МАКО́ЛЕЙ ((Macaulay) Томас Бабінгтан) (25.10.1800, Ротлі-Тэмпл, Вялікабрытанія — 28.12.1859),
брытанскі гісторык і паліт. дзеяч. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це. У 1833—38 чл.Вярх. савета пры віцэ-каралю Індыі: кіраваў складаннем крымін. кодэкса, правёў рэформу асветы, накіраваную на пашырэнне сеткі школ і прымусовае ўкараненне англ. культуры і мовы. Ваен. міністр Вялікабрытаніі ў 1839—41. Выступаў супраць ідэі ўсеагульнага выбарчага права, у якім бачыў пагрозу цывілізацыі. Аўтар «Гісторыі Англіі» з 1685 па 1702 (т. 1—5, 1849—61), а таксама папулярных гіст. твораў, дзе ў бліскучай літ. форме паказваў гісторыю Англіі як няспынны рух да росквіту пад кіраўніцтвам вігаў. Самай значнай падзеяй сусв. гісторыі лічыў англ. «Слаўную рэвалюцыю» (дзярж. пераварот 1688—89).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ШКІН (Сяргей Іванавіч) (15.7. 1888, в. Хамякова Данкоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 22.6.1988),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1905. Зб-кам вершаў «Мускулы» (1918) і «Мяцяжы» (1920) уласцівы публіцыстычнасць, навізна рытмаў. Раманы і аповесці «Запісы Ананія Жмуркіна» (1927), «Дзве вайны і два міры» (кн. 1, 1927), «Сачыненне Яўлампія Завалішына пра народнага камісара і наш час» (1928) і інш. вострасюжэтныя, ахопліваюць жыццё розных слаёў рус. грамадства. Аўтар раманаў пра грамадз. і Вял.Айч. войны: «Дзяўчаты» (1956), «Крылом па зямлі» (1963), «Петраград» (1968), «На поўдзень ад Масквы» (1975), зб.ваен. апавяданняў «Два бронецягнікі» (1958) і інш.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1988;
В поисках юности: (Москва. 1905—1906 гг.): Зап. очевидца. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЦЭ́ВІЧЫ,
удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, браты: Міхаіл Аляксандравіч (1.7.1840—18.6.1863) і Іван Аляксандравіч (Ян-Алаіз; 2.8.1841—18.6. 1863). З дробнай бел. шляхты Магілёўскай губ. Скончылі Полацкі кадэцкі корпус (1859, 1861). У чыне прапаршчыкаў накіраваны на службу ў артыл. брыгады ў Магілёў. Напярэдадні ўзбр. выступлення на Магілёўшчыне, прызначанага на 23.4.1863, уцяклі з часці, прыбылі на зборны пункт каля в. Чарнаручча і прынялі ўдзел у фарміраванні і дзеяннях Чарнаруцкага (Магілёўскага) атрада. Пасля разгрому атрада ўрадавымі войскамі 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н) трапілі ў палон. Паводле прысуду ваен. трыбунала «за парушэнне воінскай прысягі» публічна расстраляны ў Магілёве разам з І.Анцыпам і У.Корсакам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́НСКАЯ-ГЕ́ЛЬТМАН ((Moszyńska-Heltmanowa) Ядвіга Уладзіславаўна) (16.7.1886, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 7.5.1946),
польская паэтэса-перакладчыца, педагог. Вучылася ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1904—07). З 1917 у Мінску, у 1924—31 выкладала ў польск. пед. тэхнікуме, Камуніст. ун-це Беларусі імя Леніна. У 1932—37 у Ваен. акадэміі імя Фрунзе ў Маскве. Аўтар падручнікаў для польск. школ на Беларусі «Першая кніжка для чытання» і «Другая частка лемантара» (абодва 1926), «Другая кніжка для чытання» (1928). Пераклала на польск. мову «Выбраныя апавяданні» Ц.Гартнага (1929), аповесць З.Бядулі «Салавей» (1931), «Выбраныя вершы» А.Александровіча (1932), паэму Я.Купалы «Над ракой Арэсай» (1935), аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1936) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ ВАЕ́ННАЕ ІНЖЫНЕ́РНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА (МВВІВ). Засн. ў 1953 у Гомелі на базе Гомельскага пях. вучылішча як вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча. З 1954 у Мінску. З 1955 Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча проціпаветранай абароны, з 1968 — Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча проціпаветранай абароны. З 1988 дактарантура (ад’юнктура з 1955). З 1992 МВВІВ. Падрыхтавала больш за 14 тыс.ваен. інжынераў, у т. л. каля 3 тыс. спецыялістаў для краін Еўропы, Азіі, Б.Усходу, Афрыкі і Лац. Амерыкі. У 1995 на базе МВВІВ і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛЁНАК (Іван Адамавіч) (6.6.1891, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 24.7.1967),
удзельнік устанаўлення сав. улады на Беларусі, камбрыг (1935). Чл.РСДРП(б) з 1917. Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1927). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917 старшыня палкавога і чл. карпуснога к-таў 10-й арміі Зах. фронту, чл.Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б). У час ням. акупацыі ў 1918 на падп. рабоце ў Маладзечне, потым старшыня рэўкома. З 1919 у паліт. аддзелах 17-й і 54-й дывізій, 4-й арміі, Мазырскай групы войск Чырв. Арміі, чл. Віцебскага пав. рэўкома. З 1921 камісар 4, 8, 7-й Самарскіх дывізій, 5-га стралк. корпуса. У 1927—34 у штабе РСЧА.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦАТА́КІС ((Mitsotakis) Канстанцінас) (н. 18.10.1918, г. Ханья, Грэцыя),
грэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Афінскі ун-т. Удзельнік руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1946—67 дэп. парламента. З 1963 міністр фінансаў, з 1965 на інш. міністэрскіх пасадах. У час ваен. дыктатуры (1967—74) двойчы зняволены (1967, 1973—74). жыў у эміграцыі ў Парыжы. У 1977 заснаваў Неаліберальную партыю, якая ў 1980 злілася з партыяй Новая дэмакратыя. З 1977 зноў дэп. парламента. З 1978 міністр каардынацыі і планавання ва ўрадзе К.Караманліса, з 1980 міністр замежных спраў, выступаў за членства Грэцыі ў Еўрап.эканам. супольніцтве. У 1984—93 старшыня партыі Новая дэмакратыя. У 1990—93 прэм’ер-міністр Грэцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАТУ́РКІ,
удзельнікі ліберальна-канстытуцыйнага руху ў Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Рух М. пачаўся са стварэння ў 1889 навучэнцамі ваен.-мед. вучылішча ў Стамбуле тайнай арг-цыі «Яднанне і прагрэс», якая ставіла на мэце ўсталяванне ў імперыі канстытуцыйнага ладу, спрыянне развіццю краіны шляхам выкарыстання дасягненняў еўрап. цывілізацыі. М. ўзначалілі Младатурэцкую рэвалюцыю 1908. На аснове арг-цый «Яднанне і прагрэс» была створана аднайм. партыя, якая атрымала б.ч. месц у парламенце, скліканым восенню 1908. У час 1-й сусв. вайны ўсталявалі ў краіне сваю дыктатуру (трыумвірат: Энвер-паша, Талаат-паша, Джэмаль-паша). Пасля паражэння Турцыі ў вайне партыя М. забаронена, а іх лідэры ўцяклі за мяжу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЬТАН (Мікалай Мікалаевіч) (24.11. 1900, в. Някрасаўшчына Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 19.9.1975),
ген.-лейт. (1955), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Аб’яднаную бел. вайсковую школу імя ЦВКБССР (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну на Паўд., Петраградскім, Зах. франтах; у Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір стралк. палка, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Смаленска, Цверы, Магілёва, штурму Кёнігсберга. У чэрв. 1944 корпус пад камандаваннем М. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Магілёўскай вобл. і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе. 16.7.1944 яго корпус вызваліў Гродна. Да 1959 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́БІС (Nabis; ? — каля 192 да н.э.),
правіцель Спарты [207—192 да н.э.]. Паходзіў з царскага роду Эўрыпантыдаў. Паслядоўнік Агіса IV і Клеамена III. Правёў шэраг радыкальных сац. рэформ: частку алігархаў выгнаў, некаторых пакараў смерцю; канфіскаваў землі буйных землеўладальнікаў і раздаў беззямельным спартыятам і ілотам, апошніх надзяліў грамадз. правамі. Гэта садзейнічала ўмацаванню спартанскай арміі. Такія ж рэформы правёў у захопленым ім Аргасе. Імкнуўся падпарадкаваць Месенію, што выклікала вайну супраць Н. Ахейскага саюза. Пасля заключэння ў 195 міру ўлада Н. была абмежавана тэр. Спарты. Новыя ваен. дзеянні скончыліся для Н. паражэннем. Ён быў забіты, а Спарта далучана да Ахейскага саюза. Пра Й. пісалі ант. аўтары Палібій, Плутарх, Дыядор Сіцылійскі і інш.