палі́цца 1, паліцца; незак.

1. Мець у сабе раскладзены агонь (пра печ, пліту і пад.). Паліліся печы, і роўныя слупы дыму ўздымалася ў неба. Шчарбатаў. У доме.. горача палілася часовая печ, зробленая з жалезнай бочкі; трубы былі выведзены ў акно. Шамякін. / у безас. ужыв. Было ўжо зусім холадна, і раніцою і вечарам палілася ў печы. Парахневіч.

2. Зал. да паліць ​1 (у 1–3 знач.).

палі́цца 2, ‑льюся, ‑льешся, ‑льецца; ‑льёмся, ‑льяцеся і ‑ліюся, ‑ліешся, ‑ліецца; ‑ліёмся, ‑ліяцеся; пр. паліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. паліся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць ліцца (у 1–3 знач.). На дварэ закіпеў лівень, і звонка са страхі палілася вада, разбіваючыся на пырскі. Адамчык. Раптам палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток. Чорны. І пальецца ў цішы Песня — водгук душы, Песня радасці... смутку... і болю... Трус.

2. Паліць, абліць сябе; абліцца. Паліцца з вядра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Свойская жывёліна са звычкамі драпежніка, якая ловіць мышэй; самка ката. Кошка злавіла мыш. Кошка мяўкае. □ Кошка вочкі жмурыць, а кіпцюры вострыць. Прыказка.

2. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых (леў, тыгр, барс і інш.). Дзікая кошка.

3. Прыстасаванне ў выглядзе якара з трыма ці больш кручкамі для падымання прадметаў з-пад вады.

4. звычайна мн. (ко́шкі, ‑шак). Прыстасаванне ў форме металічных кручкоў з шыпамі ўсярэдзіне, якое прымацоўваецца да абутку пры пад’ёме на слупы, мачты і пад. // Прыстасаванне ў форме падэшвы з шыпамі, якое прымацоўваецца да абутку пры хаджэнні па скалах, па лёдзе і пад.

•••

Ангорская кошка — асобая парода кошак з доўгай мяккай поўсцю.

Кошкі-мышкі — дзіцячая гульня, у якой той, хто выконвае ролю кошкі, ловіць астатніх удзельнікаў гульні.

На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць — пра трывожны стан, чаканне чаго‑н. непрыемнага.

(Чорная) кошка прабегла (перабегла) паміж кім — сапсаваліся адносіны паміж кім‑н., хто‑н. з кім‑н. пасварыўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змыць, змыю, змыеш, змые; зак., каго-што.

1. Мыццём ліквідаваць, зняць (звычайна пра тое, што забруджвае, робіць нячыстым). Змыць смалу з рук. □ Марыйка разарвала кашулю на параненым, змыла кроў, якая запяклася кругом раны. Гурскі. Пасля дзённых спраў, турбот Добра змыць на тварах пот! Дзеружынскі. // Мыццём ачысціць што‑н. Змыць лаўку. // перан. Пазбавіцца, ачысціцца (ад таго, што ганьбіць, няславіць). — Прашу я вас: на полі бою Сваю віну дазвольце змыць крывёю. Бачыла.

2. Знесці (вадой, цячэннем). Здаецца, .. усё мора, узнятае невядомай сілай да неба, абваліцца на зямлю .. і змые адным махам і гэтыя маленькія домікі, і сіратліва-ўбогія дрэўцы, і пачарнелыя ад дажджу слупы. Шамякін. Паміж голых яблынь яшчэ прыкметны грады — восеньскія дажджы не паспелі змыць, зраўняць межы. Чыгрынаў. / у безас. ужыв. Выцягнулі з вады лодку, убілі ў гліністы грунт калок, прывязалі яе, каб не змыла часам. Хадкевіч.

•••

Як вадой змыла — пра раптоўнае, бясследнае знікненне каго‑, чаго‑н. Жука і Барадатага як вадой змыла — уцяклі ў кусты ад пчол. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЕНІСЕ́Й (па-эвенкійску Іаанэсі літар. вялікая вада, рака),

рака ў Сібіры, у Краснаярскім краі (вярхоўі ў Рэспубліцы Тува), Расія. Адна з самых вялікіх рэк на зямным шары (7-е месца). Утвараецца пры зліцці Вялікага Енісея (Бій-Хем) і Малога Енісея (Ка-Хем) каля г. Кызыл. Даўж. 3487 км (ад вытокаў Малога Е. 4102 км), пл. бас. 2580 тыс. км². Упадае ў Енісейскі зал. Карскага м.

Цячэнне Е. падзяляецца на 3 ч.: верхняе (ад зліцця Бій-Хема і Ка-Хема да ўпадзення р. Абакан), сярэдняе (паміж рэкамі Абакан і Ангара), ніжняе (ад р. Ангара да вусця). У вярхоўі Е. цячэ па ўзгорыстым стэпе Тувінскай катлавіны пад назвай Верхні Е. (Улуг-Хем). Рэчышча падзелена на асобныя рукавы і пратокі, спакойныя плёсы чаргуюцца з перакатамі. Ад упадзення р. Хемчык на працягу 280 км Е. праразае хрыбты Зах. Саяна. Даліна тут вузкая. месцамі каньёнападобная, шыр. да 100 м. У рэчышчы шмат камяністых перакатаў і парогаў. Пры выхадзе Е. ў Мінусінскую катлавіну даліна расшыраецца, шмат астравоў. Паміж гарадамі Мінусінск і Краснаярск у адгор’ях Усх. Саяна даліна звужаецца, ніжэй Краснаярска даліна расшыраецца пасля ўпадзення р. Ангара, левы бераг нізінны, правы ўзвышаны. Пры перасячэнні адгор’яў Енісейскага кража Е. утварае Казачынскі і Асінаўскі парогі. Ніжэй г. Дудзінка цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне. У нізоўях разбіваецца на рукавы: шырыня рэчышча да 15—20 км, глыб. больш за 15 м. Асн. прытокі: Оя, Туба, Мана, Кан, Ангара, Падкаменная Тунгуска, Ніжняя Тунгуска, Курэйка (справа), Абакан, Сым, Турухан (злева). Жыўленне снегавое, дажджавое і грунтавое. Для б.ч. Е. характэрна высокае веснавое разводдзе і ўстойлівая асенне-зімовая межань, частыя летнія дажджавыя паводкі, у вярхоўях — вяснова-летняе разводдзе. Ледастаў у ніжнім цячэнні 3 канца кастр. да канца мая — пач. чэрв.; у сярэднім цячэнні з пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая; у горнай ч. з канца ліст.снеж. да канца красавіка. Е. — самая мнагаводная рака Расіі. Сярэднегадавы расход вады каля г. Ігарка 18 100 м³/с, у вусці — 19 800 м³/с.

На Е. Саяна-Шушанская, Майнская і Краснаярская ГЭС з вадасховішчамі. Суднаходства на вадасховішчах і ад г. Краснаярск да вусця. Для праводкі суднаў з ніжняга б’ефа ў Краснаярскае вадасховішча і назад пабудаваны суднапад’ёмнік. Да г. Ігарка (973 км ад вусця) паднімаюцца марскія судны. Рыбныя промыслы (асетр, сцерлядзь, омуль, селядзец, нельма, бялуга і інш.). У бас. Е. запаведнікі Саяна-Шушанскі і Слупы. Гал. гарады і парты: Кызыл, Саянагорск, Мінусінск, Абакан, Дзіўнагорск, Краснаярск, Енісейск, Ігарка, Дудзінка.

Літ.:

Гнедовский Б.В., Добровольская Э.Д. Вверх по Енисею. М., 1980;

Колесов А.Н. По Енисею. 3 изд. Красноярск, 1990.

В.​П.​Кісель.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1908—15 пры Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце. З 1909 музеем кіраваў А.К.Снітка. Экспазіцыя мела 1363 экспанаты (1910), сярод іх рэчы царк. даўніны, рэліг. культу, тэксты нар. песень, казак, паданняў, матэрыялы этнагр. экспедыцый, па гісторыі гербаў і пячатак, каля 500 стараж. манет, археал. знаходкі з раскопак пад Пінскам, Радашковічамі, Слуцкам, Туравам. Сярод збораў кніжнага фонду (каля 1900 тамоў, 1910) Апостал і Тыпікон (16 ст.), Мінея агульная (канец 17 ст.), Сінопсіс (18 ст.), архіў Слуцкага Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. У музеі зберагалася частка калекцыі бел. археолага Г.​Х.​Татура. У пач. 1-й сусв. вайны экспанаты музея эвакуіраваны ў Разань (Расія). У 1922 вернутая частка фонду і 250 кніг трапілі ў царк. аддзел Бел. дзярж. музея, астатнія выданні кніжнага фонду перададзены дзярж. б-цы, архівы — цэнтр. архіву. Некаторыя рэчы, у т. л. рукапісы, зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Будынак музея пастаўлены на тэр. архірэйскага падвор’я ў 1913 у азнаменаванне 300-годдзя дома Раманавых (арх. В.​Струеў). Быў задуманы як частка арх.-маст. комплексу духоўнай рэзідэнцыі Мінскай епархіі, якая ўключала пабудовы архірэйскага падвор’я і праектуемыя будынак музея і агароджу з цэнтр. парадным уваходам. Выкананы ў неарускім стылі. 2-павярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак пастаўлены на высокі цокаль і накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усх. боку да яго прыбудавана круглая ў плане вежа, завершаная шлемападобным купалам. Сцены вежы, стылізаванай пад стараж. абарончую, былі прарэзаны байніцамі, верхняя ч. аформлена машыкулямі і геам. арнаментам. З зах. боку фасад фланкіраваны невял. квадратнай у плане вежачкай, прарэзанай неглыбокімі нішамі і завершанай высокім 4-гранным шатром. Гал. ўваход падкрэслены кілепадобным франтонам, упрыгожаным арнаментам. Фасады падзелены карнізным паяском, прарэзаны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, упрыгожанымі дэкар. паўкалонамі, 2- і 3-лопасцевымі аркамі, філёнгамі і інш. элементамі. Агароджа з цэнтр. парадным уваходам аддзяляла архірэйскае падвор’е ад Аляксандраўскага сквера. Цэнтр. парадны ўваход меў тыя ж арх. формы, што і будынак музея: высокія фланкіруючыя квадратныя ў плане слупы-вежачкі завяршаліся вастраверхімі шатровымі дахамі, карнізныя паяскі, што апяразвалі вежачкі, з простым. геам. арнаментам. Лучковая металічная арка была вырашана ў духу венскага мадэрна. Кованыя рашоткі, агароджа, вароты, брамы былі зроблены высокакваліфікаванымі мясц. кавалямі. У 1930-я г. агароджа знішчана. У 1915—20 у будынку размяшчаўся Народны дом, з 1963 — Дом работнікаў мастацтваў.

Літ.:

Записки Северо-Западного отдела имп. Русского географического общества. Кн. 1. Вильна, 1910;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994;

Чернатов В.М. Памятнік творческого содружества // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1979. № 2.

А.​С.​Жмуроўскі, В.​М.​Чарнатаў (архітэктура).

Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Здымак 1914.

т. 10, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

падчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. і чаго. Паддзеўшы чым‑н., зачапіць, захапіць. Падчапіць бусаком бервяно. □ Стась узлез на лодку, стаў на карму і асцярожна, узяўшы лёгкае вясло, падчапіў ім расліну пад самае карэнне. Дубоўка. Марачок выпіў з крышкі тэрмаса і скарынкай падчапіў салакі. Караткевіч.

2. Разм. Прычапіць звычайна ў дадатак да чаго‑н.; узяць на буксір. Са станцыі падышоў запасны паравоз і, падчапіўшы заднія вагоны, адцягнуў іх назад. Лынькоў. Буксір падчапіў за карму наш вялізны белы цеплаход. Сіпакоў. // Начапіць, прычапіць да чаго‑н. Падчапіць на слупы тэлефонны провад.

3. перан.; і чаго. Разм. Набыць, атрымаць; нажыць. Дык, кажуць людзі, вяселле хутка згуляем. Ой, хітрыя гэтыя Маўчуны! Такую нявестку хочуць падчапіць! Шамякін. Пачатак восені выдаўся золкі, і, каб не вялікае жаданне падчапіць шчупака, я і не падумаў бы, на ноч гледзячы, выбірацца з хаты. Кандрусевіч. [Баласпай:] — З такімі сябрамі, як у цябе, не штука і ліхаманку падчапіць. Беразняк.

4. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, паставіўшы ў няёмкае, смешнае становішча. Пасварыліся.. [суседзі] летась.. Толькі з той пары ўсё здаецца Ігнату, што сусед на яго «зуб точыць», на людзях падчапіць заўсёды стараецца. Каршукоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Прайсці, пралезці куды‑н. праз што‑н.; высунуцца. Межавыя палявыя слупы залезлі аж на .. [дарогу] — ледзьве з драбінамі льга прасунуцца. Чорны. Закалыхалася заслона і ў шчыліну прасунулася галава Параскі Бурцавай у вянку з васількоў. Хадкевіч.

2. Сунучыся, перамясціцца на нейкую адлегласць. Лявон з усяе сілы націснуў на педаль. Заскрыгаталі тармазы. Яшчэ імгненне — колы прасунуліся па жвіры. Хадановіч. Выкідваючы пярэднія ногі, конь тузануўся ў адзін бок, у другі, прасунуўся крокі два на жываце і, выбіўшыся з сіл, зноў лёг на бок і адкінуў галаву. Сіняўскі. // перан. Разм. Павольна прайсці, праехаць, праплысці. У часе глыбокага Сцёпкавага разважання па вуліцы прасунуліся дзве чорныя постаці. Колас. Толькі на рацэ дзе-нідзе прасунецца лодка ля аеру ды данясецца з гарода галасістае жаночае «а-а-кыш-кыш-кыш». Ваданосаў.

3. Прайсці ўперад у напрамку да чаго‑н. Пан Крулеўскі аддаў батальёну загад прасунуцца глыбей у лес і заняць новыя пазіцыі. Колас. Дрызіна зноў рушыла, зноў адкрыла шквальны агонь, але прасунулася недалёка. Кулакоўскі.

4. перан. Разм. Дабіцца выгаднага становішча, прыстасоўваючыся, хітруючы; пралезці. Прасунуцца ў начальства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пярэ́сціць 1, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.

1. што. Рабіць пярэстым, надаваць чаму‑н. пярэсты выгляд. Светлыя пасмы, як шоўкавыя істужкі, усюды весела пярэсцілі цяністы прыцемак лесу. Мележ. Цені выцягваліся, раслі, пярэсцілі і ўкрывалі сабою невялікія круглыя лужкі. Сачанка.

2. звычайна безас. Пра адчуванне пярэстасці, мітусні (у вачах). Нарэшце балота кончылася. Густы бярэзнік падымаўся некуды ўгару. Ад белых ствалоў пярэсціла ўваччу. Асіпенка. За вокнамі вагона мільгалі — аж пярэсціла ў вачах — тэлеграфныя слупы, чыгуначныя будкі. Сабаленка. Збажына калыхалася ад лёгкага подыху ветру і пярэсціла ў вачах. Сіўцоў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваёй пярэстасцю сярод чаго‑н. Дзе-нідзе на выгане пярэсцяць рознай велічыні лужыны. Бядуля. // чым або ад чаго. Быць пярэстым ад чаго‑н. Уся сцяна, у даўжыню, пярэсціла дзявочымі фотакарткамі. Ракітны.

пярэ́сціць 2, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.

Разм. Моцна біць. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Потым выняў з-пад крыса п[о]пліску, паказаў пану і пытаецца: — Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла! І пачаў пярэсціць пана... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б. в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).

У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.​Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.​Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.​Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел. дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.​І.​Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.​Я.​Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац. маст. музея Беларусі.

В.​Р.​Анціпаў, Т.​І.​Чарняўская, У.​М.​Дзянісаў.

Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.
Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ты́ква ‘від гародніны’ (Бес.), ‘посуд з гліны для алею’ (Ян.). Параўн. укр. ти́ква, ти́квиця ‘гарбуз’, ‘пасудзіна для вады, віна’; рус. ты́ква ‘гарбуз’, стараж.-рус. тыкы, тыкъвь, тыкъва, ц.-слав. тыкы, тыковь, тыкъве ‘тс’, польск. tykwa (zwyczajna) ‘гарлянка, Lagenaria vulgaris Ser.’, старое польск. таксама tykwia ‘тс’; ст.-польск. (XV ст.) tykwa ‘нейкі сорт груш’, ‘гарлянка’, ‘гурок, Cucumis sativus’, tykwa (włoska) ‘кавун, Citrullus vulg.’, каш. tëka, tëkva ‘вялікія прадаўгаватыя грушы’, славін. tëka ‘сорт асенніх груш’, чэш. tykev, мар. tykva ‘гарбуз’, славац. tekvica ‘тс’, ‘кабачок’; славен. tȋkva ‘гарбуз’, перан. ‘мазгаўня’, ‘бутэлька’, tikváča ‘чэрап’, tikveníca ‘сорт груш’, tȋkvešnica ‘нейкі сорт яблык’; харв. tȉkva, серб. ти̏ква ‘гарлянка’, ‘гарбуз’, ‘сасуд з гарбуза’, ‘сіфон для набірання віна з бочкі’, перан. ‘дурная мазгаўня’; макед. тиква ‘гарбуз’, ‘дурань’, балг. тѝква ‘тс’. Дапускаецца прасл. *tyky, *tykъve (якое не зусім яснае этымалагічна) ‘гарлянка’, ‘гарбуз’ ці падобныя да іх расліны, што паходзяць з паўднёвых краін. Назва, прынятая славянамі, магчыма, базіруецца на даіндаеўрапейскай (пелазгійскай) назве, роднаснай той назве, да якой узыходзяць ст.-грэч. σικύα ‘гарлянка, Lagenaria vulgatis’, σίκυος, σικός ‘гурок’, ‘дзікі гурок, Ecbarium elaterium’, лац. cucumis, cucumeris ‘тс’ (SEK, 5, 143; Бязлай, 4, 180), ficus, арм. t‘uz ‘тс’ (Фасмер, 4, 130; Гиндин, ЭИРЯ, 2, 1961, 88); Скок (3, 469) прыцягвае сюды яшчэ італ. zucca ‘гарбуз’, франц. дыял. tüko ‘тс’. Іліч-Світыч (ЭИРЯ, 1, 21) выказвае ідэю аб славянскім паходжанні слова тыква, супастаўляючы яго з *tykati ‘тыкаць’, *tyky ‘тычкі, слупы’, матывуючы тым, што гарбузы сеяліся ўздоўж платоў, за якія яны чапляліся, і віселі на іх. Агляд версій гл. ESJSt, 17, 1002; Арол, 4, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)