старажытнарускае княства, утворанае ў 1199 у выніку аб’яднання князем Раманам Мсціславічам Галіцкага і Уладзіміра-Валынскага княстваў. Размяшчалася ў вярхоўях Днястра, Віслы, Нарава і Прыпяці, у канцы 13 ст. ўключала больш за 80 гарадоў. Пасля смерці Рамана Мсціславіча ў 1205 распалася на ўдзелы, але да 1240 кн. Даніла Галіцкі зноў аб’яднаў іх. У далейшым князі Галіцка-Валынскага княства браты Даніла і Васілька Раманавічы праводзілі палітыку падначалення сваёй уладзе Тураўскага, Пінскага і Новагародскага (Навагрудскага) княстваў, Берасцейскай зямлі і летапіснай Літвы (Верхняе Панямонне), якія выкарыстоўваліся імі як плацдарм для паходаў на Польшчу (1219, 1237) і на яцвягаў (1229, 1248, 1250, 1256). Князі Галіцка-Валынскага княства былі гал. знешнімі праціўнікамі ўтварэння ВКЛ, у 1248—49, 1251 і 1253 яны зрабілі 3 паходы на сталіцу дзяржавы — Новагародак. У 1254 новагародскі князь Войшалк аддаў сваю зямлю сыну Данілы Галіцкага Раману, а сам правёў 3 гады ў манастыры. У 1264 з дапамогай Галіцка-Валынскіх князёў Войшалк заваяваў літоўскія землі Нальшчаны і Дзяволтву, а ў 1267 перадаў велікакняжацкі пасад сыну Данілы Галіцкага Шварну. Пры вял. князю ВКЛ Трайдзеню Галіцка-Валынскія князі ў саюзе з татарамі ў 1274 і 1277 зрабілі спусташальныя паходы на Новагародак і Гародню (Гродна). Князі ВКЛ Будзікід і Будзівід аддалі ў 1289 валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу Ваўкавыск, каб захаваць з ім мір. У далейшым у выніку міжусобнай барацьбы Галіцка-Валынскае княства распалася. У 1340-я г. за землі былога Галіцка-Валынскага княства ваявалі ВКЛ і Польшча. Паводле пагаднення 1352 Галіцкая зямля падначалена Польшчы, а Валынская ўвайшла ў склад ВКЛ.
Літ.:
Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. М., 1950;
Котляр Н.Ф. Формирование территории и возникновение городов Галицко-Волынской Руси IX—XIII вв. Киев, 1985;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́ ТРА́НСПАРТ,
сукупнасць розных відаў транспарту, прызначаных для перавозкі пасажыраў і грузаў у горадзе і прыгараднай зоне, выканання работ па добраўпарадкаванні. Гарадскі транспарт — галіна гарадской гаспадаркі, уключае: трансп. сродкі (рухомы састаў), пуцявыя ўстройствы (рэльсавыя пуці, тунэлі, эстакады, масты, пуцеправоды, станцыі, стаянкі); прыстані і лодачныя станцыі, сродкі энергазабеспячэння (цягавыя электрападстанцыі, кабельныя і кантактныя сеткі, аўтазаправачныя станцыі); рамонтныя майстэрні і з-ды; дэпо, гаражы, станцыі тэхн. абслугоўвання; лінейныя прыстасаванні (сувязь, сігналізацыя, блакіроўка); дыспетчарскае кіраванне. Гарадскі транспарт падзяляецца на пасажырскі, грузавы і спецыяльны.
Пасажырскі гарадскі транспарт аб’ядноўвае вулічны (аўтобус, тралейбус, трамвай), пазавулічны скорасны (метрапалітэн, манарэйкавыя дарогі, фунікулёры, скорасны трамвай), легкавы аўтамабільны транспарт, двухколавы (матацыклы, веласіпеды, мапеды), водны (рачныя судны, паромныя пераправы, лодкі), паветраны (верталёты) транспарт. Да грузавога гарадскога транспарту адносяцца: грузавы аўтатранспарт (гл.Грузавы аўтамабіль), грузавыя трамвай, тралейбус, рачныя судны, чыг. транспарт прамысл, прадпрыемстваў. Спецыяльны гарадскі транспарт уключае: палівачна-мыечныя, падмятальныя, смеццеўборачныя і снегаўборачныя машыны, дарожныя рэманцёры, аўтавышкі, пажарныя машыны, рэфрыжэратары, санітарныя аўтамабілі і інш.
Да пач. 20 ст. ў гарадах Беларусі быў толькі конны транспарт. Конка ўяўляла сабой вагон на 20—30 чал., які цягнулі 2—3 кані (на пад’ёмах запрагалі яшчэ пару коней). Скорасць 5 км/гадз. Першая конка пушчана ў Мінску ў 1892, мела 4 аднакалейныя лініі даўж. больш за 7 км. У гадыграмадз. вайны не працавала, аднавіла работу ў 1921, заменена трамваем у 1929. У Магілёве конка працавала да 1910. Аўтобусны рух адкрыты ў Мінску ў 1924 (па 2 маршрутах), з 1934 стала працаваць таксі, з 1952 — тралейбус, з 1984 — метро. Першы на Беларусі трамвай пачаў працаваць у Віцебску 18.6.1898 (адзін з першых у Рас. імперыі), Наваполацку — з 1974, у Мазыры — з 1988. Тралейбусны рух пачаўся: у Мінску з верасня 1952, у Гомелі з 1962, у Магілёве з 1970, у Гродне з 1974, у Віцебску і Бабруйску з 1978, у Брэсце з 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся ў Мінску 5—16.2.1929. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздача ЦККП(б)Б (Я.Б.Гамарнік); даклад Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Я.М.Кроль); справаздача ЦКККП(б)Б (А.Я.Калнін); даклад аб пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР 1928/29—1932/33 (М.М.Галадзед); аб вярбоўцы рабочых у партыю і чыстцы КП(б)Б (І.А.Васілевіч); аб рабоце прафсаюзаў (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
Гал. ідэя, што вызначыла ход з’езда і яго пастановы, — ідэя абвастрэння класавай барацьбы. Ставіліся задачы ўсямернага і няўхільнага павышэння ўдзельнай вагі прам-сці, асабліва буйной, калектывізацыі сельскай гаспадаркі з прыярытэтам калгаснай і саўгаснай формаў. Гал. разлік рабіўся на адм. пры мусовыя меры ў спалучэнні з маральнымі стымуламі, на энтузіязм, сацыяліст. спаборніцтвы і паліт. выхаванне. Курс на адзяржаўленне вытв-сці і размеркавання, выцяснення прыватнага капіталу з вытв-сці, фінансаў, гандлю, які выразна выявіўся ў 1926—27, набыў у рашэннях з’езда завершанае афармленне. Указвалася на неабходнасць павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ, падрыхтоўкі маладых навук. сіл, якія выйшлі з пралет. асяроддзя. З’езд патрабаваў узмацніць барацьбу з праявамі шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, нацыянал-ухілізму ў розных формах, што прыкрывала змену курсу ўсёй нац. палітыкі. Для БССР гэта азначала адмаўленне ад палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў 1920-я гады. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 77 чл. і 57 канд., ЦКК з 76 чал., Цэнтр.рэвіз. камісію з 7 чал.
Літ.:
Стэнаграфічная справаздача XII з’езда КП(б)Б (5—14 лют. 1929 г.). Мн., 1929;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦКТ. 2. 1928—1932. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЭ́ЙДА-СУМІ́ЦКІ (Міхаіл Іванавіч) (14.6.1900, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.12.1981),
бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Маладзечанскую семінарыю (1918, на той час пераведзена ў Смаленск). Вакальную падрыхтоўку атрымаў у Харбіне (1920—22). У 1929—32 у Харбінскай оперы, у 1932—34 у Мілане, удасканальваўся ў Ф.Карпі, канцэртаваў у Міланскай кансерваторыі. У 1935—36 у Пазнанскай оперы (Польшча), з 1937 саліст Варшаўскага радыё, з 1940 саліст Нар.т-ра ў Празе, пазней канцэртны спявак. Адзін з яркіх прадстаўнікоў еўрап.вак. школы. Меў гнуткі, прыгожага тэмбру голас, яркую сцэн. знешнасць, акцёрскі талент; спяваў заўсёды на мове арыгінала. Сярод партый: Сінадал («Дэман» А.Рубінштэйна), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Уладзімір («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пінкертон, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Багема» Дж.Пучыні). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел.нар. песні, творы бел. кампазітараў (М.Аладава, А.Багатырова, М.Чуркіна, Р.Пукста і інш.). Першыя грампласцінкі, якія наспяваў З.-С., уключалі бел.нар. песні («Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Лявоніха» і інш.), у 1968 запісаў грампласцінку з бел.нар. песнямі. У гады 2-й сусв. вайны канцэртаваў у Ваўкавыску (1943), Вільні (1944) і інш. У 1963 канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. На працягу многіх гадоў не парываў сувязі з Беларуссю, цікавіўся творчасцю бел. пісьменнікаў, быў асабіста знаёмы з М.Танкам, Р.Шырмам. Пераможца многіх конкурсаў вакалістаў. Архіў З.-С. захоўваецца ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.
Тв.:
Песня сталася маёю моваю // Мастацтва Беларусі. 1990. № 6—7.
Літ.:
Станкевіч А. Міхаіл Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня. Вільня, 1938;
Плавінскі М. Салавей бацькаўшчыны мілай // Беларусь. 1990. № 2;
Сачанка Б. Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні // Маладосць. 1988. № 10.
Л.Ф.Голікава.
М.І.Забэйда-Суміцкі.М.Забэйда-Суміцкі ў ролях Ленскага (злева) і Герцага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка, прызначаная для аднаго муз. інструмента, ансамбля інструментаў або аркестра. Пачатковыя формы І.м. (сігналы, гукапераймальныя, магічна-абрадавыя найгрышы) вядомы з глыбокай старажытнасці. Розныя жанры І.м. прадстаўлены ў муз. культурах розных народаў свету. У еўрап.прафес. музыцы найб. пашыраны жанры мініяцюры, варыяцый, санаты, квартэта, квінтэта, трыо, сюіты, сімфоніі, сімфанічнай паэмы, канцэрта, фантазіі. Беларусы маюць разнастайны па жанрах і відах інстр. фальклор (гл.Народная музыка, Народныя інструментальныя ансамблі). У 11—12 ст. развіццё І.м. на Беларусі звязана з ваен., гар. і княжацкім замкавым побытам, дзейнасцю скамарохаў. З 15 ст. з будаўніцтвам касцёлаў культывуецца арганная музыка. Найб. ранні ўзор свецкай быт. ансамблевай І.м. т. зв.«Полацкі сшытак». Значны рост муз. культуры Беларусі ў канцы 18—19 ст., паяўленне таленавітых выканаўцаў-інструменталістаў, шматлікіх аркестраў і ансамбляў стымулявалі кампазітарскую інстр. творчасць. ААбрамовіч, І.Глінскі, М.Ельскі, Ф.Міладоўскі, Н.Орда стварылі багатую л-ру для скрыпкі і фп. (апрацоўкі нар. песень і танцаў, вальсы, мазуркі. паланэзы, накцюрны, маршы, праграмныя характарыстычныя п’есы, варыяцыі, санаты, скрыпічныя канцэрты). У перыяд станаўлення бел.прафес. кампазітарскай школы (1920—30-я г.) паявіліся першыя нац. сімфоніі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, камерна-ансамблевыя творы, п’есы для духавых інструментаў, зарадзілася традыцыя выкарыстання ў прафес. музыцы нар. інструментаў (найперш бел. цымбалаў). У пасляваен. гады інтэнсіўна развіваюцца жанры сімфоніі, канцэрта, санаты, расшыраецца кола муз. інструментаў і складаў, для якіх бел. кампазітары пішуць творы, асвойваюцца новыя жанры (напр., камерная сімфонія, канцэрт для аркестра, таката, бурлеска і інш.). Значныя дасягненні ў сферы І.м. маюць кампазітары Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, А.Багатыроў, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, І.Жыновіч, В.Капыцько, С.Картэс, А.Мдывані, П.Падкавыраў, Ф.Пыталеў, Дз.Смольскі, Р.Сурус, Э.Тырманд, Я.Цікоцкі, М.Чуркін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
назва дзвюх стараж.-яўр. дзяржаў у Паўд.Палесціне. Першая (раннерабаўладальніцкая) дзяржава ўзнікла ў 928 да н.э. ў выніку распаду Ізраільска-Іудзейскага царства (існавала з 11 ст. да н.э.) і знаходзілася пад уладай нашчадкаў Давіда. Сталіца — Іерусалім, дзе знаходзіўся храм бога Яхве — гал.рэліг. цэнтр іудаізму. Аснову эканомікі складалі земляробства і жывёлагадоўля. Уварванне егіпцян у гады праўлення Рэхаваама (928—911 да н.э.) і войны з Ізраільскім царствам аслабілі І.ц. Аднак пры цару Узіі [785—733 да н.э.] яно аднавіла кантроль над Ідумеяй і атрымала выхад да Чырвонага мора. Пасля разгрому Ізраільскага царства асірыйцамі (722 да н.э.) І.ц. стала даннікам Асірыі. Асірыйскае панаванне ліквідавана пры цару Іасіі [639—609 да н.э.], які далучыў да І.ц. большую ч.тэр. Ізраільскага царства. У 587 да н.э. І.ц. заваявана вавілонскім царом Навухаданосарам II, Іерусалім і храм разбураны, большасць насельніцтва выведзена ў палон. Другое І.ц. ўзнікла ў выніку паспяховага нац.-вызв. паўстання іудзеяў супраць улады сірыйскіх правіцеляў Селеўкідаў (167 да н.э.). Яго межы не былі пастаяннымі, тэр. ядро разам з уласна Іудзеяй складалі Галілея і Самарыя. Сталіца — Іерусалім. У 165—37 да н.э. на чале ўлады знаходзілася дынастыя Хасманеяў, прадстаўнік якой Арыстобул I [104—103 да н.э.] першы афіцыйна прыняў царскі тытул. Хасманеі ваен. шляхам далучылі да І.ц. новыя тэр., насельніцтва якіх прымусова іудаізавалася. У 63 да н.э. Іерусалім захапіў рым. палкаводзец Пампей Вялікі. З гэтага часу І.ц. знаходзілася пад пратэктаратам Рыма, а яго правіцелі былі рым. стаўленікамі. Апошнімі іудзейскімі царамі, пад уладай якіх знаходзіліся ўласна Іудзея, Самарыя, Галілея і інш. тэрыторыі, былі прадстаўнікі Ідумейскай дынастыі: Ірад I [37—4 да н.э.] і яго ўнук Агрыпа I [41—44 Н.э.]. У 6—41 і з 44 н.э. Іудзея — рым. правінцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ «ПАХО́ЖЫЯ»,
«людзі вольныя», феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ у 15—1-й пал. 17 ст., якія карысталіся правам вольнага пераходу ад аднаго феадала да другога і не былі прымацаваны да зямлі, як айчызныя людзі, людзі «непахожыя» або чэлядзь нявольная. Лічыліся асабіста вольнымі. У 15 ст. Л.«п.» складалі найб. групу сялянства. У актах 16 ст. Л.«п.» называюцца таксама людзьмі прыбылымі, «прыхожымі». Пераходзячы да інш. землеўладальніка, Л.«п.» павінны былі выплаціць грашовы эквівалент усіх павіннасцей, выканаць умовы «выхаду» і папярэдзіць пра гэта землеўладальніка. Л.«п.» маглі ўзяць з сабой сваю маёмасць. Феадал не меў права затрымліваць выхад Л.«п.» ці прысвойваць іх рухомыя рэчы («дамовыя статкі»). Колькасць Л.«п.» скарачалася па меры ўзмацнення паліт. правоў шляхты. У Статутах ВКЛ 1529 і 1566 тэрмін даўнасці, паводле якога «пахожы» селянін траціў права пераходу і станавіўся «непахожым», не быў агавораны, хоць у Статуце ВКЛ 1529 прыводзіцца 10-гадовы тэрмін земскай даўнасці. Гэты артыкул Статута феадалы Беларусі і дзярж. апарат выкарыстоўвалі, каб запрыгоніць Л.«п.», што пражылі ў іх маёнтках больш за 10 гадоў. Статут ВКЛ 1588 канстатаваў узмацненне працэсу запрыгоньвання Л.«п.». «Пахожы» селянін мог пайсці ад феадала, толькі адпрацаваўшы льготныя гады або заплаціўшы па 6 грошаў за льготны тыдзень. Калі ж «пахожы» селянін прабыў («засидел») у пана 10 гадоў, то незалежна ад таго, атрымліваў ад шляхціца дапамогу ці не, ён пазбаўляўся права пераходу і разам з дзецьмі пераводзіўся ў становішча отчыча. Ён мог адкупіцца, аддаўшы пану 10 коп грошаў і выплаціўшы атрыманую ад пана дапамогу. Але заплаціць такія грошы селянін фактычна не меў магчымасці. Збеглых Л.«п.» феадалы адшуквалі ўжо як отчычаў. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. «пахожыя» і «непахожыя» сяляне зліліся ў адну групу прыгоннага сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРС,
чацвёртая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Знак . Мае выгляд яркага свяціла чырвонага колеру (-2,01 зорнай велічыні).
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 227,94 млн.км. Адлегласць ад Зямлі мяняецца ад 55,7 млн. да 101,2 млн.км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце (эксцэнтрысітэт 0,0934) з перыядам 1,88 года (687 сут). Сярэдняя скорасць на арбіце 24,13 км/с. Перыяд абарачэння вакол восі 24,62 гадз. Раз у 2 гады адбываецца процістаянне М. (гл.Процістаянні планет), кожныя 15—17 гадоў — вялікія процістаянні. Экватарыяльны радыус М. 3397,2 км, палярны 3376,4 км, маса 6,42 ∙ 1023кг (каля 0,107 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 3943 кг/м³. Нахіл экватара да плоскасці арбіты (25,2°) абумоўлівае змену пораў года, аналагічных зямным. Паверхня М. пустынная. пакрытая камянямі; шмат кратэраў. Мінім.т-ра паверхні -140 °C, макс. — 20 °C. Атмасфера складаецца з вуглякіслага газу СО2 (95,32%) азоту N2 (2,7%), аргону Ar(1,6%), кіслароду О2 (0,13%), вадзяной пары (0,03%). Атм. ціск на паверхні 700 Па. М. мае паўночную і паўднёвую палярныя шапкі, якія складаюцца з замёрзлага вуглякіслага газу і вады; з надыходам лета ў адным паўшар’і яго шапка выпараецца, з надыходам зімы зноў з’яўляецца. Ніякіх прыкмет існавання жыцця на М. не выяўлена. Біял. эксперыменты, праведзеныя пры дапамозе пасадачных апаратаў «Вікінг», не выявілі наяўнасці жывых мікраарганізмаў у глебе. М. мае 2 спадарожнікі — Фобас і Дэймас. Большасць звестак пра М. атрымана пры дапамозе касм. апаратаў «Марс», «Марынер», «Вікінг».
Літ.:
Мороз В.И. Физика планеты Марс. М., 1978;
Поверхность Марса. М., 1980;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Фатаграфія паверхні планеты Марс, атрыманая пры дапамозе аўтаматычнай станцыі «Вікінг-1» (1976, ЗША).Да арт.«Марс». Аўтаматычная станцыя «Марс-1»: 1 — радыятар сістэмы тэрмарэгулявання; 2 — панэлі сонечных батарэй; 3 — вузканакіраваная антэна; 4 — арбітальны адсек; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі; 6 — востранакіраваная антэна.Агульны выгляд планеты Марс (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР САТЫРЫ.
Засн. ў 1924. З 1984 акадэмічны. На пачатку яго рэпертуар складалі агляды, памфлеты, вадэвілі. З пач. 1930-х г. аснова рэпертуару — быт. камедыя. Спектаклі 1930 — пач. 1950-х г. былі водгукам на надзённыя праблемы грамадства: «Чужое дзіця» (1933), «Простая дзяўчына» (1937) і «Страшны суд» (1940) В.Шкваркіна, «Факір на гадзіну» У.Дыхавічнага і М.Слабадскога (1945), «Дзень адпачынку» В.Катаева (1946), «Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава (1950). Ставілася і класічная драматургія: «Пан дэ Пурсаньяк» Мальера (1938), «Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні (1940), «Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага і М.Салаўёва (1945), «Камедыя памылак» У.Шэкспіра (1950). Этапнымі для т-ра сталі спектаклі «Лазня» (1953) і «Клоп» (1955) У.Маякоўскага. У станаўленні т-ра значную ролю адыгралі рэж. Д.Гутман, М.Гарчакоў, М.Пятроў, П.Васільеў. З 1957 гал.рэж.т-ра В.Плучак. Яго пастаноўкі «Ці быў Іван Іванавіч?» Н.Хікмета (1957), «Цёркін на тым свеце» А.Твардоўскага (1966) і інш. вызначылі публіцыстычную накіраванасць мастацтва т-ра, яркую відовішчнасць спектакляў. Т-р стварыў цыкл спектакляў, якія ўключаюць разнастайныя жанравыя элементы — ад трагедыі да фарсу: «Дон Жуан, або Любоў да геаметрыі» М.Фрыша (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.Гогаля (1972), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1976), «Бег» М.Булгакава (1977), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта і К.Вейля (1980, 1996), «Самазабойца» М.Эрдмана (1982), «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1983), «Ваяўніца» М.Ляскова (1988), «Ідэальны муж» О.Уайльда (1991), «Гарачае сэрца» Астроўскага (1992), «Утаймаванне свавольніцы» Шэкспіра (1994). Спектаклі адметныя спалучэннем жыццёвай дакладнасці з яркімі, вострымі тэатр. прыёмамі, музыкальнасцю, падкрэсленай, часта гратэскава завостранай выразнасцю пластыкі. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: В.Аросева, В.Васільева, Т.Васільева, М.Дзяржавін, У.Ляпко, І.Любезнаў, А.Міронаў, С.Мішулін, Г.Мянглет, А.Папанаў, Т.Пельтцэр, Б.Рунге, Л.Сухарэўская, Г.Тусузаў, У.Хенкін, Б.Ценін, А.Шырвінт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСЬКО́ (Павел Андрэевіч) (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 1972—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваен. вёсцы. Падзеі Вял.Айч. вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваен. жыццё ў рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 1—2, 1989—92). Аўтар дэтэктыўна-фантаст. аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці М. ўласцівы ўвага да бытавой стыхіі нар. жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае нар. слова. Аўтар зб-каў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы для дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.). Піша вершы.
На бел. мову пераклаў паэму М.Гогаля «Мёртвыя душы», казку П.Яршова «Канёк-гарбунок», аповесці Я.Носава «Шуміць лугавая аўсяніца» і «Чырвонае віно перамогі», У.Цендракова «Ноч пасля выпуску» і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1991;
Між мінулым і будучым. Мн., 1986;
Акрабат у бутэльцы. Мн., 1994.
Літ.:
Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Дзюбайла П. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982;