сукупнасць уласцівасцей прыроднай вады, якія абумоўлены наяўнасцю раствораных у ёй солей кальцыю Ca і магнію Mg. Адрозніваюць карбанатную (часовую, ліквідуюць кіпячэннем) і некарбанатную (пастаянную), якія разам складаюць агульную Ж.в. (сума канцэнтрацый катыёнаў Ca2+ i Mg2+).
Карбанатная Ж.в. выклікана прысутнасцю гідракарбанатаў, некарбанатная — сульфатаў, хларыдаў, сілікатаў, нітратаў, фасфатаў кальцыю і магнію. Выкарыстанне жорсткай вады прыводзіць да ўтварэння накіпу ў паравых катлах, абагравальных прыладах, павялічвае расход мыла пры мыцці, ускладняе варку агародніны і мяса. Памяншаюць Ж.в. вапнава-содавым метадам (дабаўленне вапны і соды) ці іонаабменнымі метадамі (гл.Іаніты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЕ́НІЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
агароднінныя расліны, якія выкарыстоўваюцца ў ежу зялёнымі (свежымі або кансерваванымі). Да З.к. адносяць цыбулю (на зялёнае пер’е), салату, шпінат, кроп, рэвень, шчаўе, пятрушку і сельдэрэй (на зелень), базілік духмяны, карыяндр (на зелень), капусту пекінскую і інш. З.к. маюць вял. колькасць вітамінаў і мінер.солей, добрыя на смак; прыдатныя на лячэбнае харчаванне.
Скараспелыя культуры, патрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, пераносяць замаразкі да -5 °C. Высяваюцца ў адкрытым і ахаваным грунце некалькі разоў за год. Вырошчваюць у чыстай або ўшчыльненай (на памідорах, капусце) культурах, як папярэднік позніх культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕІ́Н (ад лац. caseus сыр),
складаны бялок — фосфапратэід, у якім рэшткі фосфарнай кіслаты ўтвараюць складаны эфір з гідраксільнай групай серыну.
Малекулярная маса 75—100 тыс Раствараецца ў разбаўленых шчолачах і ў водных растворах солей. Неаднародны, падзяляецца на α-, β- і φ-К., якія розняцца амінакіслотным саставам і фіз.-хім. ўласцівасцямі. Састаўная ч. малака, тварагу, сыру, брынзы (каровіна малако мае 2,5—4,5, жаночае 0,3—0,9% К.). Адзін з гал. бялкоў ежы (мае ўсе незаменныя для жыўлення арганізма амінакіслоты). Выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці пластмас, штучнага валакна. клею, фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМА́Н (ад грэч. limēn гавань, бухта),
1) выцягнуты малаводны заліў са звілістымі невысокімі берагамі (ліманны тып берага). Утвараецца пры падтапленні морам вусцевых частак раўнінных рэк або прыбярэжных паніжэнняў сушы. Бываюць адкрытыя ў бок мора і закрытыя, аддзеленыя ад мора касой, перасыпам. Звычайна ў закрытых Л. высокая канцэнтрацыя солей у вадзе, часам ёсць лячэбныя гразі. Характэрны для паўн. берагоў Чорнага м. 2) Натуральныя або штучныя намнажэнні вады вясной у паніжэннях у выглядзе мелкаводных азёр, якія летам перасыхаюць і ператвараюцца ў лугі. Выкарыстоўваюцца ў мэтах вільгацезарадкі глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛЬТРА́ЦЫЯ, мембранная фільтрацыя,
метад раздзялення вадкіх і газападобных дысперсных сістэм з памерамі часцінак 0,02—10 мкм; адзін з мембранных метадаў раздзялення. Займае прамежкавае становішча паміж ультрафільтрацыяй і фільтраваннем. Пры М. ў якасці мембран выкарыстоўваюць пераважна палімерныя высакапорыстыя плёнкі. Рухальная сіла працэсу — градыент ціску; ажыццяўляюць М. пад ціскам 0,01—0,1 МПа. Пры М., у адрозненне ад інш. барамембранных працэсаў, на паверхні мембраны магчыма ўтварэнне цвёрдай фазы (асадку солей). Выкарыстоўваюць пераважна для стэрылізацыі паветра і раствораў, тонкай ачысткі тэхнал. асяроддзяў.
Літ.:
Брок Т.Д. Мембранная фильтрация: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯНА́Я ТЭКТО́НІКА, галакінез,
працэсы і структуры, звязаныя з перамяшчэннем саляных мас у зямной кары. Развіваецца пры наяўнасці саляносных фармацый з магутнымі пластамі каменнай і калійных солей, нераўнамерным ціску вышэйляжачай тоўшчы і дыферэнцыраваным перамяшчэнні падсалявога ложа і фундамента ў выніку тэктанічных працэсаў. З прычыны пластычнасці і адносна нізкай удзельнай вагі саляныя масы перамяшчаюцца на ўчасткі з меншым ціскам. Узнікаюць саляныя масівы, якія прыўздымаюць, выгінаюць (нярэдка прарываюць) верхнія пласты і ўтвараюць саляныя структуры (купалы, антыкліналі, геміантыкліналі, штокі і інш.). Над участкамі, з якіх адцякае соль, надсалявыя пласты прагінаюцца, утвараюцца кампенсацыйныя мульды. У краявых і міжгорных прагінах складкавых абласцей, дзе С.т. развіваецца ва ўмовах бакавога ціску, саляносныя ўтварэнні праяўляюцца ў ядрах лінейных складак, нярэдка ўздоўж ліній тэктанічных разрываў. У скляпеннях і крылах саляных купалаў і антыкліналей часта знаходзяцца паклады нафты і газу, а саляныя ядры распрацоўваюцца для атрымання каменнай і калійных солей. Класічныя вобласці С.т. — Прыкаспійская ўпадзіна, упадзіна Мексіканскага зал. і яго ўзбярэжжа і інш. На Беларусі С.т. пашырана ў Прыпяцкім прагіне. Найб. актыўна праявілася ў верхнефаменскай галітавай субфармацыі (памеры падняццяў 10—30 км²) і ў меншай ступені ў верхняфранскай саляноснай фармацыі (70—100 км²). Большасць з падняццяў прыразломныя, надразломныя, нярэдка групуюцца ў саляныя валы (напр., Рэчыцкі вал). Некат. ядры або скляпенныя і прыскляпенныя ч. саляных купалаў і антыкліналей маюць нафтавыя паклады. Гл. таксама Прыпяцкі саляносны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЛУКО́Ў (Іван Аляксеевіч) (2.9.1857, с. Прусы Маскоўскай вобл. — 5.5.1942),
рускі фізікахімік, заснавальнік электрахіміі няводных раствораў. Ганаровы чл.АНСССР (1932, чл.-кар. 1928). Скончыў Маскоўскі ун-т (1880), у якім працаваў у 1884—88 і з 1903. Навук. працы па электрахіміі, тэрмахіміі, хіміі мёду і воску. Устанавіў анамальную электраправоднасць няводных раствораў электралітаў. Увёў уяўленне аб сальватацыі іонаў (1889—91, незалежна ад У.А.Кісцякоўскага), што паслужыла асновай для аб’яднання фіз. і хім. тэорый раствораў. Паказаў, што цеплата ўтварэння ізамераў арган. злучэнняў неаднолькавая (1887). Даследаваў фазавыя пераўтварэнні ўзаемных сістэм расплаўленых солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЗІЙНАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
металічныя і неметалічныя матэрыялы, якія не разбураюцца пад уздзеяннем агрэсіўных асяроддзяў — кіслот, шчолачаў, солей, кіслароду, вільгаці і інш.
Да метал. К.м. адносяцца нержавеючыя сталі (хромістыя, хроманікелевыя, хроманікельмарганцавыя), чыгуны, бронза, высакародныя металы і інш.; да неметалічных — матэрыялы неарган. (андэзіты, граніты, баштаўніты, каменнае ліццё, кварцавае шкло, сіталы, кіслотатрывалая эмаль, кераміка) і арган. (прыродныя бітумы, смолы, поліэтылен, полістырол, фторапласты, пластычныя масы, графітапласты, графітна-вугальныя матэрыялы і інш.) паходжання. Каразійную ўстойлівасць матэрыялаў павышаюць легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці хім. апаратуры, трубаправодаў, арматуры і інш. вырабаў, прызначаных для эксплуатацыі ў агрэсіўных асяроддзях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНАЛІ́Т (ад імя ням. горнага інж. Р. фон Карналя),
мінерал падкласа хларыдаў, водны хларыд калію і магнію, KMgCl3·6H2O. Прымесі свінцу, цэзію, брому. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна суцэльныя або зярністыя агрэгаты, часам таблітчастыя, дыпірамідальныя крышталі. Колер малочна-белы, прымесямі жалеза можа быць афарбаваны ў чырвоны, буры, жоўты колеры. Бляск тлусты. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,6 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Па паходжанні хемагенны, трапляецца разам з галітам, сільвінам і інш. галоідамі. Рудаўтваральны мінерал калійных солей. Сыравіна для вырабу калійных угнаенняў, метал. калію і магнію. На Беларусі выяўлена радовішча К. ў Прыпяцкай упадзіне.
рускі хімік. Скончыў Пецярб.ун-т (1862), дзе і працаваў з 1865 (з 1869 праф.), з 1902 у Пецярб.політэхн. ін-це. Навук. працы па кінетыцы арган. рэакцый. Даследаванні М. па ўплыве прыроды растваральніка і будовы малекул рэагентаў на скорасць хім. пераўтварэнняў (1887—90) ляглі ў аснову класічнай кінетыкі хімічнай. Адкрыў рэакцыю алкіліравання трацічных амінаў алкілгалагенідамі з утварэннем амоніевых солей (рэакцыя М.; 1890). Аўтар падручніка «Аналітычная хімія» (1871; 16-е выд. 1931).
Літ.:
Старосельский П.И., Соловьев Ю.И. Н.А.Меншуткин, 1842—1907. М., 1969.