рускі акцёр-трагік; прадстаўнік класіцызму. З 1820 у пецярбургскіх Вял. т-ры, з 1832 вядучы трагік Александрынскага т-ра. Выканаў ролі Дзмітрыя Данскога («Дзмітрый Данской» У.Озерава), Сіда («Сід» П.Карнеля), Іпаліта («Федра» Ж.Расіна) і інш. Творчасці характэрны прыўзнятая героіка, манум. параднасць, эфектнасць, грацыёзнасць і прыгажосць рухаў, напеўная дэкламацыя. Пад уплывам класіцыстычнай эстэтыкі імкнуўся да вылучэння гал. рысы характару герояў (Атэла, Гамлет у аднайм. п’есах У.Шэкспіра і інш.). Першы выканаўца роляў Чацкага («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1831), Дон Гуана, Барона («Каменны госць», 1847, і «Скупы рыцар», 1852, А.Пушкіна), Арбеніна («Маскарад» М.Лермантава, 1852). Пераклаў і перарабіў для пастаноўкі на рус. сцэне больш за 40 п’ес («Кін» А.Дзюма-бацькі, «Кароль Лір» і «Карыялан» Шэкспіра і інш.). У 1845—46 гастраліраваў у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́Я А́ЗІЯ,
паўвостраў на З Азіі, складае большую частку тэр. Турцыі. Пл. каля 400 тыс.км². Даўж. з 3 на У 1000 км, шыр. 400—600 км. Абмываецца Чорным, Мармуровым, Эгейскім і Міжземным морамі, пралівамі Басфор і Дарданелы. Паўн. і паўд. берагі стромкія, малапарэзаныя, зах. — моцна расчлянёны бухтамі і залівамі. Амаль увесь паўвостраў заняты Малаазіяцкім нагор’ем, у сярэдзіне якога Анаталійскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (г. Эрджыяс, 3770 м). Па ўскраінах паўн.ч. паўвострава Пантыйскія горы, паўд. — горы Таўр. Па берагах мораў участкі нізін з міжземнаморскай расліннасцю. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, нафта, храміты, жал., марганцавая і інш. руды, сера, каменная соль. Клімат субтрапічны. Рэкі горныя, малаводныя. Найб.воз. Туз. На прыморскіх схілах ускраінных гор шыракалістыя лясы вільготных субтропікаў калхідскага тыпу і цвердалістыя міжземнаморскія лясы і хмызнякі. На ўнутр. схілах гор і пласкагор’ях паўпустыні і нагорныя стэпы. Горныя і пустынна-стэпавыя віды фауны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,
зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАЯ́НСКА-ЧУКО́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
вобласць мезазойскай складкавасці ў Паўн.-Усх. Азіі на стыку Ціхаакіянскага і Арктычнага геасінклінальных паясоў. Уключае тэр.Усх. Сібіры на У ад р. Лена і р. Алдан да Каракскага нагор’я і ўзбярэжжа Ахоцкага м. Мяжуе на З і Пд з Сібірскай платформай, на У — з Ахоцка-Чукоцкім вулканічным поясам. На Пн прадаўжаецца ў Паўночным Ледавітым ак. Большая ч. тэрыторыі мае горны рэльеф, створаны скляпенна-глыбавымі рухамі ў неагенавы і чацвярцічны перыяды. Складкавая вобласць падзяляецца на 2 сегменты: зах. (Яна-Калымскі) і ўсх. (Чукоцкі), якія адрозніваюцца паводле характару фармацый, структуры, магматызму, стылю тэктанічнага развіцця. У геал. разрэзе вылучаюцца структурныя комплексы: архей-ніжнепратэразойскі, рыфей-сярэднепалеазойскі, сярэднекаменнавугальны-сярэдняюрскі (геасінклінальны), верхняюрскі-ніжнемелавы (арагенны), верхнемелавы-антрапагенавы (платформавы). Геасінклінальныя фармацыі складзены з тэрыгенных асадкаў, ва ўсх. сегменце развіты крамяністыя і крамяніста-вулканагенныя тоўшчы, арагенныя фармацыі — з гранітных і маласавых тоўшчаў. Асн. карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, сурма, поліметалы, каменны вугаль, нафта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТУ́НІЧЫ,
вёска ў Бярозаўскім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 22 км ад Докшыц, 230 км ад Віцебска, 32 км ад чыг. ст. Параф’янава. 429 ж., 152 двары (1996).
Упершыню згадваюцца ў 1567. У розны час належалі Манівідам, А.Судзімонтавічу, С.Б.Мантоўту, Хмялеўскім, Карказевічам, Навамейскім і інш. У 17 ст. Вітунічы — невял. мястэчка (32 мяшчанскія пляцы), дзе быў панскі фальварак (20 валок). У 2-й пал. 19 ст. — цэнтр воласці Барысаўскага пав. Мінскай губ., сяло з царквой. З 1924 вёска — цэнтр сельсавета ў Бягомльскім р-не. У Вял.Айч. вайну 30.5.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 124 жыхары. З 1960 у Докшыцкім р-не. 190 ж. (1970).
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік ахвярам фашызму. Паблізу вёскі знаходзіўся каменны крыж з надпісам «Rex Stefan Batory» («Кароль Стафан Баторый»; зберагаецца ў Музеі валуноў Ін-та геал. навук АН Беларусі ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Дэкан (ад санскр. дакшына — поўдзень),
пласкагор’е ў Індыі, унутр.ч. п-ва Індастан. Пл. каля 1 млн.км². Ступеньчатыя раўніны — паверхні выраўноўвання мезазойскага і палеаген-неагенавага ўзростаў (на выш. 1000—1500 м, 600—900 і 300—500 м) з латэрытнымі корамі магутнасцю да 100 м, над якімі ўзвышаюцца асобныя горы выш. 1000—2000 м і купалападобныя ўзгоркі. Частка Індыйскай платформы, складзена з Пн архейскіх і пратэразойскіх гнейсаў, крышт. сланцаў і кварцытаў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі.
На ПнЗ — базальтавае покрыва верхнемелавога і эацэнавага ўзростаў. Карысныя выкапні: жалеза, медзь, марганец, вальфрам, золата, каменны вугаль. Субэкватарыяльны мусонны клімат. Сярэдняя т-ра мая 29—32 °C, студз. 21—24 °C. Ападкаў 500—700 мм за год (пераважна летам). Рэкі Нармада, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы выкарыстоўваюцца ў асноўным для арашэння. Пераважныя тыпы глеб: чырвоныя латэрытныя, чырвона-бурыя, на трапах — чорныя трапічныя (рэгуры). На наветраных схілах — мусонныя лістападныя трапічныя лясы, у цэнтр. частцы — саванны і рэдкалессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІВА,
рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл.Нафтаперапрацоўка).
Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв.альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,
на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс.км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс.шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр.ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд.т.
Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ВІРГІ́НІЯ (West Virginia),
штат на У ЗША. Пл. 62,8 тыс.км². Нас. 1825,8 тыс.чал. (1996), гарадскога каля 45%. Адм. ц. — г. Чарлстан. Найб. гарады Хантынгтан і Уілінг. Большую ч.тэр. займаюць Апалачы і Алеганскае плато на З ад іх. Паверхня моцна парэзаная, паніжаецца з У (выш. да 1483 м) на З да даліны р. Агайо. Клімат умераны, цёплы і вільготны. Сярэдняя т-растудз. ад -1 да 5 °C, ліп. 23—25 °C. Ападкаў за год 900—1250 мм. Лясы займаюць ¾ тэр. штата. Гал. прыродны рэсурс — каменны вугаль, які здабываюць адкрытым і шахтавым спосабамі. Здабываюць таксама прыродны газ, нафту, вапняк, каменную соль. Буйная вытв-сць электраэнергіі на цеплавых электрастанцыях. Выплаўка чорных металаў, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, угнаенняў, хім. валокнаў, сінт. каўчуку, харч. прадуктаў, буд. матэрыялаў. Лясная прам-сць, дрэваапрацоўка, вытв-сць мэблі. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Пасевы пшаніцы, кукурузы, кармавых культур, тытуню. Садоўніцтва (яблыкі, персікі, вішні). Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачное суднаходства па Агайо і яе прытоку Манангахіла. Значны рачны порт Хантынгтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́ГА,
горад у Расіі, цэнтр Калужскай вобл., на левым беразе р. Ака. Вядома з 1371. 347 тыс.ж. (1997). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы машынабуд., прыладабуд., хім., дрэваапр., лёгкай і харч. прам-сці; вытв-сць буд.матэрыялаў. Пед.ін-т. Драм.тэатр. Музеі: краязнаўчы, маст., гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага.
Сярод арх. помнікаў каменны дом Корабавых (1697), цэрквы Пакрова на Рове (1687), Георгія за Верхам (1700—01), Спаса Праабражэння (1709—17) і інш. Паводле рэгулярных планаў 1778 і 1785 узведзены будынкі ў стылі класіцызму: Прысутныя месцы (1780—85, арх. П.Нікіцін), Троіцкі сабор (1786—1819, арх. І.Ясныгін), гасціны двор (1785—88, дабудоўваўся ў 1811—21), дамы Залатаровых—Калагрывавай (1805—08), Мяшковых (пач. 19 ст.), Дваранскага сходу (1848—50, арх. П.Гусеў). Непаўторнасць гораду надаюць драўляныя 1-павярховыя 3-аконныя дамы з карнізамі вял. вынасу і разнымі ліштвамі ў стылі ампір. У К. створаны ансамбль Тэатральнай пл. (1958), узведзены будынак Музея гісторыі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага (1967, арх. Р.Бархін і інш.).