АЗЕРАЦКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (1750, с. Азерацкае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.3.1827),

рускі натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1782). У 1768—72 удзельнічаў у акад. экспедыцыі па вывучэнні прадукц. сіл. Расіі. У 1773 працаваў на Беларусі, сабраў матэрыял пра стан гаспадаркі, побыт насельніцтва, прыроду, склаў гербарыі раслін Віцебскай губ. (400 відаў) і заал. калекцыі. Падарожнічаў па Анежскім і Ладажскім азёрах, воз. Ільмень, вярхоўях Волгі, воз. Селігер. Аўтар каля 100 навук. прац па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАШЫ́ДЗЕ (Грыгол Рыгоравіч) (1.8.1914, г. Чыятура, Грузія — 29.7.1994),

грузінскі пісьменнік. Акад. АН Грузіі (1979). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тбіліскі ун-т (1936). Распрацоўваў гіст. і актуальныя тэмы сучаснасці: паэмы «Георгій Шосты» (1942), «Непераможны Каўказ» (1943), «Легенда пра першых тбілісцаў» (1959), цыкл вершаў «Продкі і сучаснікі. Літаратурныя пісьмы» (1979), зб. вершаў «Залаты вінаграднік» (1966) і інш. Раманы (трылогія) «Лашарэла» (1957), «Доўгая ноч» (1963), «Цотнэ, або Падзенне і ўзвышэнне Грузіі» (1975) прысвечаны Грузіі 11—13 ст. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДАРАХМА́Н III ан-Насір

(Перамаганосны; 7.1.891—961),

эмір (з 912), халіф (з 929) Кардоўскага эмірата. У выніку 30-гадовай барацьбы з мясц. феадаламі і плямёнамі аднавіў адзінства эмірата, які распаўся пры яго папярэдніках. Падначаліў Сеуту (Марока), Таледа (Іспанія); яму плацілі даніну Леон і Навара. Устанавіў дыпламат. адносіны з Візантыяй і Атонам I у Германіі. Стварыў мацнейшы на Міжземным моры флот. Сфарміраваў гвардыю з еўрап. (пераважна славянскіх) рабоў. Спрыяў развіццю навук і мастацтва. Яго праўленне — вяршыня магутнасці кардоўскіх Амеядаў.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАІ́МАЎ (Іван Васілевіч) (8.3.1894, г. Анесі, Францыя — 2.12.1981),

рус. фізік, стваральнік навук. школы па фізіцы цвёрдага цела і нізкіх тэмператур. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1915). З 1919 у навук. установах Петраграда, Харкава, Масквы. Навук. працы па фізіцы крышталёў, оптыцы і оптатэхніцы. Распрацаваў метад вырошчвання монакрышталёў з расплаваў, заклаў асновы нізкатэмпературнай спектраскапіі, сканструяваў шэраг спектральных прылад. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

О приложении френелевой дифракции для физических и технических измерений. М.; Л., 1945.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕ́НЬЕЎ (Канстанцін Іванавіч) (23.10.1789, в. Міроханава Кастрамской губ. — 11.12.1865),

рускі географ, статыстык. Акад. Пецярбургскай АН (1836). Праф. Пецярбургскага ун-та (1819—21). У 1828—35 выкладаў гісторыю і статыстыку будучаму рас. імператару Аляксандру II. Адзін з заснавальнікаў Рус. геагр. т-ва. Навук. працы па статыстыцы, эканам. раянаванні Расіі і геаграфіі.

Тв.:

Начертание статистики Российского государства. Ч. I. О состоянии народа Спб., 1818. Ч. 2. О состоянии правительства. Спб., 1819;

Краткая всеобщая география. Спб., 1818;

Статистические очерки России. Спб., 1848.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНАСЕРА́Ф ((Benacerraf) Барух) (н. 20.10.1920, г. Каракас, Венесуэла),

амерыканскі генетык, мікрабіёлаг і імунолаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтва. Скончыў мед. каледж штата Віргінія. З 1948 у Калумбійскім, з 1956 у Нью-Йоркскім ун-тах, з 1968 у Нац. ін-це аховы здароўя, адначасова з 1970 праф. Гарвардскай мед. школы. З 1980 прэзідэнт Міжнар. саюза імуналагічных т-ваў. Навук. працы па генетычным кантролі імуналагічных рэакцый арганізма. Нобелеўская прэмія 1980 (разам з Ж.Дасэ і Дж.Д.Снелам).

Б.Бенасераф.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРУКО́Ў (Марат Паўлавіч) (н. 12.3.1938, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэорыі надзейнасці. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1960). З 1972 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі, адначасова з 1994 праф. Бел. тэхнал. ун-та. Навук. працы па імавернасным прагназаванні надзейнасці машын і іх тэхн. дыягностыцы на стадыі паскораных выпрабаванняў і эксплуатацыі.

Тв.:

Теория и расчет механизмов и их деталей. Мн., 1975;

Динамика и прогнозирующий расчет механических систем. Мн., 1980.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́СМАН ((Graßmann) Герман Гюнтэр) (15.4.1809, г. Шчэцін, Польшча — 26.9.1877),

нямецкі матэматык, фізік, мовазнавец. Чл.-кар. Гётынгенскай АН. З 1842 у Шчэцінскай гімназіі. Навук. працы па матэматыцы, акустыцы, магнітным узаемадзеянні токаў, колеразнаўстве (устанавіў законы складання колераў; 1853). Прапанаваў першую сістэматычную пабудову мнагамернай эўклідавай прасторы, якая садзейнічала развіццю вектарнага і тэндэрнага злічэнняў. Склаў слоўнік да гімнаў Рыгведы (помніка стараж.-інд. л-ры; 1875).

Літ.:

Клейн Ф. Лекции о развитии математики в 19 ст.: Пер. с нем. Ч. 1. М.; Л., 1937.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́МЕР (Якаў Пінкусавіч) (10.8.1879 г. Брэст — 11.4.1933),

бел. матэматык. Д-р філасофіі (1912). Вучыўся ў Берлінскім, Марбургскім і Гётынгенскім ун-тах. У 1915—28 асістэнт А.​Эйнштэйна ў Берліне. З 1928 праф. БДУ, адначасова з 1931 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. Навук. працы па матэматыцы, агульнай тэорыі адноснасці і рэлятывісцкай механіцы.

Тв.:

Общая теория относительности и закон движения (разам з А.​Эйнштэйнам) // Эйнштейн А. Собрание научных трудов: [Пер. с нем. и англ.]. М., 1966. Т. 2.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ТАЎ (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 6.4.1936, Ташкент),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў Сярэднеазіяцкі дзярж. ун-т (1959). З 1971 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нейтронна-актывацыйным аналізе, радыяцыйна-стымуляваных працэсах у паўправадніках. Распрацаваў метады гетэрыравання дамешкавых элементаў у паўправадніковых структурах, спосабы павелічэння радыяцыйнай устойлівасці мікрасхем і інш.

Тв.:

Активационный анализ в науке и технике. Мн., 1984 (разам з Г.​В.​Леушкінай, В.​А.​Комарам).

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)