ІКТА́ (араб., літар. надзел),

у сярэднія вякі ўмоўнае падараванне зямельнага надзелу феадалу за ваен. ці грамадз. службу ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу (накшталт бенефіцыя ў Еўропе). У араб. крыніцах вядомы з канца 7 ст., найб. пашыраны ў 8—10 ст. пры Абасідах. З 9 ст. І. наз. таксама падараванне халіфам вобласці ў намесніцтва эміру, з правам збору на сваю карысць усіх ці часткі падаткаў. У імперыі Вялікіх Маголаў наз. джагір, у Асманскай імперыі — зеамет, цімар. Рост зямель І. і змяншэнне фонду дзярж. зямель — адна з прычын феад. раздробленасці.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАМА́Т,

1) адна з форм мусульманскай тэакратыі.

2) У гісторыі народаў Каўказа І. — дзяржава мюрыдаў у Дагестане і Чэчні, якая ўзнікла ў канцы 1820-х г. у час Каўказскай вайны 1817—64. Ідэйная апора І. — мюрыдызм, а таксама газават і джыхад. І. узначальвалі імамы. Асабліва вызначыўся Шаміль [1834—59]. У пач. 1850-х г. паглыбіўся ўнутр. крызіс І., у т. л. абвастрыліся супярэчнасці паміж феадаламі і сялянамі. Асобныя праяўленні І. мелі месца ў 20 ст., у т. л. ў Чэчні ў час ваен. дзеянняў 1995—96.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́Л ІМАВЕ́РНАСЦІ,

агульная назва некалькіх звязаных адна з адной спец. функцый, напр., інтэграл памылак er 𝑓(x) = 2 π 0 x e t2 dt . У тэорыі імавернасцей пераважна выкарыстоўваюць І.і. Гаўса Φ(x) = 1 0 x e t2 2 dt = 1 2 [ 1 + er 𝑓( x 2 ) ] .

Для выпадковай велічыні x, якая мае нармальнае размеркаванне з матэм. чаканнем 0 і дысперсіяй σ​2, імавернасць таго, што |x|≤t роўная er𝑓(t/√2). Для вылічэння І.і. створаны спец. табліцы.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІНТЭРНЭ́ШАНАЛ БІ́ЗНЕС МЭШЫ́НС КАРПАРЭ́ЙШЭН»

(International Business Machines Corporation),

электронная кампанія ЗША. Засн. ў 1911. Штаб-кватэра размешчана ў г. Арманк (штат Нью-Йорк). Адна з найб. у свеце прамысл. кампаній па вытв-сці офіснага абсталявання, выліч. тэхнікі, камп’ютэраў, размнажальных машын, дыктафонаў і інш. У сярэдзіне 1980-х г. кантралявала каля 60% сусв. вытв-сці ЭВМ, у кампаніі было занята 387 тыс. чал. Абарот складаў 59,7 млрд. дол., чысты прыбытак — 5,8 млрд. долараў. Сярод распрацовак кампаніі — жорсткі магнітны дыск (т.зв. вінчэстэр), найб. папулярная мадэль персанальнага камп’ютэра.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура канца бронзавага — пач. жалезнага веку (11—7 ст. да н.э.) на тэр. Кабардзіна-Балкарыі, Чэчні, Інгушэціі, Паўн. Асеціі. Назва ад могільніка каля аула Кабан (Паўн. Асеція). Вывучаны гал. чынам могільнікі. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным выглядзе. Пахаванні ямныя, абкладзеныя і перакрытыя каменнымі плітамі. Пахавальны інвентар — бронзавыя паясы, спіральныя ручныя і нажныя бранзалеты, кінжалы, баявыя сякеры, вял. шпількі, бронзавыя і сердалікавыя пацеркі. Кераміка з геам. арнаментам і налепамі. Металургія К.к. — адна з найб. развітых на тэр. Каўказа, некат. бронзавыя прадметы інкруставаныя жалезам. Гал. занятак насельніцтва — авечкагадоўля.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯЛІ́СА СІ́ЛА,

адна з сіл інерцыі, абумоўленая ўплывам вярчальнага руху сістэмы адліку на рух цела адносна гэтай сістэмы. К.с. Iкар = m aкар , дзе m — маса цела, aкарКарыяліса паскарэнне. Наяўнасць К.с. вядзе да таго, што цела пры сваім руху адхіляецца ў напрамку, перпендыкулярным да яго адноснай скорасці, або дзейнічае на сувязі механічныя, што перашкаджаюць такому адхіленню. К.с. праяўляецца пры руху масіўных цел (напр., балістычных ракет, цяжкавагавых паяздоў), вял. мас паветра і вады (гл. Бэра закон) і інш. Названа ў гонар Г.Г.Карыяліса.

Карыяліса сіла.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТАЛО́М (Cynoglossum),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах, у гарах Паўн. паўшар’я. На Беларусі К. лекавы (C. officinale). Нар. назвы сабачы язык, шалянец. Трапляецца на засмечаных мясцінах, ярах, па берагах рэк.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 35—100 см з цёмным тоўстым верацёнападобным коранем, 2—3 баразнаватымі густааблісцелымі сцёбламі, непрыемным пахам. Лісце суцэльнакрайняе, апушанае. Кветкі паніклыя, бура-чырв., у мяцёлчатым суквецці. Плод — 4-арэшак з кручкаватымі шыпамі. Ядавітыя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Касталом лекавы.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРА́Н (Сурэн Акімавіч) (5.9.1904, Тбілісі — 1979),

артыст эстрады, чытальнік. Нар. арт. Арменіі (1945). Нар. арт. Расіі (1967). Скончыў Маскоўскую арм. драм. студыю (1925). У 1925—32 акцёр Арм. т-ра імя Г.​Сундукяна ў Ерэване. З 1939 у Маскоўскай філармоніі. Стварыў каля 30 літ. кампазіцый: цыклы «Скарбы сусветнай літаратуры», «Армянская і руская класіка», «Творы савецкіх пісьменнікаў», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі, «Адысея» Гамера, «Шахразада» (паводле зб. казак «Тысяча і адна ноч») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

В поисках живого слова. М., 1960.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕБСІЯЛЁЗЫ,

група інфекц. хвароб чалавека і жывёлы з пераважным пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту; найчасцей у форме вострага гастраэнтэрыту. Узбуджальнік інфекцыі — клебсіела, крыніца — хворыя і бактэрыяносьбіты. Магчыма эндагеннае (гл. Аўтаінтаксікацыя) і экзагеннае заражэнне, найчасцей праз ежу, паветрана-кропельнае, кантактна-бытавое. К. — адна з пашыраных унутрыбальнічных хвароб. Праяўляецца востра, моташнасцю, ірвотай, болямі ў жываце, вадкім (з прымессю слізі) стулам, павышанай т-рай, агульнай слабасцю, іншы раз (асабліва ў нованароджаных і грудных дзяцей, старых людзей) — пнеўманіяй, астэаміэлітам, менінгітам, перытанітам, інфекцыяй мочавыдзяляльных шляхоў, сепсісам. Лячэнне сімптаматычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІН,

дэталь прызматычнай формы, 2 рабочыя паверхні якой сыходзяцца пад вуглом. Раскліньвальнае дзеянне К. дае значны выйгрыш у сіле: пры малым вугле і разліковым каэф. трэння 0,1 папярочная сіла ў 5 і болей разоў перавышае прыкладзеную падоўжную сілу. К. — адна з вял. стараж. вынаходак чалавецтва. Выкарыстоўваецца як інструмент (сякера, калун, зубіла і да т.п.), рэгуліровачная або ўстановачная дэталь у механізмах і машынах, заціскная дэталь у раздымных нерухомых клінавых злучэннях і інш.

Дзеянне сіл у злучэнні з клінам: Fy — прыкладзенае намаганне; Fx — раскліньваючыя намаганні (Fx > Fy).

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)