ЖАБРО́ЎСКІ (Канстанцін Адамавіч) (псеўд.Костка, Навіцкі; 1838, Аўгустоўская губ. —6.7.1863),
удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Арлоўскі кадэцкі корпус і Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (Пецярбург). З 1861 вучыўся ў Артыл. акадэміі ў Пецярбургу, уваходзіў у ваен.рэв. арг-цыю. 16.4.1863 уцёк на Магілёўшчыну, прызначаны паўстанцкім ваен. начальнікам Сенненскага пав. З групай каля 100 валанцёраў перайшоў у Барысаўскі пав., дзе злучыліся некалькі паўстанцкіх груп. 19.5.1863 аб’яднаны атрад разбіты ўрадавымі войскамі каля в. Падбярэззе. Ж. схоплены і паводле прысуду расстраляны ў Барысаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДО́ЎСКІ (Аляксандр) (псеўд.А с трога; 1836, Люблінскае ваяв., Польшча, паводле інш. звестак Беларусь або Галіцыя —7.2.1890),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Служыў у рус. арміі, паручнік кавалерыі. У 1863 узначаліў паўстанцкі атрад у Ашмянскім пав., пасля гібелі Л.Т.Нарбута паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав. З рэшткамі атрада Нарбута перайшоў у Гродзенскую пушчу, злучыўся з атрадам А.А.Лянкевіча і потым дзейнічаў у Аўгустоўскім ваяв. Мяркуюць, што ў атрадзе П. ваяваў Ф.Багушэвіч. У канцы 1863 распусціў атрад і эмігрыраваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ САЛДА́Т 1905—07.
Пачаліся ў канцы 1905 у гарнізоне Брэсцкай крэпасці пад уплывам рэв. руху ў краіне і агітацыі Брэсцкай ваенна-рэв. арг-цыі РСДРП, Брэсцкай арг-цыі Польскай сацыяліст. партыі ў Літве (ППС у Літве) і Брэсцкага с.-д.к-та Бунда. 7.12.1905 рота артылерыі гарнізона арганізавала мітынг, у якім прынялі ўдзел 7, 11, 12, 15 і 16-я роты. Салдаты ўхвалілі рэзалюцыю з патрабаваннямі вызваліць севастопальскіх і кранштацкіх матросаў і зняволеных салдат-агітатараў Брэсцкага гарнізона, звольніць салдат звыштэрміновай службы, палепшыць умовы службы, не пасылаць войскі на задушэнне рабочых і сял. хваляванняў. Брэсцкая ваенна-рэв.арг-цыяРСДРП распаўсюдзіла ў крэпасці адозвы «Да салдат Брэст-Літоўскай крэпасці», «Да ўсіх салдат Брэст-Літоўскай крэпасці і гарнізона» і «26 патрабаванняў ніжніх чыноў Брэст-Літоўскага гарнізона». Камандаванне вымушана было задаволіць некаторыя патрабаванні. Выступленне артылерыстаў не знайшло падтрымкі і было задушана. 22—23.7.1906 выступілі салдаты 2-га асаднага артыл. палка, якія патрабавалі вызваліць арыштаваных таварышаў, атрымліваць усе газеты, палепшыць матэрыяльнае становішча. Камандаванне адмовілася задаволіць патрабаванні і пачало арышты. У адказ салдаты спалілі будынак афіцэрскага сходу, разграмілі краму, паранілі некалькіх афіцэраў. Паўстанцы былі акружаны і адведзены ў крэпасць. 700 удзельнікаў выступлення арыштаваны, 32 асуджаны на катаржныя работы. У 1907 адбыліся хваляванні салдат, якія патрабавалі палепшыць матэрыяльнае становішча, харчаванне, быт. ўмовы. Падача калектыўных скаргаў і петыцый працягвалася да канца 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (29.4.1818 — 13.3.1881),
расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г. праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большая ч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ (Пётр Уладзіслаў Казіміравіч) (15.2.1836, в. Рудакі Свянцянскага пав. Віленскай губ. — 1912),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы. Вучыўся ў Маладзечне. Напярэдадні паўстання служыў у Беластоку, паручнік. У крас. 1863 з групай афіцэраў Лібаўскага пях. палка ўдзельнічаў у фарміраванні гал. паўстанцкага атрада Гродзенскай губ. Змагаўся супраць царскіх войск на Беласточчыне, потым на чале асобнага атрада ў Аўгустоўскім пав., вызначыўся ў баях на сумежжы Літвы і Польшчы. У 2-й пал. 1863 кіраваў атрадамі паўстанцаў з сялян у Курпёўскай пушчы Ломжынскага пав. З канца 1863 у эміграцыі (Парыж, Галіцыя). Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
пачатковыя і сярэднія навучальныя ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі ў канцы 16—18 ст. на Беларусі, Украіне і ў Літве. Адыгралі значную ролю ў развіцці асветы. Былі адкрыты ў Вільні (каля 1584), Магілёве (1590), Брэсце (1591), Мінску (1612), Пінску, Слуцку, Кіеве, Луцку і інш. гарадах. Мелі свой статут, які вызначаў змест і арганізацыю навучання. Вывучаліся царк.-слав., грэч., руская (беларуская), лац., польская мовы, творы ант. мысліцеляў, майстэрства вершаскладання, музыка, арыфметыка, астраномія і інш. Брацкія школы мелі архівы і б-кі. Многія іх настаўнікі былі аўтарамі падручнікаў (С.Зізаній, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), палемічных твораў (Л.Карповіч, С.Косаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎ-АЎСЕ́ЕНКА (Уладзімір Аляксандравіч) (21.3.1883, г. Чарнігаў — 1938),
савецкі ваенны, парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Пецярбургскае ваенна-інжынернае вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1910—17 у эміграцыі (Францыя). У кастр. 1917 сакратар Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў захопу Зімняга палаца і арышту Часовага ўрада. У грамадз. вайну галоўнакамандуючы Укр. фронтам. У 1922—24 нач. Палітупраўлення РВС рэспублікі. У 1924—33 паўпрэд СССР у Чэхаславакіі, Літве і Польшчы, з 1934 пракурор РСФСР, у 1936—37 ген. консул СССР у Барселоне (Іспанія), з 1937 нарком юстыцыі РСФСР. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́ЛІЦА,
1) тое, што ваколіца.
2) Тып сельскага паселішча ў Польшчы, Літве, на Украіне і Беларусі ў 16 — пач. 20 ст. Узнікла ў выніку валочнай памеры як паселішча дробнай шляхты, што не мела прыгонных і займалася сельскай гаспадаркай (гл.Ваколічная шляхта). На Беларусі найб. пашырана на З. У 2-й пал. 16 ст. ў Гродзенскім пав. існавала 37 аколіц. У канцы, 18 ст. ў Мінскай губ. было 70 аколіц, у сярэдзіне 19 ст. — 149. Складалася з 3—70 двароў. Забудова была бессістэмная. Назвы пераважна па прозвішчах тых радоў, якія іх засялялі (Абуховічы, Кулікі, Эйсманты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́ЙДЭ (Аскар) (1837, г. Марыямпале, Літва — 20.8.1897),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 і яго гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т са ступенню канд. права (1858). З восені 1862 чл.Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання 1863—64. Прымыкаў да правага крыла «чырвоных», змагаўся з «сепаратызмам» К.Каліноўскага. Як камісар варшаўскага ўрада ў Літве і Беларусі ў ліп. 1863 прыехаў у Вільню, дзе 22.8.1863 арыштаваны. Выдаў многіх удзельнікаў паўстання. Аўтар запісак пра паўстанне (1866), у якіх ёсць звесткі пра Каліноўскага і яго акружэнне. У 1866 высланы на пасяленне ў Вяцкую губ., дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХМА́НСКІ ((Ochmański) Ежы) (н. 4.12.1933, г. Руднік Тарнабжэгскага ваяв., Польшча),
польскі гісторык. Скончыў Пазнанскі ун-т (1955). Д-ргіст.н. (1960), праф. Пазнанскага ун-та. Аўтар прац па гісторыі ВКЛ, каталіцкай царквы на Беларусі і ў Літве ў 15—16 ст., крыніцазнаўстве, гіст. геаграфіі, культуры Усх. Еўропы. Аўтар даследаванняў пра Хроніку Быхаўца, пра жыццёвы шлях Міхалона Літвіна, Міколы Гусоўскага і інш., крыніцазнаўчай працы «Вітаўдзіяна. Кодэкс прывілеяў вялікага князя літоўскага Вітаўта 1386—1430» (1986).
Тв.:
Organizacja obrony w Wielkim Księstwie Litewskim przed napadami tatarów krymskich w XV—XVI wieku. Warszawa, 1960;
Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.