КО́ЛАСАЎ (Мітрафан Аляксеевіч) (1839, г. Дзмітрыеў-Льгоўскі Курскай вобл., Расія — 26.1.1881),
рускі філолаг, педагог. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1878). Скончыў Харкаўскі ун-т (1865). Выкладаў рус. л-ру і стараслав. мову ў гімназіях Сімферопаля, Таганрога, Адэсы. З 1871 у Варшаўскім ун-це (з 1878 праф.). Аўтар манаграфій «Нарыс гісторыі гукаў і форм рускай мовы з XI да XII ст.» (1872), «Агляд гукавых і фармальных асаблівасцей народнай рускай мовы» (1878), вучэбных дапаможнікаў «Стараславянская граматыка» (1868), «Тэорыя паэзіі» (1870), артыкулаў па стараслав. мове, стараж.-рус. мове і л-ры, рус. фальклоры, паэтыцы ўсх. славян.
І.К.Германовіч.
т. 8, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЛЯ,
багіня вясны, дзявочага хараства ў язычніцкай міфалогіі ўсх. славян. Беларусы ўяўлялі яе маладзенькай, прыгожай дзяўчынай, якая ранняю вясною ходзіць па праталінах і абуджае зямлю ад зімовага сну; дзе Л. ступіць, там зелянее трава, распускаюцца кветкі. Сваіх немаўлят маці апраналі ў «лёлечкі» (расхінныя кашулі) і пускалі ступіць босымі ножкамі на першую траву, каб набрацца ад Л. моцы і прыгажосці. Напярэдадні Юр’я (23 крас. с. ст.) дзяўчаты спраўлялі ляльнік (веснавое свята, урачыстасць у гонар кахання і шлюбу) — з песнямі вадзілі карагод вакол першай зазелянелай бярозкі. Самых прыгожых дзяўчат называлі Ляляю або Лёляю.
І.П.Хаўратовіч.
т. 9, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫШЭ́ЎСКІ (Іван Ігнатавіч) (25.7. 1828, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.1.1897),
пісьменнік, гісторык царквы, славяназнавец. Д-р багаслоўя (1873). Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю (1849) і Кіеўскую духоўную акадэмію (1853). У 1862—97 праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе выкладаў гісторыю Расіі і рус. царквы. Даследаваў пытанні гісторыі царквы ў першыя стагоддзі хрысціянства, гісторыю візант. царквы, царквы зах. і паўд. славян. Быў прыхільнікам агульнаслав. культ. адзінства. Аўтар прац «Творы св. Кірылы Тураўскага з апісаннем яго жыцця» (1878), «Кірыла і Мяфодзій» (1885), «Заходняя Русь у барацьбе за веру і народнасць» (1895) і інш.
т. 10, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ма́сленіца 1, ‑ы, ж.
Пасудзіна, падобная на місачку з накрыўкай, у якой падаюць масла на стол.
ма́сленіца 2, ‑ы, ж.
1. Свята провадаў зімы ў старажытных славян і іншых народаў, аднесенае хрысціянскай царквой на нядзелю перад т. зв. «вялікім постам». Была масленіца. Непадалёк, на сажалцы, хлопцы і дзяўчаты круцілі карусель. Асіпенка.
2. перан. Разм. Аб добрым, прывольным жыцці. Не жыццё, а масленіца. □ А з учарашняга дня дык у Венькі зусім масленіца: бацькі паехалі на поўдзень адпачываць, а яго пакінулі на бабулю. Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Падсо́біць ’памагчы’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Бяльк.). Рус. падсоби́ть, укр. підсоби́ти. Усходнеславянскае, ад дав. скл. зваротнага займ. сабе. У іншых славян аналагічныя дзеясловы без прыстаўкі або з інш. прыстаўкамі: польск. (o)sobić ’прысвойваць’, чэш. sobiti, osobiti, дыял. dosobit se і г. д. (гл. Брукнер, 505; Махэк, 535).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БОЛЧ ((Balch) Эмілі Грын) (8.1.1867, Ямайка-Плейн, штат Масачусетс, ЗША — 9.1.1961),
амерыканскі грамадскі дзеяч, эканаміст. Адукацыю атрымала ва ун-тах Чыкага, Берліна і Гарвардскім. Праф. у каледжы Уэлслі (1913—18). У кн. «Нашы суграмадзяне — славяне» (1910) разглядала праблемы міграцыі, абвяргала погляды аб расавай непаўнацэннасці славян. Удзельніца 1-га (1915) і 2-га (1919) Міжнар. кангрэсаў жанчын. З 1919 першы сакратар-казначэй Жаночай міжнар. лігі за мір і свабоду, з 1926 займалася праблемамі Гаіці (выступала за вывад амер. войскаў і ўстанаўленне самакіравання), у 2-ю сусв. вайну ад імя лігі дапамагала амерыканцам яп. паходжання, інтэрніраваным у спец. лагеры. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Дж.Мотам).
т. 3, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Барычэўскі-Тарнава) Іван Пятровіч
(1810, Мінская губ. — 24.7.1887),
бел. гісторык, археограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1833). З 1835 служыў у дзярж. установах. У час. «Санкт-Петербургские ведомости», «Журнал Министерства народного просвещения» і інш. апублікаваў артыкулы «Даследаванне пра паходжанне, назву і мову літоўскага народа», «Урывак з літоўска-рускай гісторыі», «Пра рускі летапіс у Літве, названы «Хроніка Быхаўца». Запісы фальклору паўд. і зах. славян надрукаваны ў яго кнігах «Аповесці і паданні народаў славянскага племя» (ч. 1—2, 1840—41) і «Народныя славянскія апавяданні» (1844). У 1851 асобнай кнігай выйшла яго праца «Праваслаўе і руская народнасць у Літве». Удзельнічаў у зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы выданняў Археагр. камісіі.
т. 2, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРГЕ́Й (Валянціна Сяргееўна) (н. 28.9.1946, г. Петрыкаў Гомельскай вобл.),
бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1984). Скончыла БДУ (1968). Працавала ў БДУ, Гродзенскім пед. ін-це, з 1978 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Асн. кірунак дзейнасці — гістарыяграфія археалогіі Беларусі і гісторыя насельніцтва Бел. Палесся жал. веку. Адзін з аўтараў кн. «Беларуская археалогія» (1987).
Тв.:
Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992;
Актуальныя праблемы археалогіі славян 5—10 ст. у Беларускім Палессі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён. Мн., 1992;
Раннеславянское поселение Струга 1 на нижней Горыни // Archaeoslavica. 1993. № 2;
Западный ареал милоградской культуры // Гіст.-археалагічны зб. 1995. № 7.
т. 4, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ ЛЕЎ (Heinrich der Löwe, каля 1129 — 6.8.1195),
герцаг Саксоніі [1142—80] і Баварыі [1156—80]. З княжацкага роду Вельфаў. Разам з Альбрэхтам Мядзведзем узначальваў крыжовы паход супраць славян 1147. У выніку наступных паходаў (з 1160) на заваяваных ім землях бодрычаў заснаваў у ніжнім цячэнні Эльбы Мекленбургскае герцагства (1170), захапіў Памеранію (паміж вусцямі Одэра і Віслы); стаў найб. магутным ням. князем. У 1176 з-за адмовы ўдзельнічаць у ваен. паходзе ў Паўн. Італію пасварыўся з герм. імператарам Фрыдрыхам I Барбаросам. Апошні ў 1180 дамогся імператарскага суда над Генрыхам Львом, які быў пазбаўлены ўладанняў (акрамя гарадоў Браўншвайг і Люнебург) і ў 1181 выгнаны з імперыі ў Англію, адкуль вярнуўся толькі ў 1194.
т. 5, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІРЫ́ЗМ, харвацкае адраджэнне,
грамадска-паліт. і культ. рух 1830—40-х г. у Харватыі, Славоніі і інш. паўд.-слав. землях, абумоўлены працэсам складання харвацкай нацыі. Ідэолагі І. лічылі паўд. славян і некаторыя неслав. народы нашчадкамі стараж. ілірыйцаў (адсюль назва руху), ставілі бліжэйшай мэтай іх літ.-моўнае аб’яднанне на аснове харвацкай мовы як перадумову будучага паліт. аб’яднання (стварэння аўтаномнага краю Ілірыя ў складзе федэратыўнай манархіі Габсбургаў). Дзеячы І. выдавалі газеты і стваралі л-ру на харвацкай мове, патрабавалі ад аўстр. ўрада забеспячэння аўтаноміі Харватыі і Славоніі. Дзякуючы намаганням дзеячаў І. ў 1847 харвацкая мова была прызнана афіцыйнай у Харватыі і Славоніі.
М.Г.Нікіцін.
т. 7, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)