КАВЯЧЫ́НСКІ (Мацей) (канец 1520-х г. — 1-я пал. 1572),
бел. кнігавыдавец, перакладчык, рэфармацыйны дзеяч. У 1540-я г. вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, з канца 1550-х г. жыў на Беларусі. Нясвіжскі намеснік М.Радзівіла Чорнага. Засн. порт на р. Узда, паперню ў Нясвіжы. Удзельнічаў у кальвінісцкім, пазней у арыянскім руху на Беларусі, у Літве і Польшчы. У 1561—62 з С.Будным і Л.Крышкоўскім засн.Нясвіжскую друкарню, у якой у 1562 надрукаваны першыя на Беларусі выданні на бел. мове — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад богам» Буднага. Аўтар прадмоў да некат. нясвіжскіх выданняў. Пасля смерці К. маёмасць перайшла яго братам, друкарню купіў Я.Кішка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАНО́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (13.3.1853, в.Вял. Лес Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1901),
філолаг-славіст. Скончыў Варшаўскі ун-т (1876). Магістр філалогіі (1882). У 1886—88 прыват-дацэнт Казанскага ун-та, у 1889—1901 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та. Аўтар прац па літ.-знаўстве, лінгвістыцы, палеагеаграфіі, гісторыі слав. моў: «Меркаванне праасвяшчэннага Парфірыя пра кірыліцу і глаголіцу» (1877), «Нататкі пра славенскую мову XV—XVI ст.» (1878), «Харвацкія летапісы ХV—XVI стст.» (1881), «Помнікі балгарскай народнай творчасці» (1882), «Разгляд дысертацыі П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і інш. Даследаваў сербскія, харвацкія, візант. і інш. помнікі як гіст. крыніцы.
Літ.:
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНЯ́Н (Акоп Аванесавіч) (19.11.1843, г. Эдырне, Турцыя — 27.5.1891),
армянскі пісьменнік-сатырык. З 1871 рэдагаваў шматлікія перыяд.выданні. Друкаваўся з 1865 (камедыя «Слуга двух гаспадароў»). Камедыі «Усходні дантыст» (1868), «Ліслівец» (1872), «Дзядзька Багдасар» (1886), «Пасаг» (1887), скіраваны супраць заганнасці нораваў і маралі тагачаснага грамадства. Выступаў у жанры сац.-быт. і паліт. навелы, аповесці, памфлета, фельетона, пародыі, байкі, гумарэскі: зб-кі «Шчыпкі» (1875), «Пагулянка па кварталах Стумбула», «Дзённік Асоса» (абодва 1880), «Смех» (1883), «Ахвяры далікатнасці» (1886). Аўтар кнігі партрэтаў грамадскіх, паліт., культ. і духоўных дзеячаў «Нацыянальныя стаўпы» (т. 1—3, 1874—80). У творах спалучаў добразычлівы гумар і едкі сарказм, гуманізм і ідэі вальнадумства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНТЭ́Н (Plantin, Plantijn) Крыстаф (каля 1514, Сент-Авертэн, каля г. Тур, Францыя — 1.7.1589), нідэрландскі выдавец-друкар. Вывучаў пераплётную і друкарскую справу ў Францыі. У 1549 у Антверпене (Бельгія) адкрыў пераплётную майстэрню, у 1555 — друкарню (існавала да 1865, з 1877 музей) і філіялы друкарні ў Парыжы і Лейдэне. За 34 гады выдавецкай дзейнасці фірма Плантэнаў «Афіцына Плантыніяна» выдала на высокім паліграф. і маст. узроўні больш за 1600 назваў кніг на розных мовах з гравюрамі на медзі — навук. працы па анатоміі, батаніцы, геаграфіі і гісторыі, творы ант. аўтараў з каментарыямі вучоных, літургічную і тэалагічную л-ру, у т. л. «Каралеўскую Біблію — Біблію паліглота» (т. 1—8, 1569—73) на 4 мовах, кішэнныя выданні, каталогі сваіх кніг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЯ КНІ́ГІ»,
штомесячны бібліягр. бюлетэнь. Выдаецца з 1960 у Мінску Нац. б-кай Беларусі. Да 1991 наз. «Новыя кнігі БССР...», у 1992—95 — «Новыя кнігі Беларусі». Прызначаны работнікам бібліятэк, асв. устаноў і ўсім, хто цікавіцца беларусазнаўчай тэматыкай. Уключае пераважна л-ру на бел. і рус. мовах. У раздзеле «Навінкі бел. друку» інфармуе пра кнігі бел. выдавецтваў, у т. л. недзяржаўных, што паступілі ў Нац. б-ку Беларусі, знаёміць з найб. значнымі артыкуламі з рэсп. часопісаў і газет. Матэрыялы раздзела прадстаўлены ў 5 частках. У асноўнай — «Пра Беларусь і яе жыхароў» — падборка беларусазнаўчых кніг і артыкулаў, якія сабраны ў падраздзелах: «Мінулае далёкае і блізкае», «Этнаграфія. Фальклор, фалькларыстыка», «Дзень сённяшні», «Ураджэнцы Беларусі за яе межамі», «Гісторыя, культура і сучаснае Жыццё іншых народаў Беларусі», «Культура Беларусі ўчора і сёння», «Наша родная мова», «Рэлігія: ад старажытнасці да нашых дзён», «Прырода. Экалогія», «Спорт». Калі назва публікацыі не раскрывае яе змест, ён удакладняецца анатацыяй. Назва наступных 4 частак — «Папулярна аб усім» (л-ра ў дапамогу прадпрымальнікам, абітурыентам, настаўнікам і інш.), «Мастацкая літаратура» (творы, выдадзеныя асобна і надрук. ў бел. часопісах), «Кнігі і публікацыі — дзецям» (навук.-папулярныя выданні, творы маст. л-ры, казкі), «У полі зроку рэцэнзента» (рэцэнзіі з бел. перыядычнага друку на бел.выданні). Кожны нумар выходзіць пад адной вокладкай з дадаткам. У адным з іх (звычайна ў 2-м паўгоддзі) — спіс памятных дат бел. календара на наступны год. Тры дадаткі знаёмяць з матэрыяламі да найб. значных дат (біягр. ці гіст. даведкі і спіс л-ры пра асобу ці падзею), у 8 іншых — бібліягр. спісы ці агляды (пераважна беларусазнаўчай тэматыкі), якія можна выкарыстоўваць як самаст.бібліягр. дапаможнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКІ МУЗЕ́Йу Лондане,
адзін з буйнейшых музеяў свету. Засн. ў 1753, адкрыты ў 1759 (будынак узведзены ў 1823—47 у стылі класіцызму, арх. Р. і С.Смёрк). У ім зберагаюцца помнікі першабытнага мастацтва (гал. чынам Брытанскіх а-воў), мастацтва і культуры Стараж. Егіпта, Месапатаміі (у т. л. Разецкі камень, старажытнасці г. Ур), Грэцыі і Рыма (скульптуры з Парфенона і Галікарнаскага маўзалея, збор ваз, камеяў і інш.), краін і народаў Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Акіяніі, багатыя зборы гравюр, малюнкаў, манет і медалёў. У бібліятэцы Брытанская музея больш за 7 млн. кніг, каля 105 тыс. рукапісаў, у т. л.стараж.-егіпецкія папірусы, бел.выданні Ф.Скарыны [«Кнігі царстваў» (Прага, 1518), «Псалтыр», «Апостал» (Вільня, 1525)] і «Манархія турэцкая» П.Рыка (Слуцк, 1678).
Брытанскі музей у Лондане. Галоўны фасад. Архітэктары Р. і С. Смёрк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Вовк) Фёдар Кандратавіч
(17.3.1847, с. Крачкоўка Палтаўскай вобл., Украіна — 30.6.1918),
украінскі этнограф, антраполаг, археолаг. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэскім) і Кіеўскім ун-тах. За ўдзел ва ўкр.нац. руху цярпеў ганенні. У 1879—1905 у эміграцыі ў Францыі. З 1907 прыват-дацэнт, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. Удзельнічаў у выданні «Кабзара» Т.Р.Шаўчэнкі (Прага, 1876), «Матэрыялаў да ўкраінска-рускай этналогіі» (з 1899), якія выпускала Этнагр. камісія Навук.т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове. У працах «Антрапалагічныя асаблівасці ўкраінскага народа» і «Этнаграфічныя асаблівасці ўкраінскага народа» (абедзве 1916) адмаўляў агульнасць культур укр., рус. і бел. народаў, лічыў, што ўкраінцы па антрапал. прыкметах складаюць адзіны тып, які рэзка адрозніваецца ад антрапал. тыпу рускіх і беларусаў. Даследаваў палеаліт. Мезінскую стаянку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (12.9.1790, паводле інш. звестак 6.9.1792, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 13.11.1852),
бел. археограф, гісторык, краязнавец, пісьменнік. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1811), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1819). У 1811—15 выкладчык Магілёўскага духоўнага вучылішча, з 1820 саборны протаіерэй, рэктар Гомельскага духоўнага вучылішча, з 1829 саборны протаіерэй у Віцебску, з 1831 — у Пецярбургу. Выдаў першы бел. археаграфічны зб.«Беларускі архіў старажытных грамат» (ч. 1, 1824), зб. твораў архіепіскапа Г.Каніскага са сваёй прадмовай (т. 1—2, 1835), удзельнічаў у падрыхтоўцы і выданніАктаў Заходняй Расіі (т. 1—5, 1846—53). Складаў слоўнік бел. мовы.
Тв.:
Беларуская іерархія. Мн., 1992.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 16—40.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРНАВО́ (Мікалай Мікалаевіч) (4.11.1876, Масква —27.10.1937?),
рускі мовазнавец. Чл.-кар.АНСССР (1924), акад.АНБССР (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1918 праф. Саратаўскага, Бел. і Маскоўскага ун-таў. У 1933 рэпрэсіраваны, у 1934 высланы. Рэабілітаваны ў 1964. Даследаваў слав. мовазнаўства («Да пытання аб старажытнейшых перакладах на стараславянскую мову біблейскіх тэкстаў. Супрасльскі рукапіс», 1926, «Думкі і меркаванні аб паходжанні стараславянскай мовы і славянскіх алфавітаў» і «Да пытання аб распадзе агульнаславянскай мовы», 1929), дыялекталогію і гісторыю рус. мовы. Аўтар першага рус. слоўніка лінгвістычных тэрмінаў «Граматычны слоўнік» (1924). У навук. працах выкарыстоўваў факты бел. мовы, апублікаваў арт. «Увагі да беларускай фанетыкі» (1929), рэцэнзіі на бел. і ўкр. мовазнаўчыя выданні.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 2. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМО́ВІЧ (Адольф) (1900, в. Клюшчані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 24.11.1970),
бел. грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Пражскі ун-т (1928). Удзельнік Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання час. «Маладое жыццё». У час вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнар. зносін Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1932—39 рэдактар час. «Самапомач», у 1939—40 удзельнічаў у выданнігаз. «Беларуская крыніца». Дзеяч Бел.хрысц. дэмакратыі. Выкладаў у Бел. ін-це гаспадаркі і культуры, Віленскай бел. настаўніцкай семінарыі. У Вял.Айч. вайну ў Бел.нар. самапомачы (г. Ліда). У 1952 арыштаваны органамі НКУС, асуджаны. З 1956 у Вільні, склаў біягр. слоўнік бел.культ. і паліт. дзеячаў (рукапіс у Цэнтр.навук. б-цы АН Беларусі).