МУЛЬТАТУ́ЛІ [Multatuli; сапр.Дэкер (Dekker) Эдуард Даўэс; 2.3.1820, Амстэрдам — 19.2.1887],
нідэрландскі пісьменнік і публіцыст. У 1838—56 служыў у калан. адміністрацыі ў Інданезіі, актыўна абараняў правы карэннага насельніцтва. Гэтай тэме прысвяціў раман «Макс Хавелаар, альбо Кававыя аўкцыёны Нідэрландскага гандлёвага таварыства» (1860), у якім цэнтр. месца займаюць сац.-крытычныя матывы. У аўтабіягр. рамане «Лісты кахання» (1861), кн «Ідэі» (т. 1—7, 1862—77) дыяпазон крытычнага аналізу М. пашырыўся да пытанняў эстэтыкі, філасофіі, рэлігіі і маралі. Аўтар асветніцкіх драм «Нябесная нявеста» (1843, выд. 1864), «Школа князёў» (1872), публіцыстычных прац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́СТЫ (Piastowie),
польская княжацкая і каралеўская дынастыя. Названа ў гонар легендарнага родапачынальніка селяніна Пяста. Першы гістарычна вядомы польскі князь дынастыі П. Мешка I (960—992), нашчадкі якога займалі польскі трон. Пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дынастыя падзялілася на некалькі княжацкіх ліній. Ад Уладзіслава II пачалася сілезская лінія (згасла ў 1675), ад Мешкі III Старога — велікапольская (згасла ў 1296), ад Казіміра II Справядлівага — малапольская (згасла ў 1279), мазавецкая (згасла ў 1526) і куяўская (згасла ў 1388). У аб’яднаным Польскім каралеўстве трон заняла лінія куяўскіх князёў (Уладзіслаў I Лакетак, Казімір III Вялікі — апошні П. на польскім троне).
Літ.:
Balzer O.M. Genealogia Piastów. Kraków, 1895. Jasienica P. Polska Piastów. Warszawa, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧЫ,
род старажытнарускіх князёў і маскоўскіх цароў, якія лічыліся нашчадкамі Рурыка (гл.Рурык-Сінявус—Трувор). Існуе меркаванне, што сапр. генеалагічнае дрэва Р. уключала ў сябе акрамя варага Рурыка і родавых слав. правадыроў. Бясспрэчным родапачынальнікам Р. быў кіеўскі кн.Ігар (у сканд. сагах Ігар Стары), якога «Аповесць мінулых гадоў» называе сынам Рурыка. Гэта першая рэальная гіст. фігура дынастыі Р. У 11—13 ст. некат. адгалінаванні Р. называліся таксама па імёнах сваіх родапачынальнікаў — Ізяславічы («Рагвалодавы ўнукі»), Манамашычы, Ольгавічы, Расціславічы і інш. Пазней у ВКЛ нашчадкамі Р., верагодна, былі княжацкія роды Адзінцэвічаў, Друцкіх, Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Лукомскіх, Нясвіцкіх, Палубінскіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Талочак, Чацвярцінскіх і інш. З утварэннем вакол Маскоўскага вялікага княстваРус. цэнтралізаванай дзяржавы б. ўдзельныя князі ператвараліся там у вышэйшы пласт маскоўскіх служылых людзей. Вярх. ўлада ў Маскоўскай (Расійскай) дзяржаве да смерці ў 1598 цара Фёдара Іванавіча знаходзілася ў руках уладзіміра-суздальскіх Манамашычаў. З роду ніжагародскіх князёў Р. быў цар Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10]. Аднак «Смута»пач. 17 ст. канчаткова звяла Р. з гіст. сцэны як правіцеляў, і на змену ім прыйшла дынастыя Раманавых (былі ў сваяцтве з Р.). У наступныя стагоддзі частка Р. страціла княжацкі тытул і змяшалася з нетытулаванымі дваранскімі родамі. У той жа час многія Р. (Валконскія, Абаленскія, Гарчаковы, Далгарукія і інш.) займалі ў Расіі важныя дзярж. пасады, але ніколі, як правіла, не прэтэндавалі на царскі (імператарскі) прастол.
Літ.:
Творогов О.В. Князья Рюриковичи: Краткие биогр. М., 1992;
Коган В.М. История дома Рюриковичей: (опыт ист.генеалог. исслед.). СПб, 1993;
Шишов А. Русские князья. Ростов н/Д, 1999;
Богуславский В.В., Бурминов В.В. Русь. Рюриковичи: Ил. ист. словарь. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ПАДО́ЛЛЕ»,
помнік бел.-літ. летапісання 1-й пал. 15 ст. Узнікла каля 1432—35, найб. верагодна, у Вільні ў асяроддзі пануючых колаў ВКЛ. Змешчана ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 у канцы «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх»; у 16 ст. ўключана ў «Хроніку Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніку Быхаўца. Асн. змест — гісторыя Падольскай зямлі 2-й пал. 14 — 1-й трэці 15 ст. і яе далучэння да ВКЛ. Створана як паліт. дакумент з мэтаю абгрунтаваць гіст. правы ВКЛ на Падолле і асудзіць палітыку польск. феадалаў, якія пасля смерці Вітаўта захапілі Зах. Падолле. Падзеі і факты, выкладзеныя ў творы, у асноўным адпавядаюць гіст. сапраўднасці. Напісана на старабел. мове дзелавым стылем без пазначэння дат, вылучаецца публіцыстычнасцю, свецкім характарам зместу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАТЫ́НСКІЯ,
княжацкі род герба «Астоя». Заснавальнік роду князь Аляксандр Андрэевіч (15 ст.), старэйшы сын удзельнага князя Андрэя Усеваладавіча Шуціхі Мезецкага з роду чарнігаўскіх князёў. Прозвішча паходзіць ад с. Баратынь паблізу Мезецка (Калужская вобл.). Аляксандр Андрэевіч і яго сыны служылі папераменна то вял. князям маскоўскім, то вял. князям ВКЛ. У час руска-літ. войнаў пач. 16 ст. ўнук Аляксандра Андрэевіча, Іван Львовіч, не пажадаў заставацца ў сваёй вотчыне, якая трапіла пад уладу Масквы, і з’ехаў у ВКЛ. Ён стаў заснавальнікам лукомскай галіны роду Баратынскіх, асн. уладаннем якой была частка Лукомскага княства. Ад Мікалая, сына Івана Львовіча, пайшла аршанская лінія роду Баратынскіх, якія з 17 ст. ўсё радзей карысталіся княжацкім тытулам. У Польшчы жылі Баратынскія герба «Корчак» і «Сякера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НЦАЎ (Павел Дзмітрыевіч) (5.8.1845—?),
рускі гісторык. Стацкі саветнік. З 1873 выкладчык мужчынскай гімназіі ў Сімферопалі, у 1875—98 выкладаў гісторыю і геаграфію ў Віленскім рэальным вучылішчы, у 1898—1906 дырэктар нар. вучылішчаў у Курляндскай губ. У 1890-я г. супрацоўнічаў у «Виленском календаре» і «Виленском вестнике». Працы па гісторыі ВКЛ: «Гісторыя Літоўскай дзяржавы са старажытных часоў» (1889), «Нарыс старажытнай Літвы і Заходняй Расіі» (1891; 2-е выд. 1896). Гал. заслугай бел.князёў лічыў іх барацьбу за праваслаўе. На яго думку, рус. цары выратавалі беларусаў і літоўцаў ад польск. асіміляцыі. Ўхваляў Мураўёва за задушэнне паўстання 1863—64.
Тв.:
Польский мятеж 1863 г. Вильна, 1891 (на вокл. 1892);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання, найб. ранні спіс «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Захаваўся ў гіст. зборніку канца 15 — пач. 16 ст., які зберагаецца ў Вільнюсе. Паходзіць з Усх. Беларусі, знойдзены ў Полацку ў 19 ст. Апрача «Летапісца» ў рукапісе змешчаны і Аўрамкі летапіс. Спіс дэфектны, канец тэксту не збярогся. Абрываецца на апавяданні пра загадкавую смерць у Кіеве кн. Скіргайлы.
Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад часоў Гедзіміна да Вітаўта, пададзеная ў форме займальнай гіст. аповесці з драматычна напружаным сюжэтам. Віленскі летапіс напісаны дзелавым стылем старабел. літаратурнай мовы з выкарыстаннем месцамі кніжных архаічных, стараж.-рус. і царк.-слав. элементаў. Упершыню апублікаваны А.Бычковым у 1893, перавыдадзены ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 17. СПб., 1907; т. 35. М., 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЦЭ́НТЫ КАДЛУ́БАК (Wincenty Kadłubek; 1150?, г. Каргова, Польшча — 8.3.1223),
польскі храніст, дзярж. і рэліг. дзеяч. Паходзіў з асяроддзя сярэдняга рыцарства. Вучыўся ў Кракаве, Зах. Еўропе. Прыдворны капелан і канцылярыст польск. караля Казіміра Справядлівага. У 1207—18 кракаўскі біскуп, потым манах-цыстэрцыянец. Аўтар «Хронікі Польшчы» ад старажытнасці да 1202, якая адлюстроўвае паліт., ваен. і культ. адносіны паміж польск. і ўсх.-слав. княствамі ў 11 — пач. 13 ст. У ёй згадваюцца гарады Берасце, Драгічын над Бугам, Галіч, Перамышль, Уладзімір-Валынскі. Толькі ў творы Вінцэнтыя Кадлубака ёсць звесткі аб падзеях у Берасці ў 1170—80-я г., інфармацыя пра паход і галіцка-валынскіх князёў супраць ятвягаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ, «Акты исторические, собранные и изданные Археографическою комиссиею»,
зборнік дакументаў па гісторыі Расіі. Выдадзены Археаграфічнай камісіяй (т. 1—5. Спб., 1841—42). Т. 1-ы ахоплівае 1334—1598, 2-і — 1598—1613, 3-і — 1613—45, 4-ы — 1645—76, 5-ы — 1676—1700. Змяшчаюць крыніцы па сац.-эканам., паліт., дыпламат. і ваен. гісторыі, гісторыі рус. царквы: асобныя дагаворныя граматы вялікіх і ўдзельных князёў 14—15 ст., даравальныя граматы духоўным і свецкім феадалам, устаўныя граматы, наказы ваяводам, дакументы пра збор дзярж. даходаў, судзебнікі 1497 і 1550, пасланні цара Івана IV да Максіма Грэка і ў Кірыла-Белазерскі манастыр, урывак следчай справы пра С.Ц.Разіна і інш. Да «Актаў...» складзены імянны і геагр. паказальнікі (Спб., 1843).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МКІ ЛЕ́ТАПІС,
летапісны звод, складзены ў апошняй чвэрці 15 ст. ў Пскове або ў Ноўгарадзе на аснове больш стараж.рус. летапісных крыніц. Ахоплівае падзеі да 1469. У ім адлюстравана гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, часткова ВКЛ. Найб. каштоўныя і цікавыя матэрыялы за 14—15 ст. У 1495 гэты летапісны звод перапісаны ў Смаленску Аўрамкам. Быў распаўсюджаны на Беларусі. На аснове Аўрамкі летапісу ўзнік Віленскі спіс, у канцы якога змешчаны тэкст «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Звесткамі Аўрамкі летапісу часткова карыстаўся складальнік Супрасльскага летапісу 1-й пал. 16 ст. Надрукаваны Аўрамкі летапіс у Поўным зборы рус. летапісаў (т. 16, 1889).
Літ.:
Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV—XVI вв. М.; Л., 1938.