уцэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

Страляючы, кідаючы або ўдараючы, папасці ў каго‑, што‑н. Каменне паляцела.. [Эльзе] наўздагон, і адзін камень уцэліў ёй у патыліцу. Чорны. // Паразіць якую‑н. цэль. Па сцягу толькі стралялі, стараючыся ўцэліць у дрэўка, каб перабіць яго і зваліць сцяг на зямлю. Шахавец. // Трапіць у што‑н. (пра бомбы, снарады). На самай ускраіне паляны былі машыны медсанбата, і туды ўцэліла некалькі бомбаў. Сабаленка. // Стукнуць, ударыць па чым‑н. У сківіцу, як жалезам, Мне ўцэліў яго кулак. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёрты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад церці.

2. у знач. прым. Размяты, растоўчаны на парашок, у дробную аднародную масу. Цёртыя фарбы. Цёртая салома. □ А маці ўсё чакала, перасыпала цёртым самасадам сынавы кашулі і цёмна-сіні касцюм. Б. Стральцоў.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Які многа бачыў у жыцці; бывалы, вопытны. Многія з выхаванцаў, што паступілі ў дзетдом у апошні час, былі хлопцы цёртыя. Нядзведскі. Як чалавек цёрты, развіты, садоўнік разбіраўся ў людзях, меў падыход да іх. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змаро́зіць 1, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго-што.

Пашкодзіць (якую‑н. частку цела), не ўкрыўшы ад моцнага марозу, холаду. Заснуў быў [Завішнюк], змарозіў і рукі, і ногі, і твар. Пташнікаў. // Прымусіць азябнуць, прамерзнуць, пратрымаўшы доўга на марозе, холадзе. Вядзі дзяцей у хату, бо змарозіш, на холадзе.

змаро́зіць 2, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., што.

Разм. Сказаць што‑н. недарэчнае, неразумнае. Піліп некаторы час думае, потым падымае руку: — Дзед Архімед! Скажыце, за што вам медаль далі? — Усе заміраюць і сядзяць, нібы мышы пад мятлой. І трэба ж такое змарозіць! Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўклю́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Пазбаўлены зграбнасці, лоўкасці ў рухах; непаваротлівы. Паўнатвары, у ватоўцы, у зімовай шапцы і ў цёплых чаравіках,.. [хлапчук] нагадваў няўклюднае медзведзянё. Хадкевіч. На сушы цюлені няўклюдныя, як чарапахі. Хомчанка. // Пазбаўлены зграбнасці; нялоўкі (аб рухах і пад.). Няўклюдная хада. / Аб рэчах, прадметах. Наш вялікі і няўклюдны аўтобус з радыёапаратураю грымеў на выбоінах палявых дарог. Грахоўскі. Са сталоўкі ўжо выкінулі адну з доўгіх няўклюдных лавак. Нядзведскі.

2. перан. Дрэнна, недастаткова апрацаваны, адшліфаваны; няскладны. І так паварочваў [Валодзька] сказ, і гэтак — атрымлівалася нешта няўклюднае і незразумелае. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паднале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. падналёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. падналяж; зак.

Разм.

1. Налегчы, націснуць на што‑н. з большай сілай. Падналегчы на рычаг. □ Дзве каманды ваенных, ухапіўшыся за розныя канцы каната, стараліся перацягнуць адна адну.. Вось адна каманда падналегла і павольна пачала цягнуць другую да белай рысы. Хомчанка. Я падналёг на напіраўшых і прапусціў зялёны капялюшык да прылаўка. Нядзведскі.

2. перан. Шчыра ўзяцца за якую‑н. работу. Падналегчы на вучобу. □ Вострачы мянташкай касу,.. Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самле́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў прытомнасць. Дзверцы кабіны былі расчынены, дробненька ўздрыгваў капот, а на сядзенні ляжаў самлелы вадзіцель. Нядзведскі.

2. Здранцвелы, сшэрхлы. У наплыўшых кроўю вачах агонь пагас, і самлелы язык не мог больш вымавіць ні слова. Пестрак. / у вобразным ужыв. І чаплялася сена на голле самлелых бяроз. Вялюгін.

3. Знясілены працаю, спёкай і пад. Лабановіч узяў самлелую птушынку і вынес на свежае паветра. Колас. Сеў [хлопец] за кнігу, — не бачыць літар: вее полымем ад яе. І рукою самлелай выцер губы высахшыя свае. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ткну́цца, ткнуся, ткнешся, ткнецца; ткнёмся, ткняцеся; зак.

Разм.

1. Аднакр. да тыкацца ​1.

2. Звярнуцца да каго‑н., куды‑н., паспрабаваць уладкавацца дзе‑н., як‑н., накіравацца да каго‑н., куды‑н. [Кудзянаў:] — Дырэктар сказаў, што нам .. адпушчана паўмільёна.. А вось калі ткнуліся да гаспадарнікаў на заводзе, грошай не аказалася. «Маладосць». — Ткніся [Ганна] толькі туды, у раён! — сінеў Яўхім. — Толькі папробуй,.. пабачыш!.. Мележ. Калі ўжо сабраліся амаль усе выхаванцы, у сталоўку, нібы клубок, укаціўся Барыс. Ткнуўся ў адно месца — няма дзе сесці, у другое — таксама. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. успоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

Паўзком узабрацца на што‑н., куды‑н. Змоўшчыкі на карачках успаўзлі на снежны вал і рынуліся да запаветнай лаўкі. Нядзведскі. Вунь на лісцік дзяцеліны ўспаўзла «божая кароўка», расправілі чырвоныя надкрыллі і знікла. Даніленка. // Разм. Павольна ўзысці, уз’ехаць на што‑н., куды‑н. Вось фурманка ўспаўзла на пагорак і адтуль стала відаць, што насустрач, па дарозе, марудна ідуць два чалавекі. Сачанка. Грукат няспынна нарастаў, узмацняўся, і, нарэшце, на лінію акопаў успаўзлі адзін за адным тры.. танкі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́нне, ‑я, н.

Вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы другога полу. Першае каханне. Прызнацца ў каханні. □ — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Краўчанка. Аб Таццяне.. [Жэнька] думаў часта, але баяўся свае незразумелыя пачуцці да яе назваць каханнем. Шамякін. // Пра чалавека, які выклікае такое пачуццё. Я сам у трывозе: таксама ў дарозе згубілася дзесьці, сюды не бяжыць, не едзе здалёку маё, у вяснушках, каханне. Вялюгін. Пабудзь жа, маё каханне, Пакуль усход разгарыцца. Нядзведскі. // Любоўныя адносіны. Пара кахання. □ Рана магло б і каханне пачацца, ды Валя нікога з знаёмых хлопцаў не любіла. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

1. Голасна прачытаць або сказаць што‑н. для таго, каб той, хто слухае, запісаў. Дырэктар прадыктаваў яшчэ некалькі сказаў, уважліва праверыў напісанае Віцем. — Усё правільна, — сказаў ён. Нядзведскі.

2. перан. Прадпісаць што‑н. для безагаворачнага выканання; загадаць. Прадыктаваць умовы міру. // чым (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.) Абумовіць. Уступкі вязням, на якія пайшла турэмная адміністрацыя, прадыктаваны былі толькі страхам перад націскам міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Брыль. Усякія палітычныя рашэнні, калі яны не прадыктаваны аб’ектыўнымі патрэбнасцямі жыцця, спасцігае сумны лёс выдаткаў грамадскага жыцця. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)