цяле́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цела (у 1 знач.). Цялесныя ўласцівасці шара.

2. Які мае адносіны да цела чалавека, жывёлы; фізічны. Духоўныя і цялесныя сілы. // Які адчуваецца целам. Цялеснае пашкоджанне. □ — Бізуноў табе, баба, варта ўсыпаць за такі прадукт [самагонку]. Ды шчасце тваё, што мы супроць цялесных пакаранняў. Шамякін.

3. Жаўтавата-белы з ружовым адценнем; падобны на колер цела. Цялесны колер.

4. Які мае матэрыяльную аснову; проціл. духоўны. Цялесныя з’явы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шабло́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які зроблены па шаблону, адпавядае шаблону (у 1 знач.). Шаблонныя вырабы. Шаблонная фармоўка.

2. перан. Які прытрымліваецца шаблону (у 2 знач.); збіты, банальны. Шаблонныя фразы. □ [Маркс і Энгельс] надавалі найвялікшае значэнне рэвалюцыйнай творчасці мае, выступалі супраць шаблоннага падыходу да праблем сацыялістычнай рэвалюцыі. «Звязда». Я зразумеў, што гэта дзяўчынка больш дарослая, чым яе аднагодкі, і ёй нельга сказаць тыя шаблонныя пустыя словы, якія звычайна кажуць дзецям пры такім знаёмстве. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

важда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Доўга займацца якой‑н. справай; корпацца. Косця кінуў важдацца каля сваёй разбітай гарматы і заспяшаўся наперад — камбат паслаў яго даганяць батарэю. Карпюк. Адной рукой.. [Вялічка] доўга важдаўся з жытнім коласам, пакуль дастаў з яго некалькі зярнят. Чорны. // Многа часу аддаваць каму‑, чаму‑н. Столькі.. [хлопцы] важдаліся з.. [Славікам], столькі даравалі ўсяго, а ён вунь якой думкі пра брыгаду. Шамякін. [Герасім:] — Не прывык, ды і не ўмею я з паперкамі важдацца... Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́рхам, прысл.

1. Седзячы на кані, спусціўшы ногі па абодва бакі яго; седзячы на кім‑, чым‑н., як на кані. [Ладынін:] — Хочацца прабегчы па разоры паміж жытам, праехаць верхам на кані... Шамякін. Па аслах, мулах і вярблюдах мараканскія сяляне ездзяць верхам і перавозяць грузы. В. Вольскі.

2. Зверху, па версе. Агонь імкліва пашырыўся і ўзляцеў на верхавіны ялін і соснаў — і пайшоў шумець нізам і верхам. Шчарбатаў.

•••

Верхам сесці на каго гл. сесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гру́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Куча зваленых у беспарадку прадметаў, рэчаў. Груды развалін. □ Быццам вузей стала вуліца, заваленая грудамі бярвення. Васілевіч. Цёмнай грудай.. ляжалі непатрэбныя гаспадарчыя прылады. Самуйлёнак.

2. Замёрзлая, засохлая гразь. Ехалі ж мы яшчэ на калёсах, па замёрзлай грудзе. Гарэцкі.

3. Глыба, кусок чаго‑н. цвёрдага, звычайна зямлі. Затарахцелі, забрынчэлі пабітыя калёсы, падскокваючы на мёрзлых грудах. Шамякін. Збіваючы да крыві аб каменне і груды босыя ногі, бяжыць цыбаты Гараська Бусел. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Летучы, дасягнуць якога‑н. месца. Арол даляцеў да вяршыні гары. Даляцець да Месяца. □ Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Ажно да гарматы са свістам даляцелі кавалкі металу. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджваючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра гукі, пахі і пад.); данесціся. З ветрам даляцеў да вушэй Янавых чалавечы крык. Галавач. Весць аб наступе Чырвонай Арміі даляцела і да партызан. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затармазі́ць, ‑мажу, ‑мозіш, ‑мозіць; зак.

1. што і без дап. Спыніць пры дапамозе тормаза; збавіць ход тормазам. Вылецелі пяць матацыклістаў. Яны затармазілі матацыклы, і адзін з іх падбег да людзей. Шамякін. Шафёр.. зрабіў правы паварот, але раптам рэзка затармазіў. Васілёнак.

2. Спыніцца, збавіць свой ход. Каля маста пярэдні грузавік, а за ім і іншыя затармазілі. Мележ. Вагоны ўздрыгануліся і рэзка затармазілі. Няхай.

3. перан.; што. Разм. Затрымаць, зацягнуць развіццё чаго‑н. Затармазіць справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змары́ць, змару, зморыш, зморыць; зак., каго.

1. Давесці да стану знямогі, стомленасці; знясіліць, стаміць. Нарэшце, дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні мароз, ні гром. Маўр. Шыковіч вырашыў гаварыць нядоўга, каб не змарыць і так ужо стомленых за дзень людзей. Шамякін.

2. Адолець (пра сон). Віктар урэшце прымоўк, утуліў галаву ў плечы, і мне здалося, што яго змарыў сон. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аўра́л, ‑у, м.

1. Сумесная работа на марскім судне, у якой удзельнічае ўся каманда.

2. перан. Празмерна спешная работа ўсяго калектыву, выкліканая адсутнасцю планамернасці ў працы. Па вадзе, падкасаўшыся, бегалі хлапчукі і дзяўчаткі, будавалі земляныя «плаціны». Але вада рвала іх, і тады аб’яўляўся аўрал: крычалі, папракалі адзін аднаго, камандавалі. Шамякін. Для мар і спрэчак ночы не хапала, а ў дзверы грукаў раніцай прафорг. — Выходзь, навукі геніі, аўралам ад утылю ачысцім двор! Русецкі.

[Англ. over all — наверх усе.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашале́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які захварэў на шаленства, звар’яцеў.

2. Раз’юшаны, узлаваны. Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Лынькоў. На падмогу яму падскочылі два таварышы і ледзь утрымалі ашалелага каня. Машара. // Збянтэжаны ад страху, разгублены. [Немцы] .. правялі прамільгнуўшага перад імі матацыкліста ашалелымі позіркамі. Шамякін.

3. перан. Нястрымны, магутны. Вада кідалася на турбінныя таркі з вялікім ашалелым напорам. Баранавых. І ляцелі на вёскі З новай весткай няспынна Ашалелыя, З грывай агню Цягнікі. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)