АМСТЭРДА́МСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л ПРАФСАЮ́ЗАЎ, Міжнародная федэрацыя прафсаюзаў,

міжнар. аб’яднанне рэфармісцкіх прафсаюзаў у 1919—45. Створаны на кангрэсе ў Амстэрдаме. Гал. мэты: развіццё міжнар. сац. заканадаўства, барацьба з мілітарызмам і рэакцыяй, падтрымка міжнар. прафс. дзеянняў. Кіраўнікі Амстэрдамскага інтэрнацыянала прафсаюзаў рэалізоўвалі ў прафс. руху палітыку с.-д. партый, якія належалі да Інтэрнацыянала 2-га. Амстэрдамскі інтэрнацыянал прафсаюзаў аб’ядноўваў пераважна прафцэнтры краін Зах. Еўропы (14 краін, 17 738 тыс. чал. у 1919; 26 краін, 19 425 тыс. чал. у 1937). Распушчаны пасля стварэння Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў.

т. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАП́Е́ЙСКІ ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ БАНК (European Investment Bank; ЕІБ),

банк, створаны для падтрымкі праектаў, якія маюць значэнне для некалькіх краін — членаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, а таксама для фінансавання больш адсталых еўрап. краін у выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў. Дзейнічае з 1959. ЕІБ — інстытут з аўтаномным фін. статусам. Яго кіруючы орган — Савет упраўляючых у складзе міністраў фінансаў краін-удзельніц, які вызначае крэдытную палітыку, зацвярджае гадавыя балансы, прымае рашэнні аб выдачы крэдытаў і гарантый, аб выпуску пазык і памеры працэнтных ставак. Статутны капітал ЕІБ каля 15 млрд. ЭКЮ.

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПА АЎТАМАТЫ́ЧНЫМ КІРАВА́ННІ (International Federation of Automatic Control ІФАК),

навуковая арганізацыя, якая садзейнічае развіццю тэорыі аўтам. кіравання і яе дастасаванняў. Засн. ў 1957. Асн. мэты: абмен навук.-тэхн. інфармацыяй паміж вучонымі і спецыялістамі розных краін, каардынацыя навук. даследаванняў, правядзенне міжнар. кангрэсаў і сімпозіумаў. На 1-м кангрэсе ІФАК (Масква, 1960) удзельнічала 29 краін, на 14-м кангрэсе (Пекін, 1999) — 68 краін. Сакратарыят — у г. Лаксенбург (Аўстрыя). Беларусь супрацоўнічае з ІФАК праз Нац. асацыяцыю па аўтам. кіраванні (з 1994).

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

во́тум, ‑у, м.

Рашэнне, прынятае галасаваннем.

•••

Вотум давер’я (недавер’я) — рашэнне парламента, якое адабрае або не адабрае дзейнасць урада або асобных яго членаў.

Плюральны вотум — у заканадаўстве некаторых буржуазных краін — права выбаршчыка карыстацца некалькімі галасамі ў залежнасці ад маёмаснага, адукацыйнага і пад. цэнза.

[Лац. votum — жаданне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кро́на ​1, ‑ы, ж.

Верхняя галіністая частка дрэва. Разгалістая крона дуба. □ Не раз густою кронаю сваёй Яна [сасна] нас ад дажджоў і бур хавала. Гаўрусёў.

[Ням. Krone, ад лац. corona — вянец, карона.]

кро́на ​2, ‑ы, ж.

Грашовая адзінка некаторых заходнееўрапейскіх краін, а таксама манета адпаведная вартасці. Чэхаславацкая крона. Дацкая крона.

[Ням. Krone.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АФРЫКА́НСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Афрыкі. Праводзяцца з 1965 Вышэйшым саветам спорту Афрыкі (уваходзяць каля 50 краін кантынента, 1987) пад апекай Міжнар. алімпійскага к-та. У праграме спаборніцтвы па баскетболе, барацьбе, боксе, валейболе, веласпорце, гандболе, дзюдо, лёгкай атлетыцы, плаванні, футболе і інш.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ АДЗІ́НКА (European Currency Unit; ЭКЮ). валютная адзінка, якая выкарыстоўваецца ў Еўрапейскай валютнай сістэме. Уведзена ў 1979. Суадносіны (парытэт) ЭКЮ з валютамі інш. краін вызначаюцца зыходзячы з таго, што ЭКЮ з’яўляецца прадстаўніком усяго «кошыка валют» краін, якія ўваходзяць у еўрап. валютную сістэму.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З РАДЫЁВЯШЧА́ННЯ (ЕСР),

міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 1950 для каардынацыі дзейнасці краін Еўропы ў галіне радыёвяшчання. Аб’ядноўвае 103 тэлерадыёкампаніі з 80 краін (1997), з якіх 31 — нееўрапейская. У склад ЕСР у якасці асобнага дэпартамента ўваходзіць Еўрабачанне. З 1996 у ЕСР уваходзіць Беларусь.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ТНЫ ПАРЫТЭ́Т,

1) суадносіны залатога або сярэбранага ўтрымання ў грашовых адзінках дзвюх краін, якія дазваляюць устанавіць абменны курс кожнай з іх адносна другой.

2) Суадносіны паміж рыначным коштам золата і серабра, якія ўтрымліваюцца ў грашовых адзінках дзвюх краін з рознымі грашовымі сістэмамі.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭМА (European Monetary System; ЕВС),

арганізацыйна-эканамічная форма адносін шэрагу краін Еўрапейскіх супольнасцей (з 1.11.1993 Еўрапейскага саюза) у валютнай сферы; рэгіянальная валютная сістэма ў структуры сусв. валютнай сістэмы. Створана ў 1979 з мэтай абмежаваць уплыў ваганняў курсу амер. долара (яго «плаваючы курс» уведзены ў 1971) на эканоміку краін, якія ўвайшлі ў ЕВС, забяспечыць устойлівыя суадносіны курсаў еўрап. валют для правядзення адзінай палітыкі стабілізацыі валютнай сферы і згладжвання вынікаў ваганняў курсаў валют. Уключае ўстанаўленне рамак ваганняў найб. слабых і найб. моцных валют краін — удзельніц ЕВС і межаў ваганняў для кожнай пары валют, увядзенне Еўрапейскай валютнай адзінкі (ЭКЮ); механізм аказання крэдытнай і фін. дапамогі для падтрымкі курсу валюты ў межах узгодненага дыяпазону адхілення. У адносінах да валют краін, якія не ўваходзяць у ЕВС, ажыццяўляецца рэжым «плаваючага» валютнага курсу.

Л.​І.​Шмыгава.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)