ЛЯШЧО́ВА Людміла Мадэстаўна (н. 28.2.1954, г.п. Руднічны Верхнякамскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1998), праф. (2003). Скончыла Мінскі ін-т замежных моў (1976) і працавала ў ім. З 2000 заг. кафедры Ін-та дзярж. кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Даследуе лексічную семантыку, кагнітыўную лінгвістыку, праблему авалодвання роднай і замежнымі мовамі. Аўтар манаграфіі «Лексічная полісемія ў кагнітыўным аспекце» (1996), падручніка «Словы ў англійскай мове: Курс лексікалогіі сучаснай англійскай мовы» (2001), сааўтар і рэдактар навуч. дапаможніка «Практычная граматыка англійскай мовы» (у 4 ч., ч. 1—2, 2003—04) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́КАРАВА Ірына Ігараўна (н. 22.10.1949, г. Харкаў, Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1999). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1971) і працуе ў ім (цяпер Мінскі дзярж. лінгвістычны ун-т). Даследуе пытанні агульнага мовазнаўства, германістыкі, сацыялінгвістыкі, этналінгвістыкі, міжкультурнай камунікацыі, методыкі выкладання замежных моў. Аўтар манаграфій «Супастаўляльнае вывучэнне маўленчых паводзін: праблемы, прынцыпы, тэорыя» (1996), «Кірункі ў камунікатыўнай лінгвістыцы» (1997), «Этналінгвістыка і этнаграфія зносін» (2001). Сааўтар прац «Тэхніка пісьма» (1996, з А.​Вейзэ), «Мова. Веды. Камунікацыя. Культура: Аўтэнтычныя матэрыялы для самастойнай работы» (2003, з А.​Міхневічам і Г.​Траццяковай).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 18, кн. 1, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРУ́ЦКІ Анатоль Антонавіч (н. 23.10.1948, в. Смаляны Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1977). З 1982 працаваў у Бел. політэхн. ін-це, з 1991 — у Бел. пед. ун-це (з 1994 заг. кафедры тэорыі і гісторыі мовы). Гал. кірункі навук. дзейнасці — бел.-рус. двухмоўе, тэорыя мовазнаўства, нейралінгвістыка. Праблемам двухмоўя прысвечаны працы «Беларуска-рускі мастацкі білінгвізм: тыпалогія і гісторыя, моўныя працэсы» (1990) і «Вазьмі маё слова...» (1990, разам з А.​Я.​Міхневічам). Своеасаблівая філас.-рэліг. канцэпцыя слова выкладзена ў кн. «Структура слова: асновы Тэорыі Вялікага Аб’яднання» (1995) і «Тайна імя» (1996). Аўтар дапаможнікаў для ВНУ.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙТО́ВІЧ Ніна Трафімаўна (10.7.1913, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 4.3.1976),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1976). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1937), працавала ў ім. У 1956—76 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследаванні ў галіне дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы. Аўтар манаграфій «Ненаціскны вакалізм народных гаворак Беларусі» (1968), «Баркалабаўскі летапіс» (1977), сааўтар акад. прац. «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69). За ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі Дзярж. прэмія СССР 1971.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн.. 1977. Т. 2. С. 129—133.

І.​К.​Германовіч.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЮ́К Любоў Адамаўна (н. 28.4.1949, в. Ломыш Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). Скончыла Мазырскі пед. ін-т (1970). З 1974 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1991 у БДУ. Даследуе граматыку бел. мовы: «Станавыя значэнні сумеснасці і ўзаемнасці ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1981), «Беларуская граматыка» (ч. 2, 1986; у сааўт.); станаўленне, развіццё і функцыянаванне бел. тэрміналогіі: «Беларуская навуковая тэрміналогія» (1987). Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» (1988), «Слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» (1990). Вучоны сакратар Рэсп. тэрміналагічнай камісіі (з 1980), член Міжнар. арг-цыі па уніфікацыі тэрміналагічных неалагізмаў (МАУТН), віцэ-прэзідэнт Міжнар. федэрацыі тэрміналагічных банкаў (МФТБ).

т. 1, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАШО́НКАВА Ганна Уладзіміраўна (н. 21.11.1928, б. маёнтак Альба, Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыла БДУ (1953). З 1956 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе сучасную бел. мову і культуру мовы, лексікаграфію, дыялекталогію. Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (кн. 1—2, 1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» (вып. 1, 1988); «Беларуская граматыка» (ч. 1, 1985); «Слоўнік беларускай мовы» (1987), «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (1987) і «Кароткі слоўнік беларускай мовы» (1994, абодва з В.​П.​Лемцюговай); «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994) і інш.

т. 1, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШЭ́ВІЧ (Bartoszewicz) Альберт Іосіфавіч (н. 2.8.1942, в. Раёўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

польск. мовазнавец. Д-р (1972), праф. (1992). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1964). Працаваў у пед. ін-це ў г. Аполе, Пазнанскім і Варшаўскім ун-тах (1964—92), з 1987 дырэктар Варшаўскага філіяла Ін-та рус. мовы імя Пушкіна ў Маскве. З 1993 заг. кафедры ў Вышэйшай пед. школе ў г. Ольштын. Даследуе польск., бел. і рус. мовы, агульнае мовазнаўства. На аснове «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84) склаў першы ў бел. мовазнаўстве «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» (т. 1—4, Варшава, 1988—89; з І.​Камендацкай).

А.​С.​Аксамітаў.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАДЗЕ́Д Іван Канстанцінавіч (29.8.1906, с. Успенка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.9.1981),

украінскі мовазнавец. Акад. АН УССР (1957) і АН СССР (1972). Засл. дз. нав. Украіны (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1932). З 1961 дырэктар Ін-та мовазнаўства імя А.​А.​Патабні АН УССР, адначасова ў 1962—78 віцэ-прэзідэнт АН УССР. Даследаваў праблемы ўсх.-слав. моў, у т. л. бел. моўны матэрыял («Кантакты ўкраінскай мовы з іншымі славянскімі і уніфікацыя яе вуснай літаратурнай формы», 1968; «Лінгвастылістычная характарыстыка перакладу твораў К.​Крапівы на ўкраінскую мову», 1972), агульнае мовазнаўства і сацыялінгвістыку. Дзярж. прэміі УССР 1971 і СССР 1983.

І.​К.​Германовіч.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУ́ЧЫК Сяргей Міронавіч (20.1.1915, г. Брэст — студзень 1984),

бел. мовазнавец-германіст. Д-р філал. н. (1973), праф. (1978). Скончыў Вышэйшае камерцыйнае вучылішча ў Кракаве (1936), дзярж. пед. курсы для выкладчыкаў ням. мовы ў Варшаве (1937) і Мінскі пед. ін-т замежных моў (1963). Настаўнічаў, выкладаў у Гродзенскім (1946—55) і Мінскім (1962—83) пед. ін-тах замежных моў. Даследаваў праблемы тэорыі ням. мовы (пераважна фонастылістыкі), распрацоўваў методыку выкладання замежных моў. Аўтар прац: «Прасадычная сістэма сучаснай нямецкай мовы» (1972), «Тэарэтычная фанетыка нямецкай мовы» (1972). Сааўтар «Практычнай фанетыкі нямецкай мовы» (ч. І, 1984). Пад яго навук. кіраўніцтвам падрыхтавана цэлае пакаленне бел. вучоных-германістаў.

Е.​В.​Зарэцкая.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫДО́ВІЧ Марыя Андрэеўна (19.10.1906, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.11.1977),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1938). Працавала ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (1946—59), БДУ (1943—46, 1959—77). Даследавала гісторыю бел. мовы і бел. гаворак. Аўтар працы «Назоўнік у беларускай мове» (ч. 1, 1969), адзін з аўтараў кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), бібліягр. паказальніка «Беларускае мовазнаўства (1825—1965)» (1967), рэдактар «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (вып. 1—3, 1970—77).

Н.​С.​Мажэйка.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)