гру́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Куча зваленых у беспарадку прадметаў, рэчаў. Груды развалін. □ Быццам вузей стала вуліца, заваленая грудамі бярвення. Васілевіч. Цёмнай грудай.. ляжалі непатрэбныя гаспадарчыя прылады. Самуйлёнак.
2. Замёрзлая, засохлая гразь. Ехалі ж мы яшчэ на калёсах, па замёрзлай грудзе. Гарэцкі.
3. Глыба, кусок чаго‑н. цвёрдага, звычайна зямлі. Затарахцелі, забрынчэлі пабітыя калёсы, падскокваючы на мёрзлых грудах. Шамякін. Збіваючы да крыві аб каменне і груды босыя ногі, бяжыць цыбаты Гараська Бусел. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.
1. Летучы, дасягнуць якога‑н. месца. Арол даляцеў да вяршыні гары. Даляцець да Месяца. □ Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Ажно да гарматы са свістам даляцелі кавалкі металу. Шамякін.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджваючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра гукі, пахі і пад.); данесціся. З ветрам даляцеў да вушэй Янавых чалавечы крык. Галавач. Весць аб наступе Чырвонай Арміі даляцела і да партызан. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ашале́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які захварэў на шаленства, звар’яцеў.
2. Раз’юшаны, узлаваны. Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Лынькоў. На падмогу яму падскочылі два таварышы і ледзь утрымалі ашалелага каня. Машара. // Збянтэжаны ад страху, разгублены. [Немцы] .. правялі прамільгнуўшага перад імі матацыкліста ашалелымі позіркамі. Шамякін.
3. перан. Нястрымны, магутны. Вада кідалася на турбінныя таркі з вялікім ашалелым напорам. Баранавых. І ляцелі на вёскі З новай весткай няспынна Ашалелыя, З грывай агню Цягнікі. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
барані́цца, ‑ранюся, ‑ронішся, ‑роніцца; незак.
Абараняцца, адбіваючы напад праціўніка, ворага. Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца, Скала непрыступная наша граніца. Крапіва. Мы паспрабавалі бараніцца гранатамі, але і гранат хапіла на некалькі мінут. Няхай. // Разм. Засцерагаць сябе ад каго‑, чаго‑н. Ад чалавека лягчэй бараніцца, калі той нападае адкрыта, а не б’е ў спіну, знянацку. Шамякін. Ляныя валы паціху ідуць уперадзе сахі, бароніцца хвастамі ад аваднёў і мух, махаюць галовамі, аж ярмо рыпіць. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адваро́т, ‑а, М ‑роце, м.
1. Адагнуты і прыгладжаны (прыпрасаваны) край адзення ці абутку. Махнач моўчкі адышоў да сваёй скрыні і сеў там, а Полаз на дзіва хутка падняўся, стаў тварам у твар, узяў Лемяшэвіча за адварот пінжака. Шамякін.
2. Адваротны бок чаго‑н., напрыклад, кнігі, канверта, здымка і пад. Адварот паштоўкі. □ Собіч, не адрываючыся, сачыў, каб не асталося дзе прапускаў, бо часамі подпіс павінен быць толькі наверсе, а часамі і на адвароце. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аўра́л, ‑у, м.
1. Сумесная работа на марскім судне, у якой удзельнічае ўся каманда.
2. перан. Празмерна спешная работа ўсяго калектыву, выкліканая адсутнасцю планамернасці ў працы. Па вадзе, падкасаўшыся, бегалі хлапчукі і дзяўчаткі, будавалі земляныя «плаціны». Але вада рвала іх, і тады аб’яўляўся аўрал: крычалі, папракалі адзін аднаго, камандавалі. Шамякін. Для мар і спрэчак ночы не хапала, а ў дзверы грукаў раніцай прафорг. — Выходзь, навукі геніі, аўралам ад утылю ачысцім двор! Русецкі.
[Англ. over all — наверх усе.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́рхам, прысл.
1. Седзячы на кані, спусціўшы ногі па абодва бакі яго; седзячы на кім‑, чым‑н., як на кані. [Ладынін:] — Хочацца прабегчы па разоры паміж жытам, праехаць верхам на кані... Шамякін. Па аслах, мулах і вярблюдах мараканскія сяляне ездзяць верхам і перавозяць грузы. В. Вольскі.
2. Зверху, па версе. Агонь імкліва пашырыўся і ўзляцеў на верхавіны ялін і соснаў — і пайшоў шумець нізам і верхам. Шчарбатаў.
•••
Верхам сесці на каго гл. сесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., што.
1. Паспешліва адняць. [Аляксей] палажыў свае дужыя, запэцканыя ў мазуту рукі на белы падаконнік, але тут жа паспешліва адхапіў іх і схаваў за спіну. Шамякін. Любка нечакана стукнула яму па руцэ і крыкнула: — Не лезь! — Паліцай адхапіў руку, як ад прыску. Дамашэвіч.
2. Разм. Набыць, дастаць, ухапіць; зарваць. Зямля была вельмі ўрадлівая. Ксавэр Блецька ведаў, які кавалак адхапіць ад Гальваса. Чорны.
3. Разм. Зарабіць, атрымаць. Адхапіць двойку. Адхапіць вымову.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
1. Займацца агітацыяй (у 1 знач.). Трэба мець на ўвазе, што ў гэтай выбарчай кампаніі кожнаму агітатару прыйдзецца агітаваць адначасова за некалькіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. «Звязда». Самае большае, што маглі зрабіць камсамольцы, гэта агітаваць за таварыства. Крапіва.
2. каго. Разм. Пераконваць у чым‑н., схіляць да чаго‑н.; угаворваць. Астатнія [вучні] аднесліся да гуртка з іроніяй, кпілі, бяскрыўдна жартавалі: кожны агітаваў суседа, а сам не запісваўся. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змары́ць, змару, зморыш, зморыць; зак., каго.
1. Давесці да стану знямогі, стомленасці; знясіліць, стаміць. Нарэшце, дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні мароз, ні гром. Маўр. Шыковіч вырашыў гаварыць нядоўга, каб не змарыць і так ужо стомленых за дзень людзей. Шамякін.
2. Адолець (пра сон). Віктар урэшце прымоўк, утуліў галаву ў плечы, і мне здалося, што яго змарыў сон. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)