КАНДАМІ́НІУМ [ад лац. con (cum) разам + dominium уладанне] у міжнародным праве, валоданне пэўнай тэрыторыяй дзвюма або некалькімі дзяржавамі, якія сумесна ажыццяўляюць над ёй свой суверэнітэт. Кожная з гэтых дзяржаў усталёўвае сваю ўладу ў межах К. на падставе адпаведнага пагаднення паміж імі. К. часта недаўгавечныя. Вядомы К. Францыі і Іспаніі над некалькімі астравамі на пагранічнай р. Бідасоа; К. Вялікабрытаніі і Егіпта над Суданам.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКРЫ́ТАЕ МО́РА ў міжнародным праве,

мора, якое абмывае берагі некалькіх дзяржаў і па сваім геагр. становішчы не можа быць выкарыстана для транзітнага праходу праз яго ў інш. мора. Доступ з адкрытага мора ў закрытае ажыццяўляецца па вузкіх марскіх шляхах, якія вядуць толькі да берагоў дзяржаў, размешчаных вакол З.м. Паводле канцэпцыі З.м. ў яго не павінны дапускацца ваен. караблі непрыбярэжных краін.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛО́ЖНІКІ,

асобы, проціпраўна затрыманыя сілай з мэтай прымусіць дзяржаву, арганізацыю ці інш. асоб выканаць пэўныя дзеянні ці абавязкі. У міжнар. праве — грамадзяне захопленай ворагам краіны, якія неправамерна ўтрымліваюцца акупац. ўладамі пад пагрозай іх знішчэння, калі насельніцтва акупіраванай тэрыторыі не выканае патрабаванняў акупац. улад. Жэнеўская канвенцыя 1949 аб ахове грамадз. насельніцтва ў час вайны забараняе захоп З. і разглядае такія дзеянні як міжнар. злачынствы.

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙМА́ЛЬНІК у праве,

бок у дагаворы маёмаснага найму. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь Н. — гэта таксама бок працоўнага дагавору, якім з’яўляюцца прадпрыемства, установа, арг-цыя, т-ва, кааператыў, незалежна ад наймення і формы ўласнасці (іх аб’яднанні і адасобленыя падраздзяленні), а таксама прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без стварэння юрыд. асобы і грамадзяне, якім заканадаўствам дадзена права заключаць і спыняць прац. дагаворы з работнікамі.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фідэікамі́с

(лац. fideicommissum, ад fides = давер + comittere = яднаць)

даручэнне спадчынадаўца спадчынніку выдаць частку маёмасці трэцяй асобе, а таксама сама гэта маёмасць (у рымскім праве).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАЛАЎКО́ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 12.12.1925, слабада Аляксееўка Варонежскай вобл., Расія),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1973), праф. (1974). Скончыў Харкаўскі юрыд. ін-т (1950). З 1954 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1959 у БДУ. Аўтар прац па дзярж., канстытуцыйным, адм. і цывільным праве.

Тв.:

Советы — власть народная. Мн., 1965;

Саветы і сельская гаспадарка. Мн., 1971;

Органы народного контроля. Мн., 1982 (у сааўт.).

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ БЯСПЕ́КА ў праве,

сістэма грамадскіх адносін і юрыд. нормаў, якія рэгулююць гэтыя адносіны з мэтай забеспячэння грамадскага спакою, недатыкальнасці жыцця і здароўя насельніцтва, нармальнай працы і адпачынку грамадзян, нармальнай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый, устаноў і прадпрыемстваў. Грамадская бяспека ахоўваецца дзяржавай, грамадскімі арг-цыямі і самімі грамадзянамі. Асобы, вінаватыя ў парушэннях грамадскай бяспекі, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬЗЕН ((Kelsen) Ганс) (11.10.1881, Прага — 19.4.1973),

аўстрыйскі юрыст, адзін з заснавальнікаў нарматывізму ў праве. Праф. Венскага (1919—29), Кёльнскага (1930—33), Жэнеўскага (1933—40), Каліфарнійскага (з 1942) ун-таў. Лічыў, што юрыд. навука павінна быць поўнасцю незалежнай ад сац.-паліт. і эканам. абумоўленасці права; яе аб’ектам павінны быць права ў «чыстым» выглядзе, уласна прававая форма, нарматыўныя акты. Яго школу часам называюць «чыстай тэорыяй права».

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РАНЫ, давераны,

асоба, якая афіцыйна ўпаўнаважана дзейнічаць ад чыйго-н. імя; у цывільным праве — адзін з дагаворных бакоў у дагаворы даручэння. У абавязкі П. ўваходзіць ажыццяўленне ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўных юрыд. дзеянняў (напр., купля-продаж, кіраванне маёмасцю). П. можа быць дзеяздольны грамадзянін або юрыд. асоба. Дзеянні, што выконвае П., спараджаюць, змяняюць або спыняюць правы і абавязкі непасрэдна для даверніка.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКІДА́ННЕ Ў НЕБЯСПЕ́ЦЫ ў крымінальным праве,

адно са злачынстваў супраць асобы. Выражаецца ў заведамым пакіданні без неадкладнай дапамогі асобы, якая знаходзіцца ў небяспечным для жыцця або здароўя становішчы і пазбаўлена магчымасці да самааховы з прычыны малалецтва, старасці, хваробы або сваёй бездапаможнасці ў выпадках, калі вінаваты меў магчымасць аказаць дапамогу гэтай асобе і быў абавязаны гэта зрабіць ці сам паставіў яе ў небяспечнае для жыцця або здароўя становішча.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)