50 грошам пражскім, у 16—18 ст. — 50 грошам літоўскім або 62,5 грошам польскім.

3) Медная манета царскай Расіі, выпушчаная Новым (Англійскім) манетным дваром у 1654.

4) Сярэбраная манета Рас. імперыі ў 18—19 ст. Намінал — «полтина», у 1707, 1725—27 — «полтинникъ».

5) Залатая манета Рас. імперыі 1756, 1777—78, 1798—1859.

6) Сярэбраная манета СССР. Намінал — «один полтинник».

7) Сучасная прастамоўная назва манеты вартасцю ў 50 капеек.

Палціна: 1 — Расія, 1654; 2 — Расія, 1827; 3 — СССР, 1924.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1777—1924 у складзе Полацкай, Беларускай, Віцебскай губ., потым у БССР. Цэнтр — г. Полацк. Утвораны 22.3.1777 у складзе Полацкай губерні. З 12.12.1796 у Беларускай губ., з 27.2.1802 у Віцебскай губ. Пасля 1861 у П.п. 16 валасцей: Аляксандраўская, Андрэеўская, Арцейкаўская, Банонская, Вазнясенская, Гомельская, Ефрасіннеўская, Замшанская, Лаўжанская, Мікалаеўская, Міхайлаўшчынская, Петрапаўлаўская, Струнская, Тураўлянская, Уладзімірская, Юравіцкая. Пл. каля 4,2 тыс. км².

У 1873 у П.п. каля 90 тыс. ж., у т. л. каля 17 тыс. у Полацку, 1,7 тыс. дваран, 53,6 тыс. сялян. Паводле перапісу 1897 каля 142 тыс. ж. У 1923 пасля ўзбуйнення валасцей у П.п. іх стала 13: Бухарынская, Валадарская, Воркавіцкая, Дрысенская, Калінінская, Кастрычніцкая, Ленінская, Першамайская, Пралетарская, Працоўная, Сялянская, Сямёнаўская, Чырвонаармейская. З 3.3.1924 у БССР. 20.6.1924 далучаны Лепельская, Ушацкая, Хоцінская воласці Бачэйкаўскага пав. 17.7.1924 павет скасаваны, большасць яго тэрыторыі ўвайшла ў Полацкую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у нізоўі р. Свіслач (прыток Бярэзіны) у 14—18 ст. Першапачаткова ўяўляла сабой, напэўна, цэнтр. частку Свіслацкага княства, далучанага да ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. У 15 ст., верагодна, мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв. У 1-й пал. 16 ст. ўваходзіла ў Віленскае ваяв. У 1560 у С.в., як і ў інш. дзярж. маёнтках, праведзена зямельная рэформа, уведзена новая адзінка абкладання — служба. Паводле інвентара, складзенага з гэтай нагоды, у воласці (акрамя мястэчка і замка Свіслач) было 18 сёл з 484 дварамі, у якіх намерана 137 службаў. Паводле адм. рэформы 1565—66 тэр. С.в. на З ад р. Бярэзіна ўключана ў Мінскі пав., рэшта — у Аршанскі пав. У 1568 свіслацкі намеснік М.​Б.​Гарабурда атрымаў ад вял. кн. ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста прывілей на падараванне яму воласці, якая засталася за яго нашчадкамі як прыватны маёнтак.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рубе́ль 1 ’грашовая адзінка, роўная 100 капейкам’, ’банкнот і манета такой вартасці’ (ТСБМ), ст.-бел. рубель ’грашовая адзінка, роўная 100 грошам’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж рублёвы ’які каштуе адзін рубель’ (ТСБМ), рублёўка ’манета або казначэйскі білет вартасцю ў адзін рубель’ (ТСБМ). Як назва грашовай адзінкі ва ўсіх славянскіх мовах з рус. рубль ’рубель’, якое ад рубить ’сячы’ (гл. руб), паводле Фасмера (3, 511), “абрубак грыўны”. Параўн. укр. карбо́ванець пры карб ’засечка; рубец’, карбува́ти ’рабіць нарэзы; рэзаць; сячы’, карбо́ваний ’пакрыты разьбой; парэзаны’ (ЕСУМ, 2, 388). Гл. таксама рубель 2.

Рубе́ль 2 ’тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе сена, снапы і пад.’ (ТСБМ), ’жордка, да якой прымацоўваюць бярвёны пры складанні плытоў сплаўнога лесу’ (стол., лельч., петр., Маслен.), ’тоўстая рухомая жэрдка, на якой стаяць, крыючы страху саломай’, ’кладзь, якая агароджвае застаронкі ў станку (курэні)’ (ТС), рубэ́ль ’жэрдка ў нажной ступе’ (Клім.), ’прылада для ўціскання сена ці саломы на возе або машыне’ (пін., стол., Сл. Брэс.). Ст.-рус. рубль ’кляп, адсечаны кавалак’ (Сразн., 3, 182). Але, магчыма, новы беларускі аддзеяслоўны назоўнік з суф. ‑ель ад рубіць (гл.) са значэннем выніку дзеяння як бурдзе́ль ’пракіслая страва’ ад бурдзе́ць ’пракісаць’, круце́ль ’перавясла’ і ’падобныя’. Параўн. балг. ръ́бел ’адбітая частка прылады для рэзання, сячэння; зазубрына на вастрыі прылады’, н.-луж. rubjel ’абрубак палкі’ (< прасл. *robьlь ’адсечаны кавалак’, Шустар-Шэўц, 2, 1249).

Рубе́ль 3 ’драўлянае прыстасаванне для разгладжвання бялізны’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. дыял. рубе́ль ’тс’, ’жэрдка з зарубкамі па краях, якой прыціскаюць сена’. Фасмер (3, 511) выводзіць ад рубить (гл.). Відаць, да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гран

(лац. granum = зерне)

1) адзінка аптэкарскай вагі або вагі каштоўных металаў і камянёў, роўная 62,2 мг (у Англіі яна складае 64,8 мг);

2) перан. мізэрная велічыня.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

а́нгстрэм

[шв. A. Angström = прозвішча шв. фізіка і астранома (1814—1874)]

адзінка вымярэння даўжыні, роўная адной дзесяцімільярднай долі метра; прымяняецца ў оптыцы для вымярэння даўжыні светлавых хваль.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аі́л

(цюрк. ail)

1) пасёлак качавога тыпу ў кіргізаў і алтайцаў у мінулым;

2) сельская адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Кыргызстане;

3) качавая сямейная група ў мангольскіх народаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

айма́к

(манг. ajmak)

1) род, племя ў манголаў і цюркскіх народаў;

2) буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Манголіі;

3) мясцовая назва раёна ў Бураціі і на Алтаі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тор​2

[ад іт. E. Torricelli = прозвішча іт. фізіка (1608—1647)]

адзінка ціску, роўная ціску, які ўтварае слупок ртуці вышынёй у 1 мм; ужываецца пры вакуумных вымярэннях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

шы́лінг

(англ. shilling)

1) англійская манета, роўная 1/20 фунта стэрлінгаў (да пераходу на дзесяцічную грашовую сістэму ў 1971 г.);

2) грашовая адзінка Аўстрыі, роўная 100 грошам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)