КРЫЎЛЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 17 — пач. 18 ст. каля в. Крыўляны

(Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў забалочанай мясцовасці. Належаў князям Чартарыйскім. Меў блізкі да прамавугольніка план (пл. каля 11 га),

быў умацаваны земляным валам (шыр. 7—8, выш. каля 4 м), бастыёнамі, ровам (шыр. 13—15, глыб. да 4 м). З паўн.-зах. боку быў абведзены дадатковым вадзяным ровам. Уезд у замак размяшчаўся з ПдУ. У паўн.-зах. частцы на ўзвышэнні стаяла драўляная вежа, каля якой была сажалка, абнесеная высокім земляным валам і злучаная з рэчкай. У комплекс уваходзілі таксама драўляны палац, жылыя і гасп. пабудовы. Не збярогся.

М.​А.​Ткачоў.

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАДЭ́ХСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Грузіі, у бас. р. Алазані, на Паўд. схілах усх. ч. Гал. Каўказскага хр. Засн. ў 1912 для аховы горных біягеацэнозаў. Пл. каля 18 тыс. га. Горы, цясніны, вадаспады, азёры, серныя крыніцы. Рэзка выяўленая верт. занальнасць расліннасці. Дубова-грабавыя, букавыя лясы, горныя лугі. У флоры 1400 відаў кветкавых раслін, у т. л. 12 эндэмічных. У фауне 38 відаў млекакормячых, у т. л. каўказскі алень, дагестанскі тур, казуля, серна, мядзведзь, ліс, воўк, шакал, рысь; 120 відаў птушак, у т. л. каўказскі цецярук, улар, фазан і інш. Больш за 1 тыс. відаў цвердакрылых і 800 відаў матылькоў. Занесены ў спіс Помнікаў прыроды ЮНЕСКА.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́КА (Віктар Мацвеевіч) (н. 19.5. 1940, г.п. Алеўск Жытомірскай вобл., Украіна),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1962), дзе і працуе. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў, мікраэлектроніцы, прыладабудаванні. Даследаваў механізмы радыяцыйнага пашкоджання паўправадніковых матэрыялаў і прылад. Выявіў вагальныя рэакцыі перабудовы і фазавыя пераходы 2-га роду цвёрдых раствораў структурных дэфектаў у матрыцы паўправадніка.

Тв.:

Колебательная реакция перестройки дефектов в кремнии (разам з П.В. Кучынскім, Л.М. Шахлевіч) // Письма в Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1987. Т. 45, вып. 7;

Радиационные эффекты в приборах и интегральных схемах на арсениде галлия. Мн., 1992 (разам з Я.Р. Аствацатур’янам, Дз.​В.​Громавым).

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕБЯДЗІ́НЫ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння, у прыгараднай зоне Мінска. Створаны ў 1984 для аховы прыбярэжнага фауністычнага комплексу рэдкіх відаў жывёл і птушак. Пл. 51 га.

Тэрыторыя — забалочаны і меліяраваны луг з закінутымі тарфянымі кар’ерамі і хмызнякамі. У цэнтры заказніка вадаём. У арнітафауне каля 60 птушак (44 гнездавальных), у т. л. з Чырв. кнігі Беларусі: лебедзь-шыпун, малыя паганка, чайка, крачка і бугай, уліт вялікі, паручайнік і інш.; 10 відаў млекакормячых, у т. л. выдра, амер. норка, гарнастай і інш. Заказнік служыць для рассялення прыбярэжных відаў птушак па інш. вадаёмах, стварэння спрыяльных умоў для пералётных і інш. відаў птушак. Аб’ект прыродазнаўчых экскурсій.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1960 у цэнтр. ч. Бел. Палесся паміж р. Случ і Лань. Пл. 42 тыс. га. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты ў спалучэнні з сухадольнымі, верасовымі, чарнічнымі і імшыстымі хвойнікамі. На нізінных балотах чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Невял. колькасць дуброў з прымессю ясеню і грабу. Водзяцца лось, казуля, дзік, ліс, янотападобны сабака, заяц-русак; баравая дзічына, вадаплаўныя і балотныя птушкі. Рэакліматызаваны рачны бабёр, рассялілася андатра. Шмат жывёл, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі (чарапаха балотная, зімародак звычайны, пугач, бугай вялікі, бусел чорны і інш.).

т. 9, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ШЧАНКА (Леў Валяр’янавіч) (н. 1.2.1942, Масква),

расійскі эстрадны спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Расіі (1977). Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1969). З 1969 саліст Цэнтр. тэлебачання і радыё, з 1983 — Дзярж. канцэртна-тэатр. гастрольнага аб’яднання «Масканцэрт». Арганізатар (1990) і маст. кіраўнік Дзярж. т-ра эстрадных паказаў «Музычнае агенцтва». У рэпертуары песні сучасных кампазітараў. Выканаў шэраг партый у араторыях, канцэртных пастаноўках опер «Ліпеньская нядзеля» У.​Рубіна, «Асуджэнне Лукула» П.​Дэсаў, «Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна і інш. Лаўрэат 4-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1970, Масква), міжнар. фестываляў песні ў Сопаце (Польшча) і «Залаты Арфей» (Балгарыя; абодва 1972).

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДАСІ, Лодаскае возера,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы, каля в. Лодасі. Пл. больш за 1 км², даўж. 1,83 км, найб. шыр. 0,9 км, найб. глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 17,5 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на Пд да 10 м, пад хмызняком. Берагі месцамі абразійныя, зліваюцца са схіламі, на З сплавінныя. У паўн.-зах. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Ложа выслана ілам, уздоўж берагоў пяском. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці 10—30 м да глыб. 2,5 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Саранчаны.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́ ПО́ДСЦІЛ,

наглебавае ўтварэнне ляснога біяцэнозу. Фарміруецца ў выніку назапашвання і раскладання расліннага ападу. Характарызуецца магутнасцю, запасам, складам і будовай, на якія ўплываюць відавы склад, узрост і яруснасць лесу, самкнутасць ляснога полага, развіццё жывога наглебавага покрыва, водны рэжым глебы, актыўнасць фауны і інш. У залежнасці ад ступені раскладання арган. рэшткаў у Л.п. адрозніваюць падгарызонты: верхні (леташняга ападу), сярэдні (ферментацыі) і ніжні (гуміфікацыі). Месца існавання жывых арганізмаў; утварае гумус, ахоўвае глебу ад мех. ўшчыльнення і эрозіі, вызначае яе тэмпературны і водна-паветраны рэжым і лесараслінныя ўласцівасці, уплывае на аднаўленне лесу. На Беларусі магутнасць Л.п. 1—5 см, запас 3—30 т/га і больш.

Г.​В.​Юзафовіч.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,

помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬЦАЎ (Леанід Сямёнавіч) (н. 29.8. 1949),

с. Вяценеўка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1994). Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча (1971), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1979) і Генштаба (1992). З 1971 на камандных і штабных пасадах у Групе сав. войск у Германіі, з 1979 у Далёкаўсх. ваен. акрузе. З 1992 1-ы нам. каманд. 28-й арміяй, з 1993 камандзір 28-га армейскага корпуса. З 1994 нач. Гал. штаба Узбр. Сіл — нам. міністра абароны Рэспублікі Беларусь. У 1995—97 міністр абароны Рэспублікі Беларусь. З 1997 1-ы нам. нач. штаба па каардынацыі ваен. супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)