1) ручны або станочны дрэваапрацоўчы інструмент (разец) для выдзёўбвання адтулін, гнёздаў, пазоў і інш. Станочныя Д. бываюць полыя, з свердлам унутры (для свідравальна-даўбёжных станкоў), ланцугова-даўбёжныя і інш. 2) Інструмент, які выкарыстоўваецца пры ўдарным і вярчальным свідраванні адтулін (гл. ў арт.Буравы інструмент).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛА́ЕЎ Юрый Міхайлавіч (н. 7.6.1932, Масква),
артыст цырка. Нар.арт.СССР (1989). У цырку з 1944. З 1949 дрэсіроўшчык коней і наезнік. У 1960—75 выступаў з Л.Котавай. Выконвалі конна-балетную сюіту «Штраусіяна», сюжэтную кампазіцыю «Руская бярозка». З 1985 кіраўнік цыркавога коннага атракцыёна аб’яднання «Саюздзяржцырк» (з 1992 «Расдзяржцырк»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНТЫЯ́К»
(Pontiac),
сям’я легкавых аўтамабіляў аддзялення «Пантыяк мотар» канцэрна «Джэнерал мотарс карпарэйшэн» (ЗША). Выпускаецца з 1926. У асн. вырабляюцца спарт. пярэдне- і заднепрывадныя мадэлі з кузавамі розных тыпаў. Магутнасць рухавіка ад 90 да 205 кВт, найб. скорасць да 239 км/гадз.
Да арт. «Пантыяк»: кабрыялет «Пантыяк-Санфайр Коўп».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГІСТА́Н (іран., літар. — месца, укрытае пяском; тадж. рэгістон),
назва парадных плошчаў у гарадах Сярэдняй Азіі. Прастору Р. з 3 бакоў абмяжоўваюць пышна арнаментаваныя будынкі медрэсэ, мячэцяў, ханакі, караван-сарая і інш.Найб. вядомы Р. у г. Самарканд (Узбекістан) — шэдэўр горадабуд, мастацтва 15—17 ст.Іл.гл. да арт.Медрэсэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЁНАВА Людміла Пятроўна (н. 9.4.1944, г. Пенза, Расія),
бел. канцэртмайстар. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1967). З 1966 канцэртмайстар Нац.акад.т-ра балета Беларусі, адначасова з 1970 артыстка аркестра творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». У 1970—87 вяла канцэртную дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТА́З (ад грэч. ekstasis захапленне, раз’юшанасць),
1) найвышэйшая ступень захаплення, пры якой чалавек даходзіць да самазабыцця, калі-нікалі да раз’юшанасці.
2) У медыцыне — від афектыўнага псіхічнага расстройства, якое суправаджаецца стратай пачуцця рэальнасці, зменлівасцю свядомасці (напр., пры наркатычным ап’яненні, некат. формах шызафрэніі). Э. рэлігійны гл. ў арт.Фанатызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТЛЯ́НДЫЯ,
гістарычная назва паўн. часткі Эстоніі. З 13 ст. пад уладай Даніі, у 1346—1561 — Лівонскага ордэна, у 1561—1710 — Швецыі. У выніку Паўночнай вайны 1700—21 далучана ў 1710 да Расіі: з 1710 Рэвельская, у 1783—1917 Эстляндская губ. (гл. таксама гіст. нарыс у арт.Эстонія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НІНА Эма Ільінічна (н. 12.6.1939, Душанбе),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыла Бел. кансерваторыю (1969). З 1969 артыстка хору Беларускага тэлебачання і радыё пад кіраўніцтвам В.Роўды, з 1981 у Бел.дзярж.акад.хар. капэле імя Р.Шырмы, адначасова з 1998 педагог пры ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. applicatio прыкладванне),
у мастацтве спосаб стварэння дэкору (арнаменту, малюнкаў) і тэатр. дэкарацый, аздаблення адзення, прадметаў побыту і інш. нашываннем ці наклейваннем рознакаляровых кавалачкаў матэрыялаў (тканіны, паперы, саломы, скуры) інш. колеру ці фактуры; твор, выкананы такім спосабам. Пашырана ў многіх народаў свету: украінцаў, чэхаў (аплікацыя саф’янам і сукном скураной вопраткі), палякаў (аплікацыя папяровых выцінанак), манголаў (аплікацыя сукном, лямцам і скураю юртаў, дываноў, сумак), народаў Д. Усходу (аплікацыя футрам і рыбінай скурай дываноў і адзення) і інш. Здаўна вядомая на Беларусі. Аплікацыямі аздаблялі побытавыя рэчы, адзенне; аднатоннымі ці паліхромнымі кавалачкамі саломы, наклеенымі ў выглядзе геам. і стылізаваных раслінных узораў, упрыгожвалі драўляныя куфэркі, сальніцы, рамкі; аплікацыі саломкай па чорным палатне аздаблялі насценныя дываны. З канца 19 ст. аплікацыямі з кавалачкаў фабрычных тканін аздаблялі адзенне (Брэстчына), часам канцы ручнікоў (Случчына). У наш час у тэхніцы аплікацый саломай аздабляюць сувенірныя куфэркі, каробкі, пано і інш.
У літаратуры аплікацыя — уплятанне ў вершаваны тэкст вядомага выслоўя (прымаўкі, радка з песні, верша і інш.). На выкарыстанні нар. прымавак заснаваны верш П.Панчанкі «Простыя ісціны», радкоў з нар. песні «Дробненькі дожджык дый накрапае» — аднайменны верш Р.Барадуліна. Своеасаблівы від аплікацыі — уключэнне ў вершаваны тэкст назваў твораў або кніг вядомага пісьменніка, мастака: «То не плач яго Бандароўны, // А зажынкавы спеў ля гаю, // Што калісьці было безназоўным, // і імя і спадчыну мае» (С.Ліхадзіеўскі. «Светлай памяці Янкі Купалы»).
Да арт.Аплікацыя. Дываны. Аплікацыя па тканіне. Вёска Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл. 1980.Да арт.Аплікацыя. Пано «Птушка». 1973.Да арт.Аплікацыя. Куфэркі. 1990-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,
адна з галоўных жывапісных школ Італіі ў 14—18 ст. Для яе характэрны дасканалае валоданне магчымасцямі алейнага жывапісу, асаблівая ўвага да каларыту. Венецыянскі жывапіс 14 ст. адметны дэкар. арнаментальнасцю, святочным гучаннем колеру, перапляценнем гатычных і візант. традыцый. З сярэдзіны 15 ст. ўзнікаюць рэнесансавыя тэндэнцыі, узмоцненыя фларэнтыйскім уплывам. Найб. росквіту школа дасягнула ў 1-й пал. 16 ст. (Джарджоне, Тыцыян). У творах майстроў 2-й пал. 16 ст. віртуознасць у перадачы колеравага багацця свету спалучаецца з паэтычнай адухоўленасцю, мяккай і свабоднай жывапіснай манерай (П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джавані Беліні). У 17 ст. школа перажывала творчы спад. Новы яе росквіт у манум.-дэкар. і жанравым жывапісе (Дж.Б.Цьепала, Дж.Б.П’яцэта), арх. пейзажы (т.зв. ведута; Дж.А.Каналета, Б.Белота) адносіцца да 18 ст.
Літ.:
Пиньятти Т. Венецианская школа: Альбом: Пер. с итал. М., 1983.
Да арт.Венецыянская школа жывапісу. Джавані Беліні. Мёртвы Хрыстос. Каля 1470.Да арт.Венецыянская школа жывапісу. Я.Тынтарэта. Дыяна і Актэон. 1556—59.