БЮ́РГЕР (Bürger) Готфрыд Аўгуст

(31.12.1747, Мольмерсвендэ, каля г. Гарцгеродэ, Германія — 8.6.1794),

нямецкі паэт. Прадстаўнік руху «Бура і націск», блізкі да «гётынгенскай садружнасці паэтаў». Родапачынальнік ням. і еўрап. літ. балады. Прыхільнік нац. самабытнага мастацтва, адзін з першых увёў нар. песенны лад у ням. паэзію. Лепшыя балады Бюргера напісаны ў 1773—75: «Граф-разбойнік», «Сон беднай Зусхен», «Дзікі паляўнічы», «Ленора». Вяршыня паліт. лірыкі — верш «Селянін — свайму найсвятлейшаму тырану». Бюргеру належыць адна з апрацовак паданняў пра барона Мюнхгаўзена (1786). Аўтар эсэ «Аб распаўсюджанасці паэзіі ў народзе» (1777—78), эпіграм.

Тв.:

Рус. пер. — Ленора // Зарубежная поэзия в переводах В.А.Жуковского. М., 1985. Т. 2;

Удивительные путешествия на суше и на море, военные походы и веселые приключения барона фон Мюнхгаузена... М., 1985.

Літ.:

Лозинская Л.Я. Бюргер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕРЫ́ (Valéry) Поль

(30.10.1871, г. Сет, Францыя — 20.7.1945),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (1925). Аўтар паэм «Юная Парка» (1917), «Марскі могільнік» (1920), «Мой Фауст» (не скончана, 1941), паэт. зб-каў «Альбом старых вершаў» (1920), «Чары» (1922), драмы «Амфіён» (паст. 1931), літ.-філас. трактатаў «Вечар з панам Тэстам» (1896), «Ліст пані Эмілі Тэст» (1924), эсэ «Уводзіны ў сістэму Леанарда да Вінчы» (1895), «Становішча Бадлера» (1924), «Я часам гаварыў Стэфану Малармэ...» (1931), «Віктор Гюго...» (1935), «Усеагульнае вызначэнне мастацтва» (1935), «Паэзія і абстрактная думка» (1939), «Сшыткі» (т. 1—29, 1894—1945; выд. 1957—61), «Паэтычныя ўспаміны» (выд. 1947). Паэзіі Валеры ўласцівыя філас.-інтэлектуальная глыбіня, насычанасць міфалагічнай сімволікай, ускладненасць сінтаксісу, моўныя навацыі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1936;

Об искусстве. М., 1976.

Літ.:

Балашова Т.В. Французская поэзия XX века. М., 1982.

Е.А.Лявонава.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУР’Я́Н Барыс Іванавіч

(н. 7.1.1924, Масква),

бел. тэатральны крытык і празаік. З 1940 акцёр у т-рах Расіі. З 1946 працаваў у БелТА, час. «Неман», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1946. Аўтар нарысаў пра акцёраў А.Кістава і А.Клімаву, тэатр. калектывы, артыкулаў і эсэ, перакладаў з рус. мовы, п’ес для т-ра, радыё і тэлебачання, сцэнарыяў дакумент. кінанарысаў пра Г.Глебава, П.Малчанава, Р.Янкоўскага, Бел. акадэмічны т-р імя Я.Коласа. Выступае з тэатр. рэцэнзіямі і праблемнымі артыкуламі пра т-р у перыяд. друку.

Тв.:

У синей бухты;

Вальс Грибоедова;

Твоя повесть: [Повести]. Мн., 1966;

На театральных перекрестках. Мн., 1967 (разам з І.Ліснеўскім);

З сёмага рада партэра. Мн., 1978;

Судьба чужая — как своя. Мн., 1982;

Грозовые отголоски: Повести. Мн., 1984;

І толькі надпіс...: Арт. і эсэ. Мн., 1987.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШ (Busch) Эрнст

(22.1.1900, г. Кіль, Германія — 18.6.1980),

нямецкі спявак (барытон) і драм. акцёр. Чл. Нямецкай АМ. З 1921 працаваў у розных т-рах Германіі, выконваў сатырычныя паліт. і рэв. песні ў «чырвоных кабарэ» і рабочых клубах. Стварыў уласны выканальніцкі стыль, адзначаны рэв. пафасам, аратарскай выразнасцю. У садружнасці з паэтамі Б.Брэхтам і Э.Вайнертам, кампазітарамі Г.Эйслерам і К.Вейлем стварыў шэраг папулярных песень. Антыфашыст, у 1933 эмігрыраваў з Германіі. З 1945 адзін з вядучых акцёраў «Нямецкага тэатра», у 1950—60 — т-ра «Берлінер ансамбль». Уклад у муз. мастацтва — анталогія грампласцінак Буша «Песенная хроніка XX ст.». Нац. прэмія ГДР 1949, 1956, 1970, 1979.

Літ.:

Шнеерсон Г.М. Эрнст Буш и его время. М., 1971;

Hoffmann L., Siebig K.E. Busch: Eine Biogr. in Texten, Bildern und Dokumente. Berlin, 1987.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭН (Benn) Готфрыд

(2.5.1886, г. Мансфельд, Германія — 7.7.1956),

нямецкі паэт і пісьменнік. Пачынаў як паэт-экспрэсіяніст. Уменне спалучаць прыгожае з агідным, дэманстраваць найб. цяжкія і страшныя бакі жыцця, праўдзіва гаварыць пра чалавечыя пакуты выявілася ўжо ў першых зб-ках «Морг» (1912), «Плоць» (1917), «Шчэбень» (1919). У гады нацысцкага рэжыму Бэн у т.зв. унутр. эміграцыі. Яго творы забаронены да друку. У зб-ках «Статычныя вершы» (1948), «П’яны прыліў» (1949), «Дыстыляцыі» (1953) і інш. пераважалі філас. матывы, разважанні над шляхамі цывілізацыі (у свеце крывавых падзей 20 ст. погляд паэта часта песімістычны), над вечнай адзінотай чалавека, душу якога можа выратаваць толькі мастацтва. Позняй лірыцы Бэна ўласцівыя класічная яснасць і філігранная апрацоўка формы. Аўтар аповесці «Пталамеец» (1949), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Сумерки человечества. М., 1990;

Избр. стихотворения. М., 1994.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДО́ВІЧ Лілія Міхайлаўна

(н. 25.12.1936, г. Гродна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. У яе творчасці спалучаюцца быт. і рамантычнае мастацтва, вастрыня і яскравасць малюнка ролі з лірызмам і паэтычнасцю. Найб. поўна яе акцёрская індывідуальнасць раскрылася ў ролі Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» паводле І.Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966 за выкананне аднайм. ролі ў тэлеспектаклі). Сярод роляў: Рая, Соня, Галя («Пагарэльцы», «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал» А.Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Юлія Тугіна («Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Валька, Марыя Сяргееўна («У мяцеліцу», «Залатая карэта» Л.Лявонава), Шафрак («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Дзіяна («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Аманда («Блакітная ружа» Т.Уільямса). Здымаецца ў кіно («Вазьму твой боль», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і інш.), тэлеспектаклях («Крах», «Ткачы», «Федра»).

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́Ў Леў Уладзіміравіч

(13.1.1899, г. Тамбоў, Расія — 29.3.1970),

расійскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог; адзін з пачынальнікаў рас. кінамастацтва. Нар. арт. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1939 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У кіно пачынаў як мастак (1916). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Праект інжынера Прайта» (1918). Стварыў тэорыю мантажу («эфект К.»). Фармальныя і жанравыя пошукі ў фільмах «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924), «Прамень смерці» (1925), «Гарызонт», «Вялікі суцяшальнік» (абодва 1933) і інш. Стужкам К. ўласцівы напружанасць сюжэтаў, востра акрэслены малюнак роляў, высокая выяўл. культура. Аўтар кніг «Мастацтва кіно» (1929), «Асновы кінарэжысуры» (1941) і інш.

Тв.:

Собр. соч.: В 3 т. Т. 1—2. М., 1987—88.

Літ.:

Громов Е.С. Л.В.Кулешов. М., 1984.

т. 9, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН Уладзімір Акімавіч

(н. 7.5.1922, г. Астрахань, Расія),

расійскі акцёр, рэжысёр аперэты, педагог. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Уральскі ун-т (1951), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1962). З 1946 акцёр, з 1963 гал. рэж. Свярдлоўскага т-ра муз. камедыі, у 1986—88 — Маскоўскага т-ра аперэты, у 1990—97 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Пермскага опернага т-ра. У 1964—74 выкладаў ва Уральскай кансерваторыі, з 1988 праф. Маскоўскага ун-та культуры. Сярод пастановак: у Свярдлоўскім т-ры — опера «Арабела» Р.Штрауса, аперэты «Севастопальскі вальс» К.Лістова, «Белая ноч» Ц.Хрэннікава, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.Мурадэлі, «Гары, гары, мая зорка» С.Пажлакова, «Цудоўная Алена» Ж.Афенбаха, «Хэло, Долі!» Дж.Германа, «Учора скончылася вайна» В.Ільіна (залаты медаль імя А.Папова, 1986); у Пермскім т-ры — опера «Скупы рыцар» С.Рахманінава (1998).

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДА (Lada) Іосеф

(17.12.1887, Грусіцы, Чэхія — 14.12.1957),

чэшскі графік, жывапісец, тэатр. мастак, пісьменнік. Прадстаўнік нац.-дэмакр. кірунку ў чэш. мастацтве 1-й пал. 20 ст. Нар. мастак Чэхаславакіі (1947). Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Празе (1906—07). Зазнаў уплыў М.Алеша. Творчасць вызначаецца блізкасцю да традыцый нар. мастацтва. Сярод твораў: ілюстрацыі да кн. «Казкі пра Гонзіка і залатавалосую Ізолю» Я.Гаўлічака (1906), «Прыгоды бравага салдата Швейка» Я.Гашака (выд. 1926), «Байкі» Эзопа (1931); да ўласных кн. «Мая азбука» (1911), «Каламайка» (1913), «Вясёлае прыродазнаўства Лады» (1917), «Вершы Эрбена і народныя» (1920), «Хроніка майго жыцця» (1942); малюнкі «Вадзянік» (1937), «Раство» (1938), «Чэшская вёска» (1942), «Вясна» (1954) і інш. Працаваў як пейзажыст («Трыпціх з чэшскім пейзажам», 1935, і інш.). Афармляў тэатр. спектаклі.

Літ.:

Йозеф Лада: Книга о художнике. Л., 1971.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СА (Lasso) Арланда ды [сапр. Ралан дэ Ласю (Roland de Lassus); каля 1532, г. Монс, Бельгія — 14.6.1594], нідэрландскі кампазітар; найб. значны прадстаўнік нідэрландскай школы. Працаваў у Палерма, Неапалі, Рыме, Антверпене. З 1556 пеўчы, з 1563 кіраўнік прыдворнай капэлы ў Мюнхене. Творча пераўтвараў і абагульняў характэрныя рысы нідэрл., ням., франц., італьян. муз. культуры. Майстар хар. поліфаніі. Стварыў больш за 2 тыс. свецкіх і духоўных твораў — мадрыгалы, віланелы, песні, месы, магніфікаты, матэты, псалмы і інш., насычаныя глыбокім і шматвобразным эмацыянальна-псіхал. зместам. Узбагаціў выразныя сродкі поліфаніі строгага стылю. Яго музыцы ўласцівы меладычная насычанасць галасоў, шырокае выкарыстанне нар.-песеннага тэматызму, зварот да прыёмаў гамафоннага пісьма. Прадвызначыў паяўленне манодыі. Узоры поліфанічнага мастацтва змешчаны ў зб. матэтаў «Magnum opus musicum» (т. 1—6, 1604). Сярод вучняў Дк.Габрыэлі.

А. ды Ласа.

т. 9, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)