АМЕРЫ́ЦЫЙ (лац. Americium),

Am, штучны радыеактыўны хім. элемент, ат. н. 95, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае, штучна атрыманы 13, найб. устойлівы ​243Am (перыяд распаду 7370 г.).

Адкрыта ў 1944 амер. вучонымі пры апрамяненні ​239Pu нейтронамі. Серабрысты метал, шчыльн. 13,67∙10​3 кг/м³, tпл = 1173 °C. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах, дэфектаскапіі, для атрымання больш цяжкіх элементаў (напр., плутонію, кюрыю). Высокатаксічны. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) ёсць на забруджаных тэр. Беларусі.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЯЛЯ́НСКІ (Васіль Леанідавіч) (10.3.1867, Палтава — 21.4.1928),

мікрабіёлаг. Акад. АН СССР (1923). Скончыў Пецярб. ун-т (1890). Вучань С.М.Вінаградскага. З 1893 у Ін-це эксперым. медыцыны ў Пецярбургу. Навук. працы аб ролі мікраарганізмаў у кругавароце рэчываў (азоту і вугляроду), яе комплексным даследаванні марфал. і фізіял. метадамі. У 1904 вылучыў культуру бактэрый, якія выклікаюць метанавае і вадароднае браджэнне цэлюлозы. Першы адзначыў, што мікраарганізмы можна выкарыстоўваць як хім. індыкатары. Аўтар першага ў Расіі падручніка «Асновы мікрабіялогіі» (1909).

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААЛІ́ТЫ [ад аа... + літ(ы)],

шара- або эліпсападобныя мінер. ўтварэнні з вуглякіслага кальцыю, вокіслаў і сілікатаў жалеза і марганцу, кальцыту, даламіту і інш. Памер ад 0,05 да 25 мм, канцэнтрычна-шкарлупінападобнай, часам радыяльна-прамяністай і складанай будовы. Ядром аалітаў могуць быць абломкі ракавін, пясчынкі і інш. Утвараюцца ў морах, цёплых крыніцах у выніку калоідна-хім. і біяхім. працэсаў. Трапляюцца ў вапняках і як разнавіднасць жалезных рудаў. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыю, ардовіку, дэвону, юры і інш.

Ааліт.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РЫЯ (італьян. avaria),

1) нечаканы выхад са строю тэхн. сістэмы, машыны, судна, самалёта і інш., іх пашкоджанне. Найб. частыя прычыны аварыі — адступленні ад нормаў тэхнікі бяспекі або парушэнні правілаў эксплуатацыі абсталявання, будынкаў, машын, тэхн. сістэм, памылкі ў іх праектаванні і тэхн. рэалізацыі. Буйныя аварыі на прадпрыемствах хім. і ядзернай прам-сці, транспарце (марскім, трубаправодным) могуць суправаджацца экалагічна небяспечнымі аварыйнымі выкідамі і чалавечымі ахвярамі.

2) Перан. — непрадбачанае парушэнне ў ходзе якой-н. справы; няўдача, няшчасце.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАБЕ́КАЎ (Уладзімір Янокавіч) (н. 19.1.1940, г. Грозны, Чэчня),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1981), праф. (1987). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1963). З 1963 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. даследаванні па фізіка-хіміі свабоднарадыкальных працэсаў у тонкіх плёнках арган. і высокамалекулярных злучэнняў, стварэнні рэзістыўных і палярызацыйных матэрыялаў для электроннай прам-сці.

Тв.:

Механизм жидкофазного окисления кислородосодержащих соединений. Мн., 1975 (разам з Я.​Ц.​Дзянісавым, М.​І.​Міцкевічам).

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1898 у г. Бабруйск як механічны, кацельны і чыгуналіцейны з-д (вырабляў абсталяванне для бровараў і інш.). З 1932 маш.-буд. з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1945. У 1961 пушчаны сталеліцейны цэх, у 1966—71 — чыгуналіцейны і электрацэх, рамонтна-мех. ўчастак, у 1981 — машыназборачны цэх. Асн. прадукцыя (1995): цэнтрабежныя помпы для гарнаруднай, металургічнай, нафтавай, хім., энергет. і інш. галін прам-сці і для камунальнай гаспадаркі.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМБУ́Л,

горад у Казахстане, цэнтр Джамбулскай вобл., на р. Талас. 312 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Вядомы з 5 ст. як г. Тараз (Талас). У 10—12 ст. сталіца Караханідаў дзяржавы. З 1864 у складзе Расіі. Да 1936 наз. Аўліе-Ата, у 1936—38 — Мірзаян. Перайменаваны ў гонар Джамбула Джабаева. Прам-сць: хім., буд. матэрыялаў. ДРЭС. З ВНУ. Гісторыка-краязнаўчы музей, 2 тэатры. Маўзалеі Карахана (11 ст., перабудаваны ў 20 ст.) і Шамансур (13 ст.).

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́РСІ-СІ́ЦІ (Jersey City),

горад на ПнУ ЗША, зах. прыгарад Нью-Йорка, на правым беразе р. Гудзон, у штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1630. Каля 230 тыс. ж., з прыгарадамі каля 600 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт (частка Нью-Йоркскага партовага комплексу). Прам-сць: нафтаперапр., хім. (выраб мыйных і парфумерна-касметычных сродкаў), эл.-тэхн. і радыёэлектронная, харчасмакавая (у т. л. перапрацоўка кавы), фармацэўтычная, швейная, тэкстыльная. Суднабудаванне. Вытв-сць прамысл. абсталявання. Музеі.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЁР (Györ),

горад на ПнЗ Венгрыі. Адм. ц. медзье Дзьёр-Шопран. Узнік на месцы стараж.-рым. паселішча Арабона. 130,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт пры ўпадзенні р. Раба ў суднаходную пратоку р. Дунай. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць партальных кранаў, канструкцый мастоў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, с.-г. машын, вагона- і дызелебудаванне), прам-сць тэкст., харч., хім. (вытв-сць сінт. скуры), дрэваапрацоўчая. Музеі. Сабор (12—19 ст.), цэрквы ў стылі барока.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУА́ЛА (Douala, Duala),

горад на З Камеруна. Знаходзіцца на левым беразе р. Вуры, за 21 км ад яе ўпадзення ў Гвінейскі зал., злучаны мостам з портам Банаберы на правым беразе ракі. Адм. ц. Прыбярэжнай правінцыі. 1200 тыс. ж. (1993). Гал. акіянскі порт, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., швейная, харчасмакавая, хім., лесапільная. Праз Д. праходзіць таксама частка тавараабароту Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі і Чада. Панафрыканскі ін-т развіцця.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)