АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,

мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ХЕРТ Ян

(2.7.1737—1791),

драматург і педагог. Паходзіў з сям’і дробнага шляхціца, які жыў на Беларусі. Вучыўся ў Слуцкім калегіуме (1756—58). Выкладаў рыторыку ў Бабруйскім (1758—60) і Полацкім (1763—65) калегіумах. Аўтар трагедый на польскай мове «Тэадор» (паст. ў Пінску, 1764), «Любоў да айчыны, або Фемістокл» (паст. ў Бабруйску, 1768), «Велізарый» (выд. ў Варшаве, 1787), сюжэты якіх узяты з ант. гісторыі. У творах Віхерта выявіліся ідэі ранняга Асветніцтва.

А.В.Мальдзіс.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РМЕР Дэлфцкі

(Vermeer van Delft) Ян (31.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 15.12.1675),

галандскі жывапісец, адзін з буйнейшых майстроў галандскага жанравага і пейзажнага жывапісу. Працаваў у Дэлфце. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам К.Фабрыцыуса. Захавалася каля 30 яго карцін. Ужо ў ранніх творах імкнуўся аб’яднаць узнёсласць вобразаў з іх блізкасцю да натуры («У зводніцы», «Хрыстос у Марфы і Марыі»). З 2-й пал. 1650-х г. піша невялікія карціны з адной ці некалькімі постацямі ў гар. інтэр’еры, залітым сярэбраным святлом («Дзяўчына з пісьмом», «Служанка са збанам малака»), засяроджваючы ўвагу на агульным лірычным настроі сцэны. Стварыў шэдэўры пейзажнага жывапісу «Вулачка» і «Від Дэлфта». Яго творы 1660-х г. больш сузіральныя і вытанчаныя, а іх жывапіс больш халодны («Дзяўчына з жамчужынай»). У пазнейшых творах Вермера алегарызм, акад. прыёмы, сухасць і стракатасць лакальных колераў адлюстроўваюць агульны заняпад галандскага жывапісу; жыццёвы змест і чароўнасць вобразаў захаваліся толькі ў карцінах, дзе ўвасоблены людзі працы, мастацтва і навукі («Каруначніца», «Географ», «У майстэрні», «Урокі музыкі», «Дама за спінетам» і інш.).

Літ.:

Уилок А.К. Ян Вермер: Пер. с англ. М., 1994.

А.В.Кашкурэвіч.

т. 4, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КІШ Освальд-Ян Лявонавіч

(н. 27.8.1938, в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. імунолаг. Д-р біял. н. (1973), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1974 у Віцебскім мед. ін-це (з 1991 прарэктар). Навук. працы па даследаванні ролі алергічных рэакцый у патагенезе гельмінтозаў і ўплыў на іх спецыфічнай і патагенетычнай тэрапіі. Медаль Ц.І.Скрабіна УАСГНІЛ 1984.

Тв.:

Медицинская паразитология. Л, 1989;

Тропическая паразитология. Витебск, 1995 (разам з Л.А.Храмцовай).

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧЫ

(Абрагамовічы),

шляхецкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі ад Абрагама Ёзафавіча (п. У 1519), які нарадзіўся ў сям’і гандляра-яўрэя, пазней прыняў хрысціянства. За паслугі вял. князям Аляксандру і Жыгімонту І атрымаў шляхецтва. Займаў пасады гараднічага (1495) і старосты ковенскага (1514), старосты салецкага, войта менскага і берасцейскага, падскарбія земскага (1510—19). Валодаў маёнткамі Вайдуны (Віленскі пав.) і Грынкава (Гарадзенскі пав.). Меў сыноў Васіля (у каталіцтве Ян, п. у 1546, быў войтам берасцейскім) і Канстанціна (войт менскі).

В.Л.Насевіч.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тра́пка ’ануча’ (Мат. Гом., ТС, Ян.; смарг., лудз., Сл. ПЗБ; рас., ЛА, 5), ’завязка (ад фартука)’ (Ян., Мат. Гом.), ’ануча, якой бяруць гаршкі і чыгуны’ (усх.-бел., ЛА, 4), ’губка для высякання агню’ (астрав., брэсц., там жа), ’ручнік для посуду’ (докш., там жа), тря́пка ’тс’ (Клім., там жа), трапкі́ ’ніцяныя канцы ў ручніку’ (Бяльк.), тра́пичка ’скурат, вузкая палоска аўчыны, якая служыць пракладкай для сшывання аўчын’ (Ян.), сюды ж трапка́ценькі ’растрапаны, растапыраны ў розныя бакі’ (гарад., Сл. ПЗБ). Укр. тря́пка ’ануча’, ’вехцік’, ’рыззё’, стра́пки ’лахманы’, рус. тря́пка ’ануча’, тря́пка ’махры’, дыял. (паўн.) трепки́ ’анучы, старызна, лахманы’, стараж.-рус. тряпъка, польск. strzepa, strzępki ’махры’, ’абрыўкі’, ’анучы, лахманы’, strząpie ’абрэзкі, акраўкі, скураты’, strzępić się ’абтрэпвацца’, strzępić ’размачальваць, раскудзельваць’, н.-луж. tśepliś ’тс’, tśumpliś se ’растрэпвацца’, tśepjel ’пэндзаль’, чэш. střepiti ’тс’, střep ’старызна, хлам’, střapec, třapec ’махры’, ’пэндзаль’, střapatý ’калматы, кудлаты’, třepit ’калмаціць’, славац. strap ’шкумат, пасма’, strapec, strapce ’махры’, ’акраўкі, рыззё’, ’гронка вінаграду’, ’мяцёлка (від суквецця раслін)’, балг. тре́пки ’вейкі; упрыгожанне з вісячых дробных манетак’. Мяркуецца, што назалізацыя тут экспрэсіўная, а варыянтнасць пачатку слова звязана з т. зв. рухомым s‑; параўноўваюць з трапа́ць1, гл. (Фасмер, 4, 113; Чарных, 2, 267–268; Абаеў, Зб. Баркоўскаму, 12; Новое в рус. этим., 240–241; ЕСУМ, 5, 664). Дапускаецца роднаснасць са ст.-грэч. ρῶπος ’дробязь; цацка, бразготка’ і выводзіцца прасл. *strapъ (Махэк₂, 585). Гл. таксама страпкі, стрэпкі і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́АЛТАНЕН (Aaltonen) Вяйнё Валдэмар

(8.3.1894, г. Марціла, Фінляндыя — 30.5.1966),

фінскі скульптар. Ганаровы чл. АМ СССР (з 1958). Працаваў у галіне фігурнай пластыкі («Бягун Паава Нурмі», бронза, 1924, Хельсінкі), псіхал. партрэта («Ян Сібеліус», 1935), манум.-дэкар. скульптуры (помнік пісьменніку А.Ківі ў Хельсінкі, 1934; помнік фінскім перасяленцам у Дэлавэры, ЗША, 1938). За гранітны манумент у г. Лахты «Мір» (1952) узнаг. Залатым медалём Сусв. Савета Міру (1953). Вядомы як жывапісец і тэатр. дэкаратар.

Літ.:

Цагарелли И.Я. Вяйнё Аалтонен. М., 1961.

В.Аалтанен. Манумент «Мір» у г. Лахты.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕВЕ́ЛІЙ (лац. Hevelius) Ян

(28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),

польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1671—1766 пры Віцебскім езуіцкім калегіуме. У канцы 17 ст. былі пастаўлены лац. («Два браты, святыя Канцый і Канцыян») і польская («Містычнае прычасце вяселля Генсерыка і Трызімунда») драмы. У 18 ст. ставіліся панегірычная драма «Каштоўны камень у дзюбе крумкача Гасеўскіх, які ўпрыгожвае дзедаў пярсцёнак Корвінаў» (1737; прысвечана гербу віцебскіх магнатаў і 50-годдзю існавання калегіума), польск. трагедыі «Артахар» Я.Кушаля (1765) і «Сеннахерыб» (1766). Школьныя драмы пісалі выкладчыкі рыторыкі і паэтыкі калегіума С.Макоўскі, Ян Заранак і інш.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІЛО́ВІЧ Ігнат Мартынавіч

(1841, Валынская губ. — 9.9.1863),

удзельнік паўстання 1863 на Беларусі. Скончыў Кіеўскі кадэцкі корпус (1859). Служыў падпаручнікам Екацярынаслаўскага палка (Масква). Належаў да рэв. арг-цыі, падтрымліваў цесныя сувязі з паплечнікам К.Каліноўскага Л.Звяждоўскім. У крас. 1863 уцёк з часці і разам са Звяждоўскім выехаў на Магілёўшчыну. Пад псеўданімамі Каткоў і Ян Піховіч арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Аршанскім пав. 26.4.1863 атрад разбіты пад Пагосцішчамі. Будзіловіч схоплены на полі бою і паводле прыгавору ваен. суда расстраляны ў Оршы.

Г.В.Кісялёў.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)