ПІНКЕРТО́Н (Pinkerton) Роберт, англійскі падарожнік 1-й пал. 19 ст., агент брытанскага біблейскага т-ва. У 1816 і 1822 наведаў Беларусь, пабываў у Барысаве, Вільні, Віцебску, Копысі, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Шклове. У 1816 заснаваў у Віцебску Беларускае біблейскае т-ва. У 1833 у Лондане выдаў свае ўспаміны «Расія: або рознабаковыя назіранні аб мінулым і сучасным стане краіны і яе насельнікаў» (раздзелы 3—5 прысвечаны Беларусі). Вял. ўражанне зрабілі на яго Полацк, Віцебск і Магілёў.

т. 12, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУТКЕ́ВІЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва каля в. Руткевічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Парк рэгулярнага тыпу з элементамі больш позняй пейзажнай планіроўкі. Пл. 5 га. Захаваліся 4 невял. тэрасы, фрагменты ліпавых прысад. Да парку прымыкае пладовы сад. У ім растуць каля 80 відаў і форм раслін: з мясц. парод — елка, ліпа, вярба, язмін садовы; з экзотаў — елка блакітная, туя зах., лістоўніца польская.

А.​М.​Кулагін.

т. 13, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЧНІ́ЦА (польск. rusznica),

адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі ў краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы. У ВКЛ з’явілася ў 2-й пал. 14 ст.; прызначалася ў асн. для пяхоты. Складалася з гладкасценнага кованага жалезнага ствала, прымацаванага да драўлянай ложы. Зараджалася са ствала кулямі з жалеза або свінцу. Калібр 12,5—25 мм, маса да 8 кг, прыцэльная далёкасць стральбы да 150 м. У пач. 16 ст. заменена мушкетам (гл. таксама Самапал).

Ручніца.

т. 13, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАРА́ДЖ (санскр. літар. — сваё кіраванне),

праграмны паліт. лозунг нац.-вызв. руху Індыі 1-й пал. 20 ст. Дасягненне С. абвешчана ў 1906 канчатковай мэтай Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Памяркоўныя кангрэсісты разумелі яго як самакіраванне Індыі ў складзе Брыт. імперыі, радыкалы — як поўную незалежнасць краіны. Пункт гледжання апошніх быў ухвалены на сесіі ІНК у Лахоры (1929) у выглядзе лозунга «пурна С.» (поўнага С.), што было дасягнута ў выніку заваявання Індыяй незалежнасці ў 1947.

т. 14, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРБУ́ЛАЎ Міхаіл Васілевіч, рускі скрыпач, педагог, кампазітар 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Скончыў Льежскую кансерваторыю (1890, Францыя). У 1882—85 іграў у квартэце Кіеўскага аддзялення Рус. муз. т-ва. У 1890—94 вёў муз. дзейнасць у Мінску: выступаў з канцэртамі, на вечарах мясц. аматараў музыкі, выконваў сусв. творы скрыпічнай класікі. З сярэдзіны 1890-х г. працаваў у Пражскай кансерваторыі, Тбілісі, Кішынёве. Аўтар стр. трыо, квартэтаў, мініяцюр для скрыпкі і фп.

А.​Л.​Капілаў.

т. 15, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЎНГО́ФЕРА ДЫФРА́КЦЫЯ,

дыфракцыя плоскай светлавой хвалі на неаднароднасці, напр., вузкай шчыліне ці адтуліне ў экране. Назіраецца, калі характэрныя памеры неаднароднасці значна меншыя за дыяметр 1-й зоны Фрэнеля (гл. Фрэнеля дыфракцыя); выконваюцца суадносіны b ≪ λz , дзе b — шырыня шчыліны, z — адлегласць ад экрана да пункта назірання, λ — даўжыня хвалі. Пры гэтым паралельны пучок прамянёў пераўтвараецца ў разбежны з вуглом разбежнасці прыкладна роўным λ/b. Такі спосаб назірання дыфракцыі святла прапанаваў І.Фраўнгофер (адсюль назва).

т. 16, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛАМЕ́Р’Е,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Езярышча—Обаль. Цэнтр сельсавета і камунальнага унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 62 км на ПнЗ ад г. Гарадок, 101 км ад Віцебска, 23 км ад чыг. ст. Езярышча. 315 ж., 146 двароў (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі ў гонар 4-й Бел. партыз. брыгады і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІРАХІ́ТА (дэвіз праўлення Сёва; 29.4.1901, Токіо — 7.1.1989),

імператар Японіі ў 1926—89. З 1921 у сувязі з хваробай бацькі (імператара Іасіхіта) з’яўляўся прынцам-рэгентам; у 1926 заняў трон (каранаваны ў 1928). Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне застаўся на троне, але паводле канстытуцыі 1947 яго ўлада абмежавана парламентам і кабінетам міністраў; афіцыйна Х. прыняў тытул — «сімвал дзяржавы і адзінства народа».

Літ.:

Бикс Г. Хирохито и создание современной Японии: Пер. с англ. М., 2002.

т. 17, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТО́Ў Васіль Палікарпавіч (каля 1650—1710?),

рускі кампазітар. Гасудараў пеўчы дзяк. Майстар рус. хар. музыкі, сцвердзіў у ёй шматгалосы стыль партэсных спеваў, замацаваў у практыцы тэарэт. палажэнні М.Дылецкага. Напісаў каля 30 хар. духоўных канцэртаў (8—12-галосых), музыку да «Псалтыра рыфматворнага» (1680) з выкарыстаннем мелодыкі бел. знаменнага спеву і «Месяцаслова» Сімяона Полацкага. Гэтыя творы Сімяона Полацкага — Ц., пашыраныя ў побыце да 1-й пал. 19 ст., адыгралі прыкметную ролю ў станаўленні рус. кантавай культуры.

т. 17, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫМЕРВА́ЛЬДСКАЯ ЛЕ́ВАЯ,

міжнародная група рэв. сацыялістаў — праціўнікаў удзелу пралетарыяту і пралет. партый у 1-й сусв. вайне; дзейнічала ў складзе т.зв. Цымервальдскага аб’яднання 1915—19. Створана па ініцыятыве У.А.Леніна напярэдадні Цымервальдскай канферэнцыі 1915, у час і пасля якой супрацьстаяла цэнтрыстам і блізкім да іх групам. Ідэі Ц.л. прапагандаваў Ленін, яе Бюро выпусціла 2 нумары час. «Vorbote» («Прадвеснік»). Ц.л. ўдзельнічала ў Кінтальскай канферэнцыі 1916. Спыніла існаванне з утварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала ў сак. 1919.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)