ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1500—03,

вайна за аб’яднанне ўсх.слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. Фармальнай прычынай для вайны сталі ганенні ў ВКЛ на праваслаўных і новы пераход парубежных князёў пад уладу Масквы. Адна група рус. войск заняла гарады Бранск, Старадуб, Гомель, Рыльск і інш., другая накіравалася да Смаленска. Конны корпус ВКЛ у бітве на Вядрошы 1500 быў амаль цалкам разбіты. У маі 1501 рус. войскі рушылі далей, а ў чэрв. на паўд. землі ВКЛ напалі крымскія татары. Іван III накіраваў ва ўсх. Беларусь аб’яднаныя сілы, якія пад Мсціславам разбілі войскі ВКЛ. Летам 1502 маскоўскае войска зноў асадзіла Смаленск, але вымушана было адступіць. Яно заняло Оршу, мсціслаўскія воласці, землі на Віцебшчыне і Полаччыне. 4.3.1503 у Маскву прыбыло пасольства ВКЛ; былі падрыхтаваны «перамірчыя граматы», якія абвяшчалі 6-гадовае перамір’е і вызначылі новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышлі вял. тэрыторыі з гарадамі Белая, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Масальск, Мцэнск, Невель, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Чарнігаў і інш.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1534—37,

вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы, за землі, страчаныя ў час папярэдніх войнаў. У жн. 1534 корпус на чале з І.​Вішнявецкім накіраваны на Смаленск, а корпус А.​Неміровіча — у Северскую зямлю. Першы не здолеў авалодаць горадам, другі заняў толькі Радагошч. Зімой маскоўскае войска папаліла і зруйнавала на Беларусі неўмацаваныя гарадкі, але пад вясну вярнулася дадому. У 1535 паспалітае рушэнне ВКЛ злучылася з польскім войскам і накіравалася ў Северскую зямлю, дзе заняло Гомель, Почап, Радагошч, Старадуб. У чэрв. 1535 маскоўскія войскі зноў напалі на ВКЛ, спалілі Крычаў, Дуброўну, Оршу. Неўзабаве войскі ВКЛ адступілі з Северскай зямлі, пакінуўшы за сабой толькі Гомель. У канцы зімы 1536 невял. сілы ВКЛ спрабавалі захапіць Себеж. Летам 1536 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні ў бел. Падняпроўі, але былі разбіты пад Крычавам. У лют. 1537 дасягнута пагадненне: Гомель застаўся ў ВКЛ, Себеж і Завалочча перададзены Маскоўскай дзяржаве, астатнія межы засталіся нязменныя.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЕПРЫПА́СЫ,

састаўная частка ўзбраення, прызначаная для паражэння жывой сілы і тэхнікі, разбурэння збудаванняў (умацаванняў) і выканання спец. задач (асвятлення, задымлення і інш.). Да боепрыпасаў адносяць артыл. выстралы, рэактыўныя снарады, боегалоўкі ракет і тарпедаў, патроны да стралк. зброі, гранаты, авіяц. бомбы, інж. і марскія міны, фугасы, дымавыя шашкі і інш. Боепрыпасы дасылаюцца да цэляў з дапамогай агнястрэльнай зброі (кулі, снарады, міны і інш.), рухавікоў (рэактыўныя снарады, тарпеды), скідваннем з вышыні (авіяц. бомбы) або кіданнем уручную (ручныя гранаты). Некаторыя боепрыпасы ўстанаўліваюцца на мясцовасці або ў вадзе (міны, фугасы). Паводле прызначэння адрозніваюць боепрыпасы асн. (для паражэння цэляў), спец. (для асвятлення, задымлення, распаўсюджвання агітацыйнай л-ры і інш.), дапаможныя (вучэбныя, халастыя, для спец. выпрабаванняў); паводле характару забеспячэння — са звычайным выбуховым рэчывам, ядзерныя боепрыпасы, аб’ёмнага выбуху, хім. (асколачна-хім.) і інш. Частка боепрыпасаў расходуецца на баявую падрыхтоўку войскаў. Захоўваюцца боепрыпасы ў спец. абсталяваных сховішчах і складах, якія строга ахоўваюцца, большасць з іх з’яўляюцца часткай баз ваенных.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГАНТЫ́ЗМ [ад грэч. gigas (gigantos) гігант],

клінічны сіндром, абумоўлены вял. ростам ці выражаным павелічэннем асобных частак цела. Гігантамі лічаць мужчын, якія вышэй за 200 см, жанчын, што вышэй за 180 см (1—3 выпадкі на 1 тыс. чал.). Гігантызм як паталагічны стан узнікае з прычыны гіперпрадукцыі самататропнага гармону (гармон росту) ці павышанай адчувальнасці да яго рэцэптараў эпіфізарных храсткоў у дзіцячым і юнацкім узросце пры незакончаным акасцяненні шкілета. Прычыны гігантызму: пухліны гіпофіза, запаленчыя, траўматычныя і іншыя пашкоджанні гіпаталама-гіпафізарнай вобласці. Павелічэнне росту адбываецца пераважна ў 10—16-гадовым узросце, потым можа праяўляцца акрамегалія, павелічэнне ўнутр. органаў (спланхнамегалія). Пры гігантызме парушаецца абмен рэчываў, з’яўляюцца псіханеўралагічныя расстройствы (агульныя слабасць, стамляльнасць, зніжэнне памяці, мускульнай сілы, болі галавы і ў канечнасцях), у мужчын — затрымка развіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет, у жанчын — першасная аменарэя ці спыненне менструальнага цыкла, бясплоднасць. Пры частковым (парцыяльным) гігантызме адбываецца рэзкае павелічэнне асобных частак ці палавіны цела (трапляецца рэдка). Лячэнне: прамене- і гармонатэрапія, хірургічнае.

Г.​Г.​Шанько.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́РНУНГ»

(«Hornung»),

«Люты», кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан Слуцкага і Пінскага партыз. злучэнняў і цывільнага насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім, Чырвонаслабодскім р-нах у Вял. Айч. вайну ў лютым 1943. Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў, 5 батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС А.​Дзірлевангера. Мэта аперацыі — знішчыць «усё, што можа служыць абаронай і жыллём» у раёне «сапраўднай сав. рэспублікі» (там былі адноўлены мясц. сав. органы ўлады), ператварыць яго «ў нікім не занятую прастору, насельніцтва расстраляць, жывёлу, збожжа і прадукты забраць». Партызаны дзвюх брыгад і некалькіх асобных атрадаў у час барацьбы з карнікамі стварылі штаб партыз. злучэння (камандзір В.З.Корж), пад кіраўніцтвам якога некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потым асн. сілы партызан выйшлі з-пад удараў фашыстаў. Карнікі спалілі некалькі вёсак і г.п. Ленін, загубілі больш за 10 тыс. грамадзян, захапілі шмат жывёлы і збожжа. У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І.С. і М.С.Цубы. Працягам «Горнунга» была аперацыя «Русалка».

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,

працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.

У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.

Літ.:

На переднем крае астрофизики: Пер. с англ. М., 1979;

Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНА́ТА (італьян. granata ад лац. granatus зярністы),

1) боепрыпас для паражэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка ў блізкім баі. Адрозніваюць гранаты: ручныя і для стральбы з гранатамётаў (гранатамётныя стрэлы і вінтовачныя гранаты); процітанкавыя, проціпяхотныя, запальныя і спецыяльныя (дымавыя, асвятляльныя, сігнальныя і інш.).

Гранатамётныя стрэлы маюць калібры 30—112 мм, масу 0,2—5 кг, бронепрабівальнасць да 400 мм і болей. Бываюць з парахавым стартавым зарадам, рэактыўным рухавіком і стабілізатарам. Проціпяхотныя гранаты падзяляюцца на асколачныя ручныя гранаты, асколачныя, асколачна-фугасныя і асколачна-кумулятыўныя гранатамётныя стрэлы. Маса сучасных гранат 0,3—1,2 кг, радыус паражэння фугасных да 20 м, асколачных да 200 м. Гранаты з’явіліся ў 16 ст., з 17 ст. імі ўзбройвалі спец. падраздзяленні пяхоты — грэнадзёраў. Процітанкавыя гранаты — кумулятыўныя ручныя гранаты і гранатамётныя стрэлы. Прабіваюць браніраваныя цэлі накіраваным струменем разрыўнога зарада. Маса 1,1—1,2 кг.

2) Устарэлая назва артыл. снарадаў асколачна-фугаснага дзеяння масай не менш за 16 кг. Ужываліся з 17 ст.

т. 5, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЙМ 1793 надзвычайны, апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.​Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.​Л.​Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМІТЭ́Т АБАРО́НЫ,

дзяржаўны орган, створаны 30.6.1941 паводле рашэння Прэзідыума Вярх. Савета СССР, ЦК ВКП(б) і СНК СССР у сувязі з надзвычайным становішчам у Вял. Айч. вайну, каб мабілізаваць сілы для адпору фаш. Германіі. Старшыня І.​В.​Сталін. Камітэт кіраваў дзейнасцю ўсіх дзярж. ведамстваў і ўстаноў, накіроўваў іх намаганні на больш поўнае выкарыстанне матэрыяльных, духоўных і ваен. магчымасцей краіны для дасягнення перамогі над ворагам. Ён вырашаў пытанні пераводу эканомікі краіны на патрэбы вайны, мабілізацыі людскіх рэсурсаў на патрэбы фронту, падрыхтоўкі рэзерваў і кадраў для ўзбр. сіл і прам-сці, эвакуацыі прам-сці з прыфрантавых раёнаў, пераводу прамысл. прадпрыемстваў у вызваленыя раёны і аднаўлення разбуранай вайной нар. гаспадаркі ў зах. абласцях краіны, устанаўліваў аб’ёмы і тэрміны паставак прам-сцю ваен. прадукцыі і інш. Вышэйшым выканаўчым органам камітэта па аператыўна-стратэгічным кіраўніцтве ўзбр. барацьбой з’яўлялася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Распараджэнні к-та былі абавязковыя для сав., дзярж., парт., ваен., гасп., прафсаюзных органаў і ўсіх грамадзян. Скасаваны 4.9.1945.

т. 6, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРЫВА́ЦЫЯ (ад лац. derivatio адвядзенне, адхіленне),

1) у гідратэхніцы — сукупнасць абходных вадаводаў, па якіх вада з ракі, вадасховішча ці інш. вадаёма падводзіцца да станцыйнага вузла ГЭС, помпавай станцыі (пры ірыгацыі), інш. аб’ектаў, а таксама адводзіцца ад іх. Бывае безнапорная (каналы, безнапорныя тунэлі, латакі) і напорная (трубаправоды, напорныя тунэлі). Д. энергетычная будуецца з нахілам, значна меншым за нахіл ракі, — каб рознасць гідраўлічных нахілаў вадавода і ракі стварыла напор, неабходны для работы гідратурбін (гл. Гідраэлектрычная станцыя).

2) У балістыцы — сістэматычнае бакавое адхіленне снарадаў і куль ад плоскасці стральбы (праходзіць вертыкальна праз вось канала ствала) пад уплывам уласнага вярчэння, супраціўлення паветра і сілы цяжару. Большае з павелічэннем далёкасці стральбы, стромкасці траекторыі і скорасці вярчэння снарада (кулі). Улічваецца пры падрыхтоўцы да стральбы з дапамогай спец. табліц.

Дэрывацыя снарада: 1, 2, 1′, 2′ — траекторыя і яе праекцыі; 3, 4 — дэрывацыя на траекторыі і ў пункце падзення; O, C — пункты вылету і падзення снарада; δ — вугал атакі; ω — вуглавая скорасць вярчэння снарада.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)