МУРАДЭ́ЛІ Вано Ільіч (6.4.1908, г. Горы, Грузія — 14.8.1970),
грузінскі і расійскі кампазітар. Нар.арт. Расіі (1957). Нар.арт.СССР (1968). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1931). Вучань С.Бархударана, М.Мяскоўскага і інш. У 1931—34 у драм. т-рах Грузіі. У 1938—39 адказны сакратар Саюза кампазітараў СССР. У 1942—44 начальнік і маст. кіраўнік Цэнтр. ансамбля ВМФСССР. Для яго творчасці былі характэрны грамадз. накіраванасць, публіцыстычная завостранасць, увага да праблем сучаснасці. Сярод твораў: оперы «Вялікая дружба» (паст. 1947), «Кастрычнік» (паст. 1964), аперэты «Дзяўчына з блакітнымі вачыма» (паст. 1966), «Масква—Парыж—Масква» (паст. 1968), кантаты; 2 сімфоніі (1938, 1945), «Грузінскі сімфанічны танец» (1936); хары, песні (больш за 100); рамансы на вершы А.Пушкіна, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар мемуараў «З майго жыцця» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў Алег Канстанцінавіч (н. 31.7.1930, в. Вырубава Маскоўскай вобл.),
расійскі артыст цырка, клоун. Нар.арт. Расіі (1958). Нар.арт.СССР (1969). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога мастацтва (1949). Напачатку выступаў як эквілібрыст-комік на слабанацягнутым дроце. У 1950 дэбютаваў як клоун дывановы. Выкарыстоўвае цыркавыя прыёмы: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. У нумарах спалучае буфанаду, псіхал. праўду, мяккі лірычны гумар і сатыр. фарбы. Вобраз-маска П. — бесклапотны юнак, надзелены рысамі казачнага Іванкі-прастачка; празваны «Сонечным клоунам». Сярод лепшых нумароў «Эксцэнтрыяда на свабодным дроце», «Повар», «Свісток», «Прамень», «Хімчыстка», «Баланс з лялькай», «Тапелец», «Карусель», вядучыя ролі ў цыркавых спектаклях «Лячэнне смехам», «Царэўна-Несмяяна», «Сёння ў цырку фестываль», «Казка пра папа і яго работніка Балду», «Водная пантаміма» і інш. Лаўрэат Міжнар. фестывалю цыркаў у Варшаве (1957), прэмій «Оскар» (1958, Брусэль), «Залаты клоун» на Міжнар. фестывалі ў Монтэ-Карла (1981). Жыве за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ГАЎКІН Міхаіл Іванавіч (н. 13.7.1923, в. Рамешкі Яраслаўскай вобл., Расія),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1988). Вучыўся ў Школе-студыі Маскоўскага маст.акад.т-ра. З 1948 у т-ры Паўн. флоту, у 1950—58 у Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола, у 1962—77 у Т-ры-студыі кінаакцёра. З 1941 у кіно (фільм «Справа Артамонавых»). Майстэрства П. вызначаецца вострай характарнасцю, духоўнасцю аблічча персанажаў, своеасаблівай камедыйнай абаяльнасцю. Зняўся ў фільмах: «Кутузаў» (1944), «Максімка», «Адмірал Ушакоў», «Караблі штурмуюць бастыёны» (усе 1953), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне» (1959), «Дзяўчаты» (1962), «Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Вяселле ў Малінаўцы» (1967), «Дванаццаць крэслаў», «Шальменка-дзяншчык» (абодва 1971), «Новыя прыгоды капітана Урунгеля» (1979), «Спортлато» (1982), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Артыстка з Грыбава» (1988), «Балотная street, ці Сродак супраць сексу» (1991), «Стрэл у труне» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНА Ія Сяргееўна (н. 2.3.1936, г. Варонеж, Расія),
расійская актрыса. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1990). Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 у Маскоўскім т-ры Массавета, з 1978 у Маск. маст.акад. т-ры імя М.Горкага (з 1989 — імя А.Чэхава). Творчасці С. уласцівы мяккая, абаяльная манера ігры, пранікнёны лірызм, майстэрства псіхал. аналізу: Соня («Пецярбургскія сны» паводле Ф.Дастаеўскага), Паліна Андрэеўна («Чайка» Чэхава), Ліка («Маскоўскі хор» Л.Петрушэўскай). З 1960 здымаецца ў кіно: «Дама з сабачкам» (1960), «Грэшніца» (1962), «Гісторыя Асі Клячынай, якая кахала, ды не выйшла замуж» («Асіна шчасце», 1967; Дзярж. прэмія СССР 1990), «Ганна Карэніна», «Служылі два таварышы» (абодва 1968), «Сюжэт для невялікага апавядання» (1970), «Месяц жнівень» (1971), «Кожны дзень доктара Каліннікавай» (1973), «Раманс пра закаханых» (1974), «Нос» (1977), «Гараж» (1980), «Прыватнае жыццё» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Прадоўжыся, прадоўжыся, зачараванне...» (1984), «Сюжэт для двух апавяданняў» (1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕ́ЛЬНІКАЎ Мікалай Мікалаевіч (12.2.1855, г. Харкаў, Украіна — 19.4.1939),
расійскі і ўкраінскі рэжысёр, акцёр. Нар.арт. Украіны (1934). Нар.арт. Расіі (1934). З 1873 акцёр, пазней і рэжысёр у т-рах Харкава, Мікалаева, Казані і інш. У 1900—09 гал. рэжысёр Т-ра Корша ў Маскве, у 1910—13 трымаў антрэпрызу ў Харкаве і Кіеве. Рэфарматар правінцыяльнай сцэны, вял. ўвагу аддаваў акцёрскаму ансамблю. Увёў сістэму абанементаў і спектакляў для моладзі па зніжаных цэнах. Пасля 1917 у т-рах Саратава, Растова-на-Доне, з 1933 у Харкаўскім рус.драм. т-ры. Сярод лепшых пастановак: «Плады асветы» Л.Талстога (1893), «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1897), «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава (1901), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1934), «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага (1935) і інш. Выкладаў у Харкаўскім тэатр. вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́ТУШ Уладзімір Абрамавіч (н. 6.5.1922, Масква),
расійскі акцёр, педагог. Нар.арт. Расіі (1971). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1945), з 1945 выкладае у ім (з 1975 праф., з 1987 рэктар). Адначасова акцёр Т-ра імя Вахтангава. Яго творчасці ўласцівы свабода імправізацыі, іскрамётны гумар, уменне стварыць цэльны характар і ў невял. ролі. Сярод роляў: Дарагамілаў («Кірыл Ізвекаў» К.Федзіна), Пан-англаман («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Лаўнс («Два веронцы» У.Шэкспіра), Журдэн («Мешчанін у дваранах» Мальера), Ота Марвулья («Вялікая магія» Э. Дэ Філіпа), Брыгела («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Купо («Пастка» Э.Заля), Элвуд («Белы трус» М.Чэйза), Мерыкур («Будзьце здаровы!» П.Шэно) і інш. З 1953 здымаецца ў кіно: «Адмірал Ушакоў», «Авадзень», «Час летніх адпачынкаў», «Старшыня», «Каўказская нявольніца», «Старая, старая казка». «Дванаццаць крэслаў», «Цень», «Іван Васілевіч мяняе прафесію», «Прыгоды Бураціна» (тэлефільм), «Дзюма на Каўказе», «Асліная шкура» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДЗЕ́НКА Рыгор Васілевіч (13.2.1917, в. Навапаўлаўка Уральскай вобл., Казахстан — 26.8.1972),
бел. артыст эстрады. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў Варонежскае тэатр. вучылішча (1938). У 1938—41 чытальнік Ансамбля песні і танца пагранвойск БССР. З 1947 у Белдзяржфілармоніі, артыст размоўнага жанру. Аўтар і выканаўца сатыр. куплетаў, мініяцюр, фельетонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЗЕ́ЕНКА Ганна Васілеўна (н. 23.2.1927, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявачка. Засл. арт. Беларусі (1966). У 1952—82 салістка (нізкі альт) Дзярж.нар. хору БССР. Тонка адчувала і перадавала стылявыя асаблівасці палескіх нар. песень. Выступала ў складзе вак. актэта, у дуэце з М.Адамейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКІ ДАГАВО́Р,
пісьмовае пагадненне аўтара (або яго спадкаемцаў) з выдавецтвам, тэатрам, кінастудыяй і да т.п. аб выкарыстанні твора літаратуры, навукі, мастацтва (выдавецкі, пастановачны, сцэнарны і інш. аўтарскі дагавор). Умовы аўтарскага дагавора ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца цывільным заканадаўствам і інш. нарматыўнымі актамі (гл. таксама арт.Аўтарскае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАТЫ́ЎНАЕ МАЙСТЭ́РСТВА,
састаўная частка ваеннага майстэрства, якая ахоплівае пытанні тэорыі і практыкі падрыхтоўкі і правядзення самастойных і сумесных аперацый і баявых дзеянняў аператыўных аб’яднанняў розных відаў узбр. сіл. Даследуе і распрацоўвае арганізацыю ўзаемадзеяння, усебаковага забеспячэння войскаў (сіл) і кіраванне імі і інш.Гл. ў арт.Ваеннае майстэрства.