ДЭФЕКА́ЦЫЯ (ад лац. defaecatio ачышчэнне),
выдаленне незасвоеных рэшткаў ежы са стрававальнага тракту; у млекакормячых жывёл і чалавека — апаражненне тоўстых кішак ад калавых мас. Пры Д. рэфлекторна расслабляюцца сфінктары, якія закрываюць прамую кішку, і кал выкідваецца перыстальтычнымі рухамі тоўстай і прамой кішак. Цэнтр рэфлексу Д. знаходзіцца ў паяснічнай ч. спіннога мозга. Адвольны ўплыў, што стымулюе ці затрымлівае Д., ідзе ад кары галаўнога мозга.
т. 6, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІТО́К,
1) суквецце, у якім спіральна закручана больш маладая частка з нераспушчанымі кветкамі. У З. ад гал. восі (галінкі), якая нясе адну кветку, ніжэй адыходзіць другая аднакветкавая вось, ад яе ў гэты ж бок — вось 3-га парадку і г.д. З. характэрны для сям. бурачнікавых (святаяннік, шчамяліца, жывакост).
2) Абароты спіралі ракавіны ў некат. беспазваночных жывёл (напр., у бруханогіх малюскаў).
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭМЕ́НТЫ (ад лац. concrementum нагрувашчанне, зрастанне),
цвёрдыя ўтварэнні («камяні») у полых органах і вывадных пратоках залоз у чалавека і жывёл; могуць быць прычынай хваробы. Бываюць рознага памеру, формы і кансістэнцыі. Хім. састаў залежыць ад фізіял. уласцівасцей асяроддзя, у якім адбываецца ўтварэнне К. (жоўцевыя, мачавыя камяні і інш.). Прычыны ўтварэння К. агульныя (напр., парушэнні абмену рэчываў) і мясц. (напр., змена хімізму сакрэту).
т. 7, с. 587
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫНЕБАКТЭ́РЫІ,
група грамстаноўчых бактэрый. Уключае роды Arthrobacter, Brevibacterium, Cellulomonas, Corynebacterium (найб. вывучаны, 30 відаў) і інш. Знаходзяцца ў глебе і вадзе. Скрыўленыя ці булавападобныя палачкі, нерухомыя. Аэробы і факультатыўныя анаэробы. Утвараюць галінастыя формы. Сапрафіты. Прымаюць удзел у кругавароце рэчываў у прыродзе, некат. здольныя раскладаць пластмасы і гербіцыды. Прадуцэнты амінакіслот і вітамінаў. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (узбуджальнікі дыфтэрыі), жывёл і раслін.
т. 8, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭПСІ́НЫ (ад грэч. kathepsō ператраўляю),
пратэалітычныя ферменты з групы эндапептыдаз. Знаходзяцца ў лізасомах клетак жывёл, ажыццяўляюць унутрыклетачнае ператраўленне бялкоў. Маюць шырокую спецыфічнасць, оптымум актыўнасці — пры слабакіслым значэнні pH. Ёсць амаль ва ўсіх тканках цела, удзельнічаюць у працэсах распаду (катабалізму). Ва ўмовах нармальнай жыццядзейнасці распад бялкоў кампенсуецца іх сінтэзам. Пры гібелі ці пашкоджанні клетак К. выходзяць з лізасом і выклікаюць самаператраўленне тканак (аўтоліз).
т. 8, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎШЫКАВА (Любоў Паўлаўна) (н. 13.7.1926, в. Чолсма Галіцкага р-на Кастрамской вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1980), праф. (1981). Скончыла Ленінградскі вет. ін-т (1949). З 1954 у Віцебскім вет. ін-це (у 1978—93 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні марфалогіі нерв. сістэмы і сасудаў органаў стрававання с.-г. жывёл і пушных звяроў.
т. 8, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙДЫГ ((Leydig) Франц) (21.5.1821, г. Ротэнбург, Германія — 13.4.1908),
нямецкі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбург. АН (1897). Праф. ун-таў у Цюбінгене (1857) і Боне (1875). Навук. працы па параўнальнай гісталогіі органаў і тканак пазваночных жывёл і чалавека, гісталогіі беспазваночных. Разам з ням.гістолагам і эмбрыёлагам Р.А.Кёлікерам распрацаваў морфафізіял. класіфікацыю тканак (1857), апісаў від тканкі мужчынскай палавой залозы (прамежкавая тканка Л.).
т. 9, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНА́ДЫ, вакханкі, басарыды,
у старажытна-грэчаскай міфалогіі спадарожніцы Дыяніса (Вакха). Паводле міфаў, М., паўаголеныя, упрыгожаныя вінаградным лісцем і плюшчом, усё знішчаюць на сваім шляху жэзламі, забіваюць жывёл і п’юць іх кроў. Часам іх ахвярамі становяцца і людзі. У вар’яцкім захапленні М. клічуць Дыяніса Бромія («Шумлівага») або Дыяніса Плюшчавага воклічамі «Вакх, Эвое». Пад іх ударамі з зямлі цякуць малако і мёд.
т. 10, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСНА́Я МУКА,
бялковы канцэнтраваны корм. Атрымліваюць высушваннем і размолам адходаў ад забою жывёл, перапрацоўкі мяса (напр., вантробы, абрэзкі мяса) і вырабу мясных экстрактаў. Мае да 12% вады, 60—80% пратэіну, 8—10% тлушчу, 1,5—12,5% попелу, вітаміны групы B і інш. Хутка псуецца. Скормліваюць свінням і птушкам у сумесі з інш. кармамі, уключаюць у камбікармы. Часцей выкарыстоўваецца мяса-касцявая мука.
Л.Л.Галубкова.
т. 11, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЛЕ́ДАВАЛЬНАСЦЬ,
генатыпічная абумоўленасць зменлівасці адзнакі для папуляцыі або групы арганізмаў. Вызначаецца колькасна з дапамогай каэфіцыента. Больш нізкія каэфіцыенты атрымліваюцца для адзнак, якія абумоўліваюць біял. прыстасаванасць арганізмаў (пладавітасць, маса цела пры нараджэнні і інш.). Выкарыстоўваецца ў селекцыі для вызначэння патэнцыяльнай эфектыўнасці адбору (пры высокіх значэннях каэфіцыента эфектыўны масавы адбор), для прагназавання росту прадукцыйнасці парод жывёл, сартоў раслін, штамаў мікраарганізмаў.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)